Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Паражэнне паўстання. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

10 кастрычніка пад Мацяевічамі Ферзен атакаваў войскі паўстанцаў, якія мелі ўдвая менш жывой сілы і артылерыі, і нанёс ім знішчальнае паражэнне. Паранены Касцюшка трапіў у палон. Разгром значных сіл паўстанцаў і выключэнне з кіраўніцтва паўстаннем найбольш таленавітага дзеяча, якім быў Касцюшка, прадвызначылі ход далейшых падзей. Нягледзячы на тое, што 12 кастрычніка на месца начальніка ўзброеных сіл быў прызначаны здольны і разумны чалавек, зямляк Касцюшкі Тамаш Ваўжэцкі, замяніць прызнанага кіраўніка паўстання ён не змог. Не маючы спецыяльнай вайсковай падрыхтоўкі, а таксама часу для арганізацыі абароны сталіцы, Т. Ваўжэцкі не меў ніякіх шанцаў на перамогу над такім вопытным праціўнікам, якім з'яўляўся А. Сувораў. Корпус яго ў гэты час рухаўся на Варшаву. 4 лістапада штурмам генерал-фельдмаршал узяў прадмесце польскай сталіцы Прагу, вынішчыў пры гэтым да адзінага чалавека ўсіх яе абаронцаў. Варшава капітулявала. 16 лістапада здалося паўстанцкае войска на чале з Ваўжэцкім. Пачалася расправа з удзельнікамі паўстання. У Смаленску Карярына II склікала следчую камісію, якая разглядала справы кіраўнікоў інсургентаў. Ужо на пачатку яе дзеяння былі асуджаны 85 афіцэраў. Па некаторых падліках, усяго было адпраўлена ў ссылку або пакарана іншым чынам больш за 12 тысяч чалавек. 20 тысяч паўстанцаў было інтэрніравана ў Аўстрыі, 3 тысячы – у Прусіі.

Беспаспяховасць паўстання 1794 г. была прадвызначана ўжо з першых яго крокаў. Няўзгодненасць дзеянняў кіраўніцтва, хістанні ў найбольш важных пытаннях – вызваленні сялян, ліквідацыі феадальных перажыткаў і г. д. – звузілі яго сацыяльную базу. Слабай была буржуазія, асабліва ў Вялікім княстве, інертнымі заставаліся сотні тысяч сялян. Сілы паўстання падрывалі адкрытая здрада, перашкоды, якія чынілі дзеянням Касцюшкі многія памешчыкі і вышэйшае духавенства. Недакладна была разлічана і знешнепалітычная сітуацыя. Спадзяючыся, што барацьба з буржуазнай Францыяй і Турцыяй адцягне на сябе сілы Аўстрыі, Расіі і Прусіі, кіраўнікі паўстання не змаглі знайсці саюзнікаў за мяжой. У час, калі Рэч Паспалітая супрацьстаяла тром магутнейшым дзяржавам Еўропы, Францыя здолела ўмацавацца і ў далейшым атрымала перамогу над членамі антыфранцузскай кааліцыі. Сваёй гібеллю Рэч Паспалітая выратавала рэвалюцыйную Францыю. Няўдача паўстання прадвызначыла ліквідаванне Рэчы Паспалітай як самастойнай дзяржавы. Па сутнасці, трэці падзел рыхтаваўся яшчэ напярэдадні паўстання, і толькі яно магло, у выпадку перамогі, прадухіліць яго правядзенне.

Перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай пачаліся ўжо летам 1794 г. Прэтэнзіі на памеры тэрыторыі, якую намерваліся атрымаць дзяржавы-захопніцы ў выніку падзелу, не былі прапарцыянальнымі іх ролі ў ваенных дзеяннях супраць паўстанцкіх войскаў. Аўстрыя, якая адвяла сваю армію пасля беспаспяховай першай аблогі Варшавы, імкнулася атрымаць такі вялікі кавалак польскай тэрыторыі, што гэта амаль не прывяло да сутычкі яе з Прусіяй. Арбітрам у гэтай справе выступіла Расія, якая стала на бок Аўстрыі. Пасля доўгіх спрэчак 24 кастрычніка 1795 г. былі ўсталяваны межы падзелаў. Прусія атрымала Мазовію і частку тэрыторыі Літвы да Нёмана (48 тыс. кв. км, 11 млн жыхароў), Аўстрыя – тэрыторыю паўднёвай і цэнтральнай Польшчы з гарадамі Кракавам, Сандамірам, Люблінам і Холмам (47 тыс. кв. км, 11,5 млн жыхароў). Да Расіі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Валыні (120 тыс. кв. км, 11,2 млн чалавек).

25 лістапада 1795 г. апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пад прымусам (Кацярына II паабяцала за гэта аплаціць яго даўгі) падпісаў у Гародні акт адрачэння ад прастолу. Такім чынам, Рэч Паспалітая, якая існавала больш за 200 гадоў, знікла з карты Еўропы.

У XVIII ст. некалькі краін напаткаў лёс Рэчы Паспалітай. Але толькі яна была падзелена такім чынам, што этнічна аднастайныя часткі былі разарваны паміж рознымі дзяржавамі. Заняпад і знікненне гэтай калісьці магутнай дзяржавы былі абумоўлены шэрагам прычын, частка з якіх была закладзена ўжо на самым пачатку стварэння Рэчы Паспалітай. Шляхецкая анархія, слабыя сувязі паміж рознымі часткамі дзяржавы, рэзкія сацыяльныя канфлікты, канфесійная і этнічная стракатасць – усё гэта знясіліла Рэч Паспалітую і зрабіла яе лёгкай здабычай для суседзяў.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII стст.) / Ю.Бохан, В.Голубеў, У.Емельянчык і інш.. – Мн., 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1 / Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн., 1998.

3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. – Мн., 1994.

4. Анішчанка, Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772 – 1796 гг.) / Я.К.Анішчанка. – Мн., 1998.

5. Анішчанка, Я.К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я.К.Анішчанка. – Мн., 2003.

6. Грабеньский, Вл. История польского народа / Вл.Грабеньский. – Мн., 2006.

7. Емельянчык, У.П. Паланэз для касінераў. З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі / У.П.Емельянчык. – Мн., 1994.

8. Емельянчык, У.П. «Нарадзіўся я ліцьвінам…» Тадэвуш Касцюшка / У.П.Емельянчык, Я.А.Юхо. – Мн., 1994.

9. Соловьев, С.М. История падения Польши. Восточный вопрос / С.М.Соловьев. – М., 2003.

10. Швед, В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 гг.) / В.В.Швед. – Гродна, 2001.

11. Юхо, Я.А. За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка / Я.А.Юхо. - Мн.,1989.

12. Юхо, Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. / Я.А.Юхо. – Мн., 1992.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]