Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Становішча сялянства. Формы антыфеадальнай барацьбы

Упартай працай беларускiх сялян да сярэдзіны XVIII ст. сельская гаспадарка была адноўлена. Гэты працэс суправаджаўся ўзмацненнем феадальнай эксплуатацыi. Па меры аднаўлення гаспадаркі феадалы сталі павялічваць сялянскія павіннасці за карыстанне зямельным надзелам. Да сярэдзіны ХVІІІ ст. паншчына дасягнула 8 – 12 дзён (мужчынскiх i жаночых) з цяглай валокi. А ў маёнтку Блювенічы Лідскага павета, які належаў Радзівілам, паншчына склала 24 дні на тыдзень з валокі. За ўхiленне ад паншчыны, за непакорнасць сялян бiлi бiзунамi, закоўвалi ў кайданы i кiдалi ў турмы. Нярэдкiмi былi выпадкi, калi сяляне гiнулi ад пабояў i здзекаў. Як сцвярджае гісторык П. Лойка, з другой паловы XVI па другую палову XVIII ст. феадальная эксплуатацыя цяглых сялян (што неслi паншчыну) у прыватна­ўла­дальнiцкiх маёнтках Беларусi павялiчылася прыкладна ў тры разы.

У павіннасцях як цяглых, так і чыншавых сялян значнае месца займалі грашовыя плацяжы. Найбольшая ўдзельная вага ў грашовым аброку адводзілася чыншу, які сплачваўся сялянамі за права карыстання зямлей. Аслоўнымі яго плацельшчыкамі былі чыншавыя (кунічныя) сяляне. Спаганяўся чынш і з цяглых сялян, аднак у меншым памеры, бо галоўнай іх павіннасцю з'яўлялася паншчына. З сярэдзіны XVII ст. па сярэдзіну XVIII ст. грашовая рэнта цяглых прыватнаўласніцкіх сялян намінальна павялічылася прыкладна ў два разы, але, калі ўлічваць падзенне ў 1,5 раза вартасці гроша, ён практычна не змяніўся. Чынш на захадзе і цэнтры Беларусі на працягу дадзенага часу паступова павялічваўся. За стагоддзе ён намінальна падняўся на 80 %, а рэальна - на 20 %. Эвалюцыя чыншу ва Усходняй Беларусі ішла тым жа шляхам, як і ў заходніх раёнах, толькі памеры грашовай рэнты на ўсходзе былі значна вышэйшымі. Сярэдняя велічыня чыншу цяглых прыватнаўласніцкіх сялян складала з валокі прыкладна 150 грошаў для захаду і 480 грошаў для ўсходу Беларусі. Для сялян-кунічнікаў сярэднія паказчыкі былі наступнымі: у заходніх раёнах Беларусі чыншавікі з валокі плацілі за ўсе павіннасці 860 грошаў, ва ўсходніх - 1500 грошаў.

Адпрацовачная і грашовая рэнта дапаўняліся натуральным аброкам. Гэты від рэнты істотна не змяніўся. Сяляне па-ранейшаму аддавалі феадалу жыта, авёс, гусей, курэй, сена, пражу і інш.

На сялян была ўскладзена падводная павіннасць. Выкарыстоўваючы ўласную рабочую жывёлу і падводу неабходна было перавесці панскі груз да рачных прыстаней або ў горад. Да адпрацовачных павіннасцей адносіцца старажоўства. На яго выходзілі па чарзе 2 – 4 чалавекі з вёскі на тыдзень, каб выконваць гаспадарчыя работы ў маёнтку. Начную варту, г. зн. ахову маёнтка, неслі па чарзе. Сяляне рамантавалі і будавалі дарогі, масты, рачныя грэблі, фальварковыя будынкі. Падобная павіннасць атрымала назву “шарваркі”.

Уладальнікі маёнткаў прымушалі сялян сплаўляць лес і інш. грузы ў прыбалтыйскія парты, удзельнічаць у аблавах пад час панскага палявання, лавіць рыбу для панскага стала, раскарчоўваць лес. Сельская грамада вылучала пастуха для памешчыцкага статка. Жанчыны працавалі на панскіх агародах, мылі бялізну для двара, ткалі.

Да грашовых падаткаў адносіліся жарнавое – за права мець свае жорны для перамельвання збожжа; угайнае (ялавічнае, вепраўшчызна) – за карыстанне лесам феадала; чапавое – за дазвол на выраб алкагольных напояў; куніца – за права выйсці замуж у іншую воласць.

З 1649 г. кожны сялянскі двор, а таксама мяшчане і дробная шляхта плацілі дзяржаве падымнае. Памер гэтага падатка ўстанаўліваўся соймам штогадова. Ён складаў 0,5 злотага або 15 грошаў у год. Напрыклад, у 1650 г. з дыма плацілі 8 злотых, а ў 1653 г. – 6 злотых. Шляхта да 1775 г. была вызвалена ад выплаты гэтага падатка.

На ўтрыманне войска дзяржаўныя сяляне плацілі гіберну, а прыватнаўласніцкія – рэйтаршчызну. За перыяд з 1676 да 1775 гг. ваенны падатак на тэрыторыі Княства збіраўся штогадова.

У цэлым, існавала каля 120 – 140 сялянскіх павіннасцей. Яны былі запісаны ў інвентарах. Але гэта не значыць, што ўсе яны прыходзіліся на кожны маёнтак. Арандатары, як правіла беззямельная шляхта, і адміністрацыя маёнткаў (цівуны) парушалі інвентарныя нормы, што выклікала незадаволенасць сялян.

Цяжкія ўмовы жыцця выклікалі ўзброеныя выступленні сялян супраць феадалаў, арандатараў маёнткаў і войскаў, якія кватараваліся на тэрыторыі Беларусі. Сельскія жыхары, даведзеныя да галечы, імкнуліся абараніць свой дабрабыт і жыццё. Праяўлялася гэта ў скаргах, уцёках, адмовах ад выканання павіннасцей, у адкрытых выступленнях.

Сяляне нападалі на панскія маёнткі, падпальвалі іх, самавольна высякалі лес, палявалі ў ім, хаця гэта было строга забаронена. Такія выступленні парой заканчваліся забойствамі шляхціца, панскага цівуна ці арандатара. Напрыклад, у 1661 г. адбыўся сялянскі бунт ва ўладаннях езуіцкага калегіума ў Берасцейскім ваяводстве. Прыгонныя сяляне напалі на маёнтак Шчытнікі, спалілі ўсе фальварковыя будынкі, высеклі панскі лес і звезлі яго да сваіх хат. Пры гэтым быў забіты мясцовы войт.

Падобныя падзеі назіраліся на Гарадзеншчыне ў каралеўскай эканоміі. Варшаўскі сойм 1662 г. быў вымушаны прыняць спецыяльную пастанову, якая патрабавала падзвяргаць сялян-бунтаўшчыкоў смяротнаму пакаранню. Але гэта не дапамагло. У 70-я гг. XVII ст. сялянскія хваляванні адзначаліся на Полаччыне, Віцебшчыне і Аршаншчыне.

Жорсткія сутычкі адбываліся ў канцы XVII ст. на Крычаўшчыне. У 1690 г. узброенае выступленне мела месца ў вёсках Дубейцы і Крывая Ніва. Сяляне ўзняліся супраць жаўнераў гетмана ВКЛ. Гетманскае войска стала на пастой у в. Дубейцы. Ноччу сяляне напалі на салдат, якія спалі ў пуні. Кіраваў атрадам прыгонных селянін Макар Арцюхоў с сынамі. Падданыя лупілі жаўнераў дубовымі каламі, ручніцамі, прыгаворваючы пры гэтым: “Навошта да нас прыехалі, хопіць кроў нашу піць”. Салдат звязалі і зачынілі на ноч у лазні. Раніцай яны з ганьбаю былі выгналі з Дубейцаў. Намер шляхты пакараць сялян праваліўся. Дубейцаўцы аб’ядналіся з сялянамі суседняй вёскі Крывая Ніва і далі адпор коннаму атраду. Жаўнеры не пасмелі больш наведвацца ў гэтыя вёскі.

Больш значнае выступленне ў Крычаўскім старастве адбылося ў 1696 г. Яно таксама было выклікана свавольствам з боку жаўнераў магната Рыгора Агінскага. Даведзеныя да адчаю мяшчане і сяляне са зброяй у руках выйшлі на барацьбу супраць салдат. Выступленне адбылося ў самім Крычаве. На цэнтральнай плошчы і каля замка разгарнулася сапраўдная бітва. Пасля яе засталіся дзесяткі забітых і параненых з абодвух бакоў.

У снежні 1747 г. са зброяй у руках супраць феадалаў выступілі сяляне Гомельскага стараства. Гетман М.К. Радзівіл у спешным парадку накіраваў туды свае войскі. Каб задушыць сялянскія хваляванні ў Чачэрскім старастве, у жніўні 1748 г. таксама была выкарыстана ваенная сіла.

Буйнейшым у гiсторыi Беларусi феадальнай эпохi было сялянскае паўстанне 1740 – 1744 гг. у Крычаўскiм старостве Мсцiс­лаў­скага ваяводства, якое знаходзiлася ў пажыццёвым валоданнi князя Геранiма Радзiвiла i здавалася iм у арэнду. Сквапныя арандатары, зацiкаўленыя ў тым, каб паспець за вызначаны тэрмiн выбiць як мага больш прыбытку, вялi гаспадарку па-драпежнiцку, жорстка эксплуатавалi сялян i гарадскую беднату. Паны Валкавiцкiя толькi за два гады сабралi з крычаўцаў i паклалi сабе ў кішэню 100 тысяч злотых звыш законных падаткаў. Вялiкiм няшчасцем для крычаўскай зямлi былi таксама пастоi каралеўскага войска, кармiць i паiць якое жыхарам даводзiлася за свой кошт. Сяляне скардзiлiся князю Геранiму на сваiх крыўдзiцеляў, але той адмахваўся ад iх. Зусiм невыносным становiшча крычаўцаў стала ў 30-я гады XVIII ст., калi староства было ў арэндзе ў братоў Гдаля i Шмуйлы Iцкавiчаў. Жорсткасцю i вынаходлiвасцю ў незаконным спагнаннi грошай яны перасягнулi ўсiх сваiх папярэднiкаў: увялi звышiнвентарныя падат­кi i паншчыну, рабавалi – раз’язджалi з узброенай вартаю па вёсках, збiраючы "падарункi" i "пачастункi", за найменшае непаслушэнства збiвалi людзей i не дазвалялi iм скардзiцца. Войта вёскi Се­лiшча Васiля Вашчылу за тое, што ездзiў са скаргамi да Радзiвiла ў Нясвiж, аднойчы збiлi i кiнулi за краты, а другi раз пакаралi 150 бiзунамi. Гэтак жа дзейнiчаў i наступны часовы гаспадар староства Марцiян Лiтавор Храптовiч. Самавольства арандатараў i iх слуг i няспынныя экзекуцыi разарылi сялянскую гаспадарку, пазбавiлi сотнi сем’яў сродкаў iснавання.

Нарэшце цярпенне крычаўцаў скончылася, і яны ўзялiся за зброю. У маi 1740 г. у старостве з’явiўся першы ўзброены сялянскi атрад. На чале паўстання сталi Васiль Вашчыла i бурмiстр Iван Карпач, а таксама Васiль Вецер, Стась Бочка, Навум Буян, у чые рукi перайшла ўлада ў старостве. Паўстанцы выганялi арандатараў, палiлi судовыя i даўгавыя паперы i марылi самi стаць гаспадарамi на сваёй зямлi. Новых арандатараў шукалi сярод гараджан, дробнапамеснай шляхты, заможнага сялянства. Захавалася звыш 20 арэндных дагавораў, падпiсаных Вашчылам i iншымi войтамi. Пры гэтым кiраўнiкi паўстання старалiся абмежаваць эксплуатацыю сялян арандатарамi. Шэраг дагавораў прадпiсваў арандатарам пад пагрозай пакарання (канфiскацыя тавараў, штрафы) не займацца вымаганнем. Былi прадугледжаны меры i супраць лiхвярства. Каб прыгонныя не траплялi ў поўную залежнасць, сялянам забаранялася браць у крэдыт вялiкiя сумы грошай i пазычаць многа збожжа. Пры малых крэдытах, якiя таксама не заўсёды дазвалялiся, быў устаноўлены невялiкi працэнт, якi пад пагрозай штрафаў забаранялi перавышаць.

Сялянскi рух пачаў пашырацца, і ў паўстанцкiм войску назбiралася да 2 тысяч чалавек. Радзiвiл адчуў, што страчвае кантроль над сiтуацыяй i ўладу ў старостве. Ён накiраваў супраць бунтаўшчыкоў добра ўзброенае i абучанае войска – некалькi сотняў пяхоты i коннiцы з гарматамi, якое 15 студзеня 1744 г. увайшло ў Крычаў. Савет сялянскiх важакоў вырашыў даць карнiкам бой. Узброеныя ў лепшым разе стрэльбамi i ручнiцамi, а то i проста дзiдамi i косамi, паўстанцы 18 студзеня атакавалi гарадскiя ўмацаваннi. Галоўная сялянская зброя – нянавiсць да прыгнятальнiкаў – была вельмi слаба падмацавана зброяй баявой. Штурм захлынуўся. Сялянскае войска страцiла больш за сотню чалавек забiтымi i пяцьсот параненымi.

Але змагары не склалi зброю. Яны разбілі лагер у вёсцы Цар­ковiшча, сабралi да 4 тысяч чалавек. Вашчыла з паплечнiкамi планавалi другi раз атакаваць Крычаў, захапiць яго, блакiраваць замак i прымусiць княжацкае войска да капiтуляцыi. Новае наступленне планавалася на 26 студзеня 1744 г. Але пра гэтыя намеры дазнаўся працiўнiк, якi апярэдзiў паўстанцаў. У ноч на 26 студзеня радзiвiлаўскае войска непрыкметна наблiзiлася да Царковiшча i на свiтанку напала на сялян, якiя не здолелi арганiзаваць нават мінімальную абарону. Каля 200 паўстанцаў загiнула на полi бою, 176 трапiла ў палон. Камандуючы радзiвiлаўскiм войскам загадаў 30 палонных павесiць, яшчэ 30 – пасадзiць жывымi на калы i падвесiць за рэбры на круках. У рукi карнiкаў трапiлi I. Карпач i В. Вецер.

Паражэнне ля Царковiшча, па сутнасцi, вырашыла зыход паўстання, сяляне ўжо не маглi аказаць сур’ёзнага супрацiўлення. Да пачатку лютага хваляваннi былi задушаны. Вёскi Крычаўскага староства былi аддадзены салдатам на разрабаванне. Уся маёмасць удзельнiкаў паўстання канфiскоўвалася.

У першай палове лютага з конным атрадам на 300 шабляў у Крычаў прыбыў сам князь Геранiм. Ён учынiў суд i расправу над сялянскiмi важакамi: 16 засудзiлi на смерць. Iван Карпач, Стась Бочка, Васiль Вецер i яшчэ пяць чалавек былi пасаджаны жывымi на калы, чацвёра паўстанцаў сустрэлi смерць на шыбенiцы, астат­нiм кат адсек галаву. Сакратару бунтаўшчыкоў, сыну Стася Бочкi, князь загадаў адрэзаць вушы i выпалiць на ілбе шыбенiцу.

Васiлю Вашчылу ўдалося ўцячы на Украiну, але i туды дацяг­нулiся рукi Радзiвiлавых слуг – у хуткiм часе сялянскi правадыр памёр.

Вашчыла, Карпач i iх мужныя сябры сталi героямi кнiг беларускiх пiсьменнiкаў, мастацкага фiльма "Мацi ўрагану", створанага на аснове драмы У. Караткевiча.

Нягледзячы на паражэнне, барацьба крычаўцаў дала простаму люду палёгку. Радзiвiл адмовiўся ад здачы староства ў арэнду, паменшыў падаткi.

Буйное ўзброенае выступленне сялян у сярэдзіне XVIII ст. адбылося на паўднёвым усходзе Беларусі, ва ўладанні віленскага капітула Каменшчына (Мазырскі павет). Хваляванні тут пачаліся яшчэ ў 1736 г. і працягваліся з перапынкамі больш за два дзесяцігоддзі. Прычынай іх быў непасільны прыгнёт, які доўгі час цярпелі сяляне ад адміністрацыі капітула.

У 1754 г. сялянскія хваляванні перараслі ва ўзброенае выступленне. Немалую ролю ў гэтым адыграў гайдамацкі рух з Украіны. У верасні гетман ВКЛ накіраваў у Каменшчыну дзве харугвы для падаўлення сялянскага выступлення. Напэўна, гэта ім удалося, бо ў снежні салдаты былі адазваны назад.

У кастрычніку 1755 г. сяляне зноў узяліся за зброю, і тым жа дзвюм харугвам прыйшлося зноў выпраўляцца ва ўладанне капітула. На гэты раз такой сілы не хапіла, бо Радзівіл праз месяц накіраваў на Каменшчыну яшчэ чатыры харугвы на чале са шляхціцам Панятоўскім. Аднак і гэтага было недастаткова. У лісце Радзівілу 8 студзеня 1756 г. ён паведамляў, што паўстала ўся Камянецкая воласць, у якой налічвалася звыш 700 сялянскіх двароў.

Сяляне пры падыходзе харугваў пакідалі свае вёскі і накіроўваліся да м. Славечна, дзе мелі намер аказаць узброенае супраціўленне войску. Сялянскі атрад пераняў карнікаў яшчэ перад Славечнам. Нечакана прыгонныя пасля абстрэлу коннікаў перайшлі ў атаку. Невялікае злучэнне Панятоўскага пачало адступаць. Спачатку адступленне мела арганізаваны характар. Адыходзячы, харугвы аказвалі некаторае супраціўленне, але затым кінуліся ва ўцёкі. Ім прыйшлося адысці да м. Убарць (у 10 мілях ад Каменшчыны). Тут яны вырашылі чакаць падтрымкі ад Радзівіла.

Да сустрэчы радзівілаўскага войска рыхтаваліся і паўстанцы. Яны працягвалі падыходзіць да Славечна і стваралі там умацаваны лагер. Іх налічвалася некалькі тысяч. Усёй воласцю яны далі клятву "змагацца да апошняга, хоць і галовы прыйшлося б пакласці".

У лютым 1756 г. да карнага атрада прыбыло 55 коннікаў, а ў сакавіку з Нясвіжа падышла пяхота з гарматамі. Акрамя таго, да Оўруча па загаду Радзівіла была накіравана гетманская міліцыя.

Панятоўскі са сваімі людзьмі выступіў з Убарці, каб злучыцца пад Оўручам з міліцыяй, а потым атакаваць лагер паўстанцаў. Пасля аб'яднання пад яго камандаваннем налічвалася ўжо каля 400 чалавек. Гэта былі і гусары, і лёгкая конніца, і пяхота з артылерыяй. З гэтай сілай ён мог разлічваць на поспех у сутычцы з сялянскім атрадам, таму адразу накіраваўся да Славечна.

Паўстанцам была прапанавана капітуляцыя. Але тыя адмовіліся. Пасля пачаўся штурм замка. Вайскоўцы падпалілі гумны, у якіх паўстанцы зрабілі засады. Атака была імгненнай і сяляне не вытрымалі націску. Замак быў захоплены, прычым без страт з боку нападаючых. Паўстанцы ж згубілі 60 чалавек. Больш таго, некалькі дзесяткаў сялян патанулі ў балотах, якія суседнічалі з лагерам. Каля 60 раненых былі ўзяты ў палон.

Пачалася жорсткая расправа над паўстанцамі. Потым на месца экзекуцыі было сагнана ўсё дарослае насельніцтва Камянецкай воласці і пачалі выконваць прыгаворы: адных удзельнікаў сялянскага руху каралі смерцю, іншых - білі бізунамі. Панятоўскі загадаў чатырох кіраўнікоў паўстання пасадзіць на палі, а 10 сялянскіх важакоў прывязаць да гармат і адправіць у Нясвіж на суд да Радзівіла.

Але і безвыніковымі сялянскія выступленні назваць нельга, бо пасля іх становішча сялян на некаторы час паляпшалася і ліквідаваліся найбольш жорсткія праявы феадальнага прыгнёту. Так здарылася і на Каменшчыне, калі капітул быў вымушаны пайсці на паслабленне павіннасцей.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]