Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Тэатр. Музыка

У XVII ст. асаблівае развіццё ў Беларусі атрымлівае школьны тэатр. Усе намаганні скіроўваліся на тое, каб уздзейнічаць на пачуцці гледачоў, уразіць іх. У прадстаўленнях умела выкарыстоўваліся гук і колер, кантрастныя іх спалучэнні. Пастаноўкі драм суправаджаліся выступленнямі хору, "жывымі" карцінамі-алегорыямі. Сёння нам вядомы больш за сто лацінскіх і польскіх павучальных драм, пастаўленых у езуіцкіх школьных тэатрах у Полацку, Гародні, Навагародку, Пінску іІінш. Апрача п'ес чыста рэлігійнага зместу, у гэтых тэатрах паказвалі гістарычныя сюжэты, дэкламацыі, прысвечаныя пачатку заняткаў, найбольш важным падзеям і г. д. У прамежках паміж актамі драм выконваліся інтэрмедыі на беларускай мове.

Тэатры ўзнікалі і пры праваслаўных брацкіх школах. На цяперашні час вядомы 24 дэкламацыі Сімяона Полацкага, якія былі пастаўлены, калі ён жыў на Беларусі.

З XVI ст. у Беларусі распаўсюджваўся лялечны тэатр "батлейка". У "батлейцы" паказваліся сцэны пра нараджэнне Хрыста і драма "Цар Ірад". З цягам часу галоўным героем "батлейкі" становіцца беларускі мужык, які распраўляецца з прыгнятальнікамі і выходзіць пераможцам з самых складаных сітуацый.

У беларускай "батлейцы" вядома 20 народных сцэнак. Самыя папулярныя з іх: "Антон, Антоніха і каза", "Мужык Мацей, яго жонка Ульяна і доктар", "Стараста з жонкай", "Казак, поп, чорт і смерць", "Скамарох з мядзведзем", "Шляхціч-элегант" і інш. Тварэннем школьнага і лялечнага народных тэатраў з'яўляецца беларускі весялун і жартаўнік Несцерка, які быў народным заступнікам.

У другой палове XVII ст. значных поспехаў дасягаюць шматгалосыя харавыя спевы, пераважна царкоўныя. Яны ўплывалі на свецкае музычнае жыццё і спрыялі нараджэнню формаў харавога мастацтва.

Новы стыль шматгалосага харавога выканання, стыль партэсных спеваў (спевы па партыях) знайшоў пашырэнне ў царкоўна-пеўчай практыцы. Важную ролю ў яго прапагандзе на Беларусі адыграў выдатны ўкраінскі музычны дзеяч Мікола Далецкі (другая палова XVII ст.). Родам з Кіева, ён жыў некалькі гадоў у Вільні, дзе меў сувязь з перадавымі кампазітарамі і выканаўцамі польскай каталіцкай і беларускай праваслаўнай музыкі.

Харавыя шматгалосыя спевы, якія атрымалі значнае пашырэнне ў гэты час, з'яўляліся найбольш важным кампанентам школьнага спектакля. Яны ўпрыгожвалі сцэнічнае дзеянне, рабілі яго больш відовішчным і эмацыянальным. Нарэшце, яны адыгрывалі вялікую ролю ў стварэнні пэўнага настрою ў гледачоў.

Архітэктура

Асноўным кірункам мастацкай культуры другой паловы XVII – пачатку XVIII ст. было барока з арыентацыяй на заходнееўрапейскія традыцыі. Адначасова працягвалі існаваць і развівацца некаторыя элементы рэнесансу. Разам з тым ва ўмовах дэнацыяналізацыі феадальнай вярхушкі беларускага грамадства і панавання рымска-каталіцкай ідэалогіі ішло станаўленне нацыянальнай школы мастацтва на аснове традыцыйнай народнай культуры.

Найбольш поўна барока праявілася ў архітэктуры. Тут яно выразілася ў стварэнні складаных збудаванняў, пышных і адмысловых архітэктурных формаў, дэкору і інтэр'ера. Гэты стыль быў пануючым у архітэктуры да 70–80-х гадоў XVIII ст. Найбольш выразна сталае барока праявілася ў культавым дойлідстве.

Пачынаючы з езуіцкага касцёла ў Нясвіжы, узведзенага ў канцы XVI ст. вядомым італьянскім архітэктарам Бернардоні, у беларускіх гарадах і вёсках будаваліся пампезныя касцёлы, кляштары, магнацкія рэзідэнцыі. Дынамічныя формы іх фасадаў, хвалістыя, неспакойныя лініі дэкору, кантрастныя спалучэнні павінны былі сімвалізаваць зменлівасць і хуткаплыннасць чалавечага жыцця. Да такіх пабудоў належаць бернардзінскі, брыгіцкі і езуіцкі (фарны) касцёлы ў Гародні, францысканскі касцёл і кляштар у Пінску, пінскі езуіцкі калегіум, бернардзінскі касцёл у Менску і інш.

Творчая перапрацоўка на глебе нацыянальнай архітэктуры заходнееўрапейскага стылю барока прывяла да стварэння ў 30-я гады XVIII ст. своеасаблівай архітэктурна-мастацкай сістэмы – позняга беларускага барока, якое ў мастацтвазнаўстве атрымала назву "віленскае барока". Яго рысы найбольш яскрава выявіліся ў культавых пабудовах уніятаў: Сафійскім саборы ў Полацку, царквах і манастырах базыльян у Беразвеччы, Барунах, Вольна, Талачыне, Жыровічах, Віцебску. Яны вызначаюцца лёгкасцю, стромкасцю і ажурнасцю, ускладнёным сілуэтам, вытанчанасцю прапорцый, пышнасцю і багаццем архітэктурнага дэкору, надзвычайнай маляўнічасцю. Цэнтральныя фасады храмаў, створаных у стылі "віленскага барока", часам мелі хвалепадобны выгляд, упрыгожваліся, як правіла, стройнымі выцягнутымі шмат'яруснымі вежамі з фігурнымі шлемамі. У гэтым стылі ўзводзіліся не толькі уніяцкія і каталіцкія, але і праваслаўныя пабудовы. Праўда, для каталіцкіх храмаў гэтага перыяду характэрны больш грувасткія формы.

Росквіт "віленскага барока" звязаны з творчасцю выдатнага архітэктара Я.К. Глаўбіца, які шмат працаваў на Беларусі, пераважна ў культавым дойлідстве (касцёл у Сталовічах, праваслаўная Спаская царква ў Магілёве і інш.). Найбольш значная яго пабудова – уніяцкая царква св. Сафіі ў Полацку (сумесна з Б.Касінскім, 1738–1750). Да ліку яскравых помнікаў "віленскага барока" належаць таксама уніяцкая царква ў Беразвеччы пад Глыбокім, уніяцкая царква ў Барунах Ашмянскага раёна, касцёл у в. Германовічы на Віцебшчыне і інш.

З цягам часу барока "дэмакратызавалася", пранікла ў свецкае дойлідства, жыллёвае будаўніцтва ("Дом на рынку" ў Нясвіжы). У новым стылі былі пабудаваны ратушы ў Менску, Віцебску, Магілёве.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]