Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Контррэфармацыя. Дзейнасць езуiтаў на Беларусi

Рэфармацыя моцна пахiснула пазiцыi каталiцкай царквы i яе кiруючага цэнтра – папства – у Заходняй Еўропе. Яны згубiлi мiльёны вернiкаў, але здолелі аправiцца ад нанесенага ўдару, рэар­ганiзавацца i пайсцi ў наступ, каб рэстаўраваць страчаныя па­зiцыi. Новую дактрыну i царкоўную палiтыку папства вызначыў Трыдэнцкi сабор (1545–1563). Наступiла эпоха контр­рэ­фармацыi – узначаленага папствам рэлiгiйна-палi­тыч­нага руху ў Еўропе ў сярэдзiне XVI–XVII стст. супраць Рэ­фармацыi, якi быў формай умацавання феадальнага ладу ў эпоху яго распаду.

У выратаваннi каталiцкай царквы ад рэфармацыйнага крызiсу папства зрабiла стаўку на ордэн езуiтаў, створаны ў 1534 г. у Iталii iспанскiм дваранiнам Iгнацiем Лаёлам. Езуiты ўваходзiлi ва ўсе сферы эканамiчнага, палiтычнага, культурнага, iдэалагiчнага жыцця еўрапейскiх народаў, якiя паддалiся пратэстанцкiм павевам, i ўплывалi на свет ва ўгодным для рымскай курыi напрамку. Яны паставiлi сабе на службу адукацыю, навуку, лiтаратуру, мастацтва.

Арганiзацыйная i iдэйная пабудова касцёла прадугледжвала стварэнне iнквiзiцыi, з'яўленне iндэкса (спiса) забароненых кнiг, падлеглых знiшчэнню, фарміраванне сеткі навучальных устаноў (ка­легiй) па падрыхтоўцы кадраў мiсiянераў для ахопленых рэфармацыйным полымем краiн. Сваёй трывалай сістэмай асветы, высокiм узроўнем выхавання i адукацыi моладзi езуiты ў хуткiм часе зда­былi добрую славу ў Еўропе.

Пачаткам контррэфармацыi ў ВКЛ лiчыцца 1570 г., калi першыя езуiты з'явiлiся ў Вiльнi. Iх паклiкаў сюды вiленскi бiскуп Валяр'ян Пратасевiч дзеля барацьбы з пратэстантамi i арганiзацыi унi­версiтэта ў сталiцы княства. У ахопленую Рэфармацыяй дзяржаву Ордэн накiраваў вопытных мiсiянераў, таленавiтых багасловаў, пра­па­вед­нiкаў, пiсьменнiкаў: Пятра Скаргу, Францыска Сун'ера, Станiслава Лянчыцкага, Станiслава Влошака, Станiслава Вар­ша­вiцкага i iншых. Галоўным iдэолагам контррэфармацыi ў ВКЛ стаў Пётр Скарга. Княства па ўказанню Папы было выдзелена ў асобную Лiтоўскую езуiц­кую правiнцыю – адну з 35 у Еўропе. Талерантнасць дзяржавы стварала добры грунт для дзейнасцi ордэна.

Акрамя езуiтаў на працягу XIV–XVIII стст. на тэрыторыi Бела­русi дзейнічалі 17 мужчынскiх каталiцкiх манаскiх ордэнаў (бер­нардзiнцы, францысканцы, кармелiты, бенедыкцiнцы, канонiкi ла­тэ­ранскiя, цыстэрыянцы, мiсiянары, пiяры, рахiты, марыяне, камедулы, рэфарматы, трынiтарыi, банiфраты, картузы, аўгусцiнцы) i сем жаночых (дамiнiканкi, бернардзiнкi, кармелiткi, цыстэрыянкi, марыявiткi, брыгiткi, бенедыкцiнкi).

У апошняй трэцi XVI ст. правячыя колы Рэчы Паспалiтай, улiчваючы цэнтралiзаваны характар каталiцкай царквы, яе палi­тычныя сувязi i сацыяльны вопыт, сталi ўсё больш яе пад­трым­лiваць. Прыхiльнiкам ордэна езуiтаў быў Стэфан Баторый, якi абапiраўся на падтрымку касцёла ў сваёй унутранай i знешняй палiтыцы. Пра сябе ён гаварыў: "Калi б я не быў каралём, быў бы езуiтам". Ужо пры Баторыi езуiты мелі вялiкi ўплыў у Рэчы Паспалiтай. Спрыяў "гвардзейцам Лаёлы" Жыгiмонт III (1588–1632), "езуiцкi кароль", як ён сам сябе называў. Каралеўская ўлада i арыстакратычныя колы Рэчы Паспалiтай шчодра надзялялi езуiтаў вялiкiмi зямельнымi ўладаннямi з прыгоннымi сяля­намi, ахвяравалi значныя грашовыя сумы на патрэбы ордэна. Эканамiчная моц забяспечыла яму магутны iдэалагiчны i палi­тычны ўплыў.

Езуiты пакiнулi след у гiстарычных лёсах некалькiх пакаленняў беларусаў. Iх першачарговай задачай было вяртанне ў лона рымскай царквы спакушаных пратэстанцтвам вышэйшых слаёў i распаўсюджванне каталiцтва сярод праваслаўнага насельнiцтва Бела­русi. Галоўнымi сродкамi ажыццяўлення гэтых мэтаў былi палi­тыка, школа, лiтаратура, пропаведзь, набажэнства.

Каб кантраляваць палiтыку, езуiты ўвайшлi ў палацы заможнага панства як духоўнiкi, дарадчыкi, хатнiя настаўнiкi. На моладзь яны ўплывалi праз школу. У 1570 г. у Вiльнi Ордэн адкрыў свой кале­гiум, пераўтвораны ў 1579 г. у акадэмiю. Гэта – першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, яе заснаванне было важнай падзеяй у гiсторыi культуры Бела­русi. Першым рэктарам стаў Пётр Скарга. Вучнi i прафесары вiленскай альма-матэр заваявалi ёй славу па ўсёй тагачаснай Еўропе. "Логiка" Марцiна Смiглецкага была перадрукавана i карысталася вялiкiм попытам у Англii. Творы паэта i тэарэтыка лiтаратуры Мацея Казiмiра Сарбеўскага вывучалiся ў Заходняй Еўропе, а сам ён здабыў лаўровы вянок з рук Папы. Грунтоўная гiсторыя ВКЛ Войцэха Каяловiча мела поспех i пасля ягонай смерцi. Вядомым у Еўропе быў астраном Марцiн Пачобут-Ад­лянiцкi.

У 1579 г. езуіты заснавалi калегiум у Полацку, у 1584 г. – у Нясвiжы, пазней – у Оршы, Бярэсцi, Пiнску, Навагародку, Гароднi, Вiцебску, Менску, Слуцку. З iх сцен выходзiлi не толькi фанатычныя прыхiльнiкi каталiцкай iдэi, але i буйныя вучоныя, пiсьменнiкi, педагогi праваслаўна-унiяцкай арыентацыi (Мялецiй Сматрыцкi, Сiмяон Полацкi) i нават матэрыялiсты (Казiмiр Лышчынскi – гадаванец Берасцейскага калегiума). Пры шэрагу ўстаноў ордэна iснавалi друкарнi i багацейшыя бiблiятэкi. У хуткiм часе пiсьменнiкi, пра­паведнiкi Ордэна запаланiлi кнiжны рынак Беларусi сваёй друкаванай прадукцыяй, у якой дыскрэдытавалi пратэстанцкую i праваслаўную цэрквы i прапагандавалi каталiцкае веравучэнне.

Езуiты дамаглiся ад улад пастановы аб закрыццi ўсiх арыянскiх школ i друкарняў у Рэчы Паспалiтай, прыступiлi да знiшчэння кнiг, унесеных у iндэкс забароненых. У 1579 г. у Вiльнi па загаду бiскупа Георгiя Радзiвiла ўпершыню ў ВКЛ запалала вогнiшча з пратэстанцкiх i праваслаўных кнiг.

Езуiты не забылiся i пра шырокiя масы грамадства. У хуткiм часе тэрыторыя Беларусi пакрылася сеткай кляштараў i пышных касцёлаў, упрыгожаных абразамi, скульптурамі, з велiчнай арганнай музыкай. Народ пайшоў у iх. Езуiцкiя прапаведнiкi – сярод iх былi сапраўдныя свяцiлы царкоўнага красамоўства (П. Скарга, С. Варшавiцкi i iнш.) – узрушвалi люд сваiмi пропаведзямi, вы­мушалi слухачоў плакаць i каяцца.

Пасля прыбыцця на Беларусь езуiты пастаралiся дасканала вывучыць мову яе жыхароў i пачалi карыстацца ёю ў храмах у час казанняў. Каб наблiзiць да сябе мясцовае насельнiцтва, яны пайшлi на выкладанне беларускай мовы ў Полацкiм калегiуме, на пераклад i выданне на мове нашага народа свяшчэнных кнiг i рэлiгiйнай лiтаратуры. I гэта ў той час, калi праваслаўная царква абвяшчала ератычнымi ўсялякiя спробы ўнясення ўсяго толькi элементаў мясцовых моў у свяшчэнныя кнiгi з мэтай iх лепшага разумення (напрыклад першадрукароў Ф. Скарыны, I. Фёдарава).

Езуiты займелi добрую рэпутацыю сярод насельнiцтва дабрачыннай дзейнасцю, аказаннем медыцынскай дапамогi: арга­нi­за­цыяй аптэк, шпiталяў, прытулкаў для беднякоў. Старэйшай аптэкай Беларусi з'яўляецца менавiта езуiцкая аптэка, заснаваная ў 1687 г. у Гароднi. Усё гэта дало свой плён. Паступова абноўленае i ўзмоцненае езуiтамi каталiцтва пачало выцiскаць кальвiнiзм, арыянства i iншыя пратэстанцкiя секты.

Контррэфармацыя на Беларусi – частка еўрапейскага працэсу. Але яна мела тут свае асаблiвасцi. Рэфармацыя i контррэфармацыя на Беларусi часткова супалi ў сваiм развiццi, што прывяло да асаблiвай канфесiйнай (канфесіянальнай) напружанасцi ў апошнiя дзесяцi­годдзi XVI ст. У той жа час гiстарычнае суiснаванне дзвюх, а потым трох хрысцiянскiх цэркваў у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм выпрацавала свае нормы талерантнасцi, таму контррэфармацыя не набыла тут такiх жудасных i агiдных формаў, як месцамi ў Заходняй Еўропе, i рэлiгiйныя ганеннi не былi такiмi суровымi, як у Маскоўскай дзяржаве, з манаполіяй адной царквы. У адрозненне ад заходнееўрапейскiх краiн, дзе ў вынiку Рэфармацыi ад ка­та­лiцкай царквы адкалолася яе частка i ўтварыла нацыянальныя пра­тэс­танцкiя цэрквы (гусiты ў Чэхii, кальвiнiзм у Швейцарыi, лютэранства ў Германii, англiканства ў Англii i iнш.), на Беларусi сiлам контррэфармацыi ўдалося вярнуць у каталiцтва захопленую пратэстанцтвам знаць i далучыць да яго знаць праваслаўную, а народныя масы наблiзiць праз унiю.

Контррэфармацыя на Бе­ларусi была накiравана не толькi супраць пратэстантызму, але i супраць праваслаўя, якое адыгрывала ролю iдэалагiчнай апазiцыi каталiцызму. Ватыкан намерваўся кампенсаваць страту мiльёнаў вернiкаў у Заходняй Еўропе праз духоўнае падпарадкаванне сабе ўсходне­сла­вянскiх народаў. Беларусi ў планах рымскай курыі ад­во­дзiлася роля плацдарма для пранiкнення ў Маскоўскую дзяржаву (гэты план выкладзены ў працы А. Пасевiна "Масковiя"), а праз яе – у Азiю для распаўсюджвання свайго ўплыву на народы Кiтая, Iндыi i iншых краiн. Гэты намер выказаў Папа Рымскi Клiмент VIII: "О, мае русiны! Спадзяюся праз вас перавярнуць у каталiцызм увесь Усход!" Адной з мэтаў польскiх духоўных i свецкiх улад у конт­ррэфармацыi была лiквiдацыя полiканфесiйнага характару Вялiкага княства Лiтоўскага шляхам акаталiчвання прад­стаў­нiкоў iншых рэлiгiй, умацаванне дзяржаўна-палiтычнага адзiн­ства Рэчы Паспалiтай адзiнствам веры. На хвалi контррэфармацыi нарадзiлася Берасцейская царкоўная унiя 1596 г., якая падпарадкавала праваслаўную царкву Рэчы Паспалiтай Папе Рымскаму i гэтым умацавала пазiцыi Ватыкана на беларуска-ўкра­iнскiх землях. Iдэолагi контррэфармацыi разглядалi унiю як пераходны этап да каталiцтва. З'яўляючыся кампрамiсам у супрацьстаяннi двух хрысцiянскiх веравызнанняў, унi­яцтва, аднак, недалёка адышло ад праваслаўя i не апраўдала надзей на акаталiчванне беларусаў.

Каталiцкая экспансiя абвастрыла супярэчнасцi ў княстве i сустрэла рашучае процідзеянне з боку праваслаўных брацтваў i палемiстаў, якiя ўзнялiся на абарону нацыянальна-рэлiгiйнай традыцыi. Наступ контррэфармацыi прымусіў шукаць шляхi да зблiжэння пратэстантаў i праваслаўных. У 1599 г. у Вiльнi iх прадстаўнiкi – 168 лiтоўскiх магнатаў i шляхцiчаў – падпiсалi акт аб узаемнай дапамозе супраць ваяўнiчага каталiцызму. Але спынiць яго нацiск апазiцыя не змагла. Гвалтоўнае акаталiчванне i насаджэнне унi­яцтва давалі штуршок для народных паўстанняў (супраць увядзення грыгарыянскага календара ў Полацку ў канцы XVI ст., расправа з унiяцкiм архiепiскапам I. Кунцэвiчам у Вiцебску ў 1623 г., анты­каталiцкая i антыунiяцкая накiраванасць паўстанняў 1648–1649 гг.). У абстаноўцы абвастрэння рэлiгiйнай барацьбы ў ІІІ Статут быў унесены артыкул аб верацярпiмасцi, аднак супярэчнасцяў гэта не зняло i сiтуацыi не змянiла. Талерантнасць Вялiкага княства Лiтоўскага ў перыяд контррэфармацыi была паступова скасавана.

Асаблiваму ўціску з боку каталiцкай царквы i дзяржавы падверглiся прыхiльнiкi радыкальнай Рэфармацыi – анты­трынiтарыi (арыяне). З 40-х гадоў XVII ст. iх становiшча ў Рэчы Паспалiтай пачынае рэзка пагаршацца. У барацьбе з iмi выкарыстоўваюцца самыя подлыя прыёмы: паклёп, пагромы. Усё мацней сказваецца сацыяльная iзаляцыя арыян ад сялянскіх мас. Польшча, ВКЛ, якiя ў 20–60-я гады XVI ст. лiчылiся найбольш тале­рант­нымi краiнамi, на пачатку XVII ст. становяцца арэнай жорсткiх праследаванняў i пагромаў iншадумцаў. У 1647 г. прыгаворам соймавага суда ў Рэчы Паспалiтай зачынялiся ўсе арыянскiя друкарнi i школы. У 1648 г. арыяне былi пазбаўлены апекi Варшаўскай канфе­дэрацыi 1573 г. Заключным актам арыянскай трагедыi з'явiлiся падзеi 1658 г.: сойм прыгаварыў арыянаў да выгнання з дзяржавы. Iм было дадзена тры гады на ўладкаванне маёмасных спраў. Пасля гэтага тэрмiну кожны, хто асмельваўся спавядаць цi распаўсюджваць антытрынiтарызм, падлягаў пакаранню смерцю. Застацца ў краiне мелi права толькi тыя, хто выказаў гатоўнасць перайсцi ў каталiцтва. Наступны сойм скарацiў тэрмiн да двух гадоў. Найбольш паслядоўныя iдэолагi антытрынiтарызму ад­да­лiлiся ў выгнанне. Але большасць прыхiльнiкаў руху не адважылася пакiнуць радзiму i папоўнiла рады каталiцкай паствы.

Умовы для перамогi контррэфармацыi стварыла Люблiнская унiя 1569 г. Новая палiтычная рэальнасць – аб'яднанне з дзяржавай, з пануючай каталiцкай рэлiгiяй, дамiнуючая роля Польшчы ў Рэчы Паспалiтай – падштурхнула найбольш адчувальную да палi­тычнай кан'юнктуры кальвiнiсцкую шляхту да пераходу ў ката­лiцтва. Яе гнаў туды таксама страх перад нарастаючай хваляй народных рухаў, радыкалiзм Рэфармацыi. Большасць беларускiх феадалаў (як уцягнутых у вiр рэфармацыйнага руху, так i праваслаўных) у канцы XVI – пачатку XVII ст. кансалiдуюцца з польскiмi на аснове каталiцтва.

М. Сматрыцкi ў творы "Фрынас" (1610 г.) пералiчвае 47 маг­нацкiх праваслаўных фамiлiй, прыняўшых тады каталiцтва (Сапегi, Валовiчы, Храптовiчы, Сангушкi, Скумiны, Чартарыйскiя i iнш.). Па iронii лёсу прынялi гэту веру чатыры сыны пратэктара Рэфар­мацыi Мiкалая Радзiвiла Чорнага (адзiн з iх, Мiкалай Крыштаф Сiротка, прымусiў кальвiнiстаў пакiнуць Нясвiж, Клецк, Iшкальдзь, Койданава), дзецi i ўнукi "стаўпа праваслаўя" Канстанцiна Астрожскага. Зразумела, мянялi веру не ўсе пагалоўна. Большая частка дробнай праваслаўнай шляхты ў XVII ст. прыняла унiю.

Плён езуiцкай працы можна выразiць мовай статыстыкi. Праз пяць гадоў пасля прыбыцця ў Вiльню яны "перавярнулi" ў каталiцтва каля 6 тысяч чалавек. Адзiн толькi Андрэй Баболя падчас мiсiйнай працы ў Нясвiжы (1622–1624) схiлiў да пераходу ў каталiцтва 10 пратэстантаў, 34 праваслаўных, 20 "недаверкаў-бязбожнiкаў". Працуючы ў 1652–1653 гг. у Пiнску, ён дамогся пераходу ў сваю веру дзвюх праваслаўных вёсак Баландзiчы i Уздрожын (каля 80 двароў), пад яго уплывам пераважна каталiцкiм стала праваслаўнае раней мястэчка Янаў. Ён стаў ахвярай сваёй мiсiйнай дзейнасцi i быў кананiзаваны Ватыканам. У 1660 г. у Рэчы Паспалiтай католiкi складалi 43 %, унiяты – 33 % (гэта былi, галоўным чынам беларусы i ўкраiнцы), праваслаўныя – 10 %, iудзеi – 9 %, пратэстанты i прадстаўнiкi iншых рэлiгiй – 5 % ад колькасцi ўсiх жыхароў дзяржавы.

Езуіцкая прапаганда, ідэалагічная і псіхалагічная апрацоўка далі вынікі. Літвінская знаць, зацягнутая раней у рэфармацыйны рух, цяпер пераходзіла ў каталіцтва. У канцы XVII ст. контррэфармацыя ў ВКЛ перамагла.

Духоўнае жыццё на Беларусi вызначалася iдэямi контррэфармацыi i пасля падаўлення Рэфармацыi – амаль да сярэдзiны XVIII ст. На змену ёй прыйшла эпоха Асветнiцтва. Рубяжом памiж iмi лiчыцца мяжа 30–40-х гадоў гэтага стагоддзя.

У савецкай гiстарыяграфii паняцце "контррэфармацыя" несла на сабе адмоўную ацэначную нагрузку. Акцэнт рабiўся на яе рэакцыйнасць, дэнацыяналiзатарскiя тэндэнцыi, засiлле рэлiгiйнай iдэалогii. Панаваў погляд, што актывiзацыя сiл контррэфармацыi ў другой палове XVII ст. ператварыла Беларусь амаль што ў iнтэлектуальную пустэльню. Даследаваннi А. Бiрылы, У. Конана, А. Мальдзiса i iнш. абверглi яго. Улiк складанасцi i супярэчлiвасцi эпохi, наднацыянальнай неаднароднасцi культуры Беларусi XVII–XVIII стст., яе полi­лiнгвiстычнасцi, iнтэграванасцi ў сiстэме культуры Рэчы Паспалiтай, бесперапыннасцi працэсу фармiравання нацыянальных асаблiвасцяў лiтаратуры, навукi, фiласофii i мастацтва ва ўмовах перавагi касма­палiтычных тэндэнцый даюць падставу гаварыць аб шматзначнасцi духоўна-культурнай функцыi контррэфармацыi на Беларусi.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]