Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 38. «вялікі» сойм. Другі падзел рэчы паспалітай

  • Чатырохгадовы сойм і яго рашэнні

  • Канстытуцыя 3 мая 1791 г.

  • Дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі

  • Другі падзел Рэчы Паспалітай

Чатырохгадовы сойм і яго рашэнні

Вялікую ролю ў палітычным жыцці краіны адыграў Чатырохгадовы сойм, які ўвайшоў у гісторыю дзяржавы пад назвай «Вялікі»: магчыма з працяглага тэрміну сваёй працы, магчыма з-за важнасці прынятых на ім рашэнняў.

У Рэчы Паспалітай пашыраліся ідэі рэформаў і незалежнасці. З’явілася шэраг прац публіцыстаў, у якіх абгрунтоўвалася неабходнасць пераўтварэнняў. Сярод іх вылучаліся кнігі Станіслава Сташыца «Увагі над жыццём Яна Замойскага», Гуга Калантая «Некалькі лістоў ананіма да Ст. Малахоўскага», Юзафа Паўлікоўскага «Аб падданых польскіх» і «Палітычныя думкі для Польшчы». Публіцысты выступалі за неабходнасць рэфармавання сойма, за дапушчэнне да ўдзелу ў ім прадстаўнікоў мяшчан, за адхіленне ад удзелу ў рабоце соймікаў залежную ад магнатаў непасесійнай шляхты, за наданне сялянам асабістай свабоды, за замену паншчыны чыншам, за павелічэнне колькасці рэгулярнага войска.

Правядзенню рэформаў унутры дзяржавы спрыяла міжнародная сітуацыя. У 1787 г. Расія, а потым і Аўстрыя ўступілі ў вайну супраць Турцыі. Акрамя таго, у 1788 г. пачалася руска-шведская вайна. Швецыю падтрымалі Прусія, Англія і Галандыя. Пагоршыліся адносіны паміж Расіяй і Прусіяй. Для Рэчы Паспалітай настаў спрыяльны момант, каб вызваліцца ад расійскага ўплыву.

Сейм распачаў сваю работу 6 кастрычніка 1788 г. Спачатку дэпутатамі сойма былі абраны 177 чалавек, 69 з іх былі прыхільнікамі рэфарміравання дзяржавы і належалі да буржуазна-шляхецкага блока. Сойм пачаўся з балю, арганізаваным Каролем Станіславам Радзівілам у гонар 200-годдзя уніі. «Пане Каханку» затраціў на гэта 2 млн злотых і запрасіў каля чатырох тысяч чалавек.

Паколькі большасць паслоў жадалі, каб станоўчага рашэння аб павелічэнні войска, то сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй, што дазваляла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў і пазбаўляла моцы права «ліберум вета». На сойме склалася «патрыятычная» партыя (Гуга Калантай, Адам Чартарыйскі, Ігнацый Патоцкі, Станіслаў Малахоўскі і ігш.). Яны імкнуліся да пазбаўлення ад расійскага ўплыву і ажыццяўленне рэформаў. Планавалася ліквідаваць «ліберум вета», увесці спадчынны трон, адмяніць элекцыю караля, сфарміраваць «гатовы сойм» (выбраны на два гады, а не на адну сесію).

Уплыў на сойме «патрыятычнай» партыі пашырыўся пасля «прускай ноты». Берлінскі пасол заявіў пратэст супраць праекта саюза Рэчы Паспалітай з Расіяй і прапанаваў заключыць саюз з Прусіяй. Нота мела велізарны ўплыў на паслоў. Антырасійскі настрой стаў дамінуючым. Яго правадніком стаў «польскі Цыцэрон» Казімір Нестар Сапега. 20 кастрычніка была прынята першая пастанова, якая павялічвала колькасць рэгулярнага войска да 100 тыс. чалавек. Праўда, кароль напамінаў пра недахоп сродкаў у дзяржаўным скарбе. Але паслы зыходзілі з таго, што неабходна вызначыць лічбу, а спосабы ўтрымання знойдуцца самі. Для арганізацыі новага войска была ўтворана «вайсковая камісія», агульная для ВКЛ і Польшчы.

Да таго ж прускі кароль Фрыдрых Вільгельм накіраваў на імя маршалкаў К. Сапегі і К. Малахоўскага спецыяльную дэкларацыю. У ёй было заяўлена, што Прусія лічыць сябе абавязанай абараняць права Рэчы Паспалітай у самастойным вырашэнні сваіх унутраных праблем. 29 сакавіка 1790 г. сойм падпісаў з ёй абарончы саюз. Расійскі прадстаўнік О. Штакельберг выступіў з нотай пратэсту ад Кацярыны ІІ. У адказ паслы нават пагразілі аб’явіць Расіі вайну, а сам пасланнік стаў аб’ектам агульнай знявагі і пагарды. 19 студзеня 1789 г. сойм вырашыў скасаваць Пастаянную Раду як сімвал расійскага ўмяшальніцтва.

Паколькі сойм вырашыў значна павялічыць войска, то паўстала пытанне аб сродках на яго ўтрыманне. Было прынята рашэнне аб павышэнні некаторых існуючых падаткаў і ўвядзенні новых. Так, павялічылася ў два разы арэндная плата ("кварта") з трымальнікаў старостваў, а з былых езуіцкіх уладанняў ("эмфітэз") - у 3,5 раза. Уводзіўся падатак у памеры 10 %, так званая "вечная ахвяра", з прыватных шляхецкіх уладанняў, а з духоўных - у памеры 20 % ад гадавога прыбытку. З неабходнай сумы ў 40 млн злотых удалося сабраць толькі каля паловы. У сувязі з гэтым было вырашана знізіць колькасць войска да 65 тыс. чалавек.

Для падрыхтоўкі праекта рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай у верасні 1789 г. на сойме вылучылі спецыяльную камісію пад старшынствам біскупа Красінскага. Таксама была арганізавана «дэпутацыя» па абмеркаванні мяшчанскага пытання. Штуршком для яе стварэння стала «чорная працэсія». Прадстаўнікі 141 горада краіны, апранутыя ў чорнае адзенне, накіраваліся ў каралеўскі палац і ўручылі сойму спецыяльную петыцыю. У ёй прадстаўнікі мяшчанства дамагаліся права набыцця зямлі, доступу да пасад, выбіраць сваіх прадстаўнікоў на сойм.

Для хуткага правядзення рэформаў на месцах сойм стварыў новыя органы мясцовай адміністрацыі – т.зв. «парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі». Яны супрацьстаялі шляхецкай анархіі і адказвалі за набранне рэкрутаў, кватаравання і харчовага забеспячэння войска. Кожнае ваяводства і павет павінны былі абраць на сойміках такія камісіі ў складзе не менш чым 15 асоб на два гады. З 1791 г. у склад камісій былі дапушчаны па тры прадстаўнікі ад мяшчан. Таксама камісіі збіралі статыстычныя данныя аб мясцовым насельніцтве, падаткі, кантралявалі будаўніцтва дарог і мастоў, наглядалі за асветай, дабрачыннымі ўстановамі і інш.

Падчас працы сейма набыла актуальнасць рэлігійная праблема. З усходніх тэрыторый Беларусі і асабліва з Украіны пачалі распаўсюджвацца чуткі аб падрыхтоўцы там нейкага бунту сярод праваслаўнага насельніцтва, накіраванага супраць каталіцкай канфесіі. Таму сойм у 1789 г. стварыў спецыяльную камісію, якая не знайшла канкрэтных пацвярджэнняў пашырэння антыкаталіцкіх настрояў сярод праваслаўнага насельніцтва з боку Расіі праз праваслаўнае святарства. Тым не менш слуцкі архімандрыт Віктар Садкоўскі быў арыштаваны і вывезены на тры гады ў Варшаву. Камісія рэкамендавала арганізаваць у Рэчы Паспалітай самастойную ад Расіі праваслаўную царкоўную арганізацыю. Адначасова звярталася ўвага і на становішча уніяцкай царквы. Пятнаццаты уніяцкі мітрапаліт Растоцкі 9 верасня 1790 г. увайшоў у склад сената Рэчы Паспалітай.

Для вырашэння пытанняў праваслаўнай царквы сойм склікаў у Пінску «генеральную кангрэгацыю» праваслаўных. 15 чэрвеня 1791 г. у Пінск з'ехалася 96 дэлегатаў. Кангрэгацыя вырашыла пытанне аб часовым праваслаўным царкоўным кіраванні да зацвярджэння соймам праекта аб царкоўнай аўтакефаліі. На з’ездзе была абрана часовая «вышэйшая кансісторыя» ў складзе 12 чалавек на чале з ігуменам Бельскага манастыра С. Пальмоўскім. У праекце ўтварэння самастойнай праваслаўнай царквы планавалася мець мітрапаліта з кафедрай у Бельску і трох епіскапаў: Менскага, Наваградскага і Жытомірскага. У пытаннях веры праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай павінна была залежаць толькі ад канстанцінопальскага патрыярха. Паслы насцярожана, нават варожа, прынялі праект пастановы. Толькі пад самы канец работы сойма ў 1792 г. быў прыняты закон «Упарадкаванне царкоўнай іерархіі грэка-усходняга абраду».

Восенню 1790 г. заканчваўся тэрмін пасяджэнняў надзвычайнага сойма. У сувязі з гэтым «патрыятычная» партыя прапанавала не распускаць канфедэрацыю і сойм, а абраць новы склад паслоў і далучыць яго да старога. Прапанова была прынята і сойм быў прадоўжаны яшчэ на два гады. Паслы прынеслі прысягу не браць хабар і не дзейнічаць на карысць замежных краін. З 359 дэпутатаў Чатырохгадовага сойма 181 быў прадстаўніком прагрэсіўнай партыі.

Аднымі з галоўных рашэнняў падвойнага сойма ў пачатку яго працы стала прыняцце пастановы аб павятовых сойміках ад 24 сакавіка і аб каралеўскіх гарадах ад 18 красавіка 1791 г.

Пастанова аб павятовых сойміках пакідала выбарчае права толькі за аселай, маючай уласныя зямельныя ўладанні шляхтай. Такой лічылася шляхта, запісаная ў зямянскія кнігі, якая выплачвала 100 злотых у год з маёмасці. Не дапускаліся да выбараў панцырныя і путныя баяры, татары, асобы да 18 гадоў, тыя, хто не адбыў два гады ваенный або цывільнай службы.

Пастанова «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» распаўсюдзіла на мяшчанства права асабістай недатыкальнасці без пастановы суда. Заможныя жыхары гарадоў атрымалі права набываць зямельную ўласнасць. Для іх адкрываўся доступ да грамадзянскіх і свецкіх пасад, іх заняткі былі прызнаны такімі ж ганаровымі, які шляхецкія. Цяпер шляхціц, які вырашыў заняцца гандлем ці рамяством, фактычна ўжо не мог быць пазбаўлены шляхецтва. Пасля прыняцця гэтай пастановы некаторыя прадстаўнікі шляхецкага стану пачалі дэманстратыўна запісвацца ў лік мяшчан.

Мяшчане перад кожным соймам атрымалі права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў асэсарскім судзе, скарбовай і паліцэйскай камісіях. Там, пры вырашэнні пытанняў, якія тычыліся гарадоў і гандлю, ім надаваўся рашаючы голас, па іншых пытаннях - толькі дарадчы.

Прадстаўнікі мяшчанскага стану маглі прэтэндаваць і на атрыманне шляхецтва (набілітацыю). Для гэтага мяшчане павінны былі выплачваць у дзяржаўны скарб не менш 200 злотых падатку. Шляхецтва маглі набыць таксама вайскоўцы, якія даслужыліся да капітана ці ротмістра. Было вырашана на кожным сойме набілітаваць па 30 мяшчан. Дадзены пункт пастановы крытыкаваўся. Кансерватыўная частка шляхты апасалася пераўтварэння сойма ў «аптэкарскі». Свядомая частка мяшчанства бачыла ў набілітацыйных захадах спробу «выбіць» са сваіх шэрагаў гарадскую эліту.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]