Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Царкоўна-рэлiгiйная публiцыстыка

Распаўсюджванне публiцыстычнай лiтаратуры – адметная рыса культурнага жыцця Беларусi ў XVI – першай палове XVII ст. Вы­датнымi публiцыстамi XVI ст. былi Васiль Цяпiнскi (перакладчык на беларускую мову, выдавец "Евангелля" i аўтар прадмовы да яго), Андрэй Валан (аўтар трактата "Пра дзяржаўнага мужа i яго дабрачыннасцi"), Мiхалон Лiтвiн (яго пяру належыць трактат "Аб норавах масквiцян, лiтоўцаў i татар",) Леў Сапега (рэдактар i аўтар прадмовы да помніка тагачаснай пісьменнасці – Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. якi з'яўляецца не толькi помнiкам прававой думкi, але таксама лiтаратуры i дзелавой пiсьменнасцi. Пасля Сапегі засталася багатая эпiсталярная спадчына).

Адным з асноўных літаратурных жанраў, вызначыўшых характар лiтаратурнага працэсу ў Беларусi канца XVI – першай паловы XVII ст., была палемiчная публiцыстыка, царкоўна-рэлiгiйная па форме i афарбоўцы, але сацыяльна-палiтычная па iдэйнаму зместу. Яна з'яўляецца адказам на абвастрэнне рэлiгiйнай барацьбы ў канцы XVI ст. Творы iдэолагаў унiяцка-каталiцкага лагера П. Скаргi, I. Пацея, I. Руцкага і інш., творы апалагетаў праваслаўя Г. i М. Смат­рыцкiх, I. Вiшэнскага, З. Капысценскага i iнш., а таксама ананiмныя па­лiтычныя сачыненнi складаюць цэлы пласт беларускай лi­та­ра­туры.

Апазiцыя рашэнням Берасцейскага унiяцкага сабора вымусiла і творйаў, і апалагетаў даваць тлумачэннi прычын прыняцця унii, даказваць яе законны характар, апраўдваць свае дзеяннi. Яны не за­марудзiлi выдаць у Вiльнi кнiгi I. Пацея "Справедливое описанье поступку и справы сынодовое, и оборона згоды и едности свершенное, которая ся стала на сыноде Берестейском в року 1596", П. Скаргi "Брэсцкi сiнод" (1597, на польскай мове) i "Описанье и оборона събору руского Берестейского" (1597, у перакладзе на беларускую мову I. Пацея). Яны абвiнавачвалi працiўнiкаў унii ў непадпарадкаваннi дзяржаўнай уладзе, чым надалi рэлiгiйнай па­лемiцы палiтычны характар i яшчэ болей распалiлi спрэчку. Кнiга Пацея была скуплена i знiшчана пра­васлаўнымi.

З аблiчэннем унii, яе iдэолагаў i дзеячаў у Вiльнi, Львове, Астрогу, Афонскiм манастыры выступiлi абаронцы праваслаўя i нават усходнiя патрыярхi. Найбольш аргументаванай (па сведчанню су­часнiкаў) была выдадзеная ў 1597 г. у Вiльнi кнiга Хрыстафора Фiлалета (пад гэтым псеўданiмам, мабыць, выступiў валынскi пратэстант Марцiн Бранеўскi) "Апокрисис, албо отповедь на книжкы о съборе Берестейском", якая стала адным з лепшых твораў сатырычнай лiтаратуры таго часу. "Апакрысiс" прынёс шмат непрыемнасцей апалагетам унii i каталiцызму. Яе аўтар не пакiнуў без увагi нiводнага сцвярджэння Скаргi. Усё тое, што езуiт выдаваў за станоўчае, Фiлалет паказаў у рэзка адмоўным плане, i ў сваёй эру­дыцыi, логiцы, уменнi пераканаць чытача значна пераўзышоў Скаргу. Таму, каб нейтралiзаваць уздзеянне "Апакрысiса" на грамадства, прыхiльнiкi унii таксама ўзялiся за скупку i знiшчэнне гэтай кнiгi. У вынiку такога ўзаемнага знiшчэння кнiг значная частка палемiчнай публiцыстыкi канца XVI – першай паловы XVII ст. нам вядома толькi па назвах.

Аблiчэнне царкоўнай унii вымушала яе абаронцаў адбiваць удары сваiх працiўнiкаў. Каб адказаць Філалету, за пяро ўзяўся кі­раўнік уніяцкага епіскапату І. Пацей. У 1599 г. ён выдаў сатырычны твор "Антырызіс", у якім дыскрэдытаваў Хрыстафора, не паскупіўшыся на абразлівыя словы і мянушкі на яго кнігу і ўвесь антыуніяцкі рух.

Першая чвэрць XVII ст. адзначылася далейшым развiццём па­лемiкi. На лiтаратурна-публiцыстычнай нiве ад iмя праваслаўнага лагера выступалi Мялецiй Сматрыцкi, Лявонцiй Карповiч, Iоў Ба­рэцкi, Андрэй Мужылоўскi, Захарый Капысценскi, а ад унiятаў – Iпацiй Пацей, Iосiф Вельямiн Руцкi, Iасафат Кунцэвiч, Леў Крэўза, Анастасiй Сялява, Iлля Марахоўскi i iнш. Вядучая роля ў гэты перыяд у палемiцы належала з праваслаўнага боку Мялецiю Сматрыцкаму, Iпацію Пацею, а потым Iосiфу Руцкаму – з унiяцкага. У гэты час было напiсана i часткова выдадзена шмат цiкавых i разнастайных па зместу i iдэйна-палiтычнай накiраванасцi твораў. Жорсткiя ўмовы барацьбы прывялi да таго, што многiя з iх вы­ходзiлi ананiмна.

Асаблiвую руплiвасць у палемiцы з праваслаўнымi публiцыстамi праявiў унiяцкi мiтрапалiт I. Пацей. Ён упарта iмкнуўся адстаяць i ўмацаваць царкоўную унiю i на працягу апошнiх дзесяцi гадоў жыцця напiсаў шмат твораў у яе абарону: "Отпис на лист неякога Клирика Острожского безъименного" (1599), "Защита св. Синода Флорентийского" (1603), "Розмова берестянина с братчиком" (1603), "Воскресший Наливайко" (1607), "Гармония, албо согласие веры..." (1608) i iнш.

Творы палемiчнай публiцыстыкi з'яўляюцца набыткам беларускай i ўкраiнскай лiтаратур таго часу. Яны ўпiсалi яскравую старонку ў грамадска-палiтычную думку гэтых народаў.

Вядучае месца ў лiтаратурным працэсе Беларусi канца XVI – першай паловы XVII ст. належыць буйнейшаму царкоўнаму дзеячу i пiсьменнiку Мялецiю Сматрыцкаму (1577–1633), чыя грамадская i лiтаратурная дзейнасць звязана з Беларуссю, Украiнай i Летувай. Нарадзiўся ён на Украiне. Яго бацька, Герасiм Смат­рыцкi, быў адным з першых пiсьменнiкаў-палемiстаў. Першапачатковую адукацыю Мялецiй атрымаў у Астрожскай гiмназii. У пачатку 1590-х гадоў вучыўся на фiласофскiм факультэце Вiленскай езу­iцкай акадэмii, а пасля заканчэння займаўся педагагiчнай дзейнасцю, працаваў хатнiм настаўнiкам. З 1600 г. па запрашэннi князя Б. Саламярэцкага вучыў яго сына, разам з выхаванцам паехаў у Германiю i там слухаў лекцыi ў Нюрнбергскiм, Лейпцыгскiм, Вi­тэнбергскiм унiверсiтэтах. Пасля вяртання жыў пад Менскам. Потым пераехаў у Вiльню, дзе ўступiў у праваслаўнае брацтва i прыняў удзел у барацьбе супраць унii i каталiцызму. Тут напiсаў каля 20 твораў.

"Фрынас" ("Плач") Тэафiла Артолага (псеўданiм Мялецiя Сматрыцкага) – адзiн з самых выдатных помнiкаў палемiчнай лi­таратуры. Ён з'явiўся ў 1610 г. як водгук на драматычныя падзеi ў Вiльнi ў 1609 г. – захоп па загаду мiтрапалiта Пацея праваслаўных цэркваў унiятамi. "Фрынас" меў вялiкую папулярнасць сярод праваслаўнага насельнiцтва Рэчы Паспалiтай i лiчыцца самым лепшым творам пiсьменнiка, дзе даецца яркi малюнак сучаснага яму стану праваслаўнай царквы. Смат­рыцкi раскрывае ўнутраны разлад у самой царкве, абураецца бяздзейнасцю духавенства, практыкай куплi-продажу вышэйшых царкоўных пасад. Ён кiдае палiтычнае абвiнавачванне ў адрас папства, паказвае небяспеку для народа i радзiмы працэсу акаталiчвання i дэнацыяналiзацыi мясцовай феадальнай знацi, служылай шляхты i нават мяшчанства. Напалоханыя "Фрынасам" , прасякнутым "смяротным ядам" для каталiцызму, езуiты i унiяты адразу ж выступiлi супраць кнiгi Сматрыцкага. Першымi, хто напiсаў адказ, былi Пётр Скарга i Iлля Марахоўскi. Яны абвiнавачвалі аўтара ў прапагандзе аднолькава небяспечных як для праваслаўнай, так i для ка­талiцкай цэркваў пратэстанцкiх iдэй Лютэра i Кальвiна. А кароль Жыгiмонт III сваiм унiверсалам забаранiў продаж i куплю кнiжкi Сматрыцкага пад пагрозай вялiкага штрафу, яна падлягала спальванню, а аўтар i выдавец – арышту.

Напалоханы суровасцю каралеўскiх санкцый, Сматрыцкi на ней­кi час адышоў ад лiтаратурнай палемiкi i заняўся педагагiчнай дзейнасцю ў брацкiх школах Вiльнi i Кiева, якая прынесла яму не меншую славу, чым яго "Фрынас". Ён абессмяроцiў сваё iмя як таленавiты аўтар першай грунтоўнай у навуковых адносiнах працай "Граматика словенския правилное синтагма". Выдадзеная ў 1619 г. для практычных патрэб школьнай адукацыi, яна мела выключнае культурнае i палiтычнае значэнне для свайго часу, склала цэлы этап у станаўленнi славянскага мовазнаўства. На працягу амаль паўтараста гадоў "Граматыка" Сматрыцкага была агульнапрызнаным школьным пад­ручнiкам па старажытнаславянскай мове не толькi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, але i ў Расii, была вядома i ў краiнах Захаду. Яшчэ ў 1617 г. Мялецiй пастрыгся ў манахi Вiлен­скага Святадухаўскага манастыра. Актыўная грамадска-палiтычная дзейнасць у радах праваслаўнай апазiцыi, аўтарытэт выдатнага палемiста забяспечылі яму пры жыццi вялiкую славу сярод суай­чыннiкаў, а з 1620 г. – i высокi духоўны сан архiепiскапа полацкага, епiскапа вiцебскага i мсцiслаўскага.

Страх паўстаць перад дзяржаўным судом пасля забойства ў Вiцебску Кунцэвiча вымусiў Мялецiя Сматрыцкага пакiнуць радзiму. Ён адбыў у падарожжа па "святых месцах" Блiзкага Усходу (1624–1626). За час яго падарожжа ў асяроддзi праваслаўнага духавенства распаў­сюдзiлася чутка, быццам Мялецiй адправiўся да ўсходнiх патрыярхаў за атрыманнем благаславення на аб'яднанне праваслаўнай царквы з унiяцкай. Таму пасля вяртання ён адчуў недавер, варожыя адносiны да сябе. Яму прыйшлося апраўдвацца i публiчна абараняцца ад наветаў на спецыяльна склiканым у Кiеве царкоўным саборы для высвятлення мэты яго паездкi на Усход. Гэта, а таксама разлад, якi ён убачыў у патрыярхаце – вышэйшым кiруючым органе праваслаўнай царквы, – абумовiлi крах яго ранейшых рэлiгiй­на-палiтычных iлюзiй. Сматрыцкi прыйшоў да высновы, што далейшая барацьба за рэлiгiйную дактрыну праваслаўя ўжо не мае сэнсу. Спачатку тайна, а потым яўна ён парывае з праваслаўнай царквой i пасля 1628 г. адкрыта пераходзіць у лагер унiятаў. Усе астатнiя сiлы Сматрыцкi аддаў на абарону iдэi унii, заклiкаў праваслаўнае насельнiцтва ўзяць з яго прыклад. Ва унiяцкi перыяд Мялецiй напiсаў шэраг высокамастацкiх твораў: "Пратэстацыя" (1628), "Паранезiс" (1629), "Экзатэзiс" (1629). Апошнiя гады свайго жыцця ён правёў у сценах Дзярманскага манастыра на Валынi, дзе i памёр, пакiнуўшы аб сабе памяць таленавiтага палемiста i пiсьменнiка, але чалавека, супярэчлiвага ў сваiх поглядах. Мялецiй Сматрыцкi быў чалавекам вялiкага iнтэлекту, таленавiтым пiсь­меннiкам, вучоным. Ён заняў пачэснае месца ў гiсторыi лiтаратуры, навукi i грамадскай думкi беларускага i ўкраiнскага народаў.

Зацятым барацьбiтом супраць Берасцейскай унii быў Афанасiй Фiлiповiч (каля 1595/1600–1648). Выхадзец з Берасцейшчыны, з сям'i збяднелага шляхцiча, ён атрымаў адукацыю ў Вiленскай езуiцкай акадэмii. Потым працаваў хатнiм настаўнiкам у дамах шляхты i магнатаў i меў аўтарытэт выдатнага педагога. Пастрыгся ў манахi i жыў у манастырах Берасцейшчыны. У 1637 г. дабраўся да Масквы, дамогся аўдыенцыi ў маскоўскага цара, на якой заклiкаў яго заступiцца за праваслаўных аднаверцаў у Рэчы Пас­палiтай.

Вярнуўся Афанасiй на радзiму з багатымi ахвяраваннямi для сваёй царквы, але з рэпутацыяй здраднiка. У апошняе дзеся­цi­годдзе жыцця А. Фiлiповiч пiсаў "Дыярыуш", у якiм паказаў паўвекавую гiсторыю царкоўнай унii як гiсторыю ганенняў i здзекаў над духоўным жыццём праваслаўнага насельнiцтва.

Абвiнавачаны ў сувязях з казакамi i ў тым, што "унию святую оскорблял и проклинал", 5 верасня 1648 г. пасля жорсткiх катаванняў быў расстраляны ў лесе непадалёк ад Бярэсця. А. Фiлiповiч кананiзаваны праваслаўнай царквой.

За час свайго iснавання царкоўна-палемiчная публiцыстыка, увабраўшы ў сябе лiтаратуру адкрытых лiстоў, адозваў, памфлетаў, трактатаў i iншых вiдаў творчасцi, прайшла складаны i супярэчлiвы шлях развiцця. У ёй назiралiся ўздымы i спады, iдэйна-мастацкi рост i таптанне на адным месцы вакол нагнаўшых аскому адных i тых жа багаслоўска-дагматычных пытанняў. Але яна адыграла станоўчую ролю ў гiсторыi, упiсаўшы яркую старонку ў грамадска-палiтычную думку i лiтаратуру беларускага i ўкраiнскага народаў. На працягу больш як паўстагоддзя яна карысталася вялiкай папулярнасцю ў шырокiх колах грамадскасцi, для якой выконвала функцыю зброi вострай iдэалагiчнай барацьбы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]