Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Літаратура

1. Колас Якуб. Збор твораў: У 14 тамах. Пісьмы 1908–1949. – Мінск: Маст. літ., 1977. – Т. 13. – 680 с.

2. Колас Якуб. Збор твораў: У 14 тамах. Пісьмы 1950–1956. – Мінск: Маст. літ., 1978. – Т. 14. – 528 с.

Лекцыя 12

Мадэрнізм як літаратурна-эстэтычная з’ява. Мадэрнізм на Беларусі, яго адметнасць

Сучаснае літаратуразнаўства разглядае ХХ стагоддзе як цэласны этап у гісторыі беларускай літаратуры, які быў падрыхтаваны папярэднім. Ужо другая палова ХІХ стагоддзя азначалася зрухам на карысць нацыянальнага адраджэння, назапашваннем новых ідэйна-эстэтычных каштоўнасцяў. Слоўнае мастацтва пазбаўлялася тэматычнай і жанрава-стылявой звужанасці, пераадольвала натуралістычную апісальнасць, “прывязанасць” да фальклору, аднаўляла літаратурна-кніжныя традыцыі, выходзіла на засваенне і творчае пераламленне набыткаў светавай культуры. У пачатку ХХ стагоддзя ўсе гэтыя тэндэнцыі абвастрыліся, бо літаратура ўступіла ў стадыю паскоранага развіцця, новага нацыянальнага адраджэння.

Падзеі рэвалюцыі 1905–1907 гг., аднаўленне беларускага друку, паслабленне рэпрэсіўных мер у адносінах да праяў нацыянальна-адметнага далі магутны штуршок для станаўлення новага этапу ў развіцці беларускай літаратуры, першым перыядам якога мы сёння лічым першую трэць ХХ стагоддзя, які стаў узлётным, сцвярджальным і эпахальным па значэнню для ўсёй новай беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стагоддзя. Менавіта гэты перыяд (сарэбраны век) на парадак дня паставіў праблему мадэрнізму як яго лучнсці, перапляцення з праўдападобным (рэалістычным) мастацтвам. Зараз агульнапрызнана, што мадэрнізм, як свежы струмень, “асвяжыў” літаратурны працэс пачатку стагоддзя, павярнуў рух прыгожага пісьменства на шлях наватарскіх пошукаў, эксперыменту. Аднак для беларускага літаратуразнаўства гэта пакуль яшчэ не канчаткова прызнаны факт, яшчэ нясмела гучаць галасы пра тое, што прылучанасць нашага нацыянальнага слоўнага мастацтва да мадэрнізму ў пачатку ХХ стагоддзя – дэфакта.

Сутнасць мадэрнізму як мастацкага метаду, стылю заключаецца ў тым, што ён надае большую свабоду суб’екту, “індывідуалізуе” мастацкую творчасць, пашырае межы суб’ектыўнага мыслення, надае прыярытэт эксперыменту, разнявольвае мастацтва слова ад канонаў, догмаў, правілаў, абвяшчае адкрытасць як асноўны спосаб дзейнасці мастака. Дарэчы, наконт гэтага знаходзім трапнае выказванне ў В.Я.Брусава: “Для каго ўсё ў свеце проста, зразумела, спасцігнута, той не можа быць мастаком. Мастацтва толькі там, дзе імкненне за мяжу, дзе памкненне за абсягі пазнавальнага...”

Рэалістычныя і мадэрнісцкая сістэмы на Беларусі цесна ўзаемадзейнічалі, што было абумоўлена паскоранасцю літаратурнага працэсу літаратурнага прцэсу і яго дыскрэтнасцю (В.Каваленка, М.Мушынскі, В.Жураўлёў, Ул.Гніламёдаў, А.Лойка, Л.Сінькова).

Другой важнай прыкметай беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя з’яўляецца яе арыентацыя на ідэі адраджэння, што зменьвала яе танальнасць, жанрава-стылявую спецыфіку, усю вобразную сістэму. Трыбунай беларускага нацыянальнага руху ў гэты перыяд была газета “Наша Ніва”, якая фарміравала нацыянальную свядомасць, выступала за раўнапраўе беларусаў у сям’і народаў, свабоднае развіццё іх культуры.

Менавіта ў нашаніўскі перыяд пісьменнікі пачалі задумвацца над пытаннямі эстэтычнай арыентацыі беларускай літаратуры (дыскусія на старонках газеты “Наша Ніва” 1913–14 гадоў). Падчас гэтай дыскусіі В.Ластоўскі ўпершыню назваў арыентацыю на прыгажосць найвышэйшым крытэрыем мастацтва, мерай паэтычнага майстэрства. Не адмаўляючы сацыяльнай значнасці літаратуры, ён адзначыў зацыкленасць на ёй многіх паэтаў той пары. Такім чынам, адраджэнне беларускай літаратуры адбывалася праз сцвярджэнне агульнаэстэтычных прыярытэтаў у творчасці, дакляраванне іх масацкага і духоўнага абнаўлення. Літаратура пачатку ХХ стагоддзя была літаратурай нацыі, якая абуджалася ад летаргічнага сну, таму былі важныя любыя формы рэалізацыі адраджэнскіх ідэй, галоўнае заключалася ў тым, што яны з’явіліся і нацыя ўсвядоміла сваю самакаштоўнасць.

Пытанні літаратурнага жыцця ў 20-х гадах заставаліся ў полі зроку не толькі пісьменнікаў, але і чытацкай аўдыторыі. Так, Змітрок Бядуля прыводзіць у сваёй справаздачы пра паездку маладнякоўцаў на ўсход Беларусі пытанні слухачоў, зададзеныя яму і яго калегам: “К якому гуртку песняроў належыць расійскі паэт Дзям’ян Бедны?”; “Як можна адрозніць футурыстычныя творы ад нефутурыстычных?”; “Якія літаратурныя школы пануюць зараз як у нас, на Беларусі, таксама на Захадзе?”. Пытанні гэтыя сведчаць, што беларусаў прываблівала новае ў літаратуры суседзяў. Сапраўды, можна пагадзіцца з думкай І.А.Чароты, што на пачатку ХХ стагоддзя амаль усе тэндэнцыі “еўрапейскага і сусветнага мастацтва трансфармаваліся праз мастацтва рускае, што, уласна, характарызуе і пазнейшы час”. Дададзім, што менавіта праз мастацтва рускае ў большай ступені і адбывалася засваенне новага, мадэрнісцкага беларускай літаратурай, але своеасаблівасць нацыянальнай гісторыі абумовіла станаўленне адрознага многімі рысамі ад заходнееўрапейскага і рускага беларускага мадэрнізму.

Спецыфіка беларускага мадэрнізму заключаецца, думаецца, у тым, што адрыву ад традыцый, выпрацаваных папярэднімі эпохамі, у беларускай літаратуры не адбывалася, у тым ліку і ад традыцый фальклорных. Беларускі маэрнізм уяўляў сабой сінтэз, сплаў традыцый і наватарства, у меньшай ступені арыентаваўся на перастварэнне рэчаіснасці, чым роднасныя яму заходнееўрапейскі і расійскі.