Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Творчасць уладзіміра караткевіча

Ён некалі пабяцаў сабе і людзям, што напіша кнігі, якія будуць чытацца на беларускай мове. І напісаў такія кнігі, якія не толькі вяртаюць нам нашу святыню-мову, але і памяць, забраную ў нас даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён так вызначыў сваю ролю ў рэанімацыі душы і памяці:

Я, ў некаторым сэнсе, нават бог,

Бо занава я свой народ ствараю.

Кожны, хто не абыякавы да набыткаў сучаснага літаратурнага працэсу, вядома, заўважыў, як за апошнія два дзесяцігоддзі ён асабліва пабагацеў на прозу з выразна акрэсленай гістарычнай афарбоўкай. Дарэчы, чытачы адразу звярнулі ўвагу на такую неардынарную з’яву. Падобная літаратура хутка знаходзіць сваіх аматараў. Навукоўцы таксама засведчылі свой інтарэс. Не так даўно свае навуковыя высновы адносна мастацкай спецыфікі сучаснай прозы, яе жанравай разнастайнасці выказала В. Стральцова ў кнізе “Шлях да сябе” (Мінск, 2002). Зазначым, што сярод шматлікіх жанравых праяў сучаснай прозы асаблівай гаворкі заслугоўваюць дзённікі мастакоў беларускага слова, а таксама эпісталярная спадчына. З канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя чытач атрымаў цудоўную мажлівасць пазнаёміцца з дзённікамі К. Чорнага, М. Танка, П. Панчанкі, В. Адамчыка, М. Дубянецкага, лістамі Л. Геніюш, У. Дубоўкі, П. Панчанкі, А. Куляшова і інш.

Думаецца, сапраўдны інтарэс і для даследчыкаў, і для дапытлівых чытачоў, і для настаўнікаў-практыкаў маюць лісты і запісныя кніжкі Уладзіміра Караткевіча. Ліставанне У.Караткевіча – з’ява цікавая, унікальная. Шкадаваў некалі В.Рагойша, што ў васьмітомным Зборы твораў пісьменніка не знайшлося месца яго эпісталярнай спадчыне, бо “хто атрымліваў ці проста чытаў караткевічаўскія лісты, поўныя мудрасці і досціпу, несумненна пацвердзіць іх высокую вартасць – пазнавальную, эстэтычную і ўсялякую іншую” [4, с. 157].

Дарэчы, сёння нікога не здзіўляе – ні чытачоў, ні крытыкаў – публікацыя дзённікаў, запісных кніжак пісьменнікаў яшчэ пры жыцці саміх творцаў. І гэта яскравае сведчанне таго, як многа змянілася ў нашым літаратурным свеце і чытацкім успрыманні. Падобная літаратура знаходзіць дарогу да чытача, мае попыт, доўга не ляжыць на прылаўках магазінаў. Усё гэта – выразныя прыкметы тых пазітыўных змен, якія адбыліся ў грамадскім жыцці, навуковым і чытацкім асяроддзі: вырас інтарэс да асобы творцы, яго ўнутранага жыцця, да праблем і пытанняў творчасці. А яшчэ 30–40 гадоў назад спроба прыжыццёвай публікацыі дзённікаў ці запісных кніжак пісьменніка выклікала неадэкватную рэакцыю з боку крытыкі. Праўда, аўтабіяграфічная проза яшчэ толькі становіцца абектам сістэматычнага вывучэння беларускай літаратурнай навукі. Эпісталярна-дзённікавая проза ў гэтым плане не зяўляецца выключэннем.

Выдатна праступае ў пісьмах гэтага дзівоснага мастака і аблічча яго адрасатаў, і мнагалучнасць дачыненняў пісьменніка з шырокім літаратурна-мастацкім светам. Нават паводле таго з эпісталярнай спадчыны У. Караткевіча, што ўжо зявілася на старонках беларускай перыёдыкі, складваецца пэўнае ўражанне пра шырокі геаграфічны дыяпазон адрасатаў, узрост, род заняткаў, нацыянальнасць, стаўленне да жыцця, іх сямейна-побытавыя праблемы і многае іншае. Чытаць пісьмы Караткевіча – найвялікшая асалода, падарунак лёсу – настолькі яны па-мастацку яркія, незвычайна таленавітыя. Разам з тым патрабуюць пэўнага інтэлектуальнага ўзроўню, дасведчанасці і эмацыянальнага дыяпазону.

Пра тое, што перапіска вялася пісьменнікам вельмі актыўна, сведчыць наступны факт. У сваім адказе ад 4 снежня 1981 года на першы ліст Марыі Іванаўны Канстанцінавай Караткевіч, павініўшыся за доўгае маўчанне, прыгадвае, што, пакуль хварэла жонка, лячыўся сам, “накопилось около четырёхсот писем, которые ждут ответа, и Вы чуть ли не первый корреспондент, которому я отвечаю” [3, с. 31]. Лічба не можа не ўразіць. Асабліва калі ўлічыць, што пісьмы Караткевіча, як правіла, і цікавыя, і змястоўныя, і абёмныя. Нават у самы трагічны для сябе 1983 год: смерць жонкі, а таксама Ларысы Геніюш і роднай цёткі Валянціны Браніславаўны, Караткевіч, – калі крыху адпусціў душэўны і фізічны боль, – лічыў сябе абавязаным адказаць на лісты сваіх карэспандэнтаў. Вось як пра гэта сказана ў лісце да Здзіслава Нядзелі ад 27 снежня 1983 года: “...после всех пинков судьбы стало так плохо, что я уехал в свою Оршу и там на окраине <…> просидел с начала июня и по десятые числа декабря. Причём сознательно отключился: запретил пересылать письма, не слушал радио, не читал газет, а по телевидению смотрел только мультики и детективы. Ну и сделал себе “лучше”. Приехал домой – ой-ой-ой! Прессы гора, и читая её подряд, нервы испортишь ещё хуже. Писем отвечать – холмы. Тебе отвечаю второму. Первой – одной старушке, которая живёт в Вильно. Ей под 90. Она с Богдановичем была дружна. Но и ... сроки ожидания у ней не те, что у нас” [2, с. 195]. І гэта ў той час, калі самому заставалася жыць лічаныя месяцы. Зоська ж Верас, а менавіта пра яе ішла размова, пражыла доўгае жыццё, за малым амаль стагоддзе (1892–1991).

Пісьмы да М. Танка цікавыя і тым, што чытач з першых вуснаў атрымлівае самую праўдзівую інфармацыю пра тое, як і з чаго вырастаў мастак з такім абвостраным гістарычным мысленнем, дакладным адчуваннем эпохі і незвычайна багатым уяўленнем.

Увогуле пагаварыць было пра што. Патрэбны былі разуменне і падтрымка, добрая і ў час парада: ці варта брацца яму за пяро, а калі пісаць, то як і пра што. Ёсць тут прызнанне, што пісаць пачаў даўно, з 15 год. Але сур’ёзна не думаў пра творчасць, а таму спыніўся ў сваіх мастацкіх практыкаваннях. Вучоба ў універсітэце зноў абудзіла патрэбу гаварыць з лістом паперы, бо вельмі цягнула дадому. Тлумачыць, чаму ніяк не мог стала і мэтанакіравана пісаць. Кідаў, браўся, зноў кідаў. Але прыродны дар не выкінеш. Ён як наканаванне: “Усё ж не кінуў зусім, бо гэта ж такая зараза, гэтыя вершы. Часам лавіў сябе на тым, што ўначы пішу. Прачнуся і лаюся”, – пісаў У. Караткевіч у лісце да М. Танка ад 12 лістапада 1955 года. Пасля шчырых размоў з вопытнымі майстрамі прыходзіла адчуванне сваёй творчай праваты, нараджалася ўпэўненасць у сваіх сілах і здольнасцях: “Цяпер я ўжо не кіну. Так хочацца працаваць і адчуваю я сябе нейкім новым, іншым.

Столькі задумаў і ідэй. Вершы цякуць. Быццам усё, аб чым думаў тры гады, раптам прарвалася. І не толькі вершы, хоць гэта галоўнае”. І яшчэ ў гэтым жа лісце М. Танку ад 12 лістапада 1955 года У. Караткевіч, акрылены, шчасліва ўражаны, у вялікім здзіўленні прызнаецца: “Пішу – і вось што дзіўна: да ўсяго даходзяць рукі. Усё паспяваю рабіць. Мару яшчэ напісаць пра Вашчылу нешта сапраўднае, толькі не ведаю што. Аповесць, драму або сцэнарый. Усё прываблюе. Эх, каб яшчэ да легенд, якія ведаю, ды трохі больш матэр’ялаў, а то фантазія без цвёрдых рамак разыходзіцца” [6, с. 155].

Поруч з жаданнем актыўнай рэалізацыі сваіх мар і спадзяванняў жыве ў душы Караткевіча патрэбна разумнай і цвярозай ацэнкі яго мастакоўскіх пошукаў і эксперыментаў тымі, чыёй думкай асабліва даражыў. І на пачатку творчай дарогі, і значна пазней, калі стаў прызнаным і крытыкай, і чытачом, ён шчыра прасіў, нават патрабаваў казаць праўду “без громкіх слоў, сказаў”. Казаць пра недахопы, пралікі, няўдачы як старэйшы друг, а не так, як у кансультацыі. Ад Янкі Брыля (ліст ад 21 жніўня 1959 г.) У.Караткевіч, напрыклад, мякка, але настойліва дабівацца канкрэтнай ацэнкі сваіх апавяданняў: “Вы ж мне яшчэ нічога не сказалі пра лёс маіх апавяданняў, пра тое, што ў іх дрэнна, а што добра, пра пародыі. Напішыце мне пра гэта, я не пакрыўджуся, паверце мне. Ведаю, што сказана будзе прама, адверта і дабразычліва” [5, с. 72].

Пра характар дачыненняў з гістарычным матэрыялам, пра асаблівасці мастацкага выяўлення гісторыі на раннім этапе творчасці Караткевіч гаварыў асабліва часта: і ў пісьмах да М. Танка, і ў перапісцы з Я. Брылём. Настойліва пісьменнік шукаў самога сябе. Талент, мастакоўская інтуіцыя, адчуванне нацыянальнай самадастатковасці, выразныя адзнакі сапраўды мужчынскага характару, здольнасць глыбока мысліць – ўсё прымушала аршанскага настаўніка-паэта зрабіць адзіны выбар: церабіць свой шлях яму лёсам наканавана ў рэчышчы мастацкага спасціжэння нацыянальнай гісторыі.

У тым жа лісце да М. Танка ад 27 мая 1956 года Караткевіч не толькі прызнаецца ў сваёй беспаваротнай закаханасці ў гісторыю, але і доказна, з добрай доляй іроніі палемізуе з артадаксальнымі апанентамі, адстойваючы права літаратуры на мастацкае асваенне пластоў айчыннай гісторыі. Стаўленне да азначанай праблемы ў маладога творцы вельмі сурёзнае, узважанае, з поўным адмаўленнем знешняй экзотыкі. Для пісьменніка гістарычнага складу важна, на думку Караткевіча, не знешняя экзотыка, а нешта зусім іншае: выяўленне глыбіннага, сутнаснага ў гістарычным мінулым. Тым жа, хто ў гісторыі народнага быцця шукае толькі экзотыку, дасціпны аршанец параіць “быць паслядоўнымі і, напрыклад, хадзіць на лекцыі ў універсітэт у пасталах, з намасленай галавою і дошчачкай для вошай на поясе, як гэта калісь было модна ў мазураў, насіць замест партфеля лубок і мець у ім скрутак пергаменту, гусінае пяро і дзесятак пражаных у попеле яек. Але сапраўды заваяванае народам, ім выпакутаванае забываць нельга, як гэта сёй-той робіць зараз. Яго трэба аберагаць, песціць, любіць. Інакш чаго варты народ. Дарэчы, пра гісторыю ў нас амаль ніхто не піша” [6, с. 161].

Згаданы ліст, бадай, цалкам “гістарычны”. У ім увесь Караткевіч з яго апантанай захопленасцю, заўсёдным імкненнем да поўнай яснасці, выразнай акрэсленасці ва ўсім: пытаннях гісторыі, творчасці альбо адносін паміж людзьмі. У кожным слове тут адчуваецца напружанасць думкі, напятасць нерваў. І як вынік усяго – роспачна-балючае пытанне-адказ адносна танкаўскай заўвагі пра спозненыя водгукі ў гістарычных вершах Караткевіча. Заўвага, вядома, прынята паэтам. Але тут жа вырываецца да абазнанага майстра пытанне-пратэст: “...але скажыце, па чыіх слядах мне крочыць? Па Вашых? Я і так вучыўся і вучыўся ў Вас і дайшоў нават да пераймальнасці – сорамна ж даросламу дзядзю ў дваццаць тры рабіць “пад Танка” [6, с. 161]. Як бачым, па-юначы гарачае, нястрыманае сцвярджэнне самога сябе, свайго права і на адкрыцці, і на памылкі.

І далей, у творчым парыве, на адным дыханні, Караткевіч выкладае сваю творчую праграму. Выкладае па максімуму, не на год, не на два, а на ўсё сваё літаратурнае і чалавечае жыццё. Размову ж пачынае з таго, што асабліва трывожыць: “Дзеці дрэнна ведаюць гісторыю”. А калі няма іх, годных і дасведчаных знаўцаў гісторыі сваёй зямлі, сваіх продкаў, то няма ў такім выпадку і гістарычнай будучыні. Па гэтай прычыне і будзе пісаць Караткевіч пра свой народ і яго гісторыю так, каб цікава было ўсім – і юнаму чытачу, і прафесійнаму навукоўцу, і крытыку, і зусім неспакушанаму ў прыгожым пісьменстве чалавеку, які ўпершыню адкрыў для сябе “мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці адкрылі ў шатландскай. Думалі сабе, што там адзін верас ды скалы, а тут пайшлі, загаварылі, заспрачаліся розныя Роб Роі, і ўвесь свет стаў і толькі цёр вочы, думаючы: “Хіба я сляпы быў да гэтага часу?” (6, с. 161).

Сціпла пакуль ацэньвае свой талент і магчымыя перспектывы творчасці ў гэтым накірунку пачынаючы аўтар. Хтосьці, на яго думку, паслужыць сваім талентам айчыннай гісторыі многа, як, напрыклад, Танк. Ён, Уладзімір Караткевіч, значна меней. Хораша марыцца паэту-летуценніку пра беларускага Шэкспіра, які абавязкова знойдзецца і выкажа пра нас, беларусаў, усё. Вядома, тады яшчэ не ўяўлялася будучаму аўтару нацыянальнага гістарычнага рамана, што менавіта яму лёсам суджана стаць у нашай літаратуры постаццю шэкспіраўскай значнасці.

Разумееш, што такая цікавасць да гісторыі, апантанасць гісторыяй прыходзіць не толькі і не столькі праз адукацыю, выхаванне, колькі, відаць, закладваецца на пэўным генетычным узроўні. Прадстаўляючы свой новы твор М. Танку або перадаючы сюжэтную фабулу ці ідэю будучай мастацкай работы, Караткевіч не праміне сказаць, што ў аснове твора легенда, якую чуў ад дзеда, неверагодна таленавітага чалавека, які мог бы стаць паэтам. І не абы якім І ў захапленні прамовіць: “...яго мова – гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў. Зараз так мала хто гаворыць [...] гэта была нейкая вытанчаная дасціпнасць, рэдкая. Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў-Маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр, што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэтага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў), навучыўся лавіць самоў “на квок”, палюбіў бадзяцца і іншае. А якія ён расказваў легенды [...]. Памятаю такіх легенд штук сорак, не менш” (6, с. 160). У гэтым прызнанні – сапраўдная радасць творцы, які да самазабыцця ўмее захапляцца талентам іншага, удзячная памяць нашчадка і трывожнае спадзяванне на разумную параду дасведчанага ў літаратуры і жыцці М. Танка.

Заўважым, што ў мастацкіх творах У. Караткевіча – вершах, раманах, аповесцях – часта гісторыя народа, краіны асэнсоўваецца праз нялёгкі лёс таго Першага, хто ўзняўся да ўсведамлення сваёй гістарычнай значнасці і самадастатковасці. Многія з іх былі таленавітымі творцамі – прыгонны паэт, каваль Паўлюк Багрым (“Паўлюк Багрым”), заснавальнік любіцельскага тэатра ў Палівачах Ігнат Буйніцкі (“Шляхі Ігната Буйніцкага”), прыгонная актрыса Гелена (“Каласы пад сярпом тваім”) і той невядомы мастак, што першым абараніў прыгажосць (“Балада пра Невядомага Першага”) і інш.

Усё, што не паспеў здзейсніць таленавіты продак, увасобілася ў жыццёвых прынцыпах і творчых планах У. Караткевіча. Пісьмы сведчаць і пра тое, як умеў ён знаходзіць усюды і ва ўсім праявы старажытнасці, чуць яе водар, дыханне. Вечны вандроўнік, ён быў нястомны ў гэтых пошуках. Старажытнасць, увасобленая ў канкрэтных прадметах, рэаліях далёкага часу, што захаваліся ў сучаснасці, будзілі фантазію мастака, яго творчую інтуіцыю. Напрыклад, лісты да Я. Брыля гавораць не толькі пра вялікую любоў Караткевіча да мілай сэрцу Бацькаўшчыны, але і пра тое, якой валодаў культурай мыслення, адносін з людзьмі і мастацтвам У. Караткевіч.

Нямала цікавых, глыбокіх думак і балючых прызнанняў знаходзім у лістах У. Караткевіча пра шляхі развіцця гістарычнай прозы як у беларускім літаратурна-творчым асяроддзі, так і ў маштабах усяго савецкага прыгожага пісьменства гісторыка-мастацкага кшталту. У прыватнасці беларускі майстар гістарычнай прозы неаднойчы выказваў думку пра тое, што гістарычная кніга для яго цікавая заўсёды тым, наколькі яна мае вялікі сэнс для сённяшняга дня (с. 164).

Шмат даваў у плане развіцця эстэтычных густаў і выключнай дасведчанасці ў архітэктуры, жывапісе, літаратуры маскоўскі перыяд жыцця пісьменніка. Лекцыі па мастацтву таленавітай Ніны Молевай, якой прысвяціў столькі вершаў закаханы ў яе беларус, паездкі да архітэктурных святыняў, вандроўкі па дзівосных парках і музеях, гістарычных мясцінах Масквы, дыспуты, літаратурныя імпрэзы і многае іншае арганічна і назаўсёды ўвайшло ў жыццё і творчасць Караткевіча.

У сваім лісце ад 6 кастрычніка 1958 года да Івана Антонавіча Брыля захоплена гаворыць пра гістарычна-культурны воблік Масквы, “дзе паўсюль сляды мінулага”. Убачанае абудзіла цэлую гаму эмоцый: “Так хацелася проста жыць, дыхаць, лавіць гукі, фарбы пахі”. І тут жа праз хвіліну пра сваё, айчыннае, балючае. “У нас менш цікавага, мы бяднейшыя”. Але побач з захапленнем маскоўскай даўніной, адчуваннем рэальнай прысутнасці ў сучасным сталічным жыцці самой гісторыі, яе духу, жыве ў душы Караткевіча – чалавека і мастака – вострая патрэба адчуваць натуральны, жывы прыродны свет. Звычайны і просты, але ад гэтага не менш значны сваёй – таксама бог ведае якой – даўніной: “Хочацца ісці гародам, начапляць на порткі ваўчкоў, паліць бульбоўнік” (3, с. 64).

Адносіны Караткевіча да гістарычнай мінуўшчыны, да сівой старажытнасці, духоўнай культуры народаў, засведчанай не толькі ў мастацкім слове, але і ў іншых матэрыяльных праявах культуры духу, яго вышыні, асабліва ярка праявіліся ў пісьмах да тых адрасатаў, якія жылі далёка за межамі беларускай зямлі. Якім жа ўдзячным захапленнем да чужой краіны, яе культуры і гісторыі дыхаюць караткевічаўскія пасланні-лісты да латышскіх сяброў пасля яго чарговай паездкі ў “Краіну янтарнай казкі” або да З. Нядзелі пасля знаёмства з Польшчай! Вось як дыхтоўна, вытанчана выказвае аўтар ліста сваё захапленне здольнасцю палякаў шанаваць гістарычнае мінулае, развіваць нацыянальную культуру. Гэта, напрыклад, з ліста ад 12 студзеня 1972 года пра наведванне Нацыянальнага музея ў Варшаве: “...чуть ли не венец музея, отдел старопольской культуры. В глазах рябило, ноги подгибались, когда вышел чуть ли не больной от обилия впечатлений”. А праз колькі радкоў эмацыянальна, па-мастацку вобразна дасць Караткевіч унікальную характарыстыку дарагіх сэрцу кожнага паляка гарадоў: Кракаў “немного подавляет, чуть пугает своей готикой, своим тяжёлым извилистым барокко”. Варшава ж, на думку мастака, – “это легкомысленный, галантный, жестокий от распущенности, фривольный и весёлый ХVШ век, пусть и возрождённый из пепла в двадцатом” (2, с. 172).

Далейшае развіццё думкі і вобраза сведчаць пра неўтаймоўны палёт фантазіі, уяўлення, у аснове якіх канкрэтныя рэаліі, гістарычная дасведчанасць і эрудыцыя навукоўца. Знаёмства з гістарычна-культурнымі помнікамі Кракава, Варшавы выклікала не толькі здзіўленне, захапленне, але і павагу да суседняй краіны і яе народа: “Святые вы люди в своём отношении к старине”. Відаць, гэта было для Караткевіча такім знакава-вартасным, што праз пару абзацаў, зноў вярнуўшыся да праблемы захавання старыны ў сучасным, палічыў неабходным запярэчыць свайму польскаму сябру: “Зря ты говорил о народах малых и великих. Такой народ, который так живёт, так думает и заботится о своей старине и будущем – великий народ, велик он или мал, со всеми своими достоинствами и недостатками. Он и в мелком, даже в мелочном – велик, старина” (2, с. 172). У падтэксце прытоены сум па сваім: абмежаванасці гістарычнага пачуцця ў беларуса.

Сваю дасведчанасць, асобую прыязнасць і адданасць гісторыі, справе развіцця нацыянальнай культуры Караткевіч выказвае часта, калі не сказаць пастаянна. Да розных адрасатаў, з рознай нагоды, з рознай сілай страсці і тэмпераменту, у розным эмацыянальна-стылёвым і вобразным праяўленні, але заўсёды шчыра і да месца. 8 чэрвеня 1972 года ў лісце да таго ж З. Нядзелі чытаем пра паездку пісьменніка з польскімі кінематаграфістамі па Беларусі. Запіс нязвыкла кароткі, падсвечаны шкадаваннем і нават самаіроніяй: прыходзілася займацца не тым, чым жыў, да чаго ляжала душа: “...интересовали их заводы, а не костёл, где крестили Мицкевича и венчался Ягайло. А я в этом смысле тупой. Насчёт полимеров и прочего” (2, с. 177).

Эпісталярная спадчына У. Караткевіча – гэта бясконцая і дзівосная крыніца такой інфармацыі, якую ніколі не вычытаем у яго арыгінальных мастацкіх творах. Пісьмы – выключна багаты матэрыял не толькі для біёграфаў, гісторыкаў літаратуры, літаратуразнаўцаў, але і для тых, хто займаецца тэорыяй літаратуры, вывучэннем псіхалогіі творчасці. Гаварыць пра творчасць для Караткевіча гэтак жа натуральна, як дыхаць. Творчыя задумы, планы, ідэі, сюжэты, творчы настрой, адносіны з персанажам, сакрэты і таямніцы творчага працэсу – пра гэта і многае іншае гаварыў сябрам і тым, каго лічыў сваімі настаўнікамі, а пазней з удзячнымі чытачамі. Гаварыў шчыра, зацікаўлена, апантана. Асабліва на пачатку творчай дарогі, на пачатку станаўлення свайго таленту, індывідуальнасці. Пасля такіх размоў з вопытнымі майстрамі прыходзіла адчуванне сваёй творчай праваты, нараджалася ўпэўненасць у сваіх сілах і здольнасцях. У лісце М. Танку ад 16 лістапада 1955 года У. Караткевіч, акрылены, шчасліва ўражаны, у вялікім здзіўленні ад сілы свайго таленту прызнаецца: “Пішу – і вось што дзіўна: да ўсяго даходзяць рукі. Усё паспяваю рабіць. Мару яшчэ напісаць пра Вашчылу нешта сапраўднае, толькі не ведаю што. Аповесць, драму, або сцэнарый. Усё прываблюе. Эх, каб яшчэ да легенд, якія ведаю, ды трохі больш матэрыялаў, а то фантазія без цвёрдых рамак разыходзіцца” (с. 155).

Кожны ліст пісьменніка – не мае значэння калі ён пісаўся і каму – найперш сурёзная размова пра літаратуру, творчасць, душэўны стан мастака, яго планы, пошукі, сумненні, адчуванне радасці ўдачы ці ўпартае змаганне з непадатлівым матэрыялам або наравістым персанажам. Напрыклад, у тым жа лісце да кракаўскага адрасата ад 12 студзеня 1972 года ён лічыць патрэбным патлумачыць характар пэўных сувязей, што існуюць паміж жыццём рэальным і жыццём у кнізе. “Люди в романе – если это роман – должны действовать как и люди в жизни: ругаться, влюбляться, отходить в безверие и приходить к богу, захлёбываться в межплеменной драке и брататься, хулить то, что недостойно хулы, и ругать доброе, от непонимания, незнания и глупости – и приходить к правде.

Это жизнь в натуре и жизнь в книге. А если приходят подогнанные под схему характеры – это конец” (2, с. 173). Мабыць, у тым і разгадка поспеху твораў Караткевіча ў чытача, што яго героі сапраўды жывыя, непрычасаныя пад нейкі стандарт. Яны свабодныя і незалежныя – ад людзей, улады, нават абставін. Адзўны бог для іх – сумленне.

У сваім імкненні да гістарычнай і жыццёвай праўды У. Караткевіч не раз будзе прызнавацца ў тым, што даводзіцца перачытваць горы патрэбных матэрыялаў у дадатак да сваіх ведаў і мастакоўскай інтуіцыі. Так, адносна аўтарскай пазіцыі ў “Каласах” сказана, што яна выразна праступае ў апісанні “Варшавских беспорядков”, а каб сказаць праўдзіва пра тую ж Варшаву і падзеі, – прызнаецца аўтар, – “какую уйму литературы мне пришлось перечитать, чтобы не видав в глаза города, не очень соврать” (2, с. 173). Дададзім, лісты У. Караткевіча да З. Нядзелі адкрываюць нямала дэталей і падрабязнасцей у творчай біяграфіі пісьменніка, у біяграфіі ягоных кніг. Ёсць цікавыя заўвагі іадносна будучай работы над раманам “Каласы пад сярпом тваім”. Пасля знаёмства з Варшавай Караткевіч прызнаецца: “Теперь я уже знаю, где мне и одного из героев поселить в Варшавских сценах продолжения “Колосов”. Конечно же это должны быть Kamienne Schodki” (2, с. 171). Як бачым, пісьменнік жыў увесь гэты час ідэяй напісаць працяг “Каласоў...” Пра будучы раман ідзе размова і ў лісце ад 2 снежня 1972 года. Шмат нараканняў тут на аб’ектыўныя прычыны, што так перашкаджаюць творчасці. А на эмацыянальна-псіхалагічны стан адмоўна ўплывала дрэннае надвор’е (хмурныя дні, рэдка сонца, адсутнасць снегу), моцны боль ад зламаных рэбраў, дрэнныя ручкі, якімі нават ліст напісаць праблемна: “Может, со временем и научусь работать и выдумывать, когда всё болит, а пока – не могу. Вот, наконец-то собрался я письма писать, а ручки плохие. Привезла мне, правда, Валюля из Польши “Паркера”, но я его берегу. Всё выжидаю момента, когда наступит праздник: с утра приму душ, побреюсь (накануне постригусь и никакой скверности – несколько дней), надену чистую сорочку, положу перед собой стопку особенно хорошей бумаги и новой ручкой начну писать окончание “Каласоў пад сярпом тваім” (2, с. 178).

Як бачым, сама творчасць была для пісьменніка не проста любімы занятак, галоўная работа, сэнс жыцця, а штосьці большае: невымоўна хвалюючае, загадкавае, светлае. Працэс творчасці для Караткевіча – гэта магічны абрад, звязаны з адчуваннем нейкай асобай яснасці і чысціні, абнаўлення і гарманічнай дасканаласці. Менавіта пра такі стан і пісаў Уладзімір Сямёнавіч свайму кракаўскаму сябру Здзіславу Нядзелі 2 снежня 1972 г. Хораша адчуваецца ў прызнанні майстра тая ўнутраная падрыхтаванасць да творчасці, калі ўсё – і думкі, і душа – гатовы ўжо напісаць “першы аркуш без адзінай памаркі”. Караткевіч не раз прызнаваўся, што не прытрымліваецца “эстэтыкі пакрэсленага рукапісу”. Спачатку абдумваў усё: кожную дэталь, сцэну, эпізод, кожную фразу па сто разоў варочаў у мазгах, вымаўляў уголас. Не дзіва, што пасля ўсяго пісалася чыста і спора.

Эмацыянальны, чуйны, адкрыты для шчырасці і нецярпімы да подласці, усялякай шэрасці і бруду пісьменнік трапляў у залежнасць ад настрою, абставін, асяроддзя, што садзейнічала творчаму рытму ці выбівала з яго надоўга. Да літаратурна-творчай работы караткевіч быў прыкуты як катаржнік. Здараецца, што і сам называў сваю работу катаржнай. Яшчэ шмат часу займала рэдактарская работа – падрыхтоўка рукапісаў да друку, вычытка карэктуры, адносіны з перакладчыкамі (пра стасункі з апошнімі згадваецца ў лістах да М. Абала, Р. Іванычука і інш.). Над сюжэтам таго ці іншага твора работа ў Караткевіча ішла пастаянна, кожную хвіліну. Нават тады, калі, здавалася, зусім быў не звязаны з рабочым сталом, паперай, ручкай. Вось што пра гэта апавядаецца ў лісце ад 3 красавіка 1982 года, адрасаванага М.І. Канстанцінавай, якой так мала былі вядомы сакрэты і складанасці творчага працэсу, псіхалогія светабыцця творцы: “Ведь мы, которые всерьёз, работаем очень много. Даже тогда, когда случается, месяц-другой вроде бы бездельничаем. Воображаю, сколько бы шишек сыпалось на меня, если бы я жил рядом с Вашими товарищами на станции. У вас работа, у вас каждая минута на счету, а тут лоботряс то помогает, а то вдруг сидит целый час с отсутствующим видом. А за это время произошли вокруг лоботряса события следующие...” І далей кладуцца дакладныя лініі сюжэта магчымага апавядання пра пазнанне навакольнага свету маленькім чалавечкам: “Словом, на глазах бездельника состоялся колоссальный акт познания”(3, с. 34). Усё так рэальна, канкрэтна перададзена пісьменнікам, што зноў і зноў адчуваеш тую глыбінную прыязнасць Караткевіча да жыцця, прыроды, прыгажосці, света дзяцінства, якія лучаць ягоны мастацкі патэнцыял, эстэтычны густ з духоўна блізкім М. Багдановічам з яго цягай да вечнага, прыгожага, вышыннага.

Творчае аблічча У. Караткевіча пряўляецца не толькі ў характары яго мастакоўскіх пошукаў, непасрэдным працэсе рэалізацыі думак, ідэй але і ў тым, як умеў таленавіта расці, прычасціўшыся сапраўдным мастацтвам. Адкрыўшы той альбо іншы цуд – імя, твор, жывапіснае палатно, архітэктурнае дзіва ці дасканалае тварэнне самой прыроды, – Караткевіч імкнуўся хутчэй падзяліцца сваім настроем, думкай, пачуццём, ацэнкай з іншымі. Калі ж патрэбна была абарона, падтрымка таму, што бачылася яму таленавітым і вартым увагі не толькі сучаснікаў, але і нашчадкаў, рабіў усё магчымае, каб дабіцца фактычнага прызнання ўнікальнасці зявы, забяспечыць ёй жыццё ў прасторы і часе.

Ён па-сапраўднаму ўмеў радавацца творчым удачам тых, хто меў сумленне, выдатнае веданне гісторыі, эстэтычны густ, хто рабіў усё, каб пазбегнуць у тіворы усялякіх хібаў. Добра нацярпеўшыся ад незаўсёды пісьменнай ці нават аблыжнай крытыкі (напрыклад, выступленні Я. Герцовіча) Караткевіч, як правіла, імкнуўся падтрымаць і абараніць кожны арыгінальны талент, які незаслужана даймала канфармісцкая крытыка. Многае раскрыва еў гэтым плане ў жыццёвай і творчай пазіцыі беларускага раманіста ягонае стаўленне да кнігі рускага даследчыка В. Аскоцкага “Раман і гісторыя”. Так, у лісце да Р. Іванычука ад 4 ліпеня 1982 года Караткевіч прызнаецца, што на некаторыя месцы ў згаданай кнізе ён абразіўся. І што асабліва важна – не за сябе. Караткевіч не быў бы Караткевічам, калі б не “адказаў яму [Аскоцкаму – Т.Н.] вельмі доўгім лістом, у якім, між іншым, аблаяў яго і за цябе, Рамане, і за тую “крытыку”, якую ён навёў на “Мальвы” (4, с. 164). Пры гэтым пісьменнік палічыў патрэбным перапісаць і даслаць свайму украінскаму сябру тую частку ліста да В. Аскоцкага, якая датычылася Іванычука і ягонай творчасці. Абараняючы гістарычную і мастацкую вартасць рамана “Мальвы”, У. Караткевіч даволі рэзка пратэстуе супраць супастаўлення твора Іванычука з “Пераяслаўскай радай” Н. Рыбака і іншымі опусамі, “от которых веет холодным сердцем, летаргией совести, а значит, и фальшью” (4, с. 165).

Нельга ў дадзеным выпадку ўтрымацца і ад спакусы працытаваць выказванне Караткевіча пра месца і ролю ў гісторыі нашай культуры Яна Баршчэўскага: “Янка Вось якая ідэя прыйшла мне ў казахстанскую (шырокую, як стэп, аж вецер свішча) галаву. Ці не час рэабілітаваць Яна Баршчэўскага? Дзівосны пісьменнік, стыліст, Беларусь пяшчотна любіць, дыялогі – па-беларуску, стыль, побыт, фантазія, народны характар – усё чыста беларускія. А што, калі мы перагаворым з Броўкам, ды “Шляхціца Завальню” перакладзем, араматным такім, дабротным старым стылем. (...) Каб ты ведаў, які сімпатычны чалавек, патрыёт, талент, дэмакрат Падумай, да рэвалюцыі ганялі за дэмакратызм, пасля – за ўяўную рэакцыйнасць. А гэта проста беларускі Гогаль. (...) Сто дваццаць год ганення, падумай толькі А як рассунуцца межы літаратуры Першы жа ён І такі тыповы, рамантычны беларускі гафманізм І такая фантазія” У сваім рамантычным парыве-захапленні У. Караткевіч добра разумее і тое, што аднаму не пад сілу зламаць вульгарна-сацыялагічныя стэрэатыпы мыслення тагачасных чыноўнікаў. Чыноўнікаў ад літаратуры таксама. Вось і спрабуе захапіць сваёй ідэяй Брыля ў тым лісце ад 14 верасня 1964 года. Шукае важкія доказы, аргументы на карысць сваёй ідэі. “Янка, давай зробім. Я і ілюстрацыі зраблю, бо ніхто з нашых мастакоў побыту, і гарнітураў, і духу эпохі не разумее. Мы з табой людзі грэшныя, бо ад жыцця. Але шмат нам грахоў даруецца, калі вернем забыты цень. Несправядліва забыты”. І калі, здавалася, вычарпаны ўсе разумныя і вартыя ўвагі прапановы, захоплены Караткевіч звяртаецца да апошняга: маральнай ацэнкі факта забыцця такога імя. І называе прычыны гэтага забыцця – баязлівасць агульная. Перакананы ў сваёй праваце, ён ужо не столькі просіць, колькі патрабуе: “Падумай над гэтым. Згадзіся. Напішы”. Падводзіць вынікі размовы з Брылём Караткевіч адным словам “Згаджайся” (5, с. 115). Рашуча сказана. Катэгарычна. Без агаворак і без прабачэнняў. Нездарма ж гэта слова – адно – выдзяляецца аўтарам у самастойны абзац.

Дарэчы, лісты У. Караткевіча выяўляюць не толькі яго выключны інтэлект, начытанасць, прафесійнае чуццё, але і даволі рэдкі сярод творчай эліты талент шчыра радавацца новаму яркаму твору або гэтак жа шчыра перажываць мастацкую няўдачу свайго сабрата па пяру. Безліч цікавых, арыгінальных ацэнак мастацкіх зяў можна адшукаць на старонках караткевічаўскіх пасланняў: пра паэму “Люцыян Таполя” Максіма Танка, пра Пімена Панчанку, якога назваў сярод “палкоўнікаў ад літаратуры” генералам у патэнцыі, бо бачыў талент, які “пырскае з яго твораў адусюль, прамяніцца” (5, с. 168). Хораша гаварылася пра творы ўкраінца  Іванычука і, вядома, пра творчыя пошукі Я. Брыля. “Чорт яго ведае, напэўна, людзі дурныя пакуль што. Навелы пісаць цяжэй, я б сказаў, нават, пачэсней. І ўсё адно, навеліст без рамана, як паэт без эпічнай паэмы, як дойлід, што ўсё жыццё будаваў цудоўныя, светлыя дамы – катэджы, сучасныя, гожыя, усе з алюмінію і шкла, ды так і не пабудаваў ніводнага палаца. Трэба, хаця ў палацах жыць не будзеш. Усе гэтыя гады мне было трохі балюча за Вас.” Так непакоіўся пісьменнік за свайго сябра, які доўга не мог падступіцца да раманнай формы. Ён не супраць брылёўскіх апавяданняў, ведае ім цану: гэта “маленькія агаты, алмазікі, сапфіры”. “Каштоўныя ўсе камяні”, – тлумачыць у лісце ад 18 кастрычніка 1962 года да старэйшага і, здавалася, больш вопытнага Брыля сваю пазіцыю Караткевіч, але “слава ўсё не тая, якой належыць ёй быць”. А вось гэта напісана Брылю 16 снежня 1976 года, калі чытач меў шчасце пазнаёміцца не толькі з раманам “Птушкі і гнёзды”, але і з “Ніжнімі Байдунамі”: “І ты да двух сваіх касцёлаў (“Байдуны”, таксама касцёл) прыбудуеш яшчэ штук пяць. І гэта ўжо будзе твой Кіцеж”.

Хораша сказана ім пра мастацкі вопыт украінца Рамана Іванычука і, вядома, пра творчы патэнцыял Янкі Брыля, якому прапаноўваў да двух твораў значнай эпічнай формы (па трапнаму выслоўю аўтара ліста – Касцёлаў) дапісаць яшчэ некалькі. Вынікі такой мастацкай работы бачыліся Караткевічу вельмі выяўна: “І ты да двух сваіх касцёлаў (“Байдуны”, таксама касцёл) прыбудуеш яшчэ штук пяць. І гэта ўжо будзе твой Кіцеж”.

Па сутнасці, з караткевічаўскіх ацэнак, ягоных літаратурных афарызмаў можна скласці цікавую кніжку, якая стала б выдатным сведчаннем літаратурнай эрудыцыі пісьменніка, яго ўмення выказвацца тактоўна, па-мастацку зграбна і доказна.

Эпісталярная спадчына У. Караткевіча – багаты матэрыял і для таго, каб убачыць і зразумець яго аблічча, характар не толькі ў святле творчай дзейнасці або занятасці выдавецкімі клопатамі ці міжлітаратурнымі кантактамі, праблемамі. Поруч з усім тут выразна паўстае яго чалавечая непаўторнасць. Найперш заўважаецца вялікае жыццялюбства, прага да багатага на падзеі, зявы жыцця. Жыцця напружанага, дынамічнага, няўрымслівага. Апроч літаратурных заняткаў (гэта, безумоўна, галоўнае) яго цікавіла ўсё. Мінулае і сучаснае сваёй зямлі, лес і горы, рыбалка і паляванне, старажытныя помнікі і мясцовыя легенды, паданні, вандроўкі, бадзянні, вогнішчы і сустрэчы з цікавымі людзьмі і прыродай. Прырода вабіла асабліва моцна. Не адзін раз у сваіх лістах, допісах, пасланнях напіша мастак цудоўныя пейзажныя мініяцюры (гатовыя мастацкія карціны). џкія папросяцца пазней у той альбо іншы твор. Было ў яго нейкае першабытнае адчуванне прыроды, гарманічнае з ёй існаванне, разуменне амаль на фізічным узроўні.

Відаць, такое адчуванне прыроды, зямлі і абумовіла яго вялікае жаданне-страсць ведаць пра яе, сваю зямлю, сваю радзіму, яе гісторыю як мага больш. У параўнанні з чужым, інакшым і сваё бачыцца ў незвыкла яркім асвятленні, абуджаючы асобае пачуццё духоўнай і фізічнай прыналежнасці роднаму, адзінаму, дараванаму жыццём, бацькамі. Пра гэта гранічна дакладна, як адвеянае, адшліфаванае бясконцымі думамі, сказана ў лісце М.І. Канстанцінавай ад 9 красавіка 1982 г. “По-моему, без ощущения своей родины писателя нет и быть не может. Это чувство им движет, заставляет мерить ногами землю, переносить в молодости нужду и всю жизнь неудобства и даже тумаки” (3, с. 33).

Пісаць лісты Караткевіч любіў і ўмеў. Гэта была яшчэ адна страсць. Побач з творчасцю, вандроўкамі, паездкамі, падарожжамі, помнікамі старажытнай культуры, Дняпром і морам, рыбалкай і паляваннем. Але нельга не заўважыць, што пра быт, сямейныя справы мастак гаворыць не часта. А калі і гаворыць, то інфармацыя вельмі скупая. У сваіх памкненнях і захапленнях ён існаваў па-над бытам, прозай жыцця, будзённай рэальнасцю. У 50–60-ыя гады падзеі асабістага (сямейнага) жыцця прарвуцца ў лісце да Брыля, напісаным 11 кастрычніка 1959 г. пасля пахавання бацькі: “У першыя дні пасля смерці бацькі ратавала мяне толькі тое, што даводзілася бегаць па ўстановах з раніцы і да позняга вечара: дакументы, дакументы, дакументы, спрэчкі, адпіскі – усё ж быў на людзях, хоць і немаведама якіх. Цяжэй за ўсё былі вечары і твар маці. Нават плакаць мне нельга было – не адзін. Стрымліваўся, гледзячы на маці. А яна трымалася, як каралева, і спектакля для мяшчан, якія збіраюцца каля раскрытай магілы, не атрымалася. Працаваў, як воўк. Усё зрабіў, уладкаваў [...] Маці адправіў на два месяцы паездзіць па сваяках [...] Чалавеку нельга заставацца сам-насам з пустымі сценамі, дзе нават яшчэ гук крокаў не заціх” (5, с. 74–75). Такім паўставаў ён у горы, вялікім і непаўторным. Як чуйны сын, абаронца, нашчадак сямейных традыцый і прынцыпаў.

Менавіта ў той час, калі здарылася бяда з бацькам, загаварыў Караткевіч пра неабходнасць паспяшацца рэдакцыі з публікацыяй яго ранейшых апавяданняў, бо патрэбны былі грошы. Пытаецца ў сябра, ці магчыма, “ціснуць” апавяданні, а калі такое магчыма, то просіць назваць час. І яшчэ: нікому не казаць пра тое па-за сценамі рэдакцыі. І гэта зразумела. Творчасць для яго ніколі не была толькі спосабам зарабляць грошы: “Я заўсёды лічыў і буду лічыць гэта [грошы, плату за творчасць – Т.Н.] другараднай справай, але тут, нягледзячы на дапамогу літфонда ў маёй сумнай гісторыі, я вельмі падбіўся. Ды й жыццё на тры сямі (пляменніца з чужым чалавекам у хаце, маці з яе адпачынкам ад пяцігадовага сядзення ля ложка і я) – цяжкая штука. Зараз яшчэ нічога, але праз месяц які пачнуць паджымаць даўгі” (5, с. 78).

Ён не любіў, не ўмеў, не хацеў (не дазваляў гонар, адчуванне сораму) скардзіцца на нейкія жыццёвыя непрыемнасці ці матэрыяльныя праблемы, бо лічыў, што “в самых страшных ситуациях щит наш – наше достоинство” (3, с. 42). І яшчэ ёсць у нагаданым лісце да М.І. Канстанцінавай ад 29 чэрвеня 1982 года адно характэрнае прызнанне Караткевіча адносна духоўнага, а не матэрыяльнага пачатку ў сямі пісьменніка: “Мы как-то предпочитали вместо лишнего кольца махнуть, скажем, в Таджикистан и посмотреть горы, или побродить недельку по старому Таллину и пр.)” (3, с. 39).

Сапраўды, мала і неахвотна гаварыў Караткевіч пра жыццёвую прозу, затое пастаянна думаў і цікава пісаў пра людзей. Знаходзім у лістах яркія прыклады таго, як умеў гэты чалавек сябраваць, быць шчырым, уважлівым, далікатным. Сваю прыязнасць выказваў тактоўна, адкрыта. Даражыў даверам сяброў і ніводную просьбу альбо жаданне блізкіх людзей не пакідаў без увагі. Сам жа выходзіць з любой сітуацыі па-мужчынску: годна, стрымана, самастойна.

Сапраўднай інтэлігентнасцю вызначаюцца адносіны У. Караткевіча і да жанчын: родных, знаёмых, каханых. У сферы інтымнага жыцця Караткевіч увогуле вельмі негаваркі. Гэта той аспект яго жыцця, куды закрыта была дарога амаль усім. Нават самым блізкім сябрам. Толькі аднойчы раскажа Брылю пра сваё вялікае і трагічнае каханне пісьменнік. Гаварыць будзе шчыра, захоплена і з адчайным болем. “Два разы прыйшло да мяне сапраўднае. І аднойчы яно загінула падчас аўтакатастрофы на шашы Мінск – Орша. А другі раз прыйшло зараз – і таксама не на дабро” (5, с. 80). Гэта напісана 29 лютага 1960 г. Цэлая споведзь пра вялікае і трагічнае пачуццё: каханая безнадзейна хворы чалавек. Ніякая аперацыя немагчыма. Нават за рубяжом. Жыць побач з ёй – немагчыма. Яна замужам. Цяжар такі, што маўчаць не было ніякіх сіл. Але праз некалькі тыдняў у лісце ад 16 сакавіка 1960 года ён зноў напіша Брылю пра сваё балючае пачуццё. Напіша з удзячнасцю за разуменне і прабачэннем, што свой боль і трывогі пасяліў у сэрцы сябра: “Зараз мне і нязручна трошкі, што я так нястрымана, непрыемна-шчыра трымаў сябе, і добра, таму што я ведаю: мне спачуваюць, я не адзін” (5, с. 84).

Падводзячы апошнюю рысу ў гэтай размове пра каханую, Караткевіч уразіць цэльнасцю натуры, адданасцю пачуццю і прадчуваннем лёсу: “Вы мала ведаеце мяне ў гэтым сэнсе. Тым, хто мне дарагі, я верны да канца. Такім я быў і буду для сваіх сяброў, буду і для гэтай жанчыны. Як муж, як магчымы бацька, я, пасля яе, скончаны. І зусім не шкадую аб гэтым” (5, с. 88).

Жыццё, вядома, неяк зацягне і гэтую рану. Будзе сямя, духоўнае разуменне, агульнасць інтарэсаў. Роўнасць, павага і клопат. І пра гэты свет адносін апантаных, захопленых, улюбёных у сваю справу і жыццё двух сапраўдных беларускіх інтэлігентаў– мужа і жонкі Караткевічаў – ёсць таксама нямала цікавага ў лістах да Здзіслава Нядзелі і Марыі Іванаўны Канстанцінавай.

Эпісталярная спадчына Уладзіміра Караткевіча – багаты матэрыял, які дазваляе ўбачыць і зразумець яго грамадзянскую пазіцыю, творчае аблічча, адкрыць для сябе загадкі жыцця чалавека і мастака, пранікнуць у святая святых – сакрэты і таямніцы творчасці.

Літаратура

1. Іванычук Р. Мой рэквіем. – ЛіМ. – 1988. – 31 кастрычніка.

2. Ішлі лісты ў Кракаў... З эпісталярнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча. – Полымя. – 1993. – № 3. – С. 168–195.

3. Лісты да Марыі Канстанцінавай // Маладосць. – 1990. – № 11. – С. 31–51.

4. Лісты Уладзіміра Караткевіча да Рамана Іванычука. Уступнае слова і публікацыя Вячаслава Рагойшы. // Полымя. – 1988. – № 12. – С. 157–165.

5. Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль. Перапіска 1958–1993 гг. / Шляхам жыцця. – Мінск, 1990. – С. 54–139.

6. Пачатак. Лісты Уладзіміра Караткевіча да Максіма Танка. // Маладосць. – 1987. – № 1. – С. 154–172.