Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Прыёмы стварэння сатырычнага эфекту ў творчасці андрэя мрыя

Мастацкая літаратура развівалася і развіваецца ў некалькіх стылявых напрамках. Першы ўмоўна можна назваць апісальным (сінонімамі тут могуць быць тэрміны “апісальна-выяўленчы” і “выяўленчы”). Творы, якія можна ўмоўна аднесці да яго, пераважна эпічныя, падзейныя, як палотны мастакоў, як выявы пейзажу і падзей на гэтых палотнах. Гармонія пачуцця, ураўнаважанасць думкі, устаноў на “аб’ектывізацыю” адлюстраванага ўласцівыя творам згаднанага напрамку раманам тыпу “Вайны і міру” Л. Талстога, паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа, пенталогіі Вячаслава Адамчыка пра заходнебеларускае жыццё і трылогіі Кастуся Акулы “Гараватка” на тую ж самую тэму. Другі стылявы напрамак характарызуецца адмаўленнем ад сузіральнасці і актыўным умяшальніцтвам аўтара ў паказанае, выкарыстаннем апісання на карысць пэўным ідэалагічным, філасофскім, этычным устаноўкам. Гэта дыдактычная, нораваапісальная, эталагічная літаратура. Яе жанравае “афармленне” можа быць блізкім да афармлення апісальна-выяўленчай літаратуры: сатырычны верш, раман, аповесць, апавяданне і г.д. Але нязменнымі ў эталагічных творах застаюцца сатырычны пафас, ускоснае ці адкрытае павучэнне, наступальная пазіцыя аўтара. Героямі многіх твораў гэтага стылявога напрамку становяцца Смех, Іронія і Сарказм. І, нарэште, трэці напрамак слоўнага мастацтва можна ахарактарызаваць як медытатыўны. Ён прадстаўлены такімі жанрамі і жанравымі формамі, як прытча, медытацыя, філасофскія раман і аповесць, эсэ, драма-маналог і інш. Падобная класіфікацыя літаратурных твораў, вядома, недасканалая, але тры адзначаныя стылявыя напрамкі прагледжваюцца ў сусветным літаратурным працэсе на працягу многіх стагоддзяў, узаемна перакрыжоўваюцца, саштурхоўваюцца і разбягаюцца, як лесавыя сцежкі каля асноўнай дарогі. Апісанне (паказ, канстатацыя), павучанне (праз сумненне, недавер і адмаўленне), разважанне, аналіз, сінтэз – вось апорныя моманты слоўнага мастацтва.

У таталітарным грамадстве, якім у былым СССР было грамадства даваенных 30-х гадоў, звычайна прыніжаецца ці зводзіцца на нішто роля сатыры як асновы, дамінанты эталагічнай літаратуры. Маралізатарства і нораваапісальнасць у такім выпадку ператвараюцца ў сваю супрацьлегласць – у апісанне міфалагічных, часта неістотных, прыдуманых заганаў, страчваюць іншасказальнасць, умоўнасць, схаваную прытчавасць як натуральныя фактары любога сапраўднага мастацкага твора – ці то апісальна-выяўленчага, ці глыбока філасоўскага, ці павучальнага, эталагічнага. Андрэю Мрыю (сапр. Шашалевіч) давялося жыць якраз у суровы даваенны час, прадстаўляць напрамак у літаратуры, фактычна забаронены. Якімі ж прыёмамі карыстаўся майстар, ствараючы эффект сатырычнага высмейвання ва ўмовах жорсткай нарматыўнасці і суровай ідэалагічнай цэнзуры? – На гэтае пытанне і паспрабуем адказаць у нашым артыкуле.

У адрозненне ад іншых майстроў сатырычнага жанру (роду) літаратуры, Андрэй Мрый як бы здамае са свайго пісьма формулу “смех праз слезы”: усё, пра што напісана, не выклікае ў нас спачування, а, наадварот, раздражняе, выклікае пачуццё агіднасці. Смех нашага пісьменніка часцей “цяжкі”, злосны. Чытаем вось, напрыклад, як Крэйна спускае з гары Самасуя на свяце-маёўцы, гартаем першыя старонкі рамана – апісанне гардэробу галоўнага Самсона Самасуя, збораў у ад’езд з роднага дому (“Дзве хутры, адна ласіная, другая ваўчыная, дзве бекешы, шынелька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох; пахаджэнне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на дзянікінскім фронце”); прысутнічаем на свяце фізкультуры, наладжаным на сялянскіх палетках, каля рэчкі – і ніяк не спачуваем герою, бо ведаем, што ён стварыў сабе такое травесційнае жыццё. Адсюль вынікае і яшчэ адна рыса сатырычнай творчасці Андрэя Мрыя – яе ўстаноўка на павучэнне, дыдактызм, хай сабе і зашыфраваны, яле яўны.

Дыдактызм з’яўляецца ўвогуле рысай сатырычнага твора любога жанру (некаторыя даследчыкі ўвогуле лічаць сатыру чацвёртым родам літаратуры) і мае мэтай выхаваць норавы, погляды, перакананні людзей. Аднак выяўляцца ён можа і ў “адкрытай” форме (“Кабінеты”, “Труба”, Пімена Панчанкі, “Гісторыя аднаго горада” Салтыкова-Шчадрына), і ў форме закрытай, завуаляванай, “ускоснай”, калщ здаецца, што аўтар адносіцца да паказанага абыякава, не навязвае чытачу сваё меркаванне, герой яго твора самараскрываецца.

Так, ужо апавяданне “Рабін” сведчыць пра гэтае ўменне. Умяшання апавядальніка ў ход дзеяння няма ніякага, героі аб’ектывізаваныя. Хоць размова вядзецца і ад першай асобы, мы адчуваем, што гэта толькі прыём пісьма, што і рабін, і яго апанент – незалежныя ад аўтарскай волі персанажы, што прыём вядзення апавядання ад імя першай асобы дае пісьменніку магчымасць ператварыць “я” героя нібыта ў “не-я” героя. Адным словам, тут надзвычай складаная дыялектыка пераходу “я” у “не-я”, аб’ектывізацыі падзей і іх удзельнікаў.

Апавяданне, і тым больш сатырычнае, патрабуе, як пра гэта пісаў сапраўдны майстар малога жанру Янка Скрыган, каб мастак даваў “самае галоўнае, самае характэрнае”, каб у ім не было нічога лішняга. Менавіта такой асаблівасцю характэрызуюцца сатырычныя творы Андрэя Мрыя. І не толькі апавяданні, але і раман “Запіскі Самсона Самасуя”, два скруткі якога займаюць усяго 95 старонак. Кожная частка (раздзел) рамана лаканізавана незвычайна, што абумоўлена не ў апошнюю чаргу і характарыстыкамі герояў, якія па прыродзе сваёй негаваркія (напрыклад, бацькі Самсона) або не здольныя на разгорнутую гаворку з-за сваёй інтэлектуальнай абмежаванасці (Самсон Самасуй, чыноўнікі Лін, Сом, іх жонкі і інш.) Калі чытаем раман, ствараецца ўражанне, што аўтар як бы спецыяльна ўнікае разгорнутых дыялогаў, каб зноў-такі вызваліць плошчу для самахарактарыстыкі Самсона Самасуя, даць яму магчымасць намаляваць свой партрэт. З гэтай мэтай ён заменьвае і дыялогі, і маналогі іх пераказамі ад імя Самсона Самасуя. Кожны такі пераказ – чарговы штрых да “знешняй” і “унутранай” біяграфіі прайдзісвета. Спашлемся, да прыкладу, на такую сцэну з рамана ў сувязі з вышэй адзначаным… На сходцы ў Гальшоўскім сельсавеце першым пытаннем значыцца даклад галоўнага героя рамана на тэму пра Сун Ят-сена. Вядома, лектар зусім не ведаў, хто такі знакаміты кітаец, але палітычную лінію “гнуў” правільна. Пісьменнік падае лаканічны ўрывак з даклада ў пераказе і з каментарыямі самаго дакладчыка. Апавяданне, дзякуючы гэтаму, у цэлым лаканізуецца, ушчыльняецца. У аўтарскіх каментарыях наконт бязглуздасці ўсяго сказанага Самсонам Самасуем, яго шарлатанства няма ніякай патрэбы: “У сваім дакладзе, каб быць больш зразумелым, я падрабязна высветліў нашу лінію і сказаў:

Капіталістычныя рапухі шквяруцца, яны хочуць праглынуць нас. Імперыялістычная вантроба, ці, па-нашаму кажучы, імперялістычны каўбух жарэ чалавечае мяса пад прыкрыццём папяровага бюракратызму Лігі нацый, якую правільней трэба назваць Лізкай нацый і сцервай сусветнай – такая паскуда яна!(1,102).

Значнага мастацкага эфекту пры выкрыцці адмоўнага аўтар дасягае і пры дапамозе такога прыёму, як карыстанне лаканічнай фразай, простым, неразвітым сказам. Тут Андрэй Мрый, відаць, найбольш блізкі Чэхаву, нашаму Брылю, а з сатырыкаў – Міхаілу Зошчанку. Вось як апісвае Самсон Самасуй гаспадарку Трагладыта: “У гаспадарцы Трагладыта няма ніякіх слядоў нашай культуры. Там не ўжываюць сярнічак, а вечны (святы) агонь гарыць на пяколачку. Няма дымаходаў, шкла. Нешта накшталт вякешак размерам 10 с х 15 с. ёсць, і замест шкла ў іх устаноўлены бычыны пузыр. (1,118).

Травесційнасць стылю апавяданняў і рамана Андрэя Мрыя дасягаецца і з дапамогай своеасаблівага тлумачэння сэнсу палітычных тэрмінаў, замежных слоў, прозвішчаў. У прыведзеным урыўку пра даклад Самасуя перад жыхарамі вёскі з’іначваюцца прозвішчы кітайскіх дзяржаўных дзеячаў. У апавяданні “Камандзір” для ўзмоцненай характарыстыкі невука, дэмана руйнавання, часовага кіраўніка атрада чырвонаармейцаў, гучаць “пераліцаваныя” ім на манер яго ўласнага дрымучага разумення палітычныя словы ды тэрміны: “Цэлы кодэкс парушыў, пад касцёл шмат каго падвёў”; “коні ўсе былі ануліраваны”; “А ты ваўкарэзаў нагнаў на нас, пачаў нас сабатажнічаць”.

У сатырычнай творчасці Андрэя Мрыя, як і ў рэнесанснай літаратуры і літаратуры барока, эффект камічнага дасягаецца пры дапамозе перайначвання ўсяго – і слова, і дзеяння, і партрэта, і аўтарскага апісання. Так, напрыклад, Самсон Самасуй у захапленні ад сваёй знешнасці, сваёй інтэлігентнасці, аўтарскага майстэрства, вынаходлівасці і г.д. Але па ходу апавядання, з самага першага радка, вынікае, што гэта не так, што ўсё, што робіцца ў творы, трэба ўспрымаць як адваротнае. Такое апавяданне “з двайным дном” цяжка даецца любому пісьменніку. Андрэю Мрыю ўдаецца. Прывядзем ў пацверджанне выказанага тэзісу наступны ўрывак, дзе паказваецца, як стваралася мясцовая газета, якімі прыёмамі карыстаўся яе рэдактар Самсон Самасуй: “Нам удалося ўцягнуць у газету ўсіх супрацоўнікаў. Пісаць мы навучыліся лёгка, бо трэба было зрабіць нязначную працу: з вялікіх артыкулаў друкаваных газет скласці маленькія ў пяць радкоў. Як, напрыклад, прывяду ўзорны артыкул ветфельчара Бясхвосціка на тэму: “Што дала сялянам Савецкая ўлада”. Ён напісаў: “Савецкая ўлада дала сялянам зямлю і волю. Няхай жыве Савецкая ўлада, зямля і воля! Ветфельчар Бясхвосцік (1, 112-113).

Магутным сродкам выкрыцця новых людзей, самасуеў і самасуйчыкаў у сатырычных апавяданнях і рамане Андрэя Мрыя становіцца (мы зноў выкарыстаем тут ўмоўны тэрмін) “бюракратызацыя” мовы персанажаў, і ў першую чаргу – Самсона Самасуя. Як толькі ён пераехаў у райцэнтр – мястэчка Шапялёўку, пачаўся працэс пераліцоўкі яго мовы на бюракратычна-канцылярскі манер. Прычым канцэлярска-чыноўніцкую лексіку, тэрміналогію ён ужывае, здаецца, і да месца, але часцей усяго атрымліваецца наадварот – без аніякай на тое патрэбы: у побыце, у момант заляцанняў да Крайны і жонкі Сома, рэпетыцыі п’есы, падчас паездак па раёну, а найперш – выступленняў перад слухачамі рознага ўзроўню: “І сэрца маё заледзянела. Магчыма, гэта мела і станоўчыя вынікі ў агульным плане. Кожны вечар я хадзіў да Соміхі і адчуваў сябе не менш здавальняюча, як і Сом з Крэйнай. Праз Соміху мой уплыў у выканкоме павялічваўся. Зразумела, я працаваў і па іншай лініі. Я акуратна хадзіў на партыйныя сходы і там быў вельмі вытрыманым, задаваў, праўда, шмат пытанняў, але самых агульных, не гострых, выконваў усе нагрузкі, якія мне даручалі, нікога не зачапляў, не крытыкаваў, а калі прыходзілася галасаваць, дык рабіў гэта не доўга думаючы і глядзеў толькі, каб галасаваць за тое, за што больш галасавала” (1,101) – чытаеш такую абракадабру і бачыш, што ніводнага “жывога”, чалавечага слова ў ёй няма, што фраза ў цэлым і ў частках працуе на стварэнне эфекту кампетэнтнасці, адукацыйнасці па лініі бюракратычных, чыноўніцкіх паводзінаў толькі знешне, што яе аўтар – прайдзісвет і прыстасаванец, для якога даражэй за шчырасць і адкрытасць – мімікрыя, хамелеонства, а на гэтай глебе – травесційны, камедыйны артыстыцызм.

Самсон Самасуй – не проста чарговая сатырычна-гумарыстычная постаць, не наваяўлены шут, уся бяда ў тым, што гэта свядомы, ініцыятыўны, адмоўны шут. Шут, які імітуе сваю веліч і кампетэнтнасць, вернасць справе перабудовы свету, а на самой справе думае ТОЛЬКІ ПРА ЎЛАСНУЮ КАР’ЕРУ. Тым ён і небяспечны, непрыймальны для любых часоў і для любога народа. Нахабству Самасуя і да яго падобных няма межаў. У фінале рамана хоць і пацярпела крах пастаноўка п’есы на сцэне Шапялёўскага тэатра, хоць і пад пагрозай кар’ера адказнага за культработу, кар’ерыста і ўгодніка Самсона Самасуя, ды няма аднак адказу на пытанне – спыняцца ці не спробы пярэваратня заняць каманднае месца ў жыцці. Хутчэй за ўсё далейшы яго лёс будзе звязаны з узыходжаннем на новую вышыню кіраўнічай дзейнасці. Сам герой недвухсэнсоўна спавядаецца пра свой узлёт: “Ініцыятары маёй ліквідацыі перапалохаліся і накіравалі мяне ў акругу. Там добра высветлілі маю публіцыстычную і культурную дзейнасць і перавялі мяне ў акругу на больш адказную працу, як вытрыманага, непалахлівага працаўніка, а сакратару зрабілі вымоўку”.

Васіль Быкаў пазней у аповесці “Аблава”, нібы працягваючы лінію А.Мрыя на выкрыццё адмоўнага, недвухсэнсоўна пакажа, да якога духоўнага здранцвення давядуць народ Самусі-Міколкі – да стану маўчання, паслухмянага выканання любых загадаў, ператвораць людзей у шрубчыкі ў агульнадзяржаўнай машыне. У рамане Андрэя Мрыя народ таксама маўклівы, безабаронны. Ён – у ценю, на трэццім плане. І гэты кампазіцыйны прыём, дарэчы, таксама выкарыстаны таленавітым пісьменнікам не выпадкова: думка народная ў творы нібы выказваецца ад супраціўнага, а ў цэнтры -–дзейнасць трагладытаў ад палітыкі, культуры, ідэалогіі, побыту.

Сатырычная плыня не згасла ў пазнейшай беларускай літаратуры. Толькі сфера яе ўплыву перамясцілася на драматургію, пра што сведчыць творчасць Кандрата Крапівы, Андрэя Макаенка, Міколы Матукоўскага, Алеся Петрашкевіча, Аляксея Дударава.