Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Інтэлектуалізм у творчасці янкі лучыны

Сапраўдная лірыка, на думку Бахціна, “гэта магчымасць бачыць і чуць сябе знутры эмацыянальнымі вачыма і ў эмацыянальным голасе іншага”. Для каго ж свяціла паэтычнае сонца Янкі Лучыны? Хто ж тыя “іншыя”, чый слых і густ імкнуўся задаволіць ўзвышана-пранікнёны паэтычны радок творцы? Хто мяркуемыя рэцыпіенты? Селянін, інтэлегент, мешчанін, шляхціц?

На каго, скажам, разлічаны Лучынаўскія радкі з верша “З гісторыі жыцця і песні”

Калі чытаў я Шылера чынна

Альбо мне чуўся Альдонін спеў,

Я верыў шчыра ў геройства ўчынкаў,

Ў палёт кахання, у шляхетны гнеў.

Наўрад ці многія ведалі тады спадчыну Шылера. А вось наш аўтар браў для сябе за ўзор працу нямецкага паэта і тэарэтыка мастацтва “Пра наіўную і сентыментальную паэзію”, а таксама ягоны “Ліст да Вальфганга фон Гёте”, ведаў спеўны Шылераўскі паэтычны родок таму і дзяліўся з чытачом сваім эстэтычным густам, нібы прапануючы: “Пачытайце, шаноўныя, Шылера ў роспачы і ў добрым настроі, адным словам, пачытайце!”

А хто ж такая Альдона, чыім спевам так зачарованы наш аўтар? Ды гэта ж гераіня паэмы Адама Міцкевіча “Конрад Валенрод”. Такім чынам, аўтар не толькі прэзентуе свайму Чытачу ўласны верш, але знаёміць нас са спадчынай яшчэ аднаго знакамітага паэта, на гэты раз нашага земляка. У гэтым жа вершы Янка Лучына параўноўвае сваю каханую з Беатрычэ Партынары – рэальнай жанчынай, каханне да якой натхніла вялікага італьянскага паэта Дантэ Аліг’еры да напісання ўзвышаных санетаў і канцонаў яшчэ ў пачатку 90-х гадоў ХШ стагоддзя. А ці не намёк гэта на знаёмства з творчасцю яшчэ аднаго знакамітага паэта? Хаця Беатрычэ Лучыны больш літасцівая да свайго каханага. Бо ў роспачны час яна маральна падтрымлівае паэта:

Калі пабачыў жаху аблічча

І рэштку хвіляў пачаў лічыць,

Багіня зноў, мая Беатрычэ,

Прыйшла і кажа змагацца, жыць.

“Глянь!—кажа пані—

Ў душу не горка,

У прорве, ў твані

Бліскоча зорка,

Яна лагодней

Табе заззяла,

Была паходняй

І ідэалам.

Радкі гэтыя напісаны чалавекам, якога спасцігла фізічная немач, але моц яго духу, воля, няўёмнае жаданне да жыцця паказваюць выхад – быць паходняй і ідэалам для многіх, таму і рэцэпт ад роспачы ў яго адзін: “За кнігу сеў я, / Забыўшы пешчы”, -адзначыць аўтар. І палілася песня тугі і радасці, песня на роднай мове:

Мая ты песня простая дужа!

Дзіцятка вёскі з берага Нёмана.

Вось так пяшчотна звяртаецца да вытокаў сваёй творчасці Янка Лучына. А каму адрасаваныя гэтыя песні, таксама не сакрэт:

Люблю цябе, селянін, мой браце!

З тваёю думкай хоць невясёлай...

Калі супаставіць інтэлектуальныя намаганні аўтара, то адчуваеш, што няма парадоксу ў асветніцкіх дзеях паэта, бо аўтар разлічваў на разуменне яго твораў сваім Чытачом, не залежна хто ён па сацыяльнаму статусу, галоўнае, каб гэта быў разумны і дасведчаны чалавек. Таму ў яго творах гучаць частыя звароты да многіх тагачасных славутасцяў. Напрыклад, у “Паляўнічых акварэльках з Палесся” ён упамінае імя нямецкага філосафа-ідэаліста Артура Шапенгаўэра, з вучэннем якога не быў згодзен і нават выказваў свае супярэчнасці. Не хавае паэт сваіх адносінаў і ў памянёнай вышэй паэме:

Паверым, шчасце заквітнее на зямлі,

Шумець там жыту, дзе балоты век былі.

Палескай простай грамады нашчадкі ў хатах

За стол шырокі сядуць у бяседзе братняй,

Нарэшце скажуць “Шчасце і да нас прыйшло!”

Паверым шчыра! Шапенгаўэру назло!..

Сам жа Янка Лучына, тэхнолаг па адукацыі, як бачым, меў цудоўную гуманітарную падрыхтоўку. Ён добра ведаў гісторыю і філасофію, антычную і сярэдневяковую літаратуру, паважна ставіўся да прац гісторыка Салаўёва, літаратурна-крытычнай спадчыны Гётэ. Але ж не мог ён пазбегнуць і прапаганды тэхнічнага прагрэсу. Бо ў тых жа “Паляўнічых акварэльках з Палесся” мы чытаем і наступныя радкі:

Ідзе да люду поступ, хай ідуць і людзі,

Гудок фабрычны кліча, паравозы будзяць,

Свет белы абягае тэлеграф ганцом,

Развееў цемру Томас Эдысан святлом.

І не відаць акрэсу, нас куды загоніць

Навукі грунт і моц мазолістай далоні!.

Ода навуковаму прагрэсу падаецца поруч з расповедам аб...Куцці, свяце якое па тлумачэнні самога аўтара, шануецца на Літве. І тут Янка Лучына верны сабе ў асветніцкіх намаганнях, бо ў сваім тлумачэнні сягае аж да часоў Паганства, калі і ставіліся ўсе прысмакі каля Кута – драўлянага бажка, затым Кут, як ідал пакланеня, замяніў звычайны кут хаты. Такі лінгвістычны экскурс у гісторыю узнікнення слова кут робіць наш аўтар паралельна з разгортваннем цікавага сюжэту пра хараство палявання.

Вось такі ён, непаўторны, цікавы аўтар-эрудыт Янка Лучына. Спадчына якога яшчэ чакае свайго грунтоўнага вывучэння і пераасэнсавання. І толькі невукі могуць сцвярджаць: “А што там за постаці ў беларускай літаратуры?! Колькі іх там?!” І постацей у нас шмат, і спадчына іх непаўторная. Ды толькі ці запатрабаваная яна намі, спадкаемцамі, дастаткова. Давайце пра гэта падумаем разам і шчыра.

Лекцыя 9