Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Літаратура

1. Мішчанчук М. Недапетая песня // Роднае слова. – 1997. – № 5 – С. 26.

2. Поспелов Г. Лирика среди литературных родов. – М.: Изд-во МГУ, 1976. – 258 с.

3. Рагойша В. Паэтычны слоўнік. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.

4. Сербантовіч А. Жаваранак у зеніце: Вершы. – Мінск: Маст. літ., 1989. – 478 с.

Грамадзянская пазіцыя якуба коласа паводле эпісталярнай спадчыны

Як бачна з эпісталярнай спадчыны Якуба Коласа, высокае пачуццё маральнасці ў спалучэнні з актыўна выражанай грамадзянскай пазіцыяй вызначалі змест і сутнасць жыцця і творчасці пісьменніка. На самым пачатку свайго самастойнага творчага шляху прадэманстраваў зволены са службы настаўнік Канстанцін Міцкевіч сваю адказнасць за лёс іншых удзельнікаў настаўніцкага з’езда. Першы ліст у чатырнаццацітомным Зборы твораў народнага паэта Беларусі датуецца ліпенем 1908 года і адрасуецца ён вядомаму на той час адвакату Ф.Я. Урублеўскаму. “Осенью прошлого года я заходил к Вам по делу о защите Вами группы учителей Минской губернии; причем Вы сказали, чтоб Вам была передана копия обвинительного акта. Посылая настоящую копию, почтительнейше прошу Вас взять на себя труд защиты по этому делу… При этом сообщаю, что заключение экспертов относительно моего участия в составлении воззвания – неверно” [1, с. 7]. Гэты ўнікальны дакумент характарызуе Якуба Коласа як надзвычай прыстойнага чалавека, які будзе ведаць сапраўднага аўтара звароту да настаўнікаў, але не назаве яго. У 1913 годзе ў пісьме да вядомага бібліёграфа і гісторыка літаратуры С.А. Вянгерава Колас яшчэ раз пацвердзіць, што адозва была напісана “совершенно другим лицом” [1, c. 24]. Сумленне, як бачна, не дазволіла паэту, ратуючы ад турмы сябе, дапамагчы пасадзіць іншага.

Турэмнае зняволенне многаму навучыла маладога паэта, выхавала асцярожнасць, стрыманасць у словах, пачуццё адказнасці перад іншымі людзьмі. Гэтым правілам і кіраваўся пісьменнік усё сваё жыццё, асабліва ў 30-я гады, калі называць прозвішчы знаёмых было небяспечна не толькі ў адносінах да сябе, але і да іх. Больш абачлівым стаў паэт і з дакументамі, бо ў 1928 годзе растлумачыць прафесару Л.М. Клейнбарту адсутнасць многіх папер наступным чынам: “Многого не обещаю вследствие того, что много документов, для Вас ценных, пришлось просто уничтожить в связи со всякими житейскими бурями” [1, с. 85].

Праз некалькі месяцаў, вяртаючыся да дадзенай тэмы, пісьменнік яшчэ раз зазначыць, што “начиная с 1906 года, я время от времени делал огляд корреспонденции и предавал её в большинстве случаев варварскому уничтожению из нежелания видеть эту переписку не в тех руках, куда она адресовалась…” [1, с. 86].

Грамадзянская пазіцыя пісьменніка выяўляе сябе ў самых розных сітуацыях. Калі гаварыць, напрыклад, пра 30-я гады, то яна бачыцца ў паэтавым маўчанні, асцярожнасці ў лістах і выказваннях. Калі іншыя, думаючы ўратаваць сябе, пісалі даносы і разгромныя артыкулы, Колас маўчаў. У гэтым маўчанні ўжо была ўнутраная нязгода з той палітыкай, якая праводзілася ў 30-я гады ў дачыненні да нацыянальнай інтэлігенцыі. Якуб Колас абмяжоўвае перапіску з беларускімі пісьменнікамі, у яго тагачасных лістах няма водгукаў на падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Абачлівасць і іншасказальнасць праглядаюцца, напрыклад, у пісьме да Л. Чарняўскай ад 9 лістапада 1927 года: “Навін такіх асаблівых няма. Жывуць людзі патроху. Нельга сказаць, каб жыццё гэтае, з майго погляду, было цікавае, дык я больш сяджу дома” [1, с. 83]. Дарэчы, сама Леаніла Чарняўская ўспамінала, што ў 20-я гады Якуб Колас часта наведваў сям’ю Гарэцкіх, што калі над М. Гарэцкім пачалі згушчацца хмары, “адносіны сям’і Коласа да нас не змяняліся” [3, c. 103]. Пасля высылкі Гарэцкага ў Вятку “Канстанцін Міхайлавіч часта пытаўся, што піша Максім з Вяткі, прыносіў дзяцём яблыкі з свайго сада” [3, с. 103]. Сам Колас больш М. Гарэцкаму не пісаў, але “ў канцы 1932 года прыйшла пасылка і пісьмо ад Марыі Дзмітрыеўны, пісьмо такое добрае, уважлівае, з пажаданнямі ад Коласа. І як былі прыемны нам, без віны вінаватым, гэтыя ласкавыя словы” [1, с. 104]. Апошні ліст ад Коласа жонка М. Гарэцкага атрымала 25 снежня 1946 года, у якім паэт пытаў: “Як жывеце? Ці вы пастанавілі назаўсёды астацца далёка ад радзімы?” Выказваў меркаванне, што хоць Беларусь разбурана, “але жыць тут усё ж лепей, чым па-за домам” [3, с. 105].

Толькі мужнасць і разуменне сваёй боскай абранасці як пісьменніка не дазволілі Коласу зламацца ў 30-я гады, а што даводзілася яму нялёгка, сведчаць лісты да С. Гарадзецкага, Я. Мазалькова і іншых. Перасталі друкаваць творы паэта, на яго запыты выдавецтвы не адказвалі. Вядома, Колас разумеў сапраўдную прычыну гэтага, а ў пісьмах жа пісаў наступнае: “Все эти дни внимательно заглядывал на последнюю страницу “Правды” в надежде найти свою заметку об изданной по-русски книге “Дрыгва”. Но эта заметка не появляется и не появится, несмотря на то, что редакция “Правды” на совещании с делегацией белорусских писателей обещала радушно отводить место для всякой несправедливости, и я был прав, когда говорил тогда же, что из таких совещаний никогда ничего не выходило” [1, с. 104–105]. Праз год пра кнігу “Избранные стихи”, якая выйшла напрыканцы 1935 года пад рэдакцыяй М. Ісакоўскага, паэт скажа: “О моей книге ничего не знаю. Да и не радует она меня. Подбор был сделан без меня. Просмотреть переводы не успел. Книгу, как говорил Янка, сократили” [1, с. 113]. Незайздросны лёс напаткаў і паэму для дзяцей “Міхасёвы прыгоды”, якая атрымала станоўчыя рэцэнзіі, але яе выданне затрымлівалася. “Твоей оценкой моей детской книги, – пісаў Колас С. Гарадзецкаму, – я горжусь. Писал мне о ней и Маршак. Дал очень хорошую оценку. Он сказал: “Книга написана большим мастером и подлинным поэтом. Поздравляю ребят, для которых написана книга”. Написал ее ещё в 1933 году, но до настоящего дня она на рынке еще не появилась. С большим трудом добился авторских экземпляров” [1, с. 114].

Агульнавядома, што Якуб Колас працаваў над паэмай “Новая зямля” на працягу дванаццаці гадоў і скончыў працу над ёй у 1923 годзе. Паэма атрымала станоўчую ацэнку з боку тагачаснай крытыкі, аднак у 30-я гады вульгарныя сацыёлагі пачалі называць твор прабуржуазным, што супярэчыла ісціне. Прыкладна такі ж лёс напаткаў і паэму “Сымон-музыка”. Паэт мужна і настойліва абараняў свае лепшыя творы, даказваў абсурднасць абвінавачванняў у іх адрас, тлумачыў, што іх не перавыдаюць, “как поэмы дореволюционные и с иным мировоззрением. Лично я не стою на такой точке зрения, что их не нужно переиздавать. Поэма “Новая зямля” изображает прошлое белорусского народа с его бесправием и его стремлением к своей земле. Такая эпоха была, а поэма верно изображает её” [1, с. 148].

У 1938 годзе ў пісьме да П. Глебкі Якуб Колас яшчэ раз ухваліць спробу некаторых пісьменнікаў перагледзець вульгарызатарскія ацэнкі “Новай зямлі”: “Чорны казаў мне не раз пра “Новую зямлю”. Цяпер пра яе гаворыш і ты, Пятрусь. Мяне гэта дужа радуе. Бо я пагадзіўся з мысляю, што “Новую зямлю” ацэняць людзі потым, калі я буду ўжо нябожчыкам. Гэта вельмі добры, я сказаў бы “благородны”, намер – зірнуць на “Новую зямлю” з другога пункту, адступіўшы ад пункту гледжання Бэнды. Сляды бэндаўскага погляду і ацэнкі паэмы, на жаль, жывуць… Я сумняваюся, каб Кузьме ўдалося выступіць у друку з сваёю ацэнкаю паэмы. Гэта можна, і то вельмі асцярожна, зрабіць на нашым пленуме, які адбудзецца ў канцы гэтага месяца” [1 , с. 163].

Высока развітае пачуццё грамадзянскай адказнасці за людзей, за справу прымушала паэта звяртацца ў вышэйшыя кіруючыя інстанцыі за дапамогай. У 1942 годзе Колас будзе прасіць сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц.С. Гарбунова аказаць “маральную, матэрыяльную і іншую дапамогу” беластоцкаму ансамблю песні і танца [1, с. 287]. У 1943 годзе звернецца з пісьмом на імя праўлення Казахстанскага Саюза пісьменнікаў з просьбаю “перавесці Маўра ў вышэйшую катэгорыю і ўраўняць яго ў правах з іншымі пісьменнікамі” [1, с. 357]. У лісце да сакратара ЦК КП(б) Узбекістана М.А. Ламакіна Якуб Колас будзе прасіць дапамогі нашчадкам рускага паэта А.С. Пушкіна: “В Ташкенте… проживает правнучка Пушкина Вера Каетановна Красовская (девичья фамилия Ганнибал) вместе со своим сыном 23 лет… Они испытывают острую нужду… Праправнук Пушкина 23-летний молодой человек очень талантливый художник-график. От голодания он теряет зрение, не имеет ни обуви, ни одежды. Я обращаюсь к Вам с большой просьбой заинтересоваться судьбой этого семейства и оказать материальную помощь голодающим потомкам великого русского поэта Пушкина” [1, с. 383].

Вярнуўшыся ў 1944 годзе ў Беларусь, Якуб Колас па-ранейшаму клопат пра людзей лічыў сваёй першаступеннай задачай як чалавек і дэпутат. Жонцы ў Маскву ён паведамляе, чаму затрымліваецца з ад’ездам: “Сюды, на нашу зямлю, прыйшло каля 30000 нашага народу з-пад немца. Галоўным чынам жанчыны, дзеці. Становішча іх вельмі цяжкае. Ім экстранна арганізуецца дапамога. Вось я і збіраюся праехаць да іх” [1, с. 409].

Дробязных спраў для Якуба Коласа не існавала, калі яны датычыліся людзей. На першы погляд, нязначнай здаецца просьба пісьменніка да сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц.С. Гарбунова даць указанне рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь” пасылаць у Расію газету выхаванцам рамеснай школы, ураджэнцам з Беларусі. Але пісьменнік глядзіць у заўтрашні дзень і тлумачыць сваю просьбу так: “Трэба падтрымаць нашых хлопцаў. Можа трэба мець іх на ўвазе, як патрэбных для нашага краю рабочых-патрыётаў, і ў свой час вярнуць іх на радзіму, па якой яны так моцна сумуюць” [1, с. 411]. У пісьме да тагачаснага Старшыні Савета Міністраў П.К. Панамарэнкі Якуб Колас расказвае пра цяжкія ўмовы жыцця дзяцей-сірот у Мікашэвіцкім дзіцячым доме і просіць аб “вылучэнні грузавой аўтамашыны для патрэб дзіцячага дома і аб водпуску 30 кубаметраў піламатэрыялаў на рамонт памяшкання” [1, с. 526]. У 1949 годзе ён хадайнічае аб вызваленні ў пасёлку Мікашэвічы “Дома культуры ад заготпункта” [1, с. 576]. Не забывае пра сваіх старых сяброў і дапамагае аднаму з іх вярнуцца на работу, з якой яго звольнілі за тое, “что оставался в Белоруссии во время немецкой оккупации” [2, с. 188]. Такіх і падобных вытрымак з пісем Якуба Коласа можна прыводзіць безліч як сведчанне грамадзянскай сумленнасці і мужнасці мастака.

Якуб Колас заўсёды асуджаў “таких сукиных сынов, которые стараются спрятаться за чужую спину” [1, с. 305]. Сам жа, кіруючыся ўласнымі жыццёвымі прынцыпамі, заўсёды на першае месца ставіў грамадскі клопат. “Врачи в Минске, где я проходил курс лечения… советовали мне поменьше заниматься творческой работой. Но это почти неисполнимо. В годы же войны налагать на себя печать молчания просто преступно” [1, с. 334].

Грамадзянская пазіцыя пісьменніка, якая вымагала ад яго займацца справамі, далёкімі ад літаратурнай творчасці, адмоўна адбівалася на яго здароўі. “Мне приходится заниматься делами Академии, – пісаў Колас Гарадзецкаму 15 жніўня 1946 года. – Сейчас из Германии прибыло оборудование для целого завода по изготовлению точных приборов. Склада нет. Станки и все детали стоят в мешках под открытым небом… Их надо уложить и накрыть брезентом…” [1, с. 474]. І стомлены, хворы пісьменнік да знямогі шукаў пад’ёмныя краны і брэзенты. Па-іншаму ён не мог. Шкада, што яго не бераглі, прымушалі займацца непатрэбшчынай, сядзець гадзінамі, днямі, тыднямі на з’ездах, канферэнцыях, сходах. Зрэдку вырвецца ў пісьменніка скарга: “Хацелася б адпачыць, хацелася б, каб хоць на некаторы час мяне не чапалі. Вельмі многа пішуць мне пісем, ды ўсе з рознымі просьбамі: адны скардзяцца на беднасць, на вялікія падаткі, таго засудзілі, таму дай спраўку аб сканчэнні педтэхнікума, таму пашлі грошай або чытай вершы паэтаў...” [1, с. 583].

Грамадзянская пазіцыя Якуба Коласа добра бачна і праз прызму яго адносін да беларускасці. Вызначальнай рысай яго духоўнай асабовасці стала ясна ўсвядомленае пачуццё сваёй нацыянальнай прыналежнасці, унутраны пратэст супраць русіфікацыі, смеласць і мужнасць у сцвярджэнні права беларускага народа на ўласнае нацыянальнае жыццё, прынцыповасць у выбары мовы сваіх твораў. Яшчэ ў 1913 годзе ў пісьме да С.А. Вянгерава малады пісьменнік выказаў сваё непрыняцце афіцыйнай палітыкі, накіраванай на вынішчэнне беларускіх нацыянальных карэнняў: “Мне кажется, что такое забитое, обезличенное положение народа, как белорусский народ, не может не вызывать протеста и чувства обиды в душе более или менее чуткого его представителя. Пусть наши родные начала, наш житейский уклад находятся в загоне, пусть нас воспитывают в чужом нам духе, все же в душе такого представителя, доколе не порвана окончательно связь с народом его, не может не жить скрытый, пассивный протест против игнорирования его чисто национальных начал. Мы можем не созновать его, но он живет в нашей душе” [1, с. 23]. Гэта ўжо гучыць голас нацыянальна-свядомага інтэлігента, які зрабіў свой маральны выбар у карысць беларускага.

Вядома, што пачынаў пісаць Колас на рускай мове, але хутка адчуў, што паэтам ён можа стаць толькі тады, калі ў творах “загаворыць” яго душа, а яна хацела спяваць на матчынай мове: “Русский язык не может вызывать в таком полном объеме, когда я пишу, тех ощущений, тех чувств и той колоритности, которые свойственны белорусскому языку, белорусским картинам, в каком дает белорусский язык, с молоком матери вошедший в мою природу” [1, с. 24]. Пазней, у 1927 годзе, Колас яшчэ раз паспрабуе асэнсаваць шляхі станаўлення сваёй нацыянальнай свядомасці. Падчас заканчэння настаўніцкай семінарыі нацыянальная свядомасць паэта была, па яго словах, “в зачаточном виде. Все, что напоминало Белоруссию как территорию и белорусский язык как язык народа, изгонялось беспощадным образом, осмеивалось и оплевывалось… Белорусский язык, казалось, и существовал только для того, чтоб позабавиться над ним и посмеяться” [1, с. 78]. І вось малады паэт пачынае ў сваіх творах на беларускай мове гаварыць пра сур’ёзныя рэчы, што выклікала ў слухачоў недаўменне. Але гэта ўжо заявіла пра сябе грамадзянская прынцыповасць патрыёта. “Несмотря на это, я продолжал писать белорусские произведения, а вместе с этим все больше и больше убеждался в том, что белорусский язык имеет такое же право на жизнь, на своё развитие и на своё употребление в школе, в обиходе белоруса, как и всякий иной язык” [1, с. 78–79]. Паэт шчыра прызнаваўся, што перажыў у той час горкія хвіліны трывогі і сумнення, што яго творы на беларускай мове не знойдуць прызнання. Выхад “Нашай долі” і “Нашай нівы” акрыліў яго: “Я всецело отдался белорусской поэзии, стал горячим пропагандистом белорусского возрождения” [1, с. 80].

Шмат працаваў Якуб Колас на ніве беларусізацыі ў пачатку 20-х гадоў: чытаў лекцыі на настаўніцкіх педагагічных курсах, напісаў “Методыку беларускай мовы”, прапагандаваў беларускае слова, наладжваючы чытанні ўласных твораў і інш. Не ўсе настаўнікі ахвотна ўспрынялі беларусізацыю, даводзячы, што ў школах “беларуская мова і выкладаецца адна, а розныя сур’ёзныя навукі змушаны выкладацца па-расейску. Я кажу Басу: “Пачні ты, брат, выкладаць па-беларуску. Калі ж небудзь, а трэба будзе ўзяцца за беларускасць” [1, с. 43]. Як бачна, ступіўшы ў маладосці на дарогу служэння роднаму слову, Колас не збочыў з яе на працягу ўсяго свайго жыцця, пра што сведчыць яго наказ выхаванцам Брэсцкага дзіцячага дома ад 4 мая 1956 года: “Хацелася б таксама чытаць вашы пісьмы на беларускай мове. Не трэба зневажаць мову народа, сярод якога вы жывеце, не трэба рабіць так, каб наша роднае слова не мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне” [2, с. 204].

Глыбокім драматызмам вее ад пісем Якуба Коласа, у якіх ён трывожыцца за лёс беларускай навукі. “Што з нашай Акадэміяй? – пытае паэт у М.Лынькова. – Была чутка, што асноўныя сілы Акадэміі будуць тут. Дзе яны? Чаму не можам мы быць у адным месцы? Чаму нічога не робіцца, каб нашу Акадэмію сабраць у кулак? [1, с. 309]. У гады вайны практычна ўсю работу па кіраўніцтву Акадэміяй спіхнулі на хворага паэта. У пісьмах да сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц.С. Гарбунова Якуб Колас з уласцівай яму грамадзянскай прынцыповасцю гаворыць, што “Акадэмія зараз нагадвае... сказаць “стада” трохі не паважна ў дачыненні да такой установы, але ўсё ж “пастыра” яна не мае. Пячаць Акадэміі вандруе з рук у рукі...” [1, с. 354]; што “наша Акадэмія існуе зараз толькі на паперы... Проста душа баліць за страшэнны заняпад нашай установы” [1, с. 367]; што “наша Акадэмія навук фактычна не існуе. Ад Акадэміі ў Ташкенце засталася адна толькі пячаць. Кіраўніцтва няма… Прэзідэнт і сакратар акапаліся ў Маскве” [1, с. 370].

Грамадзянская мужнасць і чалавечая прыстойнасць Якуба Коласа выявіліся і ў тым, што, ужо пачынаючы з 1944 года, ён робіць захады дапамагчы Г.І. Гарэцкаму, дачцы Ц. Гартнага Г.З. Жылуновіч, пісьменнікам Ю. Гаўруку, У. Дубоўку, А. Звонаку вярнуцца ў Беларусь. Пісьмы Коласа да названых адрасатаў стрыманыя, дзелавыя, але прасякнутыя спачуваннем, павагай, добразычлівасцю.

Грамадзянская пазіцыя Коласа як сына свайго Наднямоння добра бачна і ў тым клопаце, які праяўляў паэт да Мікалаеўшчыны, сваіх землякоў. У 1940 годзе пісьменнік напіша брату жонкі М.Д. Каменскаму пра пажар у Мікалаеўшчыне: “Из трёхсот дворов осталось хат пятьдесят. Хлопочу, как бы лучше отстроить его, разредить, так как оно было чрезвычайно скучено… хочу добиться правильной организации помощи погорельцам. Помощь им оказана в смысле подвоза семян, продуктов, отпуска строительных материалов, но я хочу… построить и хорошую школу, больницу и дом культуры…” [1, с. 201–202]. Вайна парушыла планы пісьменніка. Аднак ужо з 1945 года, яшчэ з Масквы, Якуб Колас піша пляменніку пра намер адбудаваць Мікалаеўшчыну: “Як толькі прыеду на Беларусь, займуся мікалаеўскімі справамі. Школу трэба паставіць, зрабіць яе на зайздрасць людзям, а таксама пабудаваць не медпункт, а бальніцу” [1, с. 435]. У 1946 годзе пісьменнік дабіваецца для землякоў выдачы прамысловых тавараў [1, с. 479]; у 1948 годзе ставіць пытанне пра асушку балот і павелічэнне за іх кошт зямлі для Мікалаеўшчыны [1, с. 529]. У 1956 годзе Якуб Колас у пісьме да члена Бюро ЦК КП(б) Беларусі П.А. Абрасімава ставіць пытанне пра добраўпарадкаванне могілак на Беларусі, якія знаходзяцца “ў пераважнай запушчанасці... Такая непавага да сваіх продкаў не ёсць сведчанне аб нашай культуры” [2, с. 207]. І, адпаведна, паэт пачаў гэтую справу з Мікалаеўшчыны: “Амаль кожны дзень, – піша ён пляменніку У.І. Міцкевічу, – я наведваюся ў Савет Міністраў, падганяю, наколькі магу, справу з агароджай могілак. Я не пакіну яе, пакуль не давяду да канца” [2, с. 205].

Лісты, напісаныя ў апошнія месяцы жыцця, здзіўляюць адчуваннем вялікай адказнасці перад нашчадкамі за ненапісанае, недаробленае: “Не дапісана “На шляхах волі”, не прыступаў да напісання аўтабіяграфіі, аб чым я даўно думаю” [2, с. 215].

Як бачна з эпісталярнай спадчыны Якуба Коласа, высокае пачуццё маральнасці ў спалучэнні з актыўна выражанай грамадзянскай пазіцыяй вызначалі змест і сутнасць жыцця і творчасці пісьменніка. Грамадзянская пазіцыя мастака выяўляе сябе ў самых розных сітуацыях па-рознаму. У 10–20-я гады яна, напрыклад, выражаецца ў прынцыповым сцвярджэнні права на развіццё беларускай мовы, у працы на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння; у 30-я гады яна бачыцца ў паэтавым маўчанні як унутранай нязгодзе з той палітыкай, якая праводзілася ў дачыненні да нацыянальнай інтэлігенцыі, у стрыманасці і асцярожнасці выказванняў і інш.

Клопат пра людзей заўсёды заставаўся для Якуба Коласа першаступеннай задачай як чалавека, пісьменніка, дэпутата. Згодна са сваімі жыццёвымі прынцыпамі, на першае месца паэт заўсёды ставіў грамадскія, людскія клопаты, што прымушала яго пастаянна займацца справамі, далёкімі ад літаратурнай творчасці.