Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
184
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Дадатковая літаратура па тэме “сучасная беларусная паэзія” агульначалавечыя матывы ў творчасці янкі сіпакова, янкі купалы і максіма танка

Спадчына Янкі Купалы да нашых дзён застаецца глыбокай крынiцай пазнання беларусаў. Вядомы лiтаратуразнавец В.П. Рагойша вызначыў яго як адну з вяршынь беларускага нацыянальнага мастацтва, пра што чытаем у кнiзе «Вяршынi: З невядомага i забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча»: «Першай з вяршынь беларускага Эльбруса паэзii назваў Янку Купалу яго сучаснiк, класiк украiнскай савецкай паэзii Паўло Тычына. (…) Ды з чым бы мы паэзiю Янкi Купалы не параўноўвалi (…) несумненным застаецца адно: Янка Купала – самая вялiкая гордасць i слава беларускага народа. Беларускi Руставелi. Беларускi Пушкiн. Беларускi Шаўчэнка…» [230, с. 3]. I Янка Сiпакоў – спадкамец Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча, адзiн з лепшых прадстаўнiкоў сучаснай беларускай паэзii, узгадаваны роднай мовай, Матухнай-Зямлёй, яе мiкра- i макракосмасам не аднойчы ў сваёй публіцыстыцы звяртаўся да асобы Янкі Купалы: «У творчасці Янкі Купалы, нібы ў адборным зерні, спадзяваным на сяўбу, ужо закладзена прадбачліва ўся наша родная беларуская літаратура» [244, с. 361]. Не гасне імя Максіма Танка, не страчвае вартасці і значнасці яго творчасць.

Здаецца, цяжка ставiць побач паэтаў, творчасць якiх падзяляюць дзесяцiгоддзi. Аднак сапраўднае мастацтва мае неабмежаваныя прасторавыя i часавыя межы, яго стваральнікі пастаянна ўзводзяць на новы ўзровень выпрацаваныя папярэднікамі каштоўнасцi. Падобная сітуацыя паўтаральнасці і агульнасці з’яў мастацтва абумоўлена двума фактарамi, якiя адзначыла ўважлiвая даследчыца творчасцi А.С. Пушкiна А.Д. Грыгор’ева: «Пушкiн-мастак арганiчна ўлiўся ў нашу культуру. Прычынай гэтаму – не толькi агульначалавечы гуманiстычны пачатак яго творчасцi, але i незвычайна дакладнае адлюстраванне ў ёй спецыфiчных рысаў нацыянальнага духу ў яго найбольш тыповых праявах» (вылучана намi – I.Г.) [114]. Прыведзенае выказванне поўнасцю стасуецца і да творчасці Янкі Купалы, i да спадчыны Максiма Танка, i да набыткаў Янкi Сiпакова, у якіх якраз і выразна адбіліся рысы нацыянальнай ментальнасці праз выявы агульначалавечага.

Усе тры мастакi слова выразна ўсведамляюць цяжкасць жыццёвых сцежак, лёсу Беларусi i папярэджваюць будучыя пакаленнi, што можа стацца з тым народам, якi адрачэцца ад сваёй мовы, гiсторыi, памяцi продкаў. Так здарылася, што амаль праз сто год мы апынулiся ў тых жа абставiнах, што i беларусы пачатку XX стагоддзя – сталiся без сваёй уласнай «хаты», перасталi быць гаспадарамi на сваёй роднай зямлi. Янка Сiпакоў таксама балюча ўсведамляе абсурднасць такога становiшча i пiша верш «Роднае слова» (i ў Купалы «Роднае слова»), цi яшчэ не больш змрочны i трагедыйны, чым твор яго славутага папярэднiка, а да гэтага Танкам быў напiсаны цудоўны твор «Родная мова». Дарэчы, у паэзii Максiма Танка родная мова нетрадыцыйна i нечакана параўноўваецца з компасам, што дапамагае не толькi паэту, але i цэлым нацыям знайсцi дарогу да самiх сябе. Вобраз гэта нечакана новы, які і замацаваўся ў мастацкай сістэме гэтага аўтара як адзін з цэнтральных. Ніхто пазней яго не паўторыць: відаць, не асмельваючыся паўтарыць некранутае. Канкрэтнае ў гэтым вобразе непадзельна знітаванае з абстрактным, агульным, а агульнае – любоў да Радзімы праз пасрэдства яшчэ аднаго не менш канкрэтнага – асацыятыўнай мовы. Атрымліваецца як бы трохступенны вобраз-блок, вобраз-складаная канструкцыя. Параўнаем радкi з твораў аўтараў, выявiм пазiцыю мастакоў.

Вобраз матчынай мовы, якая валодае ачышчальнай сiлай, з’яўляецца другой сэнсавай дамiнантай у творчасцi паэтаў. Нават у сваіх публіцыстычных нататках творцы не раз звяртаюцца да гэтай складанай праблемы захавання каранёў праз першааснову чалавечай духоўнасцi, годнасцi, вартасцi мовы: «Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам» [244, c. 398]. I Максiм Танк, i Янка Сiпакоў, як i iх папярэднiкi Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Багдановiч, Цётка, ставяць знак роўнасцi памiж паняццямi РАДЗIМА – НАРОД – МОВА – МАЦI. Звеннi гэтага сэнсавага ланцуга не iснуюць у творчасці гэтых аўтараў асобна. Мастакі ўпэўнены ў тым, што калі гэты ланцуг разбурыцца, то разбурыцца сiстэма спрадвечных каштоўнасцей, загiне род, народ, а нацыя ператворыцца ў массу «тутэйшых», бо, як пiша паэт-шасцідзесятнік «Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам» [244, c. 398]. Параўнаем урыўкi з вершаў паэтаў – «Матцы» Янкi Купалы, «Калыханкі» Янкi Сiпакова i «Партрэт мацi» Максiма Танка:

Над калыскай з бегам ночак

Песнi роднай не жалей,

Каб, як вырасце сыночак,

Верным вечна ён быў ёй. [168, 86]

Радзiма:

Ты расцi, мой сын, ты расцi званчэй,

Абыдзi, прашу, гэту просьбу-плач,

Разумею я сэрца матчына,

Бо i я ж сама – мацi вам усiм,

I за кожнага з вас я крываўлюся.

Але ты ж расцi, мой заступнiчак… [244, с. 246]

Адрозненне гэтых вершаў толькi ў форме падачы матэрыялу: першы – зварот аўтара да абагуленай матулi ўсiх беларусаў (чытай – Радзiмы), а другi – зварот i Бацькi, i Мацi, i Беларусi да сынка-народа, а iдэйны змест i пафас у iх аднолькавы – няма сапраўднага чалавека i грамадзянiна без ведання сваёй мовы, сваiх каранёў і гiсторыi.

«Партрэт мацi» Максіма Танка – гэта перш за ўсё ода-партрэтная замалёўка, што з’яўляецца па сутнасцi новай жанравай разнавіднасцю ў беларускай паэзii. Для Максiма Танка Мацi, як і мова, – компас, які дапамагае iсцi па свеце, рухацца наперад у складаным вiры жыцця. Нават голас яе, а не толькі цяпло мяккіх рук можа вярнуць з таго свету. Маці надае сiлаў, натхнення зноў нараджае цi адраджае чалавека. І чалавек таксама ў стане ажывіць вобраз маці – архетыповы, агульназначны і такі, да болю, канкрэтны, непадробны ў дэталях-залацінках. Зноў агульнае высвечваецца ў канкрэтным, «высокі» сэнс вынікае з прыватнага, малога:

Рэстаўратара знаёмага ўпрасiў я

Аднавiць даўнейщы партрэт мацi.

I яму, прызнаюся, удалося

Выявiць маршчыны ўсе на твары,

Зноў вярнуць вачам далёкабачнасць,

Цеплыню яе засмяглым вуснам,

Бель ускiнутай на галаву хусцiнкi,

Ажывiць паскручаныя жылы

На руках сашчэпленых, скаржэлых.[259, с. 78]

Амаль кожны верш Янкі Купалы, Максiма Танка, Янкi Сiпакова насычаны медытатыўнасцю, што лучыцца з глыбінным псiхалагiзмам: i пейзажныя замалёўкi, i маналогi-споведзi, i лiрыка кахання маюць абавязковы выхад з лакальнага перажывання i асабiстага пачуцця на ўсеагульны драматызм i ўнiверсальную трывогу як своеасаблівыя каталізатары дыялогавасці, шматгалосся, светаценнасці, рознавектарнасці. Дзякуючы падобнаму руху настрою і пафасу кожны твор паэтаў становiцца своеасаблiвай драмай у вершах. Дарэчы, падобнае назiраецца не толькi ў вершах, публіцыстыцы i драме «Раскiданае гняздо» Янкi Купалы, але i ў паэме Якуба Коласа «Сымон-музыка», калi герой – блазён, не ад свету нашага зямнога з пункту гледжання абывацеляў, а таксама i ў шматлiкiх вершах i баладах паэта наступнага пакалення – Янкi Сiпакова («Сядзiм, смяёмся за сталом…», «Вязень», «Шыбенiца», «Пустэльнiк» i г.д.). Таму часта лiрычны герой адчувае цi нават прадчувае сваё «выпадзенне» з часу, рух не ў нагу з ходам гiстарычных падзей. У адпаведнасцi з гэтым вынiкае яшчэ адна сэнсавая дамiнанта лiрыкi Янкі Сіпакова, блiзкая да купалаўскай, танкаўскай і яго равесніка А. Вярцінскага, – у ёй пастаянна захоўваецца супрацьпастаўленне Дабра i Зла i вобразна-стылявы кантраст як асноўны прынцып пiсьма. Жыццё асобы i нацыi падобна на вечны рух кола: Дабро процiстаiць Злу, Бяда i Гора – Шчасцю, Галеча, Беднасць – Багаццю, Хвароба – Здароўю, Смерць – Жыццю. А разарваць гэты рух, часам механiчны, можа толькi смерць, якая часта – адзiны паратунак, адзiнае выйсце з цяжкага становiшча, як у «Адвечнай песні» Янкі Купалы: «Раскрыйся нанова, магiла: / /Страшней цябе людзi i свет» [169, c. 243].

Паэты – прадстаўнiкi розных пакаленняў не толькi дакладна і ўдала выкарыстоўваюць мiфалагемы, але i выходзяць на прытчападобнасць як паказчык вострага адчування трагiзму жыцця, прадчування катастрофы, напружанасцi i нетрываласцi чалавечага быцця : «Одзiум» Янкi Сiпакова, яго шматлiкiя прытчы, вершы 20-х гг. Янкi Купалы «Ёсць жа яшчэ, «I прыйдзе», «Каб…», вершы са зборнiка Максiма Танка «Errata». На раскрыццё гэтай iдэi працуе сiмвалiчны, а падчас i алегарычны прыём пiсьма трох мастакоў слова, iх паэзiя поўнiцца шматлiкiмi вобразамi-сiмваламi, некаторыя з якiх з’яўляюцца скразнымi: крыж – пакуты, сонца – свет, радасць, шчасце, абуджэнне пасля «змрочнага» сну, разбураная хата – цяжкая доля, адрачэнне аб сваiх каранёў, камень – крыўда.

Кожны паэт – сын свайго часу i сваёй зямлi. Зямля ў Янкi Купалы, Максіма Танка i Янкi Сiпакова адна – Беларусь, з яе непаўторна-дзiвосным багаццем фарбаў i гукаў. Гэта крынiца багатай вобразнасцi, нечаканай асацыятыўнасцi, мiфалагiчнасцi, беларускай ментальнасцi паэтаў. Янка Купала ў сваёй творчасцi iшоў ад змрочнага ўспрымання i адлюстравання рэчаiснасцi (1905-1922) да светлага пафасна-радаснага апявання сацыялiстычнага будаўнiцтва, адычнасці iнтанацыi (30-я гг.) i зноў вярнуўся да адлюстравання трагедыйнацi жыцця, яго жорсткасцi ў ваенныя гады. Пэўныя змены адбылiся ў агульнай змястоўнай, а значыцца і «жанравай танальнасцi» паэзii Максiма Танка: ён iшоў ад сумнага, элегiчна-жалобнага настрою, павязанага з героiка-трагедыйным у раннiх зборнiках да радасна-урачыстага ў пачатку 50-х гадоў i ў перыяд росквiту таленту, а ў канцы свайго шляху зноў вярнуўся да элегiчна-сумнага, трывожнага, напiсаў вершы, прысвечаныя трагедыйным старонкам жыцця. Так нарадзіліся ў 80-я – пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў паэта рэквiемы, элегii смерцi пра новы Апакалiпсiс – Чарнобыль, якi Максiм Танк параўноўвае з Садомам, адбываецца паварот да бiблеiзма i прытчападобнасцi.

Янку Купалу і Максіму Танку можна адрасаваць словы сучаснай даследчыцы праблемы традыцый i наватарства ў рускай лiтаратуры С. Ф. Кузьмiной: «Ён быў паклiканы як прарок, як служка Бога» [167, c. 149]. Янку Сiпакову можна адрасаваць словы iншыя, як працяг працытаваных намi: «Янка Купала – прарок Бога. Але i боскаму слузе патрэбныя таксама слугi. Адзiн з iх – наш таленавiты паэт». I ён служыць, а не слугуе Вялiкаму Мастацтву праз пасрэдства Вялiкага Мастака – Прарока адраджэння Беларусi.

З поўным правам мы можам гаварыць пра тое, што індывідуальны аўтарскі сыль Янкі Сіпакова склаўся канчаткова, бо па трапным выказванні вядомага літаратуразнаўца С. Андраюка, «калі пісьменніку ўдаецца эстэтычна сцвярдзіць свой ідэал, удаецца стварыць сваю мадэль рэчаіснасці, якая як бы роўная рэчаіснасці ў сваей цэласнасці і завершанасці і ў той жа час адзіная і непаўторная, можна тады гаварыць пра стыль» [4, с. 5].

Такім чынам, Янка Сіпакоў ідзе ў літаратуры ў многім Купалавым і Танкавым шляхам: шляхам канцэнтрацыі думак, пачуццяў, сэнсу ў творах, сінтэзу традыцыйнага i наватарскага, выяўлення на малой плошчы шматзначнага, яскравага, характэрнага. Шырыня «мыслення вершамі» (у сучасным слоўным мастацтве такая з’ява назіраецца вельмі часта) у розных мастакоў выклікае да жыцця i адпаведную ciнтэтычную вобразнасць, стылявую ўскладненасць, «шматслойнасць» пiсьма.

Лекцыя 16