Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
книга по истории беларуси.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
1.26 Mб
Скачать

Пытанні для самаправеркі

1. Хто быў вярхоўным уласнікам земляў на этапе ранняга сярэднявечча?

2. Калі ўпершыню ўпамінаецца ў летапісах Полацк?

3. Якія віды феадальнага землеўладання вы ведаеце?

4. Якія асаблівасці грамадска-палітычнага ладу адзначаюцца ў Тураве?

Пытанне 3. Рэлігія і культура на беларускіх зямлях у IX – першай палове XIII ст.

Першыя рэлігійныя вераванні ўзніклі ў каменным веку. Аб’ек-тамі рэлігійных адносін станавіліся прыродныя з’явы, жывёлы, духі. З разлажэннем радавых сувязей узніклі політэістычныя рэлігіі (шматбож-жа). Узнікненне дзяржавы абумовіла стварэнне нацыянальна-дзяржаў-ных рэлігій (сінтаізм, іудаізм, індуізм …). Паваротным пунктам у гісторыі стала з’яўленне сусветных рэлігій: будызму (VI ст. да н.э.), хрысціянства (IV ст. н.э.), ісламу (VII ст. н.э.). Галоўная асаблівасць сусветных рэлігій – адзінабожжа (Бог адзіны і ўніверсальсальны).

Вялікае значэнне ў лёсе старажытных беларускіх зямель мела прыняцце ў X ст. хрысціянства. Яно спрыяла ўмацаванню больш развітых грамадскіх адносін, чым першабытнаабшчынныя, дапамагала пераадолець перажыткі племянной адасобленасці, садзейнічала ўзды-му культуры, пісьменнасці, умацаванню міжнародных сувязей. У 992 г. князь Ізяслаў заснаваў Полацкую епархію. І на працягу некалькіх стагоддзяў у саперніцтве з паганствам хрысціянства зацвердзілася на беларускіх землях.

Найбольш яскрава на землях сучаснай Беларусі развівалася культура Полацкай зямлі, дзе ўжо ў XII ст. склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу, пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мас-тацтва. У першай палове XI ст. пачалося летапісанне. Самай ранняй рукапіснай кнігай на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Тураўскае Евангелле, упрыгожанае маляўнічымі застаўкамі. Матэрыялам для рукапісных кніг служыў пергамент – спецыяльна вырабленая скура цялят. Распаўсюджванню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветні-цкія дзеячы: Ефрасіння Полацкая (1104 або 1110 – каля 1167 або 1173), тураўскі епіскап Кірыла (каля 1130 – каля 1182), Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі.

Вышэйшым узорам тагачаснай культуры з’яўляецца манумен-тальная архітэктура. У сярэдзіне XI ст. у Полацку, услед за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор. На працягу XII ст. у Полацку было ўзведзена дзесяць мураваных аднакупальных царкоўных пабудоў. Адной з іх стала Спаская царква, пабудаваная па прапанове Ефрасінні Полацкай; захавалася Каложская царква ў Гродна, пабудаваная ў XII ст. Помнікам абарончага дойлідства з’яўляецца пяціярусная, вышынёй 30 метраў, Камянецкая вежа, пабудаваная ў XIII ст. з жоўтай і чырвонай цэглы на Брэстчыне.

Шэдэўрам старажытнага мастацтва з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены ў тэхніцы перагародчатай эмалі майстрам па заказу Ефрасінні Полацкай у 1161 г.

Арыгінальнае спалучэнне мясцовых, візантыйскіх і раманскіх форм з’яўляецца адной з характэрных асаблівасцей культуры старажыт-ных беларускіх зямель. Мясцовыя майстры творча пераасэнсоўвалі лепшыя дасягненні сусветнага мастацтва, стваралі спрыяльныя ўмовы для развіцця самабытных рыс.

Гістарычныя асобы

Ефрасіння Полацкая (1104(?) – 1167). Полацкая князёўна, унучка Усяслава Чарадзея, асветніца, ігумення кляштара св. Спаса ў Полацку, кананізавана праваслаўнай царквой.

Кірыла Тураўскі (1130 – каля 1182). Епіскап, славуты пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч, майстар аратарскай прозы. Творы К. Тураўскага – вяршыня развіцця ўсходнеславянскай грамад-ска-палітычнай дзейнасці.

Клімент Смаляціч. Царкоўны дзеяч, пісьменнік, знаўца антыч-най літаратуры і філасофіі. У яго літаратурных творах адзначаюцца элементы вольнадумства.

Аўрамій Смаленскі. Манах Селішчанскага манастыра каля Смаленска, таленавіты царкоўны прапаведнік, перапісчык царкоўных кніг.

Іаан. Дойлід, які пабудаваў Спаскі сабор у Полацку.

Лазар Богша. Полацкі майстар-злотнік, які зрабіў крыж па заказу полацкай князёўны Ефрасінні – узор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Летапісанне запіс падзей па гадах (летах) у храналагічнай паслядоўнасці.

Рэлігія (ад лац. rеligio – злучаць) – светаўспрыманне, а таксама адпаведныя культавыя дзеянні, што абумоўлена верай у рэальнасць быцця Бога (або некалькіх багоў), “свяшчэннага” пачатку.

Фрэска – роспіс вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы.

Храналогія падзей

Канец X ст. – пачатак распаўсюджвання на беларускіх землях хрысціянства.

Сярэдзіна XI ст. – час будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку.

XI ст. – стварэнне Тураўскага Евангелля.

XII ст. – пабудавана царква Барыса і Глеба “на Каложы” ў Гродна.

1161 г. – стварэнне крыжа злотнікам Лазарам Богшам.

XIII ст. – пабудавана Камянецкая вежа на Брэстчыне.

Пытанні для самаправеркі

1. Назавіце станоўчыя вынікі ўвядзення хрысціянства на тэры-торыі Беларусі?

2. Дзе быў пабудаваны трэці Сафійскі сабор на ўсходнеславян-скіх землях?

3. Які помнік абарончага дойлідства XIII ст. захаваўся да нашых дзён?