Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя па арф. і пунктуацыі.doc
Скачиваний:
346
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
891.39 Кб
Скачать

Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

«БАРАНАВІЦКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ»

ПРАКТЫКУМ ПА АРФАГРАФІІ І

ПУНКТУАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

вучэбна-метадычны комплекс

па дысцыпліне «ПРАКТЫКУМ ПА АРФАГРАФІІ І

ПУНКТУАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»

Баранавічы

БарДУ

2011

УДК

ББК

НАВУЧАЛЬНА-МЕТАДЫЧНЫ БЛОК

МОДУЛЬ 1

АРФАГРАФІЯ

Мэта — падрыхтаваць студэнтаў да ўсведамлення месца беларускай мовы ў развіцці культуры і духоўным адраджэнні нацыі, засваення асаблівасцей арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы.

Задачы:

  • фарміраваць навыкі распазнавання ў тэкстах арфаграм, абгрунтавання правільнасці напісання ў адпаведнасці з пэўным правілам;

  • пазнаёміць студэнтаў з тымі зменамі, якія адбыліся ў беларускай арфаграфіі ў адпаведнасці з Законам, прынятым 23 ліпеня 2008 года.

  • фарміраваць навыкі правядзення арфаграфічнага аналізу прапанаванага лінгвістычнага матэрыялу.

Тэма 1

Прынцыпы беларускай арфаграфіі

1.1 Арфаграфія як раздзел мовазнаўства

Тэрмін арфаграфія (грэч. orthographiaorthоs правільны, прамы і grapho пішу) літаральна суадносіцца з тэрмінам правапіс. Але значэнні гэтых слоў (арфаграфія і правапіс) не супадаюць.

У сучаснай моўнай практыцы тэрмін арфаграфія мае чатыры значэнні:

1. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца правілы аднастайнай перадачы вуснай мовы на пісьме (а іншы раз і афіцыйна даецца дазвол на варыянтнасць).

2. Сістэма агульнапрынятых напісанняў, якая склалася гістарычна і якой карыстаецца грамадства.

3. Правілы, якія патрабуюць аднастайнага абавязковага для ўсіх носьбітаў мовы напісання слоў і іх значымых частак (марфем) у тых выпадках, дзе магчымыя розныя напісанні.

4. Выконваемасць прынятых правілаў (ці практычнае выкарыстанне правілаў у пісьмовых тэкстах розных стыляў).

Асноўная задача арфаграфіі — выпрацаваць такія правілы напісання слоў і марфем, якія адначасова:

  1. былі б простымі ў выкарыстанні;

  2. адлюстроўвалі гукавы склад вуснай мовы;

  3. захоўвалі нязменнасць некаторых марфем сло­ва і выразнасць яго граматычных форм, напрыклад, пясчаны, дарожка, падказацъ, а не «пяшчаны, дарошка, патказаць».

Тэрмін правапіс з’яўляецца калькай грэчаскага слова. У адрозненне ад тэрміна арфаграфія ён мае больш шырокае значэнне: гэта не толькі сістэма агуль­напрынятых правілаў, але і сістэма правілаў ужывання знакаў прыпынку (пунктуацыя) [6, с. 10–11].

1.2 Паняцце арфаграмы, арфаграфічнага правіла

Арфаграма (грэч. orthosправільны, прамы, grammaзапіс, літара) — гэта такое напісанне слова, якое выбіраецца з рада магчымых пры адным і тым жа вымаўленні і адпавядае існуючаму правілу ці традыцыі.

Напрыклад, напісанні расчоска, рашчозка, разчозка, ражчоска будуць вымаўляцца заўсёды аднолькава — [рашчоска], але нарматыўным з пункту погляду арфаграфіі будзе лічыцца толькі першае сло­ва расчоска, паколькі менавіта ў ім рэалізаваны наступныя правілы: 1) аканне (не пад націскам у беларускай мове пішацца літара а); 2) правапіс прыставак на з- (с-); 3) напісанне зычных у слабай пазіцыі, якое правяраецца моцнай іх пазіцыяй (расчасаць).

Усе арфаграмы беларускай мовы можна падзяліць на два тыпы: арфаграмы, звязаныя з абазначэннем фанемнага саставу слова, і арфаграмы, не звязаныя з абазначэннем фанем.

Да арфаграм, звязаных з абазначэннем фанемна­га саставу слова, адносяцца:

  1. літары ў слове ў адпаведнасці з фанемамі ў моц­най пазіцыі (моцная пазіцыя для галосных — націскное становішча): бэлъка, маянэз, бэжавы — белы, сетка — сэрвіс, спартсмен — бармэн. Напісанне літар у падобных словах неабходна запамінаць і правяраць толькі па слоўніку: шынель, панэль, сэт, турнэпс, баранеса і іншыя;

  1. літары ў слове ў адпаведнасці з фанемай у слабай пазіцыі, якую можна паставіць у моцную пазіцыю (для звонкіх гукаў слабая пазіцыя — гэта пазіцыя на канцы слова, перад глухім зычным): пірог — мох — мог, загадка, падказка (пірага, моху, магу, загадаць, падказаць). Каб праверыць арфаграму слабай пазіцыі, неабходна вызначыць, у якую марфему ўваходзіць фанема, якая абазначаецца арфаграмай, а затым знайсці моцную пазіцыю для гэтай фанемы ў той жа марфеме;

  1. літары ў слове ў адпаведнасці з фанемай у сла­бай пазіцыі, якія нельга паставіць у моцную пазіцыю. Да такіх арфаграм адносяцца, напрыклад, літары з, с у прыстаўках: узмор’е, раскапацъ, спыніць, збегчы. Фанема <з> у прыстаўках указаных слоў абазначаецца па тым гуку, якім яна прадстаўлена ў слове. Пе­рад літарамі, якія абазначаюць глухія гукі, пішацца літара с, перад звонкімі — літара з. А фанемы <б>, <д> у адпаведных прыстаўках заўсёды прадстаўлены літарамі б, д незалежна ад наступных гукаў: аб’ехаць, адказаць, адрэзаць, падцянуцца;

  2. наяўнасць або адсутнасць літары: каменьчык — вагончык, кантраст — кантрасны, праезд — праязны, ралля — беларускі, ножычак — ножычка.

Да арфаграм, не звязаных з абазначэннем фанем, адносяцца:

  1. напісанне слова разам, асобна, праз злучок: Давыд-Гарадок давыд-гарадоцкі, па-першае па першаму (слову), наверх на верх (дома);

  2. напісанне слова з вялікай ці малой літары: бацькаўшчына — Бацькаўшчына, танк — Танк (псеўданім), шарык — Шарык (мянушка сабакі);

  3. напісанне слоў-абрэвіятур вялікімі ці малымі літарамі: БДУ, БТ, ЛіМ, МАЗ, БелТА, СНД, ДАБМ («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы»); нэп, вну, загс;

  4. перанос часткі слова з аднаго радка на другі: вя-сна і вяс-на, па-дышоў, пад-казаў. Нельга: вясн-а, п-адышоў;

  5. графічныя скарачэнні: мн. л. — множны лік (нельга: мно. лі.); кг — кілаграм (нельга: кіл.); с.-г. — сельскагаспадарчы (нельга: сель.-гаспа.); в/ч войсковая часцъ (нельга: во/ча).

Арфаграфічная памылка — гэта замена арфа­грамы іншым знакам пры захаванні аднолькавага вымаўлення слова. Так, калі студэнт у слове дзядзька замест дз напіша ц («дзяцька») — гэта значыць, ён не ведае правіла перадачы на пісьме звонкіх гукаў перад глухімі. Гэта арфаграфічная памылка, бо вымаўленне слова не змяняецца. Калі ж студэнт напіша «дзідзька», то ў гэтым выпадку ён дапусціць не арфаграфічную, а маўленчую памылку, паколькі такое напісанне не будзе адпавядаць нарматыўнаму вымаўленню. Такім чынам, арфаграфічныя памылкі ўзнікаюць пры заме­не арфаграмы забароненым правіламі арфаграфіі спосабам перадачы таго ж вымаўлення.

Каб пазбегнуць арфаграфічных памылак, неабходна ведаць тыпы і віды арфаграм і тое, як праверыць арфаграму.

Арфаграфічнае правіла — гэта палажэнне, якое прапануе нарматыўнае напісанне слова ў адпаведнасці з канкрэтным арфаграфічным прынцыпам. Адхіленне ад прынцыпу лічыцца выключэннем з правіла. Напрыклад, напісанне літар е, я ў словах вясна, зямля, сям’я, веснавы, земляны, сем’янін адпавядае арфаграфічнаму правілу перадачы на пісьме «якання» (у першым складзе перад націскам пішам -я, ва ўсіх астатніх складах адносна націску — літару е). Напісанне гэтых жа літар у словах легенда, перон, завязь, роўнядзь, цягавіты — выключэнні з правіла.

Арфаграфічнае правіла грунтуецца на пэўных прынцыпах беларускай арфаграфіі [6, с. 12–14].