Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя па арф. і пунктуацыі.doc
Скачиваний:
350
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
891.39 Кб
Скачать

1.2 Двукоссе пры простай мове. Працяжнік у сказах з простай мовай

Выказванні, што належаць іншай асобе, а не таму, хто гаворыць ці піша (аўтару), называюцца чужой мовай. Разнавіднасцю перадачы чужой мовы з’яўляецца простая мова. Простая мова — гэта чужое выказванне, якое перадаецца даслоўна, з захаваннем яго лексічных, граматычных і стылістычных асаблівасцей.

1. У залежнасці ад месца слоў аўтара, якія ўводзяць простую мову, ставяцца наступныя знакі прыпынку:

  • калі простая мова запісваецца ў радок, яна заключаецца ў двукоссе: Барвіна праціснуўся праз натоўп да Андрэя і Санкоўскага і з ходу сказаў: «Пойдзем» (П. Пестрак).

  • калі простая мова пачынаецца з абзаца, перад ёй ставіцца працяжнік: Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

Скажы што-небудзь!... (І. Мележ).

  • калі словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля іх ставіцца двукроп’е, а простая мова, якая пачынаецца не з абзаца, заключаецца ў двукоссе: У прамове на ўрачыстым сходзе Якуб Колас гаварыў: «Маё слова, хоць і вузкімі дарогамі, але даходзіла да народа»;

  • калі словы аўтара стаяць у сярэдзіне простай мовы, падзяляючы яе на дзве часткі, то перад словамі аўтара ў залежнасці ад інтанацыйнага афармлення першай часткі простай мовы ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е ці коска і ўслед за гэтымі знакамі — працяжнік, а пасля слоў аўтара — або кропка і працяжнік (калі першая частка простай мовы з’яўляецца закончаным сказам), або коска і працяжнік (калі першая частка простай мовы не з’яўляецца закончаным сказам): «Хіба ж можам мы з табою займацца несур’ёзнымі справамі? — пытаннем на пытанне адказала Надзя і прыгарнула да сябе Майку, прытуліла, як туляць дарослыя малых дзяцей. — Расказвай, як жывеш, як ваюеш?» (М. Лынькоў). «Сцяпанка, — сказаў чалавек, — ідзі пасядзі ў цяньку, ты стаміўся» (К. Чорны). «Эх, вадзічка.... — працягваў Сава, выціраючы твар крысом курткі, — кветкамі пахне» (П. Пестрак).

2. У словах аўтара могуць ужывацца два дзеясловы са значэннем маўлення, думкі ці блізкія да іх па значэнні; пры гэтым калі другі дзеяслоў адносіцца да другой часткі простай мовы, то пасля слоў аўтара ставяцца двукроп’е і працяжнік: «Ведаеш, мама, каго я прывяла? — весела сказала дачка і таемна прашаптала: — Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў» (Я. Маўр).

3. Калі ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, няма дзеясловаў са значэннем маўлення, думкі ці блізкіх да іх па значэнні, то ў канцы слоў аўтара ставіцца кропка: Урэшце дзед дастае з кішэні кавалак хлеба.

Еш, Віхор.... На-а-а.... (З. Бядуля).

Віктар заплюшчыў вочы і на ўвесь пакой прытворна захроп. «Хай думае, што я сплю....» (Б. Сачанка).

4. Калі словы аўтара ідуць за простай мовай, то пасля простай мовы ў адпаведнасці з інтанацыяй ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е ці коска (на месцы кропкі), а за гэтымі знакамі — працяжнік:

Што вы сёння нешта не ў гуморы? — запыталася Ядвіся і глянула на настаўніка (Я. Колас).

Эх, што за мясціна! — пачаў ён [Лабановіч] і раптам перапыніў самога сябе (Я. Колас).

«Вам, Лескавец, відаць, хочацца, каб асабіста вас пахвалілі», — Ліда сказала гэта як бы між іншым, нават не павярнуўшыся да яго (І. Шамякін).

5. Нявыказаная простая мова, пры якой у складзе слоў аўтара звычайна ёсць дзеяслоў думаць (падумаць) або іншыя словы, спалучэнні слоў і нават сказы са значэннем думкі, меркавання, разважання і пад., заўсёды бярэцца ў двукоссе: «Во ўскочыў дык ускочыў», — чухаў патыліцу Яўхім Бабай (Б. Сачанка).

6. Рэплікі дзвюх і больш асоб (у дыялогу) звычайна запісваюцца з чырвонага радка і з працяжнікам перад кожнай рэплікай:

Ты па вёсцы вольна ходзіш?

Хаджу, як і хадзіў. А што?

Нічога, нікога не баішся?

Я не злодзей, не забойца. Чаго ж мне баяцца? (Б. Сачанка).

Бой быў, Валя.

Дзе?

Над морам. Далёка.

З кім?

Невядома (І. Мележ).

7. Калі некалькі рэплік запісваюцца ў радок без указання, каму яны належаць, то паміж імі ставіцца працяжнік і кожная з іх бярэцца ў двукоссе: «Вы яшчэ не былі ў сваёй школе?» — «Не, не была. І не ведаю, якая яна там. А вы ўжо даўно тут?» «А ўжо зараз два месяцы будзе» (Я. Колас).

8. Калі пасля папярэдняй рэплікі ідуць словы аўтара, то перад наступнай рэплікай працяжнік не ставіцца: Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. «Ты што тут робіш?» — пытаюся. «Нічога, — кажа. — Чыстапісанне пішу» (В. Быкаў) [9, с. 131–134].