Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя па арф. і пунктуацыі.doc
Скачиваний:
350
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
891.39 Кб
Скачать

1.3 Знакі прыпынку пры цытатах і спасылках

Цытата — гэта даслоўная вытрымка з чыйго-небудзь выказвання, з кнігі іншага аўтара. Цытата звычайна выкарыстоўваецца ў навуковых працах, лекцыях, дакладах, рэфератах, сачыненнях, у розных творах як эпіграф.

Цытата афармляецца як простая і як ускосная мова.

Невершаваная цытата заўсёды бярэцца ў двукоссе; калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова, напрыклад: Ф. Скарына пісаў: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». «Трэба, каб са слоў і дзеянняў чалавека было відаць, які ён», — гаварыў М. Горкі.

Цытата, уключаная ў тэкст як частка сказа, пачынаецца з малой літары (у адным сказе можа быць некалькі цытат), напрыклад: Я. Колас падкрэсліваў, што «добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш....».

У цытатах захоўваюцца тыя ж знакі прыпынку, што і ў крыніцы, якая цытуецца. Калі сказ цытуецца часткова, то замест прапушчанага тэксту перад пачаткам цытуемага сказа ці ў сярэдзіне яго, ці ў канцы ставіцца шматкроп’е, напрыклад: В. Бялінскі падкрэсліваў цесную ўзаемасувязь, якая існуе паміж думкамі і словам: «....слова, — пісаў ён, — покрыва, адзенне, форма адлюстравання думкі, а думка ёсць сэнс, розум, значэнне слова».

Цытата абавязкова суправаджаецца спасылкай на аўтара, якога цытуюць.

Спасылкі афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТ, напрыклад: [4, с. 234] 4 нумар крыніцы, з якой узята цытата; с. 234 дакладная старонка, на якой знаходзіцца цытата.

Правілы паслядоўнасці знакаў прыпынку пры спасылках:

1. Коска, кропка з коскай, двукроп’е і кропка ставяцца пасля лічбы або зорачкі, якія з’яўляюцца знакамі-паказальнікамі спасылкі (каб указаць, што спасылка адносіцца да пэўнага слова ці групы слоў): ....¹, або ....²; або ....*: або ....**.

2. Пытальнік, клічнік, шматкроп’е і двукоссе ставяцца перад знакам спасылкі (лічбай ці зорачкай): ....?¹ або ....!² або ....»*.

3. Пасля знака спасылкі (лічбы ці зорачкі), які размешчаны за двукоссем, кропка захоўваецца: ....»¹. або ....»** [9, с. 140].

1.4 Перыяд. Яго афармленне на пісьме

У беларускім мовазнаўстве пад перыядам разумеецца асобая сінтаксічная канструкцыя (складаны ці просты ўскладнены сказ), якая характарызуецца паводле зместу паўнатой і закончанасцю выказанай думкі, адзінствам тэмы, а паводле інтанацыі падзяляецца на два кампаненты («павышэнне» і «паніжэнне»), паміж якімі ў маўленні робіцца значная (даўжэйшая, чым у канцы звычайнага сказа) паўза, а на пісьме пераважна ставіцца працяжнік.

І радасць — ніякая радасць, а горыч,

І песня — ніякая песня, а скарга,

І страва — ніякая страва, а камень,

І брага — ніякая брага, а слёзы,

І сонца — ніякае сонца, а крыга, — // (// — мяжа паміж часткамі)

Калі ты на свеце ўсім гэтым

Не маеш з кім падзяліцца (М.Танк).

Гласарый

Складаны сказ з рознымі відамі сувязі — гэта складаны сказ, у якім можа быць разнастайная камбінацыя састаўных частак: звязаныя падпарадкавальнай і злучальнай, злучальнай і бяззлучнікавай, бяззлучнікавай і падпарадкавальнай і інш. сувяззю.

Простая мова — гэта чужое выказванне, якое перадаецца даслоўна, з захаваннем яго лексічных, граматычных і стылістычных асаблівасцей.

Цытата — гэта даслоўная вытрымка з чыйго-небудзь выказвання, з кнігі іншага аўтара.

Перыяд — асобая сінтаксічная канструкцыя (складаны ці просты ўскладнены сказ), якая характарызуецца паводле зместу паўнатой і закончанасцю выказанай думкі, адзінствам тэмы, а паводле інтанацыі падзяляецца на два кампаненты («павышэнне» і «паніжэнне»), паміж якімі ў маўленні робіцца значная (даўжэйшая, чым у канцы звычайнага сказа) паўза.