Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
М.Я.Цікоцкі.doc
Скачиваний:
112
Добавлен:
14.04.2019
Размер:
1.8 Mб
Скачать

Аднародныя члены сказа

91. Лагічныя і граматыка-стылістычныя асаблівасці спалучэння аднародных членаў. Спалучэнне аднародных членаў павінна адпавядаць шэрагу граматыка-стылістычных і лагічных патрабаванняў.

Калі аднародныя члены ўжываюцца з мэтай класіфікацыі або сістэматызацыі з'яў, прымет, прадметаў, то пры іх пералічэнні неабходна прытрымлівацца наступных правіл:

1) дзяленне павінна мець адну аснову, г. зн. адбывацца па адной прымеце. Так, пералічваючы ружы па колеру, можна сказать: Ружы бываюць белыя, чырвоныя, жоўтыя, пунсовыя. Калі ж да гэтага пераліку дадаць штамбовыя і садовыя, то аснова дзялення будзе парушана;

2) члены дзялення павінны ўзаемна выключацца. Так. у сказе У парку гулялі дарослыя, дзеці і школьнікі словы дзеці і школьнікі не выключаюць адзін аднаго, бо школьнікі — паняцце відавое ў адносінах да радавога паняцця, выражанага словам дзеці. (Тут парушана таксама адзіная аснова дзялення па ўзросту.)

Кіруючыся гэтымі патрабаваннямі, многія стылісты лічаць няправільнымі такія ў свой час вельмі распаўсюджаныя ў друку парныя спалучэнні, як камсамольцы і моладзь, піянеры і школьнікі, адзначаючы, што ў гэтых пералічэннях няма адной асновы дзялення (моладзь— па ўзросту, а камсамольцы — па прыналежнасці да грамадскай арганізацыі) і што гэтыя словы часткова супадаюць па свайму аб'ёму (усе піянеры — школьнікі). Фармальна гэта так, але трэба мець на ўвазе, што ў выш­ку частага ўжывання ў спецыфічных тэкстах адзначаныя словазлучэнні сталі ўстоўлівымі зваротамі і ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Устоўлівым выразам трэба лічыць і такое спалучэнне, як міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў. Ва ўсякіх іншых выпадках паняцці, якія част­кова супадаюць па свайму аб'ёму, не павінны ўваходзіць у рад аднародных членаў: Маладыя спортсмены і члены добраахвотнага таварыства «Буравеснік» лёгка выканалі гімнастычныя практыкаванні.

Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. У сказе... / ніводзін яе крок, погляд, усмешка не заставаліся ім не заўважаныя (В. Б.) усе тры аднародныя члены выражаны аднолькавай часцінай мовы — назоўнікам. У сказе ж Гармонік, праўда, быў у іх надта старэнькі, з прадраным мехам... (В. Б.) аднародныя члены старэнькі і з прадраным мехам па форме не аднолькавыя: першы — прыметнік, другі — назоўнік з прыметнікам і прыназоўнікам. Аднак яны ўсё ж з'яўляюцца адна-роднымі, таму што выражаюць адну і тую ж сінтаксічную катэгорыю (азначэнне) і адказваюць на адно пытанне — я к і?

Калі ж члены сказа, якія павінны быць аднароднымі, пастаўлены ў розных граматычных формах і адказваюць на розныя пытанні, то сувязь паміж імі парушаецца: На сходзе абмяркоўваліся такія пытанні, як паспяховасць, дысцыпліна, аб удзеле ў грамадскім і культурным жыцці інстытута. Два аднародныя члены (паспяховасць, дысцыпліна) выражаны вінавальным склонам назоўніка і адказваюць на пытанне ш т о?, а трэці аднародны член (аб удзеле) — месным склонам назоўніка з прыназоўнікам і адказвае на пытанне а б ч ы м? Безумоўна, сказ пабудаваны няправільна, ён распадаецца на дзве часткі. Трэба зрабіць праўку, каб трэці з аднародных членаў таксама адказваў на пытанне ш т о?: На сходзе абмяркоўваліся такія пытанні, як паспяховасць, дысцыпліш, удзел у гра-мадскім і культурным жыцці інстытута.

Нельга спалучаць у аднародным радзе члены, якія вы­ражаны даданым сказам і ўскосным склонам назоўніка: Камісія пацікавілася працай асобных рабочых і якія меры прымае дырэкцыя супраць парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. Першы з аднародных членаў выражаны назоўнікам у творным склоне (працай), а другі — даданым сказам (якія меры прымае дырэкцыя). Правільна было б напісаць: Камісія пацікавілася, як працуюць асобныя ра-бочыя і якія меры прымае дырэкцыя супраць парушаль-нікаў працоўнай дысцыпліны (або: ...працай і мерамі, якія...).

Нельга злучаць у якасці аднародных сінтаксічных адзінак дзеепрыметныя, дзеепрыслоўныя словазлучэнні і даданыя сказы: Рукавіцы, пашытыя з аўчыны і якія ён заўсёды трымаў у кішэні. Не спалучаюцца ў якасці аднародных членаў інфінітыў і назоўнік.: Я люблю маляванне I спяваць.

Пры наяўнасці абагульняльных слоў іх граматычную форму павінны прымаць аднародныя члены. Патрабуе праўкі наступны сказ: Вучоба льнаводаў, замацаванне ўчасткаў, падбор папярэднікаў усё гэта неабходна пра-весці да пачатку веснавой сяўбы. Аднародныя члены, адпаведна склону абагульняльнага слова, трэба паставіць у вінавальным склоне: Вучобу льнаводаў, замацаванне ўчасткаў...

Абагульняльнае слова ў якасці радавога паняцця павінна ўключаць у сябе аднародныя члены ў якасці відавых паняццяў. Няправільна пабудаваны сказ, дзе радавому паняццю (нумары) адпавядаюць не ўсе члены аднародна-га рада (напрыклад, кіно — гэта не нумар): Удзельнікі самадзейнасці выступілі перад калгаснікамі з разнастайнымі нумарамі: танцамі, чытаннем, спевамі, вясёлымі гульнямі і кіно.

Канструкцыі з абагульняльным словам перад або пасля аднародных членаў розняцца стылістычна: з постпазіцыяй абагульняльнага слова яны бліжэй да сродкаў пісьмовага маўлення, больш экспрэсіўныя, часта ўзмацняюць выразнасць, мастацкасць маўлення. Параўн.: Радасці, разлікі, надзеі\ трывогі — усё круцілася, віхурылася без упынку, без яснасці (I. М.) і Усё круцілася, віхурылася без упынку, без яснасці — радасці, разлікі, надзеі, трывогі.

Часта памылкі ў выкарыстанні аднародных членаў тлумачацца тым, што не ўсе словы, якія ўжыты ў якасці аднародных членаў, могуць лексічна спалучацца са словам або групай слоў, ад якіх яны залежаць. Напрыклад: Вучні сваімі рукамі зрабілі ўсе альбомы, стэнды, выказванні аб кнігах. Дзеяслоў зрабілі ў тым значэнні, у якім ён спалучаецца са словамі альбомы і стэнды, не можа спалу­чацца са словамі выказванні аб кнігах. Toe самае ў сказе: Многа клопату і ўвагі ўдзяляюць члены дамавога камітэта арганізацыі дзіцячых гульняў. Нельга сказаць: удзяляць клопат.

Усё сказанае вышэй аб лагічных і граматыка-стылістычных асаблівасцях спалучэння аднародных членаў сказа датычыцца перш за ўсё навуковай і афіцыйна-дзелавой мовы. У мове мастацкай літаратуры і публіцыстыкі адзначаецца большая свабода спалучэння слоў у якасці аднародных сінтаксічных адзінак. Часта ў рад граматычна аднародных аб'ядноўваюцца словы, якія не з'яўляюцца ні сінонімамі, ні лагічна аднароднымі. Яны абазначаюць паняцці розных планаў, розных тэматычных сфер, але звязаны ўнутрана з пэўным сэнсавым цэнтрам (мікратэмай твора). Уласна кажучы, такія аднародныя з'яўляюцца аднароднымі толькі сітуацыйна, толькі ў да-дзеным кантэксце. Напрыклад:

Мая хата — з краю.

Таму у яе першую грукаюць

Ветры, збіўшыся з дарогі,

Хмары снежныя і дажджлівыя,

Птушкі пералётныя,

Сакавікі і лістапады,

Кірмашовыя дні,

Працавітыя будні,

Змораныя падарожнікі... (М. Т.)

Пералічэнне лагічна неаднародных прадметаў ужываецца таксама з мэтаю стварэння пэўнага камічнага эфекту: Працаваў Сямён Барысавіч ад некалькіх арганізацый і нарыхтоўваў усё: шкуры, грыбы, рогі і капыты, шэрсць, мёд, лекавыя травы і нават яловыя шышкі (I. Н.);Мама. А я выхоўваю ў сваіх дзяцей навагу да рэальных рэчаў.Т а т а. Да вадасцёкавай трубы, да тумбы, da тэлеграфна-га слупа, каўбасы, ботаў... Яшчэ да чаго?/(А. М.)

У мастацкай мове, асабліва ў вершаванай, шырока выкарыстоўваецца прыём, заснаваны на супастаўленні прамога і пераноснага значэнняў слова. Гэта дае магчымасць успрымаць далёкія і лагічна не аднародныя паняцці як аднародныя члены. Такі сінтаксічны прыём называецца зеўгмай:

Вісіць над сэрцам і над сінім верасам

Мядовы пах жыцця і пчолаў гуд (Панч.).

У вачах

чародкі хмар залётных.

Плывуць

плыты

і мары К мору... (Р. Б.)

I старшына ім выдасць

Удосталь махоркі і сноў (Г. Б.).

У прозе: Што такое час? Гэта — нішто: яго нельга ўбачыць, пачуць, памацаць, панюхаць, паспрабаваць на язык; ім нельга заткнуць дзірку ў страсе або ў бюджэце; яго нельга запрэгчы ў плуг, запрасіць на шклянку гарбаты (Кр.).

У мастацкай мове ў якасці аднародных членаў часта спалучаюцца такія словы, якія характарызуюць прадмет, з'яву або асобу з розных бакоў. У такіх выпадках да іх нельга прад'яўляць адзначаныя вышэй лагічныя патраба-ванні. Парушэнне асновы дзялення аднародных членаў, якія могуць супадаць у аб'ёме як радавое і відавое паняцці, тут мае эстэтычнае абгрунтаванне: На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялі яны. Яна, любая, родная, разважлівая, працавітая, верная яго сяброўка. Тамаш босы, малы, падкасаны. I маленькая Лізавета ў яе на руках, маленькая, кірпаценькая, птушанё... (К. Ч.); На ўласных конях, добра-такі незаконна адпасвеных, топчуць сабе незаконна ды ў белы дзень грамадскую сенажаць І хоць бы што! Чарнамазыя, барадатыя і безбародыя, кучаравыя і ў кепках, дай Божа — кавалі, а то дык канакрады, карцёжнікі ці проста так сабе, свабодныя мастакі на ўтрыманні сваіх языкаста-рукастых варажбітак (Б.).

Аднак і ў мастацкай мове парушэнне правіл логікі пры спалучэнні аднародных членаў часта ўспрымаецца як стылістычная памылка. Так, у першай рэдакцыі «Мінскага напрамку» I. Мележа была такая фраза: 3 дзесяткам партызан, вылучаных яму для дапамогі, ён улічыў, колькі і дзе пасеяна ўжо, у каго ёсць у вёсках коні, плугі, бароны і іншы неабходны інвентар. У выніку парушэння асновы дзялення коні трапілі ў адзін рад з плугамі, баронамі і сталі інвентаром. У апошняй рэдакцыі гэта фраза была выпраўлена наступным чынам: 3 дзесяткам партызан, вылучаных яму для дапамогі, ён улічыў, колькі і дзе пасеяна ўжо, у каго ёсць у вёсках коні, а таксама плугі, бароны і іншы неабходны інвентар.

92. Злучнікі пры аднародных членах. Пры выбары злучніка для сувязі аднародных членаў трэба ўлічваць тыя семантыка-стылістычныя адценні, якія маюць блізкія па сэнсу злучнікі. Так, спалучальныя злучнікі і, ды могуць выступаць у сінанімічнай функцыі. Параўн.: Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сестры і На груду раслі бярозы І сос­ны. У першым сказе злучнік ды, які ўжываецца пераважна ў размоўным стылі, надае фразе спецыфічны народна-песенны каларыт. У другім сказе злучнік і мае нейтральную стылістычную афарбоўку. Параўн. таксама прыклады з маетацкіх твораў: Лабановіч пазіраў на яе і дзівіўся (К-с); А што ж сядзець ды слухаць, як вы там у хаце грызяцёся? (К. Ч.); Праз гэта выявілася яго рашучая і смелая натура. (К- Ч.); Дзверы ды рамы сам не зробіш! (I. М.)

Рад аднародных членаў разумеецца па-рознаму ў залежнасці ад таго, як злучаны гэтыя члены: без злучнікаў, са злучнікам і перад апошнім з аднародных членаў або са злучнікам і, які паўтараецца перад усімі аднароднымі членамі. Калі ўсе аднародныя члены дадзены без злучнікаў, то такі рад успрымаецца як незакончаны: Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар (К-с); Словам — было каго пад-воз'щь ды ваз'щь: на рынак, на футбол, да краўчыхі... (Б.); Усё навакол заінела — хаты, дрэвы... (Пташн.). Кожны з прыведзеных сказаў адкрыты для далучэння іншых аднародных членаў. Інтанацыя чытання такая, што адчуваецца магчымасць пастаноўкі шматкроп'я ў канцы пералічэння, а ў апошніх сказах яно і пастаўлена. Канструкцыі з бяззлучнікавым спалучэннем аднародных членаў маюць афарбоўку вуснага маўлення; у дзелавым стылі яны сустракаюцца рэдка.

Калі злучнік і стаіць толькі перад апошнім членам пералічэння або звязвае два аднародныя члены, то рад успрымаецца як цалкам закончаны: Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок з нотамі, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла яе і пусціла (К-с); Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны з клеткі верабей, паправіў паясок на сваей вышыванай кашулі і рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты (Б.); Івan заліў ваду ў радыятар, падняў капот і пачаў корпацца ў маторы (I. Н.). У кожным з прыведзеных прыкладаў апісаны закончаны цыкл дзеяння: напрыклад, у першым сказе чатыры папярэднія дзеянні (падышла, выбрала, прыладзіла, завяла) былі падрыхтоўчымі да завяршаючага дзеяння (пусціла); тое самае ў другім і ў трэцім сказах.

Для таго каб рэзка вылучыць члены пералічэння, злучнік і паўтараюць перад кожным з іх: / ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка, і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы... (Лыньк.); / тут убачыла ў вадзе сябе — свой твар, апушчаныя абапал шчок валасы і вочы... I стала неяк асабліва радасна, і крышачку сорамна, і крышку смешна... і страшнавата... (Б.); Ну, гэта наогул нейкі выключны чалавек. І шчыры, і паслухмяны, і акуратны, і клапатлівы, і дзелавы, і спагадлівы (Я- С).

Калі ў сказе многа аднародных членаў і па сэнсу іх можна разбіць на пары, то часта такія пары звязваюць злучнікам і. Гэта дае магчымасць упарадкаваць сказ сінтаксічна і падкрэсліць тыя ці іншыя Сэнсавыя ўзаема-адносіны паміж асобнымі членамі сказа: Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном,— калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з пе­сенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын (Б.).

Часта падобныя парныя ланцугі аднародных членаў утвараюцца пры дапамозе злучніка ці: I рэчка, і неба, I гул­ливы, несціханы шчэбет птушак ці самавіты, высокі гул са­молёта, ідылічны покліч пастушынай трубы ці голас заўсё-ды чамусьці няўпэўненага і хрыпатага піянерскага горна— усё цяпер напоўнена вялікім і глыбокім сэнсам, радасным рытмам вечна маладой бадзёрасці, зноў і бясконца свежай прыгажосцю (Б.).

Можна адзначыць некаторыя стылістычныя адценні, якія выяўляюцца ў спалучэннях аднародных членаў пры дапамозе супастаўляльных, супраціўных і размеркавальных злучнікаў.

Супраціўныя сэнсавыя сувязі паміж аднароднымі чле­нам! выражаюцца злучнікамі але, а, ды. Пры гэтым злучнік але выражае звычайна супрацьстаўленне больш катэгарычна, чым сінанімічны яму злучнік а, характэрны для размоўнага стылю. Параўн.: Адкіне яго рукою, а яно ізноў, а яно ізноў (К-с); Яе цяпер няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі (К-с); Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым... (К-с); Хоць можа і верыце часам, але кажаце, што не верыце (К-с).

Парны супастаўляльны злучнік не толькі — але і ў асноўным пазбаўлены экспрэсіі і мае афарбоўку пісьмовага маўлення: Кузьма Чорны не толькі адчуў гэта, але і здолеў перадаць з уласцівым яму высокім майстэрствам (Б.); Не, не тое пытанне — так яно не толькі не гучала, але І не ўзнікала ў душы (Б.).

Прывядзём прыклады характэрных памылак пры ўжыванні злучніка не толькі — але і: Завадчане аднавілі не толькі руіны старых карпусоў, але і пабудавалі новыя. Памылка заключаецца ў тым, што першая частка парнага злучніка (не толькі) пастаўлена не перад аднародным выказнікам (аднавілі), а перад іншым словам (не толькі ста­рых карпусоў). Сказ трэба выправіць: Завадчане не толькі аднавілі руіны былых карпусоў, але і пабудавалі новыя.

У другой частцы злучніка не толькі — але і часам замест але і ўжываецца а. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі першы з аднародных членаў мае пры сабе яшчэ і адмоўе не (не толькі не...) або калі супастаўляюцца паняцці, другое з якіх па свайму аб'ёму ўваходзіць у першае: У выніку перастаноўкі сіл у брыгадзе мы не толькі не знізілі прадукцыйнасці працы, а нават павысілі яе на 12 працэнтаў. Патрабуе праўкі наступны сказ: Мы атрымалі добры ўраджай не толькі жыта, а і бульбы, цукровых бура-коў і гародніны. Трэба: Мы атрымалі добры ўраджай не толькі жыта, але і бульбы, цукровых буракоў і гарод-ніны.

Аднародныя члены сказа могуць быць звязаны таксама размеркавальнымі злучнікамі ці, або (альбо) і паўторнымі ці ці, то — то, ці то — ці то і інш. Яны ўказваюць на чаргаванне з'яў, пры гэтым злучнік ці служыць для пералічэння такіх прадметаў, з'яў і г. д., якія ўзаемавыключаюцца, а злучнік або падкрэслівае адценне выбару чаго-небудзь аднаго: Разам з новай птушкай ці кветкай прыходзіла новая песня ці казка (Б.); У пачэснай, але I нялёгкай пра­цы пісьменніка ёсць моманты, калі ты адчуваеш або заслужаную радасць, узнагароду за цяжкасці і творчыя хваляванні, або заслужаны сорам... (Б.); Калі ж якая-небудзь думка і відаць, дык яна або толькі намячаецца, або гак завалена рознымі «прыгажосцямі», што чытачу і не даўмецца (Б.).

У размоўным маўленні злучнікі або і ці выступаюць часам у сінанімічнай функцыі: Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курыльчыка на будку (К-с).

93. Прыназоўнікі пры аднародных членах. Калі аднародныя члены патрабуюць аднолькавых прыназоўнікаў, то не заўсёды абавязкова паўтараць гэтыя прыназоўнікі перад кожным з членаў пералічэння: На стале стаяў кошык з малінаўкамі, цітаўкамі, белым налівам і іншымі гатункамі яблык. Аднак абавязкова трэба паўтарыць прыназоўнік, калі рад аднародных членаў вельмі доўгі або калі аднародныя члены развітыя і сувязь іх з прыназоўнікам, які стаіць у пачатку пералічэння, ясна не адчуваецца, напрыклад: Поспех у рабоце прамысловасці і будаўніцтва ў велізарнай ступені залежыць ад умелай арганізацыі забеспячэння прадпрыемстваў і будоўляў матэрыяламі, своечасовага выканання прадпрыемствамі абавязацельстваў (з газеты). У гэтым сказе — два развітыя аднарод­ныя члены, якія звязаны з дзеясловам залежыць: арганізацыі і выканання. Перад першым з аднародных членаў стаіць прыназоўнік ад, перад другім яго няма, І гэта перашкаджае дакладнаму разуменню сказа. Калі паўтарыць прыназоўнік ад І перад другім аднародным членам, то сказ будзе ўспрымацца больш дакладна.

Паўтараюцца прыназоўнікі і тады, калі трэба асабліва падкрэсліць значэнне таго, што выражае кожны з адна­родных членаў сказа: Мы стаялі і стаім за арганізацыю калектыўнай бяспекі, за супрацоўніцтва ўсіх дзяржаў і народаў (з газеты); Мы знаем: ісці яшчэ доўга да Мінска па цяжкай дарозе, па снезе, па ручаінах, па травах, воль­готных I цёплых... (Панч.); Аб вясёлым цёплым доме, аб вясновых кветках першых, аб суседзях невядомых напісаць хачу я вершы (Панч.).

Пры паўтарэнні прыназоўнікаў важнае значэнне мае таксама ступень сэнсавай сувязі аднародных членаў. Чым больш далёкія па свайму лексічнаму значэнню словы спалучаюцца ў якасці аднародных членаў, тым менш падстаў для пропуску прыназоўнікаў: Ён расказваў аб новых творах мастакоў, аб магазінах, аб навінках архітэктуры, аб тэатральных прэм'ерах. Або: А ён гаварыў і гаварыў: аб агульнасці інтарэсаў чалавецтва, аб магутнасці яго куль­туры, аб будучыні, аб сусветным капітоліі, аб мільёнах чалавечых вачэй, якія з надзеяй пазіраюць на гэты капітолій... (Лыньк.).

Нелыа апускаць розныя прыназоўнікі. Напрыклад, у сказе На прадпрыемствах і установах горада пачынаўся працоўны дзень перад словам установах трэба паставіць прыназоўнік у (ва).

Нельга апускаць прыназоўнік, калі перад першым з ад­народных членаў стаіць злучнік, які далей паўтараецца, а таксама тады, калі аднародныя члены звязаны размерка-вальнымі злучнікамі або, ці і інш. Напрыклад: Стаміліся і коні, і людзі; Кожны тыдзень мы збіраліся ў Пятровічаў або ў Івановых.

Стылістычныя асаблівасці зваротка, пабочных і ўстаўных канструкцый

94. Зваротак — катэгорыя вуснага маўлення. Ен часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў прамой мове з мэтай прыцягнуць увагу субяседніка да выказвання. У дзелавым, афіцыйным маўленні ў ролі зваротка выступаюць уласныя імёны, назвы асоб па грамадскаму становішчу, прафесіі, пасадзе і г. д. Зваротак тут звычайна стаіць у пачатку вы­казвання, з'яўляючыся лаканічным і яркім прыёмам вылучэння адрасата: Пятроў і Сяргееў! Вас просяць наверх да старпома! (Луж.).

У размоўным стылі зваротак часта стаіць у сярэдзіне сказа або нават у канцы яго. У гэтых выпадках той, хто гаворыць, называючы субяседніка, выражае свае адносіны да яго, выкарыстоўвае зваротак для стварэння непасрэднасці маўлення: А што такое нітачка, ты знаеш, Вялічка? (Пташн.); Я, сын, і не хацела табе ўсяго расказваць (Пташн.); Хацеў бы я ў цябе, хлапец, запытацца (Пташн.).

У вусным маўленні шырока выкарыстоўваюцца звароткі з аслабленым, неканкрэтызаваным лексічным значэннем: дарагі, галубка, дружа, брат, добрыя людзі, родныя мае і інш. Пры іх дапамозе выражаецца душэўная спагада, сардэчнасць, пяшчотнасць, ласка і да т. п.: Забыўся, брат, на нас зусім (Кр.); Прымірыцца з прагаю вандроўніка я цябе, люб'шая, прашу (Панч.); Будзеш і прасці, малень­кая, ты ўжо добра смыкаеш (Б.); Скажи мне, любая, ска­жи, нашто таіць у душы дакоры? (Тр.); Разышоўся ты, братачка,—проста бяда (Пл.). Або знявага, пагарда, нянавісць: «Стой! — крычыць Жаўтых.— Стой, сволачы! Расстраляю. Стой!» (В. Б.) У размоўным стылі пры наяўнасці аднаго субяседніка зрэдку сустракаецца форма зваротка, выражаная назоўнікам множнага ліку дзеткі: Як жа ты надумаў, дзеткі? (К- Ч.); Кінь, дзеткі. Годзе табе сляпіцца, цёмна ўжо (Кр.)-

У творах мастацкай літаратуры і ў вусным маўленні сустракаюцца звароткі, выражаныя клічнай формай назоўнікаў: Ведаеце, пане настаўніку: уся мая бяда ў тым, што я не ўмею запісаць таго, што я думаю (К-с).

Распаўсюджаны як у вусным, так і ў пісьмовым маўленні развітыя звароткі — назоўнік або іншая субстантываваная часціна мовы з паясняльнымі словамі. У вусным маўленні ў іх ролі часцей выступаюць займеннікі і прыметнікі: А мой ты сынок! Заб'юць, дык будзе табе лепшае (Кр.); Таварышы дарагія, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў (Шам.); Ты была для мяне песняй казак-надзей,— маці... маці мая, дарагая! (Тр.); Павел! Паша! Друг ты мой дарагі. Нікога, здаецца, я так не любіў, як цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек (Шам.). Такі зваротак становіцца сродкам ацэначнай характарыстыкі. У гэтай функцыі, асабліва ў пераносным значэнні, ён ши­рока ўжываецца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы. Адзначым найбольш распаўсюджаныя стылістычныя раз-навіднасці звароткаў-тропаў:

1) звароткі-метафары: Гэй, чулыя сэрцам! Гэй, душы жывыя! Ідзеце вы долю каваць! (К-с);

2) звароткі-эпітэты: Што нам рабіць, шалапутны, з табою? (Панч.);

3) звароткі-метаніміі: Дык помні, Вашынгтон, пра Хірасіму! (Панч.); Куды ты лезеш, барада? (з газеты);

4) звароткі-параўнанні: Я з Мінска наклон перадаць табе paд і народу твайму, горад-сад, горад-брат (Панч.);

5) звароткі-перыфразы: Зямля бацькоў, Лагойшчына мая, край неўміручай партызанскай славы! (Пл.);

6) звароткі-ўвасабленні: Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы вольныя зямлі (К-с);

7) звароткі-іроніі: Ты, эскулап, знарок мяне цягнеш па гэтым гушчары (Шам.); як гэта ты, разумнік, дадумаўся да такога? (з газеты).

95. Пабочныя словы і сказы. Пабочныя словы і сказы не выступаюць у якасці адзінак паведамлення, а з'яўляюцца толькі сродкам выражэння адносін асобы да зместу па­ведамлення і да спосабу перадачы думкі. Дзякуючы разнастайнасці значэнняў (мадальнасць, эмацыянальная ацэнка паведамлення, указание на экспрэсіўны характер выказвання, на паслядоўнасць выкладу, на спосаб афармлення думак і г. д.) пабочныя канструкцыі выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях. Пры гэтым побач з міжстылявымі пабочнымі словамі можна адзначыць словы і словазлучэнні кніжнага, размоўнага характару. Параўн., напрыклад, кніжныя: без усялякага сумнення, на вялікі жаль, само сабою разумеецца, па ўсёй верагоднасці і г. д.; размоўна-прастамоўныя: відно, бач, значыцца, маўляў, лічы, пэўна, вядома, мусіць і інш. Прыклады выкарыстання апошніх: Прыімчаўся з вашымі тымі свіннямі, папрасіў: каб я яму закалоў іх, асмаліў і прыгатаваў у дарогу, а сам, кажа, адскочу на хутар свіней папытаю. Адскочыў. Я ў лесе япрукі з хлопцамі смалю, а яго няма. А, вядома, калі смаліш, то духам смаленым пахне. Я ўжо, с к а з а и ь, асмаліў быў, ужо скроб, як чую — нехта ідзе, лапцямі па снезе шастае. Бачу — Рыльскі, збітага, значыцца, Рыльскага брат (К- Ч.); А ета ж — твая — не ўцярпела! I перад кім, перад Яўхімам! Наравістая!.. Упадабаўся, з н а ч ы ц ь, вельмі!.. Б'е яе дурань еты па чым папало! Уся ў сіняках! А не поўзае перад ім, не гнецца!..— Зайчык зірнуў востра:— Што ето будзе ў вас цяпер? Сам поп, мабуць, не разбярэ... Што ты ето раб'щь думает? Праўда ето, што пабрацца згаварыліся? Васіль так зірнуў, што Зайчык быццам павінаваціўся:— Я — нічога. Я толькі так — гавораць усе. Як, скажы ты, знаюць канеш-не!.. А чаго ж — калі на тое — яно можно і — пабрацца!.. Баба — не кабыла, с к а з а ц ь, але і яна ж нешто значыць!.. (I. М.)

Як бачым, у мастацкай літаратуры пабочныя словы і сказы разам з іншымі лексічнымі і граматычнымі сродкамі выкарыстоўваюцца для стварэння моўнай характарыстыкі персанажаў.

96. Устаўныя канструкцыі. Устаўныя словы і сказы ўносяць у маўленне дадатковыя звесткі, тлумачэнні, папраўкі і г. д. У параўнанні з пабочнымі канструкцыямі яны менш звязаны з асноўным сказам і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях — навуковым, мастацкім, публіцыстычным, афіцыйна-дзелавым. Функцыянальную накіраванасць і стылістычнае выкарыстанне абумоўліваюць у першую чаргу закладзеныя ў іх багатыя магчымасці выражэння сэнсавых і эмацыянальных адценняў: Можа ёй было гадоў шэсць ці сем, як (гэта страшна цяпер укалола яе) сва-рыліся ў хаце за старую вопратку... (К. Ч.); Параўняліся, перакінуліся між сабою вясёлымі слоўцамі (маладосць усюды бярэ сваё) і пайшлі — кожная пара у свой бок (Кул.); Месяц зайшоў, неба было цёмнае, у спакойных, ціхіх зорах. У ім гулі — далека недзе — самалёты (Пташн.); Да зямлі таксама — самі знаеце — падыход трэба умелы! (I. М.); Як гэта ўсё-такі здорава проста вось так, не спяшаючыся, ісці вуліцаю, проста так шырока і глыбока дыхаць (адно толькі дыхаць!) вясною... (Я. С).

У мастацкіх творах устаўныя канструкцыі часам бываюць вельмі разгорнутыя, што стварае своеасаблівую мнагапланавасць маўлення: Яны — яго дзяўчаты — сядзяць сабе на каменні (тут некалі быу партызанскі акоп, абкладзены вялікім каменнем; акоп дзеці, гуляючы, даўно ужо зраўнялі з зямлёй, а каменне асталося ляжаць пры самай дарозе), гавораць пра нешта сваё, махаюць рукамі паказваюць штосьці адна адной — і рагочуць, аж заходзяцца (відаць, як ад смеху Света адкідвае, як бусел, галаву; смяецца і Жэнька, папраўляючы свае валасы) (Пташн.).

Прыводзім урывак з верша П. Панчанкі, у якім устаўныя канструкцыі выконваюць своеасаблівую стылістычную функцыю, ствараючы двухпланавасць, кантрастнасць маўлення:

Трэснула, грукнула, грымнула з покатам,

Хлынула цёплае неба на дол.

(Вось і сімфонію слухаем, покуль там

Творцы сядзяць над музычнай нудой.)

I бліекавіцы без нудных лічыльнікаў

Суткі ўсхвалёвана паляць сябе.

Прыстасаванцы хаваюцца ў шчыліны,

Слон кабінетны трывожна сапе.)

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]