Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
М.Я.Цікоцкі.doc
Скачиваний:
112
Добавлен:
14.04.2019
Размер:
1.8 Mб
Скачать

Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі

102. Агульныя заўвагі. У якасці сінтаксічных сінонімаў, або паралельных сінтаксічных канструкцый, часта выступаюць даданыя сказы і асобныя члены сказа. Так, у складаназалежным сказе даданы азначальны сказ можа быць заменены адасобленым дзеепрыметным словазлучэннем (Карціна, якая напісана мастаком Волкавым, усім падабалася і Карціна, напісаная мастаком Волкавым, усім падабалася); даданы часу — адасобленым дзеепры-слоўным словазлучэннем (Пасля таго як студэнты здалі залікі, яны раз'ехаліся на канікулы і Здаўшы залікі, студэнты раз'ехаліся на канікулы) або канструкцыяй з аддзеяслоўным назоўнікам (Як толькі вучоны закончыў пра-цу, ён адразу аддаў яе на рэцэнзію сваім калегам і Пасля заканчэння працы вучоны адразу аддаў яе на рэцэнзію сваім калегам).

Пры кожнай замене мяняюцца як сэнсавыя, так і стылістычныя асаблівасці сінтаксічных канструкцый. Каб дакладна і ясна выказаць думку, з магчымых канструкцый трэба выбраць тую, якая найбольш адпавядае зместу і мэце выказвання.

103. Стылістычныя асаблівасці дзеепрыметніка. Сфера ўжывання дзеепрыметніка ў беларускай літаратурнай мове значна абмежавана ў параўнанні з рускай. Гэта тлумачыцца перш за ўсё асаблівасцю ўтварэння некаторых форм дзеепрыметніка. Так, дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч-(-юч-), -ач-(-яч-) і прошлага часу з суфіксамі -ш- і -ўш- супадаюць па форме з адпаведнымі дзеепрыслоўямі, і гэта ама-німічнасць часта перашкаджае дакладнаму разуменню фразы. Напрыклад, у сказе Чалавек, ствараючы матэ-рыяльныя і духоўныя каштоўнасці, рухае ўперад развіццё грамадства слова ствараючы можна зразумець і як дзеепрыметнік, і як дзеепрыслоўе, што, безумоўна, прыводзіць да дваякага разумения думкі: чалавек, (я к І?) ствараючы і чалавек, (што р о б я ч ы?) ствараючы. Двухсэнсавы таксама сказ: Чалавек, зрабіўшы два крокі наперад, раптам спыніўся. У першай рэдакцыі трылогіі Я. Коласа «На ростанях» была такая фраза: Смяяўся і пан падлоўчы, у гэты момант прыйшоўшы да гасцей. Слова прыйшоўшы можна зразумець тут і як дзеепрыметнік, і як дзеепрыслоўе. Для таго каб не было двухсэнсавасці, пісьменнік выправіў фразу: Смяяўся і пан падлоўчы, які ў гэты мо­мант прыйшоў да гасцей.

Такім чынам, дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу мала ўласцівы беларускай мове. Яны сустракаюцца часцей у навуковым і часткова ў публіцыстычным стылях літаратурнай мовы. У мастацкай і гу-тарковай мове замест дзеепрыметнікаў і дзеепрыметных словазлучэнняў выкарыстоўваюцца сінанімічныя ім даданыя азначальныя сказы.

У апошні час дзеепрыметнікі з суфіксамі -ш-і -ўш- замяняюцца сінанімічнымі формамі з суфіксам -л-: абгарэўшы — абгарэлы, уцалеўшы — уцалелы і г. д.

Па сваіх выяўленчых асаблівасцях дзеепрыметнікі вельмі блізкія да прыметнікаў і ўжываюцца ў розных сты­лях мовы для характарыстыкі асоб, прадметаў, з'яў. Гэтым і тлумачыцца тая акалічнасць, што дзеепрыметнікі і дзеепрыметныя словазлучэнні часта спалучаюцца з прыметнікамі ў якасці аднародных членаў сказа: Абкружаныя шчыльнай сцяной гандляроў, дробных рамеснікаў, павыбягаўшых у сваіх фартухах і без шапак, і так нейкіх лю-дзей, кепска адзетых, абшчыпаных, плюгавых, арудавалі тут два музыканты (К- Ч.); Чайкі гуляюць над люстраной вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імі затупаны, пацярушаны іхнімі пёрцамі (Б.).

104. Сінаніміка дзеепрыметных словазлучэнняў і даданых сказаў. Як ужо адзначалася, дзеепрыметнае словазлучэнне і даданы сказ утвараюць сінанімічныя канструкцыі, паміж якімі ёсць пэўная сэнсавая і стылістычная розніца. Дзеепрыметнае словазлучэнне — тэта кніжная канструкцыя, яна робіць выказванне сціслым, лаканічным. У дзеепрыметным словазлучэнні, асабліва ў неадасобленым, больш падкрэсліваецца прымета, чым дзеянне. Таму калі няма патрэбы надаваць азначэнню яшчэ нейкі дадатковы сэнс, дзеепрыметнае словазлучэнне будзе адзіна магчымай канструкцыяй. Гэта асабліва выразна адчуваецца ў мастацкім маўленні, калі дзеепрыметнік ужываецца ў пераносным, метафарычным значэнні: Міколаў ножык пераходзіць з рук у рукі, і аблыселыя пры дапамозе яго галовы бручкі дзіка хрумсцяць пад нашымі зубамі (Б.); Манцігома, калі я загаварыў з ім па-польску, развёў у зямляцкай усмешцы сваё чырвонае, выпасенае на турысцкай наіўнасці мурло і ахвотна прызнаўся, што ён— адзін з самых прамых ды законных нашчадкаў славутага кантара з Ломжы.. (Б.). Калі замяніць дзеепрыметныя словазлучэнні даданымі азначальнымі сказамі, то адразу кінецца ў вочы стылістычная недарэчнасць такой замены: сказы стануць больш цяжкімі, а пераноснае значэнне слоў аблыселыя і выпасенае згубіцца. Параўн.: галовы бручкі, якія аблыселі пры яго дапамозе.. і мурло, якое вы­пасена на турысцкай наіўнасці...

Наадварот, у тых выпадках, калі трэба падкрэсліць сэнсавую нагрузку азначаемага слова, даданы азначальны сказ непажадана замяняць дзеепрыметным словазлучэннем: Аркестр выканаў новую сімфонію, якую кампазітар напісаў у цяжкія дні ленінградскай блакады. Параўн.: Аркестр выканаў новую сімфонію, напісаную кампазітарам у цяжкія дні ленінградскай блакады.

Пры выбары дзеепрыметнага словазлучэння або даданага сказа ў тых выпадках, калі магчымы абедзве канструкцыі, значэнне мае папярэдні тэкст. Калі ў ім ужо ёсць даданы сказ са злучальным словам які, то можна выка-рыстаць дзеепрыметнае словазлучэнне: На стале ляжала кніга, якая прысвечана барацьбе беларускіх партызан, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны паказалі выдатныя ўзоры мужнасці і гераізму. Параўн.: На стале ляжала кніга, прысвечаная барацьбе беларускіх партызан, якія... і г. д.

У сэнсавых адносінах неабходна замяняць даданы сказ дзеепрыметным словазлучэннем, калі няясна, з якім назоўнікам у галоўным сказе звязана слова які. Напрыклад, у сказе Вяршыні хвояў, якія былі асветлены цёплымі праменнямі блізкага да заходу сонца, ярка вылучаліся на фоне цёмнай хмары няясна, былі асветлены сонцам толькі вяршыні ці дрэвы цалкам. Пры замене даданага сказа дзеепрыметным словазлучэннем гэта няяснасць ліквідуецца, бо ў выніку дапасавання дзеепрыметнік мацней звязваецца з азначаемым словам: Вяршыні хвояў, асветленыя цёплымі праменнямі блізкага да заходу сонца, ярка вылучаліся на фоне цёмнай хмары.

105. Памылкі ў выкарыстанні дзеепрыметных слова-злучэнняў. Дзеепрыметнікі звычайна патрабуюць тлумачальнага слова. Гэтае стылістычнае правіла часта парушаецца. Няправільна пабудаваны наступны сказ: Узятыя кнігі трэба вярнуць. Пасля слова ўзятыя трэба дадаць тлумачальнае слова, напрыклад: Узятыя ў бібліятэцы кнігі трэба вярнуць. Toe ж самае ў наступным прыкладзе: Зробленыя памылкі трэба выправіць. Лепш сказаць: Зробленыя ў рабоце памылкі трэба выправіць. Праўда, часта пропуск тлумачальнага слова пры дзеепрыметніку апраўдваецца ўмовамі кантэксту, канкрэтнай сітуацыяй выказвання: Усе ўнесеныя прапановы будуць улічаны (словы старшыні сходу). Няма патрэбы ў тлумачальным слове і тады, калі дзеепрыметнікі перайшлі ў прыметнікі або маюць тэрміна-лагічнае значэнне: падаючы механізм, звялыя клубні, за­рыблены басейн і г. д.

Дзеепрыметнае словазлучэнне трэба ставіць бліжэй да назоўніка, ад якога яно залежыць. Калі перад дзеепрыметным словазлучэннем знаходзяцца некалькі назоўнікаў аднолькавай граматычнай формы, то можа ўзнікнуць няяс-насць: Мы ўкаранілі ў вытворчасць шмат рацыяналізатарскіх прапаноў рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў, накіраваных на карэннае ўдасканаленне метадаў працы. Атрымалася, быццам накіраваны на ўдасканаленне метадаў працы самі рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі, а не іх рацыяналізатарскія прапановы. У дадзеным выпадку не ліквідуе двухсэнсавасці і замена дзеепрыметнага словазлучэння даданым сказам: спалучэнне якія накіраваны таксама можа быць аднесена як да слоў рацыяналізатарскія прапановы, так і да слоў рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Лепш разбіць фразу на два самастойныя сказы: Мы ўкаранілі ў вытворчасць шмат рацыяналізатарскіх прапаноў рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Прапановы гэтыя накіраваны на карэннае ўдасканаленне метадаў працы.

Важнае значэнне мае правільны выбар часу дзеепрыметніка, які ўваходзіць у дзеепрыметнае словазлучэнне. Нярэдка ўжываюць дзеепрыметнік цяперашняга часу, хаця ў сказе ёсць тлумачальнае слова, якое дакладна ўказвае, што дзеянне адбывалася ў мінулым: Пісьменнік ярка раскрыў глыбіню сацыяльнай прыгнечанасці, пануючай у дарэформеннай Беларусь. Дзеепрыметнік цяпераш­няга часу пануючай трэба замяніць дзеепрыметнікам прошлага часу панаваўшай.

Праўда, у вобразнай, эмацыянальна насычанай мове сустракаюцца дзеепрыметнікі цяперашняга часу ў значэнні дзеегірыметнікаў прошлага часу (незакончанага трывання): Мы выйшлі ад Цішкі на світанні. У вокнах местачковых хат мітусіліся зыркія водбліскі палаючай на камінках лучыны (I. Н.).

106. Стылістычныя асаблівасці дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне — распаўсюджаная, сціслая, выразная канструкцыя, уласцівая пераважна пісьмовай літаратурнай мове. Безумоўную перавагу дзеепрыслоўных словазлучэнняў у параўнанні з сінанімічнымі ім даданымі сказамі наглядна пацвярджаюць наступныя прыклады. У першай рэдакцыі рамана I. Мележа «Мінскі напрамак» быў такі сказ: Туравец пастараўся сход скончыць раней, каб даць людзям адпачыць, бо ведаў, што хутка, з самага рання, ім трэба будзе спяшацца зноў на працу. У апошняй рэдакцыі гэты доўгі сказ дзякуючы выкарыстанню дзеепрыслоўнага словазлучэння стаў больш сціслым і ныразным: Помнячы, што людзям раніцой трэба будзе ісці на працу, Туравец пастараўся скончыць сход раней, каб даць ім адпачыць.

Дзеепрыслоўе, абазначаючы дадатковае дзеянне, характарызуе асноўнае дзеянне, якое выражана дзеясловам-выказнікам. У сказе Ён сядзеў за сталом і пісаў пісьмо абодва дзеянні, выражаныя дзеясловамі сядзеў і пісаў, выступаюць раўнапраўнымі і незалежнымі. Наадварот, сказ ён пісаў, седзячы за сталом указвае, што асноўнае дзеянне выражана дзеясловам пісаў, а дзеепрыслоўе седзячы тлумачыць, характарызуе, дапаўняе гэта дзеянне. Такая магчымасць устанаўліваць перспективу паміж дзеяннямі, вылучаючы галоўнае, з'яўляецца важнай стылістычнай функцыяй дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных словазлучэнняў: Легіянер, сустрэўшы знішчаючы погляд злосных вачэй, трусліва здаўся (К-с); Калі ўжо была насыпана магіла, мы зноў уссадзілі немца на воз, і ён на воз лёг, крэкчучы І стогнучы (К. Ч.); Вакол яе кучкамі цясніліся людзі, лічачы пры агні грошы, прачыт-наючы нейкія запіскі, подпісы на нейкіх скрыначках (К. Ч.); Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспом-ніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. I толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых... грудзей (Б.).

Імкненнем вылучыць галоўнае дзеянне, падкрэсліць дэталі яго і зрабіць усю фразу больш цэласнай і сціслай тлумачыцца, напрыклад, праўка наступнага сказа з пер­шай рэдакцыі рамана I. Мележа «Мінскі напрамак»: Ён глядзеў на яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі, на шыю, на бесклапотны, даверлівы ў сне твар і тут упершыню адчуў, што шчасце яму без яе немагчыма. У другой рэдакцыі: Гледзячы на яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі, на шыю, на бесклапотны, даверлівы ў сне твар, ён адчуў, што шчасце без яе немагчыма.

107. Сінаніміка дзеепрыслоўных словазлучэнняў і даданых сказаў. Дзеепрыслоўныя словазлучэнні і сіна-німічныя ім даданыя сказы больш-менш блізкія па агульнаму сэнсу, але не аднолькавыя. Кожная з гэтых канструкцый захоўвае свае адценні, свае адметныя асаблівасці. Так, напрыклад, ужываючы дзеепрыслоўныя канструкцыі замест даданых сказаў прычыны, умовы, уступальных, мы, у прыватнасці, губляем адценні значэння, уласцівыя даданым сказам. Возьмем такі сказ з дзеепрыслоўным словазлучэннем: Здаўшы экзамены, студэнты адчулі сябе лёгка і свободна. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне тут можна замяніць даданым сказам часу (Пасля таго як студэнты здалі экзамены, яны адчулі сябе лёгка і свободна) і даданым сказам прычыны (Студэнты адчулі сябе лёгка і свабодна, таму што здалі экзамены). Усе гэтыя сэнсавыя адценні ў дзеепрыслоўным словазлу-чэнні адсутнічаюць, хаця яны лёгка дапаўняюцца самім кантэкстам. Звычайна менш адчуваецца сэнсавая розніца пры замене дзеепрыслоўным словазлучэннем даданага сказа ўмовы. Параўн. два сказы: Калі падняцца на гэту гару, то можна ўбачыць шырокія просторы Мінскага мора і Падняўшыся на гэту гару, можна ўбачыць шырокія просторы Мінскага мора. У другім сказе дзеепрыслоўнае словазлучэнне сапраўды мае значэнне ўмовы, што і адпавядае сэнсу даданага сказа.

Пры замене ўступальных даданых сказаў дзеепрыслоўным словазлучэннем заўсёды магчыма няяснасць: Хаця ён і добра ведаў усю недарэчнасць гэтай гісторыі, але расказваў рэдка каму. Замяніўшы даданы сказ кан-струкцыяй з дзеепрыслоўным словазлучэннем, мы даём магчымасць разумець яго і як уступальны, і як прычыны: Добра ведаючы ўсю недарэчнасць гэтай гісторыі, ён расказваў рэдка каму. Параўн.: Ён добра ведаў усю не­дарэчнасць гэтай гісторыі, таму расказваў рэдка каму.

108. Памылкі ў выкарыстанні дзеепрыслоўных словазлучэнняў. Адно з важнейшых патрабаванняў пры выкарыстанні дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных словазлучэнняў заключаецца ў тым, што суб'ектам дзеянняў або станаў, якія абазначаны выказнікам і залежным ад яго дзеепрыслоўем, павінна быць адна і тая ж асоба або прадмет: Хлопец пакруціў галавой, памаргаў вачыма, адганяючы сон, і, засмяяўшыся, пабег даганяць калону (I. М.). Дзеепрыслоўі адганяючы і засмяяўшыся, як і выказнікі пакруціў, памаргаў і пабег, абазначаюць дзеянне адной асобы — хлопца. Або: Фыркаючы і сігналячы, праімчаліся штабныя машыны. Дзеепрыслоўі фыркаючы і сігналячы і выказнік праімчаліся суадносяцца з дзейнікам машыны.

Нельга сказаць: Імкнучыся выканаць задание ў брыгадзе значна узрасла працоўная дысцыпліна. Дзеепрыслоўе імкнучыся мае на ўвазе членаў брыгады, а выказнік узрасла адносіцца да дзейніка дысцыпліна. Атрымліваецца, што дысцыпліна сама змагаецца за выкананне за­дания. Такога тыпу памылкі сустракаюцца даволі часта. Праўда, не заўсёды яны кідаюцца ў вочы. Напрыклад, не адразу можна заўважыць памылку ў наступным сказе: Маючы на ўвазе, што ў краіне на капітальнае будаўніцтва штогод выдаткоўваюцца многія мільёны рублёў, пытанне аб суадносінах задзелаў і пусковых аб'ектаў павінна глыбока цікавіць і Дзяржплан. Суб'ектам дзеяння, на якое ўказвае дзеепрыслоўе маючы (на ўвазе), з'яўляюцца складальнікі планаў, а выказнік павінна цікавіць стаіць пры дзейніку пытанне.

У безасабовых сказах дзеепрыслоўнае словазлучэнне можна ўжываць пры ўмове, што ні яно само, ні выказнік не абазначаюць дзеянне якой-небудзь канкрэтнай асобы ці прадмета. Найбольш распаўсюджанымі канструкцыямі ў такіх выпадках з'яўляюцца сказы з выказнікамі тыпу трэба, неабходна, нельга, цяжка, добра і г. д. Напрыклад: Азнаёміўшыся з матэрыяламі, можна (трэба, неабходна) зрабіць наступныя выводы. Не ўжываюцца дзеепрыслоўі пры выказніках, выражаных дзеясловамі ці дзеепрыметнікамі залежнага стану. Нельга, напрыклад, сказаць Павысіўшы прадукцыйнасць працы, рабочымі выконваўся план. Або: Высунуўшы галаву з акна, ён быў забіты.

Некаторыя дзеепрыслоўныя словазлучэнні ператвары-ліся ў застыўшыя (ідыяматычныя) выразы, якія ўжываюцца ў любых сказах як пабочныя словазлучэнні, напрыклад: уласна кажучы, праўду кажучы, мяркуючы па ўсім, паклаўшы руку на сэрца, інакш кажучы, пачынаючы з таго і г. д.

Пры выкарыстанні дзеепрыслоўяў неабходна ўлічваць своеасаблівыя адносіны паміж часам, на які ўказвае выказнік, і часам, на які ўказвае дзеепрыслоўнае сло­вазлучэнне.

Дзеепрыслоўе незакончанага трывання абазначае дзеянне, што адбываецца адначасова з дзеяннем, на якое ўказвае выказнік: Пільна азір аючы лугавіну, каб зноў дзе не напароцца на немцаў, ён чамусьці не ў лад са сваім настроем рантам п а д у м а ў, што, а можа, ён уратаваў іх? (В. Б.)

Дзеепрыслоўе закончанага трывання абазначае звычайна дзеянне, што адбывалася раней за дзеянне, на якое ўказвае дзеяслоў: С у п а к о і ў ш ы с я, ён пачаў д у м а ц ь пра Іх становішча, пра небараку Ціханава, пра тое, як там блукае недзе яго Грыбаед (В. Б.).

Дзеепрыслоўі закончанага трывання могуць указваць таксама на дзеянні, якія адбываюцца адначасова з дзеяннем, выражаным выказнікам. У такіх выпадках яны звычайна (але не абавязкова) стаяць пасля дзеясловаў (пісаў, схіліўшыся): Стуліўшыся за маладой хвойкай, незнаёмец ч а к а ў (В. Б.); Хіснуўшыся, ён падняўся на ногі, пасунуў з жывата на бок napабелум (В. Б.).

109. Стылістычныя асаблівасці канструкцый з аддзея-слоўнымі назоўнікамі. Назоўнікаў, утвораных ад дзеясловаў, шмат, і яны вельмі разнастайныя па сваіх граматычных і стылістычных асаблівасцях. Часта, як гэта адзначалася вышэй, канструкцыі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі бываюць сінанімічныя розным па сэнсу даданым сказам. Гэта стварае магчымасць стылістычнага выбару ў адпаведнасці з характарам тэксту і мэтай выказвання. Канструкцыі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі могуць надаваць выказванню большую сцісласць і лаканічнасць (параўн.: Калі прыйшла сястра, усе ажывіліся і 3 при­ходам сястры ўсе ажывіліся), а таксама ўносіць у яго адценне кніжнага або афіцьійна-дзелавога маўлення (параўн.: Для таго каб палепшыць работу гурткоў, трэба прыняць тэрміновыя меры і Для паляпшэння работы гурткоў трэба прыняць тэрміновыя меры).

Падкрэслена кніжны характар надаюць маўленню аддзеяслоўныя назоўнікі на -анне (-янне), -енне, -ццё: За незвяртанне ўвагі на шматлікія папярэджанні аб'явіць вымову; Ніякага прыняцця мер па гэтых скаргах не было; Адносна прыспешання вытварэння выканання. (Гэтыя прыклады прыводзіць К. Чорны ў артыкуле «Публіцыстычныя нататкі».)

Як відаць, ужыванне аддзеяслоўных назоўнікаў можа выклікаць такія стылістычныя памылкі, як нанізванне аднолькавых склонаў, неапраўданае расшчапленне выказніка і інш.

Недахопы канструкцый з аддзеяслоўнымі словаўтварэннямі выяўляюцца таксама і ў тым, што назоўнікі не заўсёды даюць магчымасць выказаць пэўныя адносіны, якія звычайна выражаюцца пры дапамозе форм часу, трывання, стану дзеясловаў. Так, у сказе Прамоўца нічога не сказаў аб скарачэнні працоунага дня і выпраўленні мінулагодніх памылак няясна, ці працоўны дзень ужо скарочаны, ці ён скарачаецца, ці будзе скарачацца. Тое ж самае можна сказаць і пра слова выпраўленні. У сказе Неабходна клапаціцца аб пашырэнні асартыменту выпускаемой прадукцыі нельга зразумець, што патрабуецца — пашыраць ці пашырыць асартымент вы-пускаемай прадукцыі. Па-рознаму можна зразумець і наступную фразу: Вяртанне хлопчыка (хлопчык сам вярнуўся ці яго вярнулі?).

Калі канструкцыя з аддзеяслоўным назоўнікам недакладна перадае адценні сэнсу, то яе трэба замяніць іншай паралельнай канструкцыяй. Часцей за ўсё ў такіх выпадках ужываюць канструкцыі з асабовымі дзеясловамі. Так, сказ У мэтах паляпшэння вучэбна-выхаваўчага працэсу і стварэння неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы патрабуецца павелічэнне асігнавання сродкаў можна перабудаваць наступным чынам: Для таго каб палепшыць вучэбна-выхаваўчы працэс і стварыць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, трэба павялічыць асігнаванне сродкаў.

Пры пералічэнні дзеянняў аддзеяслоўныя назоўнікі звычайна выступаюць як уяўныя прадметы. У такіх выпадках, асабліва ў кніжнай мове, лепш ужываць не назоўнікі, а інфінітывы. Замест Нам трэба часцей пра-водзіць наведванне цэхаў, кантраляванне выканання ўсіх пунктаў дагавораў з адміністрацыяй, інструктаванне профсоюзных работнікаў можна сказаць: Нам трэба часцей наведваць цэхі, кантраляваць выкананне ўсіх пунктаў дагавораў з адміністрацыяй, інструктаваць профсоюзных работнікаў. Праўда, такія канструкцыі не заўсёды сінанімічныя ў поўным сэнсе гэтага слова. Напрыклад, фразы Люблю чытаць і Люблю чытанне могуць выражаць розны сэнс: інфінітыў абазначае дзеян­не той жа асобы, што і дзеяслоў люблю, а назоўнік можа ўказваць на дзеянне іншай асобы: Люблю мастацкае чытанне Слесарэнкі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]