Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
М.Я.Цікоцкі.doc
Скачиваний:
112
Добавлен:
14.04.2019
Размер:
1.8 Mб
Скачать

Асаблівыя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення

114. Агульныя заўвагі. Сінтаксіс кніжнага маўлення, асабліва мастацкага і публіцыстычнага стыляў, вельмі разнастайны па сваіх стылістычных асаблівасцях. Гэта тлумачыцца перш за ўсё пастаянным кантактам і ўзаемадзеяннем пісьмова-кніжных і гутарковых адзінак. Сінтак-сіс мастацкай і публіцыстычнай мовы адметны таксама тым, што ў ім найбольш багата і разнастайна праяўляюцца індывідуальныя асаблівасці моўнай манеры пісьменніка (або публіцыста).

Агульнай рысай сінтаксісу мастацкай і публіцыстычнай мовы з'яўляецца тое, што гэта літаратурна апрацаваны сінтаксіс, які характарызуецца асаблівай упарадкаванасцю, раўнавагай, сіметрыяй розных адзінак.

Найбольш ярка ўпарадкаванасць сінтаксісу мастацкай мовы праяўляецца ў паэзіі з яе выразным дзяленнем на рытміка-сінтаксічныя адзінкі — строфы. Так, верш М. Танка «Красуня» па сутнасці ўяўляе сабою адзін развіты складаназалежны сказ:

Яшчэ маці не купіла

Чаравічак — ходзіць босай,

Яшчэ добра не адмыла

Ад вяснушак твар курносы,

А ўжо, стаўшы ў люстра лужы,

Са здзіўленнем паглядае.

Як бутон чырвонай ружы

Пад хусцінкаю палае.

Імкненне да рытмічнай стройнасці сінтаксічнай будовы кожнай фразы і твора ў цэлым назіраецца таксама і ў мастацкай прозе, і ў публіцыстыцы. Найбольш распаўсюджанымі прыёмамі сінтаксічнай арганізацыі мастац­кага твора з'яўляюцца анафара, эпіфара, паралелізм, градацыя і інш.

115. Анафара. Гэты прыём заключаецца ў тым, што некалькі сказаў або абзацаў пачынаюцца аднолькавым словам або групай слоў. Ствараецца паралелізм сказаў і эмацыянальна падкрэсліваецца слова, якое паўтараецца: Здаецца, там лечацца раны чалавечай душы. Здаецца, тут усё існуе на вялікую радасць (К- Ч.); Ужо болыи за гадзіну, як сцямнела пачалася ноч... Ужо больш за гадзіну ступае і ступае, упёршыся плячамі ў хамут і храпучы, чорны конь (Пташн.); За ёю былі прыдняпроўскія адхоны, вёскі, пушчы і мястэчкі. За ёю былі замшэлыя замкі, чорныя хаты і старажытныя белыя званіцы (Каратк.).

Або:

Сорак дзевяць начэй і дзён

Акіян ад вятроў гудзіць.

Сорак дзевяць начэй і дзён

Смерць у вочы байцоў глядзіць.

Сорак дзевяць начэй і дзён

Стогне бездань, як звер, раве.

Сорак дзевяць начэй і дзён

Вера ў сэрцах сяброў жыве (Пл.).

116. Эпіфара. У эпіфары, у процілегласць анафары, суседнія сказы заканчваюцца аднолькавым словам або групай слоў, што таксама ўзмацняе, падкрэслівае іх:

Снег бялеецца ў вышынях,

На гары, на стромкай скале,

Кветкі квецяцца ў даліне,—

Ў сонцы, у кветках Генацвале,

Было люба мне ў Цхалтуба,

Ў жыватворнай цёплай цхалі,

Было люба, як галубіў

Цябе ў думках, Генацвале.

Ты лячыла ўсмешкай мілай,

Твае лекі чаравалі,

Сны чароўныя будзіла

Ты, грузінка, Генацвале.

Ой, паеду я далека,

Сэрца сціснецца ад жалю,

Будзе сумна, адзінока

Без цябе мне, Генацвале (Куп.).

Або: А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар! (К- Ч.); А Галя плача. Ідзе па дарозе і плача (Б.).

117. Паралелізм. Паралелізм сказаў стварае выразную сінтаксічную сіметрыю. У гэтым выпадку члены сказа расстаўлены ў адной паслядоўнасці і выражаны аднолькавымі формамі: Калі вораг сарве яблык, паспеў-шы ў нашым садзе, то яблык разарвецца ў яго руках гранатай! Калі ён сажне жменю нашых цяжкіх каласоў, зерне вылеціць і паразіць яго свінцовым дажджом! Калі ён падыдзе да нашых чыстых, сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады (Куп.).

Характэрны прыклад поўнага пералелізму ў пабудове не толькі сказаў, але і цэлых абзацаў:

Другі голуб кажа:

— Есць у пана дачка прыгожая. Яна хварэе. I колькі ўжо дактароў розных прыязджала, але ніхто не можа яе вылячыць. А вылячыць яе трэба вось як: у яе пад падлогай ляжыць рак. Вось ён і цягне сокі з дзяўчыны. Трэба падняць дошкі, забіць рака, і дзяўчына выздаравее. Пан жа за гэта дасць многа дабра.

Трэці голуб кажа:

— Есць сяло, дзе няма вады. Людзі вельмі пакутуюць. I каб была вада, трэба' за сялом камень павярнуць на другі бок. Там, пад камнем, ёсць крыніца. Людзі дадуць таму чалавеку многа дабра (з казкі).

118. Кальцо страфы. Стылістычны прыём, які заключаецца ў тым, што сказ пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словамі або словазлучэннямі:

Часцей, часцей прыпамінай

Імёны паўшых смерцю храбрых

За родны край, наш мілы край,—

Каб над зямлёй, што млела ў ранах,

Плыў гэты сіні-сіні ранак,

Цвіў гэты белы-белы май,—

Часцей, мой друг, прыпамінай!

Прыпамінай часцей, мой друг,

Імёны тых, што ўсё зрабілі,—

Вышэй усіх тваіх заслуг,

Што, як і ты, да слёз любілі

Маністы ўвосень на рабіне

I ў ліпкіх смолках майскі луг,—

Не забывай пра іх, мой друг!.. (Пл.)

119. Кампазіцыйны стык. Кампазіцыйны стык утвараецца паўтарэннем у пачатку новага сказа (новай страфы ў вершах) слоў, якія заканчваюць папярэдні сказ (страфу). Так, у вершы Н. Гілевіча словы Прыпамінай часцей, мой друг у розных варыяцыях утвараюць не толькі кальцо страфы, але і кампазіцыйны стык паміж дзвюма строфамі, з якіх складаецца верш.

Гэты прыём выкарыстоўваецца не толькі ў паэзіі, але і ў мастацкай прозе і ў публіцыстыцы: Лес шумеў. Смутна шумеў стары лес (К-с); А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца бадай мацней, чым перад сваей першай апе-рацыяй (Шам.); Ідзе час, а я ўсё сяджу. Сяджу без дум, без сілы (В. Б.); / назаўтра яе алені не прыйшлі. Не прыйшлі яны і праз дзень (Пташн.).

Кампазіцыйны стык можа быць утвораны паўтарэннем слоў у сярэдзіне сказа, у выніку чаго ён распадаецца на дзве самастойныя часткі: На калясцы—адна, левай ру­кой калываючы рычажок,— у кабінет уехала тая румяная зноў, зноў рагатушка... без ног I правай рукі (Б.).

Цікавы прыклад ужывання кампазіцыйнага стыку ў гумарыстычных мэтах знаходзім у апавяданні К. Крапівы «Вайна»: Але пан Скнарэўскі (любіць, калі так завуць) вырашыў ужо, што ён будзе рабіць з сваімі кватаран-тамі, калі будзе вайна. Бо ён разважае так, што калі будзе вайна, то прыйдуць паны. А калі прыйдуць паны, то не будзе камхозу. А калі не будзе камхозу, то Скнарэўскі — гаспадар свайму дому. А калі гаспадар, то што за-хоча, тое з сваім домам і зробіць.

3 такой жа стылістычнай мэтай ужываецца кампазіцыйны стык і ў наступным прыкладзе: Прыстаў грозна зірнуў на ўрадніка. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага. Соцкі стаяў бокам і смяяўся ў рукаў (К-с).

120. Градацыя. Градацыя — стылістычная фігура, якая заключаецца ў такім размяшчэнні частак выказвання (слоў, адрэзкаў сказа), калі кожная наступная частка мае большае сэнсавае або эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне, у выніку чаго нарастае выразнасць маўлення. Напрыклад: / ў светлым вобразе дзяўчыны, якую палюбіў яе сын, а за ім і яна, і ў самім пачуцці гэтым — узнага-родзе за нялёгкае ўдовіна жыццё, было і сапраўды нешта сонечнае, яснае, залатое... (Б.); Ішлі сівыя ветэраны і бязвусая моладзь. Плячо да пляча, локаць да локця. Сябры. Паплечнікі (з газеты).

Характэрны ўрывак з прамовы Я. Коласа на 2-м Усеславянскім мітынгу ў Маскве, у красавіку 1942 г.:

На травяністым узгорку каля дарогі ляжыць маладая жанчына. У некалькі крокаў ад яе, уставіўшы ў неба нерухомыя вочы, скурчылася постаць яе мужа. Хлопчык гадоў чатырох не зусім усведамляе, што здарылася з мамаю і таткам. Але ён бачыць кроў на твары мацеры. Яго дзіцячая душа ўстрывожана пачуццём страху і жалю. Ен гладзіць рукою твар мацеры і жаласна просіць: мама, уставай! Не ўстане яго маці, не адклікнецца бацька на словы мальбы асірацелага дзіцяці. А нямецкага ірада-забойцу не кране трагедыя дзіцячай душы і сірочага лёсу. Няхай жа падзе праклён на галовы забойцаў!

Нарастанне драматызму сітуацыі перадаецца ў паступовай змене танальнасці — ад журботна-лірычнай ў пачатку ўрыўка да гнеўнага пафасу, нянавісці і абурэння ў канцы яго.

121. Антытэза выражае процілегласць двух паняццяў, падкрэслівае кантраст: Адзін накраў — багацце ўмножыў, другі згалеў, галей сабакі... Б яду нажыці ўсякі можа, бяды пазбыцца — не ўсякі (Куп.); Ты да чалавека з ду­шой, а ён да цябе спіной; Гаворыць, як спявае, а за пазухай камень трымае (прыказкі).

122. Паўтор слоў у сярэдзіне сказа ўжываецца для іх узмацнення: Дык вось, нестае, моцна нестае чалавечых сустрэч з размовамі, смуткамі, разумам і глупствам (Луж.); Так, многае, вельмі многое змянілася ў адносінах паміж самімі калгаснікамі, паміж брыгадзірамі, старшынямі і хлебаробамі (Я. С); У такой цішыні думаецца і думаецца пра ўсё на свеце (Пташн.).

123. Рытарычнае пытанне — сродак эмацыянальнага пацвярджэння пэўнай думкі:

Ды хіба ж мы праў не маем,

Сілы шлях свой адзначаць

I сваім уласным краем

Край свой родны называць? (К-с)

Яшчэ прыклады: Смеласць, цвёрдасць свая,— якія могуць быць смеласць, цвёрдасць, калі свет завязаны, калі, хочаш не хочаш, мусіш ісці, куды лес вядзе, калі не ведаеш, куды падацца? (I. М.); Рыбачкд, Хадосечко!.. Што ж ето ты, галовачко, удумала!..Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока свае! Не любілі, не шкадавалі хіба?! (I. М.)

124. Перыяд — асаблівая разнавіднасць складанага сказа, які спалучае разгорнутае выкладанне тэмы з музычнасцю і рытмічнасцю сінтаксічнай будовы. Перыяд выразна распадаецца на дзве часткі, адна з якіх чытаецца з павышэннем інтанацыі, а другая — з паніжэннем. Пер­шая частка перыяду пры чытанні звычайна заканчваецца некаторай паўзай — кульмінацыйным пунктам, пасля якога пачынаецца другая частка. Перыяды ўжываюцца і ў паэзіі, і ў мастацкай прозе, і ў публіцыстыцы:

Як захліпнуўся ад радасці жаўранак,

Славячы сонца вясновага дня,

Як на куп'і, на балотных выжарынах

Мякка хрумсціць пад нагамі сушняк;

Як па-над ярам пад ветравым подыхам

Вольха сухая рыпіць і рыпіць,

Як адвячоркам над соннымі водамі

Кнігаўка ўсё не дапросіцца піць,—

Тры гады я не чуў.

Як засінелася возера чыстае,

Бо маладая красуня вясна,

Каб падсініць хмар касынкі пушыстыя,—

Сінькі ў ваду сыпанула сйаўна;

Як палахлівым дзіцём устрывожаным

Хмель каля вольхі абвіўся вакол,

Як у бары, бы маленькія вожыкі,

Шышкі хваёвыя ўсыпалі дол,—

Тры гады я не бачыў (Р. Б.).

Прыклад з верша М. Танка:

Каб стварыў такую песню,

Што няўцешлівых пацешыць,

Што сляпым заззяе зоркай,

Што глухім і голас верне,

Што ў сухмень вадой напоіць,

Што ў мароз акрые світкай,

Што ў галодны час накорміць,

А параненым — залечыць

Незагоеныя раны,—

Найшчасліўшы быў бы ў свеце

I спа'койна ў час апошні

Я закрыў бы свае вочы.

Пералічаныя вышэй сродкі не вычэрпваюць, вядома, усёй стылістычнай своеасаблівасці сінтаксісу мастацкай і публіцыстычнай мовы. Яны характэрны галоўным чынам для мовы ўзвышанай, урачыстай і таму патрабуюць асцярожнага іх выкарыстання. Калі гэтыя сродкі ўжываюцца без уліку асаблівасцей тэмы і зместу літаратурнага выступления, то ствараюць уражанне празмернай рытарычнасці, манернасці і стылізаванасці мовы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]