Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

§ 27. Беларусь у час германскай акупацыі 1918 г. Абвяшчэнне беларускай народнай рэспублікі

Успомніце. 1. Калі быў прыняты Дэкрэт аб міры? 2. Якімі былі яго асноўныя палажэнні? 3. Калі закончылася Першая сусветная вайна? 4. Што такое дзяржава? Назавіце яе асноўныя прыкметы.

Новае наступленне германскіх войск. Брэсцкі мірны дагавор. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб міры ў мэтах спынення вайны Савецкі ўрад неаднаразова звяртаўся да саюзнікаў Расіі – краін Антанты з прапановай заключыць з аўстра-германскім блокам дэмакратычны мір. Аднак краіны Антанты адмовіліся ад мірных перагавораў. У такой сітуацыі кіраўніцтва Савецкай Расіі вымушана было пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2 снежня 1917 г. было падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9 снежня ў Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы. Савецкая дэлегацыя прапанавала заключыць справядлівы дэмакратычны мір: мір без анексій і кантрыбуцый. Аднак германская дэлегацыя адмовілася заключыць такі мір і 10 лютага 1918 г. выставіла ультыматыўныя патрабаванні, згодна з якімі анексіравалася значная частка тэрыторыі Савецкай Расіі, у тым ліку большая частка Беларусі.

Выкарыстаўшы адмову кіраўніка Савецкай дэлегацыі Л. Троцкага падпісаць дагавор на цяжкіх для Савецкай Расіі ўмовах, германскае камандаванне 16 лютага 1918 г. афіцыйна заявіла аб спыненні перамір’я і аднаўленні ваенных дзеянняў. Пры гэтым яно зыходзіла з ведання таго, што старая расійская армія ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб міры была дэмабілізавана, а новая армія савецкай уладай яшчэ не створана. Таму германскае камандаванне разлічвала на хуткі захоп Петраграда і Масквы і ліквідацыю Савецкай Расіі.

18 лютага 1918 г. германскія і аўстра-венгерскія войскі пачалі наступленне. 21 лютага 1918 г. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву “Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!”. У адказ на гэты заклік тысячы рабочых і сялян пайшлі ў Чырвоную Армію. 23 лютага 1918 г. наспех арганізаваныя атрады Чырвонай Арміі пад Нарвай і Псковам разграмілі адборныя, добра ўзброеныя фарміраванні кайзераўскіх войск, якія наступалі на Петраград. Гэты дзень, дзень 23 лютага, стаў днём нараджэння Чырвонай Арміі і святкаваўся ў Савецкім Саюзе як Дзень Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту (сёння ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца як Дзень абаронца Айчыны).

У сувязі з наступленнем кайзераўскіх войск палкі і батальёны Чырвонай Арміі ствараліся і ў Беларусі. Былі сфарміраваны Магілёўскі полк, чатыры батальёны імя Віцебскага Савета, 1‑ы і 2‑і гомельскія чырвонагвардзейскія батальёны, Аршанскі конны дывізіён і інш.

У пачатку сакавіка 1918 г. наступленне кайзераўскіх войск удалося спыніць на лініі Полацк – Орша – Магілёў – Гомель. Толькі ва ўсходніх паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў існавала савецкая ўлада.

3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны мірны дагавор на вельмі цяжкіх для Савецкай Расіі, у тым ліку і Беларусі, умовах. Тэрыторыя Беларусі дзялілася паміж зацікаўленымі дзяржавамі. Паводле дагавору, беларускія землі на захад ад лініі Дзвінск – Ліда – Пружаны – Брэст адыходзілі да нямецкага боку. Тэрыторыя Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі перадавалася Украінскай Народнай Рэспубліцы. Астатнія беларускія землі разглядаліся як выключнае права Расійскай Федэрацыі. Як бачна, інтарэсы Беларусі ні адным з удзельнікаў перагаворнага працэсу ў Брэст-Літоўску не ўлічваліся. Акупацыя большай часткі яе тэрыторыі да лініі Полацк – Орша – Магілёў – Гомель кайзераўскімі войскамі працягвалася.

Барацьба беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў. На захопленай тэрыторыі акупанты адмянілі дэкрэты савецкай улады, аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. Жорсткі акупацыйны рэжым выклікаў моцнае супраціўленне беларускага народа. З першых дзён акупацыі пачала разгортвацца дзейнасць падпольных патрыятычных арганізацый. Па іх ініцыятыве на фабрыках і заводах пракацілася хваля забастовак. У многіх месцах забастоўкі перараслі ва ўзброеную барацьбу. Узброеныя сутычкі рабочых з акупантамі адбыліся ў Гомелі, Гродне, Жлобіне, Рагачове і іншых гарадах.

На барацьбу з акупантамі выступілі і сяляне. Вясной 1918 г. сялянскія паўстанні ўспыхнулі ў Навагрудскім, Слуцкім, Быхаўскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і іншых паветах.

Масавы вызваленчы рух патрабаваў каардынацыі дзеянняў, выпрацоўкі адзінай праграмы барацьбы. У жніўні 1918 г. у Смаленску адбылася 1‑я канферэнцыя камуністычных арганізацый акупіраванай тэрыторыі Літвы і Беларусі. Галоўнай задачай падпольных арганізацый канферэнцыя прызнала стварэнне партызанскіх атрадаў, узбраенне рабочых і сялян для барацьбы з ворагам. Да восені 1918 г. партызанскі рух разгарнуўся на ўсёй захопленай ворагам тэрыторыі Беларусі. У Мінскім, Магілёўскім, Барысаўскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Бабруйскім, Ігуменскім, Слуцкім і Быхаўскім паветах вялі барацьбу з нямецкімі акупантамі звыш 100 партызанскіх атрадаў. Партызаны кантралявалі Пінскі, Лунінецкі, Кобрынскі, Ганцавіцкі, Столінскі і іншыя паветы. У Бабруйскім павеце была створана так званая “Рудабельская рэспубліка”.

27 жніўня 1918 г. урады РСФСР і Германіі падпісалі дадатковы дагавор, паводле якога германскія войскі адыходзілі да р. Бярэзіны. Паражэнне аўстра-германскага блоку ў Першай сусветнай вайне і Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі дазволілі ўраду У. Леніна ануліраваць 13 лістапада 1918 г. Брэсцкі дагавор. Пачалося вызваленне Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Да сярэдзіны лютага 1919 г. амаль уся яе тэрыторыя была вызвалена.

У 1917–1920 гг. на руінах былых імперый – Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай – утварыўся шэраг незалежных дзяржаў: Фінляндыя, Польшча, Украіна, Літва і інш. Кіраўніцтва некаторых новых дзяржаў-суседзяў адмоўна ставілася да стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Так, Цэнтральная рада Украіны пачала ўкраінізацыю паўднёвай часткі Беларусі, якую атрымала па Брэсцкаму дагавору. Літоўскае кіраўніцтва даволі стрымана адносілася да стварэння беларускай дзяржаўнасці, прэтэндуючы на далучэнне заходніх рэгіёнаў Беларусі да сваёй дзяржавы. Кіраўнікі Польшчы на словах былі за федэратыўныя адносіны з Беларуссю, Украінай і Літвой, а на самой справе хацелі “праглынуць” іх і далучыць да Польшчы. Гэта азначала б аднаўленне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ва ўмовах новага нямецкага наступлення, якое пачалося 18 лютага 1918 года, Выканком Рады Усебеларускага з’езда выдаў загад №1, у якім заявіў аб пераходзе да яго усёй улады ў краі. У дзень захопу Мінска немцамі 21 лютага 1918 г. Выканком Рады Усебеларускага з’езда звярнуўся да народа Беларусі з 1-й Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у краі. Выканаўчым органам, урадам стаў Народны сакратарыят на чале з Я. Варонка.

9 сакавіка 1918 г. Выканком Рады прыняў 2-ю Устаўную грамату, у якой Беларусь была аб’яўлена Народнай Рэспублікай і вызначаны асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу, тэрыторыя, правы і свабоды грамадзян, формы ўласнасці і інш. 18 сакавіка 1918 г. Выканком Рады Усебеларускага з’езда быў рэарганізаваны ў Раду БНР як вышэйшы заканадаўчы орган. Прэзідыум Рады ўзначаліў І. Серада.

25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнаграфічных межах пражывання беларусаў. Нацыянальнымі дзеячамі ў якасці дзяржаўнага сцяга быў прыняты бела-чырвона-белы сцяг. Разам з гербам “Пагоня” – гербам Вялікага княства Літоўскага – яны сталі дзяржаўнымі сімваламі БНР. Як лічаць некаторыя даследчыкі, напісаны М. Тэраўскім на словы М. Краўцова марш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” стаў гімнам самаабвешчанай дзяржавы.

Рада БНР спрабавала рэалізаваць незалежнасць дзяржавы пры дапамозе знешніх сіл, што з’яўлялася яе вялікай памылкай. 25 красавіка 1918 г. яна накіравала тэлеграму германскаму кайзеру Вільгельму ІІ, у якой выказвалася падзяка “за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску чужога пануючага здзеку і анархіі”. Толькі пад абаронай Германскай імперыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні, – адзначалася ў тэлеграме. Але кіраўніцтва Германіі афіцыйна так і не прызнала БНР.

Перамога ў Радзе БНР кансерватыўных элементаў, іх прагерманская арыентацыя, партыйнае рознагалоссе прывялі да вострага палітычнага крызісу. Раду пакінулі эсэры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты. Беларуская сацыялістычная грамада як палітычнае ядро Рады БНР раскалолася. На яе базе ўтварыліся тры новыя партыі – Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП) і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Неўзабаве быў сфарміраваны новы склад Народнага сакратарыяту, які адкрыта выказаўся за работу ў цесным кантакце з акупантамі. Былі прызнаны несапраўднымі дэкрэты савецкай улады.

Такія дзеянні ўсё больш адштурхоўвалі кіраўніцтва БНР ад беларускага народа, пазбаўлялі Раду і ўрад самаабвешчанай дзяржавы яго падтрымкі. Тым не менш яны лічылі сябе прадстаўнікамі гэтага народа, дамагаючыся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919–1920 гг.

Краіны Антанты, з аднаго боку – не выказвалі выразна сваіх адносін да беларускага нацыянальнага руху, а з другога – нічога не рабілі для стрымлівання намераў польскага ўрада наконт аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. Для краін Антанты ў той час было больш важным выкарыстаць ваенныя сілы гэтай дзяржавы супраць Савецкай Расіі. Таму дамаганні Рады і ўрада БНР на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі поспехам не ўвянчаліся, краіны Антанты БНР афіцыйна не прызналі.

У поўным сэнсе слова Беларуская Народная Рэспубліка дзяржавай не з’яўлялася. Утварэнне самастойнай дзяржавы прадугледжвае не толькі яе абвяшчэнне, але і функцыянаванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, прыняцце законаў, ажыццяўленне канкрэтных знешніх і ўнутрыпалітычных функцый. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі фактычна ўсе пытанні дзяржаўнага ўзроўню вырашаліся не Радай і Народным сакратарыятам БНР, а германскай ваеннай адміністрацыяй. БНР не здзяйсняла свае паўнамоцтвы на ўсёй тэрыторыі пражывання беларусаў, не мела ўласнай арміі, органаў улады на месцах, фінансавай і судовай сістэмы. Яна не атрымала належнага міжнароднага прызнання. Функцыі ўрада БНР абмяжоўваліся палавінчатымі паўнамоцтвамі нацыянальнага прадстаўніцтва пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем пад кантролем немцаў задач ў галіне культуры і адукацыі.

Такім чынам, адносна БНР можна гаварыць толькі аб спробе стварэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на буржуазнай аснове. Нельга ні перабольшваць значэнне абвяшчэння БНР, як гэта робіцца ў некаторых сучасных публікацыях, ні замоўчваць факт абвяшчэння БНР, як гэта рабілася ў савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]