Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Назавіце прычыны паступовага згортвання новай эканамічнай палітыкі на рубяжы 20–30-х гг.?

2. Калі ў СССР пачала праводзіцца палітыка разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсяму фронту? Назавіце тры складаючыя гэтай палітыкі.

3. Калі ў СССР быў распрацаваны курс на сацыялістычную індустрыялізацыю?

4. Назавіце мэты і сродкі правядзення індустрыялізацыі ў СССР.

5. У чым заключаліся асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў Беларускай ССР?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Вызначце станоўчыя і адмоўныя наступствы новай эканамічнай палітыкі. Запоўніце табліцу і на яе падставе дайце ацэнку нэпа.

Станоўчыя наступствы нэпа

Адмоўныя наступствы нэпа

2. Параўнайце індустрыялізацыю ў СССР і на Захадзе па самастойна выбраных крытэрыях. Вызначце агульнае і адметнае.

3. Растлумачце:

а) чым было абумоўлена развіццё ў БССР у гады індустрыялізацыі традыцыйных галін прамысловасці?

б) як уплывала прыгранічнае становішча БССР на правядзенне індустрыялізацыі;

в) чым было абумоўлена развіццё новых галін прамысловасці ў БССР?

4. З дапамогай карты ахарактарызуйце геаграфію індустрыялізацыі ў БССР. Чым яна была абумоўлена?

5. Дайце аргументаваную ацэнку індустрыялізацыі ў БССР. Растлумачце сэнс тэзіса: “БССР стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай Савецкага Саюза”.

Спіс ілюстрацый

1. Мінскі станкабудаўнічы завод імя Варашылава (былы завод “Энергія”). 1930‑я гады.

2. Гарбарны завод “Бальшавік” у Мінску. 1930‑я гады.

3. Магілёўская фабрыка штучнага валакна. Агульны выгляд. Канец 30-х гг. ХХ ст.

4. Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ. 30-я гады ХХ ст.

5. Мінскі радыёзавод. 1940 г.

6. Будаўніцтва галоўнага корпуса Беларускай дзяржаўнай раённай электрастанцыі (БелДРЭС). Аршанскі раён. 1930 г.

7. Электрастанцыя №1 па Савецкай вуліцы ў Мінску (сучасны ўчастак праспекта Ф. Скарыны паміж цыркам і мастом праз р. Свіслач). 1930‑я гады.

§ 32. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

Успомніце. 1. Што такое кааперацыя? 2. Якія формы кааперацыі вам вядомы? 3. Чым яны адрозніваюцца адна ад другой?

Курс на правядзенне палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У СССР і БССР сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў вёсцы ў канцы 20–30‑х гг. ХХ ст. вядомы як калектывізацыя сельскай гаспадаркі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркіпалітыка Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, накіраваная на вытворчае каапераванне сялянскіх гаспадарак, масавы іх перавод з індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную. Аб’ектыўна яна была неабходнай для больш поўнага забеспячэння прамысловасці якаснай сельскагаспадарчай сыравінай, а насельніцтва – прадуктамі харчавання, для выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі і перадавога вопыту ў мэтах павышэння эфектыўнасці гаспадарання, для павышэння дабрабыту народа.

Пры распрацоўцы і правядзенні палітыкі калектывізацыі ўлічваліся калектывісцкія традыцыі славянскай вёскі – сялянская абшчына, калектыўная праца на будаўніцтве дарог і мастоў, падчас дапамогі людзям, трапіўшым ў бяду (“талака”), а таксама вопыт развіцця кааперацыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Стварэнне калектыўных гаспадарак пачалося з першых гадоў савецкай улады. К 1927 г. у БССР было звыш 400 арцеляў, камун і таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, а таксама 213 саўгасаў.

Курс на правядзенне палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі распрацаваў ХV з’езд ВКП(б) у снежні 1927 г.

Калгас як форма вытворчага кааперавання. Асноўнай формай вытворчага кааперавання сялянскіх гаспадарак былі прызнаны калгасы, у якіх, на думку іх арганізатараў, найбольш поўна спалучаліся грамадскія і асабістыя інтарэсы сялян. Калгасы павінны былі стварацца на базе калектыўнага гаспадарання і добраахвотнага абагулення сродкаў вытворчасці, якія меліся ў індывідуальных гаспадарках сялян. Калгасы – буйныя сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы.

Стварэнню калгасаў, як правіла, папярэднічала арганізацыйная і агітацыйна-прапагандысцкая работа, у працэсе якой стараліся пераканаць сялян у перавагах калектыўнай гаспадаркі перад індывідуальнай і неабходнасці добраахвотнага ўступлення сялян у калгасы. Там, дзе гэта было магчыма, праводзіліся ў гэтых жа мэтах экскурсіі прадстаўнікоў сялян у бліжэйшыя да вёскі камуны, саўгасы, арцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі. Рабілася нямала для таго, каб забяспечыць добраахвотнасць уступлення сялян у калгасы.

Аднак прынцып добраахвотнасці пры арганізацыі калгасаў не заўсёды забяспечваўся. Разам з тым трэба лічыць памылковымі сцвярджэнні некаторых гісторыкаў аб тым, быццам усё сялянства варожа ставілася да палітыкі калектывізацыі, не жадала ўступаць у калгасы, а яго гвалтам туды заганялі. Адносіны розных пластоў сялянства да калгаснага будаўніцтва былі неаднолькавыя.

Бяднейшае і частка сярэдняга сялянства віталі калектывізацыю сельскай гаспадаркі і звязвалі з ёй сваю будучыню. Большая частка сераднякоў у выніку дваістасці іх псіхалогіі як працаўнікоў і ўласнікаў праяўляла палітычную няўстойлівасць, хістанні, стрыманасць, іншы раз варожасць з‑за неразумення ці запалохвання з боку кулакоў, баялася праіграць, згубіць уласнасць і нічога не атрымаць узамен. На перакананне гэтай часткі насельніцтва і была накіравана перш‑наперш, агітацыйна-прапагандысцкая работа. Варожа ставілася да калгасаў толькі частка заможнага сялянства, сельская буржуазія, якую тады называлі кулакамі.

Пры арганізацыі калгасаў ажыццяўлялася абагуленне сродкаў вытворчасці, якія меліся ў сялянскіх гаспадарках, і на базе гэтага ствараліся непадзельныя фонды калгасаў. Належалі да абагулення сеялкі, жняяркі, малатарні, веялкі, плугі, кульціватары, бароны, калёсы, іншая сельскагаспадарчая тэхніка і прыналежнасці вытворчага прызначэння. Абагульваліся таксама коні як цяглавая сіла і пабудовы вытворчага прызначэння – гумны, амбары, свіраны і інш.

Катэгарычна забаранялася абагульваць жыллёвыя пабудовы сялян і прадметы іх дамашняга ўжытку, кароў, свінняў, авечак, іншую дамашнюю жывёлу сялян, а таксама свойскую птушку (курэй, гусей, качак і г.д.). Не дазвалялася абагульваць памяшканні для ўтрымання дамашняй жывёлы і свойскай птушкі. Там, дзе мясцовыя партыйныя і савецкія органы рабілі спробы абагульваць індывідуальную сялянскую маёмасць, мелі месца сур’ёзныя парушэнні прынцыпаў і правіл калектывізацыі сялянскіх гаспадарак, бо абагуленню належалі толькі сродкі вытворчасці.

Пераход да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі і фарсіраванне яе тэмпаў. Без патрэбных матэрыяльна-тэхнічных і маральна-псіхалагічных умоў у другой палове 1929 – пачатку 1930 г. пачалася суцэльная калектывізацыя і звязанае з ёй фарсіраванне тэмпаў. На гэта арыентавала пастанова ЦК ВКП(б) ад 5 студзеня 1930 г. “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”. Яна абумовіла выкарыстанне адміністрацыйна-сілавых метадаў у правядзенні калектывізацыі. Сялян часта прымушалі запісвацца ў калгасы, што прывяло да нарошчвання колькасных паказчыкаў. Да 1 сакавіка 1930 г. у калгасы было аб’яднана 58% агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак Беларусі. Гэта быў самы высокі паказчык калектывізацыі ў першай пяцігодцы.

Рэакцыяй сялянства на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і абагуленне рабочай, а нярэдка дамашняй жывёлы і свойскай птушкі сталі масавы зарэз і продаж жывёлы. Да мая 1930 г. пагалоўе коней і буйнай рагатай жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць. Растлумачальная работа сярод насельніцтва поспеху не мела. Сельская гаспадарка панесла вялікія страты.

Палітыка дзяржавы ў адносінах да кулакоў. Пры стварэнні калгасаў савецкая ўлада праводзіла дыферэнцыраваную палітыку ў адносінах да розных пластоў сялянства. Апорай камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы ў вёсцы з’яўлялася бедната і частка сераднякоў. Гэту частку насельніцтва сёння некаторыя гісторыкі па палітыка-ідэалагічных матывах зневажаюць, называюць гультаямі, басотай, люмпенамі. Большую частку сераднякоў, якія праяўлялі палітычную няўстойлівасць і хістанні, партыйныя і савецкія органы стараліся пераканаць у перавагах калектыўнай формы гаспадарання і прыцягнуць на бок савецкай улады.

Рэпрэсіўныя меры прымаліся толькі да кулакоў, многія з якіх вялі забароненую законам антысавецкую і антыкалгасную прапаганду, здзяйснялі тэрарыстычныя акты (забівалі камуністаў, камсамольцаў і сельскіх актывістаў), займаліся шкодніцкай дзейнасцю (знішчалі калгасную маёмасць). Многія з заможных сялян нічога дрэннага не рабілі і пацярпелі толькі таму, што іх аднеслі да катэгорыі кулакоў. Разам з тым нельга агульна называць усіх кулакоў руплівымі заможнымі гаспадарамі, якіх савецкая ўлада незаслужана карала, крыўдзіла за тое, што яны кулакі. Толькі са студзеня да красавіка 1930 г. у БССР было зафіксавана 519 кулацкіх выступленняў.

Улічваючы палітычную пазіцыю і шкодніцкую дзейнасць кулацтва, а таксама факт суцэльнай калектывізацыі была распрацавана новая палітыка ў адносінах да заможнай часткі сялянства. Гэта палітыка ліквідацыі кулацтва як класа на аснове суцэльнай калектывізацыі.

Сэнс дадзенай палітыкі заключаўся ў тым, каб пазбавіць кулакоў сродкаў вытворчасці і магчымасці эксплуатаваць сялян, а таксама перавыхаваць іх шляхам далучэння да прадукцыйнай працы. Раскулачванне валадароў асноўных сродкаў вытворчасці і сельскагаспадарчага вопыту праводзілася ў жорсткай форме. У многіх месцах яно набыло характар прамога рабавання і глумлення над асобай селяніна, распальвання нізкіх страсцей бядняцкіх пластоў вёскі, якім даставалася частка маёмасці раскулачаных. З кулакоў дзяржаўная прапаганда стварала вобраз ворагаў, якія не здаюцца, а таму іх трэба знішчаць. Кулак быў фактычна пастаўлены па-за законам. Гэта, безумоўна, сумная старонка нашай гісторыі.

Перагібы і памылкі ў калгасным руху. Непазбежным вынікам паспешнасці, фарсіравання тэмпаў калектывізацыі сталі перагібы і памылкі ў калгасным руху. 14 сакавіка 1930 г. з’явілася пастанова ЦК ВКП(б) “Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху”. Пачаўся развал штучна створаных калгасаў. У БССР у маі 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак, якія засталіся ў калгасах, зменшылася да 11%. Вясной 1932 г. назіраўся чарговы выхад сялян з калгасаў. Толькі за тры месяцы іх пакінула больш за 55 тыс. сялянскіх гаспадарак.

Сярод перагібаў і памылак былі парушэнні прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні сялян у калгасы; празмернае падаткаабкладанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак, што губляла ўсялякі сэнс іх вядзення; забарона самастойнага перасялення ў іншыя месцы і продажу сялянскай маёмасці пад пагрозай поўнай яе канфіскацыі. У шэрагу выпадкаў раскулачванне праводзілася не на аснове суцэльнай калектывізацыі і закранала серадняка. Замест сельскагаспадарчых арцеляў як асноўнай формы калгаснага будаўніцтва нярэдка ствараліся камуны, абагульваліся каровы і дробная жывёла калгаснікаў. Закрываліся таксама мясцовыя рынкі, разбураліся ўстановы рэлігійнага культу.

У літаратуры ёсць сцвярджэнне аб тым, што калектывізацыя і раскулачванне – гэта фізічнае знішчэнне (генацыд) сялянства, яго старажытнага ўкладу, вялікай працоўнай культуры. На самай справе, беззаконне і фізічнае знішчэнне часткі заможных сялян не з’яўлялася афіцыйнай партыйна-дзяржаўнай палітыкай. Аднак гэта стала часам магчымым з‑за нізкага ўзроўню агульнай і палітычнай культуры, уседазволенасці і беспакаранасці кіраўнікоў мясцовых органаў улады і сілавых структур, няведання таго, што і як трэба будаваць у вёсцы, заахвочвання павелічэння тэмпаў калектывізацыі з боку ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б. Адказнасць за парушэнні нясе ў першую чаргу вышэйшае кіраўніцтва краіны, а разам з ім і мясцовыя кіраўнікі.

Вынікі калектывізацыі сялянскіх гаспадарак. Масіраваная палітыка-ідэалагічная і арганізацыйная работа, жорсткая падатковая палітыка і іншыя меры спрыялі пашырэнню калектывізацыі. У 1935 г. у калгасы ўступіла 85,6% сялянскіх гаспадарак, у 1939 г. – больш за 90%. На калгасных палях працавала больш за 9000 трактароў, сотні камбайнаў і многа іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Ішоў працэс арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, стварэння вытворчых брыгад і звенняў, ссялення хутарскіх гаспадарак у калгасныя цэнтры.

Разам з тым у 20–30-я гг. большую частку фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў, лепшыя кадры дзяржава выкарыстоўвала для правядзення палітыкі сацыялістычнай індустрыялізацыі і ўмацавання абараназдольнасці СССР. Сельская гаспадарка фінансавалася па рэшткаваму прынцыпу, развівалася галоўным чынам за кошт мізэрных уласных сродкаў.

У сучаснай беларускай гістарыяграфіі пераважае негатыўная ацэнка калектывізацыі. Безумоўна, у гісторыі айчыннай вёскі гэта амаль не самая трагічная старонка. Разам з тым нельга адмаўляць і замоўчваць тое, што калектывізацыя забяспечыла перакачку сродкаў сельскай гаспадаркі ў прамысловасць. Механізацыя сельскагаспадарчых работ вызваліла дзесяткі тысяч рабочых рук, якія выкарыстоўваліся ў працэсе індустрыялізацыі. Яна дазволіла стабілізаваць становішча ў аграрным сектары эканомікі, павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць вытворчасць зерня, ільновалакна, бульбы, малака і іншай прадукцыі пры памяншэнні колькасці працуючых у сельскай гаспадарцы.

Стварэнне буйных высокапрадукцыйных сельскагаспадарчых кааператываў, здольных забяспечыць прамысловасць сыравінай, а насельніцтва – прадуктамі харчавання, з’яўляецца магістральным шляхам развіцця сельскай гаспадаркі ва ўсім свеце. У гэтым сэнсе калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў СССР і БССР адлюстроўвала тэндэнцыі сусветнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]