Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Якія змены адбыліся ў адміністацыйна-тэрытарыяльным падзеле БССР у 20–30-я гг.?

2. Ахарактарызуйце палітычную сістэму беларускага грамадства ў канцы 30-х гг. Чым яна адрознівалася ад палітычнай сістэмы пачатку 20-х гг.?

3. Раскрыйце змест палітыкі беларусізацыі. Калі яна праводзілася? Якімі былі яе вынікі?

4. Назавіце асаблівасці нацыянальнай структуры беларускага грамадства ў 20–30‑я гг.

5. Ахарактарызуйце канфесійную палітыку ў БССР у 20–30‑я гг. Якімі былі яе вынікі?

6. Што такое палітычныя рэпрэсіі? Чым яны былі абумоўлены ў савецкім грамадстве 20-30-х гг.? Якія меркаванні існуюць па гэтай праблеме ў гістарычнай навуцы?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Пабудуйце структурную схему “Органы ўлады ў БССР у канцы 30-х гг.”.

2. З дапамогай дадатковай літаратуры і краязнаўчага матэрыялу падрыхтуйце паведамленне пра канфесійную палітыку савецкай улады ў 20–30-я гг. ХХ ст. у вашым раёне.

3. Прааналізуйце розныя меркаванні гісторыкаў аб прычынах рэпрэсій у савецкім грамадстве. Які пункт гледжання вам уяўляецца найбольш навукова абгрунтаваным? Чаму? Якія ўрокі павінны быць засвоены з палітычнай гісторыі савецкага грамадства 30-х гг.?

4. Дайце ўласную ацэнку палітычных рэпрэсій. Выкажыце свае адносіны да насілля як “павівальнай бабкі любой рэвалюцыі”. Ці згодны вы з меркаваннем аб магчымасці “прававой абгрунтаванасці рэпрэсій”?

5. Дакажыце або аправергніце тэзіс: “БССР у 30-я гг. была прававой рэспублікай”.

§ 34. Культурная рэвалюцыя ў беларускай сср

Успомніце. 1. Што такое культурная рэвалюцыя? 2. Якімі былі яе задачы? 3. З якіх мерапрыемстваў яна складалася? 4. Што такое метад сацыялістычнага рэалізму? Якім чынам ён праяўляецца ў розных галінах культуры?

Ліквідацыя непісьменнасці дарослага насельніцтва і ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. Задачы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў патрабавалі ўсеагульнай пісьменнасці. У Беларусі была створана Рэспубліканская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. У гарадах і вёсках арганізоўваліся і працавалі школы і пункты па ліквідацыі непісьменнасці, школы рабочай моладзі, групы індывідуальнага навучання дарослых.

У 1926 г. у БССР аформілася таварыства “Прэч непісьменнасць”. Яго старшынёй быў абраны А.Р. Чарвякоў – старшыня ЦВК БССР. Па ініцыятыве камсамола праводзіліся месячнікі “За пісьменнасць”, а таксама культпаход і культэстафета, у ходзе якіх ажыццяўлялася ліквідацыя непісьменнасці. Пры гарадскіх і сельскіх Саветах былі створаны групы садзейнічання ліквідацыі непісьменнасці, праходзілі грамадскія агляды школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці.

У ліквідацыі непісьменнасці прымалі ўдзел калектывы фабрык і заводаў, калгасаў і саўгасаў, арганізацый і ўстаноў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, усе пісьменныя людзі. У выніку пісьменнасць насельніцтва БССР ва ўзросце 9 гадоў і старэй (без уліку заходніх абласцей) павялічылася з 53% у 1926 г. да амаль 79% у 1939 г. Такім чынам, масавая непісьменнасць у БССР была ліквідавана.

Але поўнасцю пераадолець непісьменнасць к канцу 30-х гг. не ўдалося. Значная частка дарослага насельніцтва (асабліва сярод сельскага насельніцтва, пераважна жанчын) заставалася неахопленай навучаннем. У 1939 г. Саўнарком БССР прыняў спецыяльную пастанову, у якой была пастаўлена задача завяршэння ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы.

Адной з цэнтральных праблем культурнага будаўніцтва з’яўлялася ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. У 1926 г. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову “Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання”. У адпаведнасці з гэтай пастановай праводзіліся растлумачальная работа сярод насельніцтва, перапіс дзяцей школьнага ўзросту, будаўніцтва і рамонт школьных будынкаў і абсталявання, нарыхтоўка паліва, добраўпарадкаванне школьных двароў, забеспячэнне дзяцей адзеннем і абуткам, падручнікамі і школьна-пісьмовымі прыладамі. Арганізоўваліся таксама гарачае харчаванне і падвоз дзяцей у школу з далёкіх вёсак, праходзілі камсамольскія суботнікі на карысць школы.

У 1931/32 навучальным годзе ў БССР амаль 98% усіх дзяцей ва ўзросце 8–11 гадоў вучыліся ў 1–4-х класах адзінай працоўнай школы. У гарадах, прамысловых цэнтрах і 17 раёнах рэспублікі ў V групе (класе) вучылася 96% дзяцей. У канцы першай пяцігодкі быў завершаны пераход да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання і працягвалася работа па паступоваму ўвядзенню ўсенавуча на базе сямігадовай школы.

У гады другой пяцігодкі (1933–1937 гг.) Беларуская ССР зрабіла вялікі крок наперад у ажыццяўленні ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй адукацыі. У канцы пяцігодкі ўсяго працавала 7 тыс. школ, у якіх вучылася больш за 1 млн. чалавек.

ХVІІІ з’езд ВКП(б) у 1939 г. паставіў задачу ажыццяўлення ўсеагульнага сярэдняга навучання ў горадзе і завяршэння пераходу да усеагульнага сямігадовага навучання ў вёсцы і ва ўсіх нацыянальных рэспубліках. Гэта была задача, разлічаная на перспектыву.

Прафесійная адукацыя. Станаўленне і развіццё вышэйшай школы. Падрыхтоўка кадраў спецыялістаў ажыццяўлялася ў вышэйшых навучальных установах. 30 кастрычніка 1921 г. адбылося адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Яго першым рэктарам быў прызначаны вядомы вучоны-гісторык, прафесар У.І. Пічэта.

У 1925 г. у выніку зліцця Горацкага сельскагаспадарчага інстытута і Мінскага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі была створана ў Горках Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Усяго ў канцы другой пяцігодкі ў 23 вышэйшых навучальных установах БССР вучылася каля 15 тыс. студэнтаў.

За гады сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР было падрыхтавана больш за 40 тыс. спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Сярод іх – настаўнікі, урачы, інжынеры, эканамісты, аграномы, юрысты, прадстаўнікі іншых прафесій.

Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/40 навучальным годзе ў БССР працавалі 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.

Беларуская навука. 20-я гг. сталі часам нараджэння беларускай навукі. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1929 г. ён быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук, якая стала цэнтрам навуковага жыцця рэспублікі. Вучоныя займаліся пошукам карысных выкапняў, гідраэнергетычных рэсурсаў, даследаваннем праблем арганічнай і неарганічнай хіміі, павышэння ўраджайнасці. Яны выводзілі новыя сарты збожжавых і бабовых культур, а таксама бульбы. Распрацоўваліся важныя пытанні гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, філасофіі і эканомікі.

Літаратура і тэатр. Бурнае развіццё беларускай савецкай літаратуры пачалося ў 20-я гг. На ўсю моц загучаў голас старэйшых беларускіх пісьменнікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі. Яны стварылі творы, у якіх знайшлі адлюстраванне жыццё, праца і духоўны свет простых людзей дарэвалюцыйнай Беларусі, будаўніцтва сацыялістычнага грамадства, думы народа і яго імкненне да новага жыцця.

У 20–30-я гг. разгарнулася творчасць такіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, як Міхася Чарота, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Паўлюка Труса, Пятра Глебкі, Пятруся Броўкі, Платона Галавача, Аркадзя Куляшова, Эдуарда Самуйлёнка.

Беларускія пісьменнікі і паэты віталі Кастрычніцкую рэвалюцыю, перадавалі ў сваіх творах яе пафас і драматызм, адлюстроўвалі падзеі грамадзянскай вайны, натхнёна апявалі нараджэнне новага грамадства. Для іх, як і для ўсяго народа, гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, час надзей, веры і мар. Лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў былі перакладзены на рускую мову і мовы іншых народаў СССР.

Важную ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва адыграў Першы Беларускі дзяржаўны тэатр, які быў адкрыты ў Мінску ў верасні 1920 г. Яго рэжысёрам стаў Е.А. Міровіч. Адначасова ў Мінску працавала тэатральная трупа У. Галубка. У 1926 г. яна была пераўтворана ў Беларускі вандроўны тэатр. У 1926 г. у Віцебску адкрыўся Другі Беларускі драматычны тэатр, ядро якога склалі выпускнікі Беларускай драматычнай студыі, што працавала ў Маскве пры МХАТе. У 1932 г. Беларускі вандроўны тэатр быў рэарганізаваны ў Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр з базай у Гомелі. Выдатнаму дзеячу беларускага мастацтва, драматургу і рэжысёру гэтага тэатра У. Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне Народнага артыста БССР.

У 30-я гг. былі створаны Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР і Рэспубліканскі тэатр юнага гледача ў Мінску, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Віцебску і Гомелі, калгасна-саўгасныя тэатры ў шэрагу гарадоў рэспублікі. Усяго ў БССР у гэты перыяд працавала 14 тэатраў.

Таленавітыя майстры сцэны – У. Крыловіч, Б. Платонаў, Г. Глебаў, У. Уладамірскі, Ф. Ждановіч, П. Малчанаў, А. Ільінскі, Л. Ржэцкая – сваёй творчасцю ўзнялі на новую, больш якасную ступень беларускае тэатральнае мастацтва.

Музыка. Заснавальнікамі беларускай савецкай оперы, сімфоніі, камернай музыкі з’яўляюцца М. Чуркін, М. Аладаў, Я. Цікоцкі. Усе яны былі вучнямі рускіх кампазітараў.

У 1932 г. у Мінску была адкрыта Беларуская дзяржаўная кансерваторыя. На педагагічную працу ў кансерваторыю былі запрошаны выкладчыкі з Масквы і Ленінграда.

У 1933 г. быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. У яго рэпертуары разам з рускай і заходнееўрапейскай класікай значнае месца занялі творы нацыянальнага мастацтва. Сярод іх – оперы “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага, “У пушчах Палесся” А. Багатырова (па аповесці Я. Коласа “Дрыгва”), першы нацыянальны балет “Салавей” М. Крошнера (па аднайменнай аповесці З. Бядулі). Вядучымі артыстамі тэатра оперы і балета былі Л. Александроўская, М. Дзянісаў, І. Балоцін.

У 1937 г. была створана Беларуская дзяржаўная філармонія. Яна адыгрывала важную ролю ў музычным жыцці рэспублікі.

Беларускія кінематаграфісты з дапамогай майстроў рускага кіно стварылі фільмы “Кастусь Каліноўскі”, “Першы ўзвод”, “Залатыя агні”. Гэта былі фільмы пра рэвалюцыйную барацьбу беларускага народа і будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. Да ліку лепшых фільмаў належалі таксама дзіцячыя фільмы “Палескія рабінзоны” і “Канцэрт Бетховена”.

Жывапіс, архітэктура, скульптура. Аб поспехах беларускага жывапісу сведчылі творы, якія з’явіліся яшчэ ў 20-я гг. Сярод іх – карціны В. Волкава “Малатабоец”, “Партызаны”, “Плытагоны”, М. Філіповіча “Бітва на Нямізе”, “Ноч на Івана Купалу”, “Паўстанне К. Каліноўскага”, пейзажы У. Кудрэвіча “Раніца вясны”, “Над Свіслаччу”, “На Сажы”.

У канцы 20-х – 30-я гг. беларускія мастакі стварылі шмат твораў, прысвечаных барацьбе за ўладу Саветаў, героіцы грамадзянскай вайны і сацыялістычнага будаўніцтва. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца карціны І. Ахрэмчыка “Падпісанне маніфеста аб утварэнні БССР” і “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск”, М. Манасзона “Вызваленне Заходняй Беларусі”.

Выдатнымі архітэктурнымі збудаваннямі 20–30-х гг. з’явіліся Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, будынкі Акадэміі навук, Тэатра оперы і балета (архітэктар І. Лангбард), Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Мінскага палаца піянераў і школьнікаў, гасцініцы “Беларусь” (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін) у Мінску, а таксама новыя будынкі ў Магілёве, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах. У 1939 г. пачалося будаўніцтва будынка Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі.

Беларускія скульптары стварылі шэраг манументальных кампазіцый, якія ўпрыгожылі Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, Палац піянераў і школьнікаў, Беларускі павільён на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы 1939 г.

Захоўвалася і развівалася мастацкая самадзейнасць. Для аказання метадычнай дапамогі яе калектывам былі створаны Рэспубліканскі і абласныя дамы народнай творчасці. Праходзілі конкурсы і алімпіяды калгаснай самадзейнасці, адкрываліся калгасна-саўгасныя тэатры. У чэрвені 1940 г. у Маскве адбылася Першая дэкада беларускага мастацтва і літаратуры, у якой удзельнічалі прафесійныя і самадзейныя творчыя калектывы, пісьменнікі, кампазітары, мастакі, дзеячы тэатра і кіно.

Дасягненні ў галіне культурнага будаўніцтва ў 20–30-я гг. – гэта агульнацывілізацыйныя каштоўнасці, сапраўдная культурная рэвалюцыя, якая забяспечыла якасна новы ўзровень інтэлектуальнага патэнцыялу Савецкай Беларусі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]