Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

§ 37. Пачатак другой сусветнай вайны. Уз’яднанне заходняй беларусі з бсср

Успомніце. 1. Што ўяўляла сабой тэрыторыя БССР у 1921–1939 гг.? Якія змены адбываліся ў гэты перыяд на палітычнай карце рэспублікі? 2. Якія пераўтварэнні былі праведзены ў сацыяльна-эканамічнай, культурнай сферы беларускага савецкага грамадства ў 20–30‑я гг.?

Савецка-германскія адносіны ў канцы 30-х гадоў. Пачатак Другой сусветнай вайны.

У другой палове 30-х гадоў абвастрыліся супярэчнасці паміж буйнейшымі дзяржавамі Еўропы, якія імкнуліся да перадзелу свету, зон ўплыву, што склаліся пасля Першай сусветнай вайны. Германія ставіла сваёй мэтай ліквідацыю Версальска-Вашынгтонскай сістэмы дагавораў 1919–1922 гг., нарошчванне ваеннай сілы і ўстанаўленне сусветнага панавання. У той жа час Англія і Францыя стараліся цаной уступак аслабіць германскі націск на Захад і накіраваць яго на Усход, супраць Савецкага Саюза.

У ваенна-палітычнай сітуацыі, калі Англія і Францыя праводзілі палітыку “улагоджвання” агрэсара, Савецкі Саюз прапанаваў палітыку стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Ён праявіў гатоўнасць супрацоўнічаць з усімі еўрапейскімі краінамі для барацьбы супраць германскай агрэсіі. Але перагаворы паміж СССР, Англіяй і Францыяй, якія праходзілі летам 1939 г. у Маскве, зайшлі ў тупік і станоўчых вынікаў не далі.

У канцы 30-х гг. ва ўмовах абвастрэння супярэчнасцей паміж буйнейшымі дзяржавамі Еўропы, якія імкнуліся да перадзелу сфер уплыву, што склаліся пасля Першай сусветнай вайны, СССР, каб пазбегнуць магчымай палітычнай ізаляцыі і вайны на два фронты, прыняў прапанову Германіі наладзіць міждзяржаўныя адносіны. 20 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі гандлёвы дагавор, па якому СССР атрымаў крэдыт для закупкі ў Германіі машын, абсталявання, бранявой сталі, аптычных прыбораў і інш. Савецкі Саюз, згодна з дагаворам, пастаўляў у Германію збожжа, лес, нафту, каляровыя металы. Ён добрасумленна выконваў свае дагаворныя абавязацельствы, у той час як Германія яшчэ ў пачатку 1941 г. спыніла свае пастаўкі, спасылаючыся на ўнутраныя цяжкасці.

23 жніўня 1939 г. у Маскве паміж СССР і Германіяй быў падпісаны Дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў (“пакт Молатава – Рыбентропа”). Падпісваючы дагавор, Савецкі Саюз імкнуўся выйграць час для завяршэння мерапрыемстваў па ўмацаванню абароназдольнасці краіны, адвесці пагрозу стварэння адзінага антысавецкага фронту. У сваю чаргу Германія атрымала свабоду дзеянняў для пашырэння агрэсіі супраць краін Еўропы.

Разам з дагаворам аб ненападзенні быў падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, па якому вызначаліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаў. У сферу інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, што было актам гістарычнай справядлівасці, а таксама Усходняя Польшча аж да Варшавы, Латвія і Эстонія, што з’яўлялася грубым парушэннем правоў польскага, латвійскага і эстонскага народаў на незалежнасць і суверэнітэт сваіх дзяржаў. Пратакол прадугледжваў ліквідацыю Польшчы як дзяржавы і падзел яе тэрыторыі.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. 3 верасня 1939 г. Англія і Францыя, падтрымліваючы ахвяру агрэсіі – Польшчу, аб’явілі вайну Германіі. Пачалася Другая сусветная вайна.

Нягледзячы на мужнасць польскіх салдат і афіцэраў, нямецкія войскі імкліва рухаліся ў глыб польскай тэрыторыі. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна апынуліся пад пагрозай фашысцкага зняволення. Кіраўніцтва Германіі, пачынаючы ваенную кампанію, падштурхоўвала Савецкі Саюз хутчэй выступіць супраць Польшчы з тым, каб ён заняў тыя тэрыторыі, якія ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР, у тым ліку частку тэрыторыі карэннай Польшчы аж да Варшавы, каб потым ускласці адказнасць за развязванне вайны і на Савецкі Саюз. Аднак савецкае кіраўніцтва на гэту правакацыю не паддалося. Толькі 17 верасня 1939 г., калі амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкімі войскамі, савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі ўзяць пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У гэты час фашысцкія войскі ўжо захапілі Брэст і Беласток, якія пазней увайшлі ў склад БССР.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Большасць польскіх войск здавалася без бою. Толькі асобныя часці аказалі моцнае супраціўленне.

У час паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну былі ўзяты ў палон польскія афіцэры (дакладная іх лічба не ўстаноўлена). Яны знаходзіліся ў савецкіх лагерах для ваеннапалонных. У гады Другой сусветнай вайны былі выяўлены масавыя пахаванні расстраляных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска. Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і на сённяшні дзень з-за адсутнасці патрэбных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі не ўстаноўлена, якая краіна павінна ў расстрэле польскіх афіцэраў.

У некаторых школьных падручніках па гісторыі сцвярджаецца аб тым, быццам “гэта злачынства было здзейснена органамі НКУС па рашэнні Палітбюро ЦК УКП(б)”. На сённяшні дзень гэта версія не мае дакументальнага пацвярджэння. Другая версія – ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Германіяй у 1941 г. Незалежна ад таго, хто здзейсніў гэты акт варварства, расстрэл ваеннапалонных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска, як і знішчэнне пілсудчыкамі савецкіх салдат і афіцэраў, трапіўшых у палон да палякаў у час правядзення Варшаўскай аперацыі 1920 г., – цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці. Ва ўзаемаадносінах паміж цывілізаванымі краінамі такое ніколі не павінна паўтарацца.

Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю, кветкамі, хлебам-соллю. З удзелам былых членаў Кампартыі Заходняй Беларусі і камсамола Заходняй Беларусі ствараліся органы новай улады: часовыя ўправы – у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сялянскія камітэты – у мястэчках і вёсках.

28 верасня 1939 г. СССР і Германія падпісалі новы дагавор “Аб дружбе і граніцы”. Згодна з дагаворам, граніца была праведзена па так званай “лініі Керзана”, вызначанай яшчэ ў 1919 г. Вярхоўным саветам Антанты як усходняя граніца Польшчы. Гэта была этнічная мяжа паміж беларусамі і палякамі. Прыкладна па гэтай “лініі” праходзіць сёння беларуска-польская граніца. Да дагавора былі прыкладзены два сакрэтныя пратаколы, згодна з якімі ў сферу ўплыву СССР дадаткова ўключаліся Літва і Фінляндыя. Дагавор “Аб дружбе і граніцы” у цэлым і асабліва ў той частцы, якая тычылася “дружбы” Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй, нанёс вялікі ўрон міжнароднаму аўтарытэту СССР, дэзарыентаваў антыфашысцкія сілы ў многіх краінах у пачатку Другой сусветнай вайны.

28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Па дакладах дэпутатаў С.В. Прытыцкага і Ф.Д. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У выніку ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, тэрыторыя апошняй павялічылася з 125,6 тыс. км2 да 225,6 тыс. км2, а насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. На далучанай тэрыторыі было ўтворана 5 абласцей – Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская, якія ў сваю чаргу дзяліліся на раёны і сельсаветы.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ў межах рэспублікі апынуліся тры епархіі, якія раней уваходзілі ў склад праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы: Віленская, Гродзенская і Палеская. Там дзейнічала каля 800 храмаў і 5 манастыроў. Савецкая ўлада не стала на шлях правядзення масавых рэпрэсій у адносінах да духавенства і да закрыцця храмаў, як гэта рабілася ў свой час у Беларускай ССР. Аднак было аб’яўлена аб нацыяналізацыі царкоўнай маёмасці, забароне выкладання ў школах закона божага і згортванні кнігавыдавецкай дзейнасці. У сродках масавай інфармацыі разгарнулася шырокая антырэлігійная кампанія.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з СССР і БССР мела гістарычнае значэнне. Быў пакладзены канец падзелу беларускага этнасу і беларускай этнічнай тэрыторыі. Збылася адвечная мара беларускага народа жыць у адзінай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад СССР і БССР садзейнічала паскарэнню іх сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

Беларуская ССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўская Германія разам са сваімі саюзнікамі пашырала агрэсію супраць краін Еўропы. Вясной 1940 г. яна захапіла Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 22 чэрвеня 1940 г. падпісала акт аб капітуляцыі Францыя. У жніўні 1940 г. германская авіяцыя пачала масіраваныя бамбардыроўкі Англіі. У верасні 1940 г. Германія ўвяла свае войскі ў Румынію, а вясной 1941 г. акупіравала Балгарыю, Грэцыю і частку Югаславіі. Вяліся таксама баявыя дзеянні ў Афрыцы.

Адначасова Германія пачала падрыхтоўку да вайны з СССР. 22 чэрвеня 1940 г. Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план – план маланкавай вайны пад кодавай назвай “Барбароса” – быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты яшчэ адзін план – план “Ост”, які ўяўляў сабой праграму знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны БССР была адной з індустрыяльна-аграрных рэспублік СССР. У яе склад уваходзіла 10 абласцей і 188 раёнаў. У 1940 г. валавая прадукцыя прамысловасці рэспублікі ўзрасла ў параўнанні з 1913 г. у 8,1 разы, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – у 1,7 разы.

У сувязі з нарастаннем ваеннай пагрозы савецкае кіраўніцтва прымала меры па ўмацаванню абараназдольнасці краіны. Быў завершаны пераход ад тэрытарыяльна-кадравай да адзінай кадравай сістэмы пабудовы Узброеных Сіл. У адпаведнасці з Законам СССР “Аб усеагульнай воінскай павіннасці” (верасень 1939 г.) Узброеныя Сілы краіны павялічыліся з 1,9 млн. чалавек у 1939 г. да 5 млн. чалавек у пачатку 1941 г. Абаронныя заводы пераводзіліся на серыйны выпуск новых відаў узбраенняў.

На тэрыторыі БССР уздоўж заходняй граніцы краіны былі пабудаваны 193 баявыя умацаванні (“лінія Молатава”). Павялічвалася прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі да граніцы, войскі забяспечваліся новай баявой тэхнікай і сродкамі сувязі. Шмат увагі надавалася будаўніцтву авіяцыйных заводаў у Мінску і Магілёве, танкарамонтных заводаў у Віцебску і Баранавічах. Дзейнічалі шматлікія абаронныя і спартыўныя таварыствы. Праводзілася вялікая работа па выхаванні пачуцця патрыятызму у савецкіх людзей, іх гатоўнасці абараняць Айчыну.

Аднак многія меры па ўмацаванню абараназдольнасці краіны былі частковымі і запозненымі. Сістэма ўмацаванняў на заходніх рубяжах да пачатку вайны цалкам не была пабудавана, марудна ішло пераўзбраенне войск новай тэхнікай, некаторыя воінскія часці не былі поўнасцю ўкамплектаваныя асабовым складам.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]