Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі закончыліся Вялікая Айчынная і Другая сусветная войны? Якія іх вынікі?

2. Прывядзіце факты, якія сведчаць аб рашаючай ролі СССР у разгроме фашысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі.

3. Якія галоўныя ўрокі павінна засвоіць чалавецтва з гісторыі Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Дайце абгрунтаваныя адказы на пытанні:

а) уклад беларускага народа ў разгром фашысцкай Германіі;

б) крыніцы Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

2. У чым вы бачыце вытокі масавага гераізму савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны?

3. Падрыхтуйце паведамленні:

а) “Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў”.

б) “Вялікая Айчынная вайна вачыма вашых землякоў”.

Спіс ілюстрацый

1. Баявы шлях ад Курскай дугі да Берліна і Прагі прайшоў ураджэнец Гомельшчыны, Герой Савецкага Саюза, афіцэр-танкіст А.А. Філімонаў (цяпер – доктар гістарычных навук, прафесар). Экіпаж танка А.А. Філімонава з дзецьмі вызваленай Прагі. 1945 г. БелТА.

2. Дзень Перамогі ў Мінску. 1945 г. БелТА.

§ 43. Беларуская сср у першыя пасляваенныя гады

Успомніце. 1. Якой была галіновая структура прамысловасці Беларусі ў даваенны перыяд? 2. Якія пераўтварэнні былі праведзены ў сельскай гаспадарцы, культурнай сферы БССР у 30‑я гг.?

Вынікі Вялікай Айчыннай вайны для эканомікі Беларусі. Другая сусветная вайна нанесла незлічоныя страты ўсім краінам, якія ў ёй удзельнічалі. Беларускі народ панёс асабліва вялікія людскія і матэрыяльныя страты. Загінула больш за 2 млн. 200 тыс. чалавек.

БССР згубіла больш паловы нацыянальнага багацця. Акупанты разбурылі і спалілі 209 гарадоў, у тым ліку і сталіцу рэспублікі – Мінск. У перыяд акупацыі было разбурана 9200 сельскіх паселішчаў, мноства фабрык і заводаў, амаль усе электрастанцыі. Значным разбурэннем падверглася жыллёвая і камунальная гаспадарка, а таксама сельская гаспадарка. Была знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульнаму стану эканомікі рэспубліка была адкінута да ўзроўню 1928 г., а па асобных галінах – да 1913 г.

Аднаўленне прамысловасці. Пераход да мірнага жыцця патрабаваў неадкладнага аднаўлення народнай гаспадаркі, у першую чаргу прамысловасці. Аднаўленчыя работы пачаліся яшчэ з восені 1943 г., калі былі вызвалены ўсходнія раёны Беларусі, і працягваліся да пачатку 50‑х гг.

Адразу пасля вызвалення галоўнай задачай было наладжванне работы прадпрыемстваў, прадукцыя якіх патрабавалася на фронце. Асаблівая ўвага надавалася развіццю металаапрацоўчай прамысловасці і машынабудавання. Вялося паскоранае аднаўленне торфаздабычы, энергетыкі.

У выніку напружаных намаганняў у 1945 г. беларускімі прамысловымі прадпрыемствамі было выраблена прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944 г. Аднак у параўнанні з 1940 г. гэта склала толькі 20%. На першым этапе аднаўленчых работ не было магчымасці вывесці эканоміку рэспублікі на даваенны ўзровень. Удалося зрабіць толькі першыя крокі на шляху аднаўлення гаспадаркі.

Наступны этап аднаўленчых работ пачаўся з 1946 г. Рэзкае пагаршэнне міжнароднай абстаноўкі супала з абмеркаваннем прыярытэтаў развіцця народнай гаспадаркі на наступную пяцігодку. У цэлым па Саюзу меркавалася захоўваць высокую ўдзельную вагу ваеннай прамысловасці, арыентавацца на пераважнае развіццё цяжкай прамысловасці ў параўнанні з вытворчасцю прадметаў спажывання.

У 1946 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў “Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946–1950 гг.”. Асаблівасцю чацвёртага пяцігадовага плана было не толькі аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, але і стварэнне новых галін вытворчасці. Аб’ём капіталаўкладанняў на пяцігодку перавышаў памер капіталаўкладанняў за тры даваенныя пяцігодкі разам узятыя.

Галоўны напрамак прамысловага развіцця пасляваеннай Беларусі – паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

Аўтамабільны і трактарны заводы, а таксама мотавелазавод у Мінску сталі буйнейшымі новабудоўлямі рэспублікі. У іх будаўніцтве прымала ўдзел уся краіна. У 1950 г. прадпрыемствы ўступілі ў строй і далі першую прадукцыю. Упершыню ў рэспубліцы быў асвоены выпуск аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, трактароў, лакамабіляў, веласіпедаў.

Паступова падала ўдзельная вага тых галін прамысловасці, якія дамініравалі да вайны (лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая). У вядучыя галіны эканомікі пераўтвараліся машынабудаванне і металаапрацоўка. Ва ўсіх галінах праводзілася тэхнічная рэканструкцыя, электрыфікацыя і аўтаматызацыя вытворчых працэсаў. На прадпрыемствах Беларусі не засталося маральна састарэлага абсталявання яшчэ і таму, што у гады вайны былі знішчаны асноўныя прамыслова-вытворчыя фонды,

Характэрнай асаблівасцю чацвёртай пяцігодкі ў БССР з’яўляліся апераджальныя ў параўнанні з адпаведнымі паказчыкамі па СССР тэмпы індустрыяльнага развіцця. І хаця асобныя паказчыкі пяцігадовага плана не былі выкананы, у 1950 г. прамысловасць Беларусі перавысіла даваенны ўзровень на 15%.

Сельская гаспадарка. За гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла велізарныя страты. Зменшылася колькасць працаздольных жыхароў сяла. Асноўную работу выконвалі жанчыны, падлеткі, старыя. Фактычна была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў. Становішча сельскай гаспадаркі Беларусі было катастрафічным у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. У сувязі з гэтым Савет Міністраў СССР прыняў пастанову аб аказанні дапамогі БССР, згодна з якой рэспубліка атрымала збожжа, жывёлу, сельскагаспадарчую тэхніку. Пяцігадовы план аднаўлення народнай гаспадаркі вызначыў задачу – поўнасцю аднавіць даваенныя пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Аднак яна аказалася недасягальнай.

Большасць калгасаў і саўгасаў з’яўлялася нерэнтабельнымі і стратнымі, мела вялікія выдаткі на вытворчыя патрэбы. Планавыя дзяржпастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляліся па фіксіраваных цэнах, таму калгасы былі вымушаны прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт. Нізкая заработная плата калгаснікаў выклікала слабую матэрыяльную зацікаўленасць сялян у выніках сваёй працы.

Асноўнай крыніцай існавання сялян заставалася асабістая гаспадарка, якая знаходзілася пад прэсам жорсткай падатковай сістэмы. Прадукцыя асабістых гаспадарак абкладалася падаткам у форме абавязковых паставак дзяржаве ці ў грашовай форме. Падаткам абкладаліся кожны кусцік, дрэўца ці галава жывёлы. Ушчамляліся сацыяльныя правы сялян, якія не мелі пашпартоў і фактычна не маглі пакінуць сваёй вёскі.

Драматычная сітуацыя склалася ў заходніх абласцях Беларусі, дзе пасля заканчэння вайны пачалася калектывізацыя. Да 1949 г. яна ішла маруднымі тэмпамі, аднак у пачатку 50‑х гадоў пачалася масавая калектывізацыя. Гэта прывяло да змены ранейшых форм гаспадарання і ўзнікнення незадаволенасці сялян.

У першыя пасляваенныя гады ў сельскай гаспадарцы Беларусі ўсё ж адбыліся некаторыя станоўчыя змены. Павялічыліся пасяўныя плошчы, узрасло пагалоўе жывёлы, умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Між тым сітуацыя на вёсцы заставалася вельмі складанай. І не толькі вынікі вайны выклікалі такое становішча, але і метады гаспадарання. Паскораная індустрыялізацыя пасляваеннай Беларусі вялася ў многім за кошт сельскай гаспадаркі.

Матэрыяльнае становішча народа. Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі патрабавала самаадданай працы насельніцтва ў надзвычай складаных умовах. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і супярэчнасці, пасляваенны перыяд адлюстраваўся ў свядомасці народа як час паступовага павышэння ўзроўню жыцця. З пункту гледжання тых, хто перажыў жахі вайны, пасляваеннае жыццё успрымалася як нешта незвычайнае.

Людзі сапраўды адчувалі на сабе асобныя пазітыўныя зрухі. Так, адбылося некаторае павелічэнне заработнай платы ў вядучых галінах прамысловасці. У 1947 г. была адменена картачная сістэма – характэрны сімвал ваеннага часу. У гэтым жа годзе пачалася грашовая рэформа, якая дазволіла стабілізаваць фінансавую сістэму. Некалькі разоў праводзілася зніжэнне цэн на розныя групы тавараў.

Аднак заработная плата была нізкай, асабліва ў калгаснікаў. Востра адчуваўся недахоп прадуктаў харчавання і прадметаў спажывання. Адной з асноўных заставалася жыллёвая праблема. Будаўніцтва жылля, якое ажыццяўлялася ў першыя пасляваенныя гады, дазволіла перасяліць з зямлянак і непрыстасаваных памяшканняў каля 2 млн. жыхароў Беларусі. Некаторыя крокі рабіліся для арганізацыі сістэмы аховы здароўя насельніцтва, аднак і тут было шмат праблем і недахопаў.

Паўсядзённае жыццё было надзвычай складаным. Наглядаўся пастаянны дэфіцыт прадуктаў харчавання, адзення і абутку. Характэрнай прыкметай пасляваеннага часу сталі прывезеныя з Германіі прадметы ўжытку, посуд, адзенне. На вуліцах населеных пунктаў можна было сустрэць інвалідаў, якія прасілі міласціну аж да пачатку 50‑х гг. Месцам адпачынку насельніцтва сталі кінатэатры, дзе ішлі “трафейныя” і савецкія кінастужкі. У бібліятэках рэзка вырас попыт на прыгодніцкую літаратуру і нават казкі.

Грамадска-палітычнае жыццё. У пасляваенныя гады аўтарытэт кіраўніка савецкай дзяржавы І.В. Сталіна дасягнуў свайго апагея. Ён станавіўся своеасаблівай міфалагічнай фігурай, з імем якой звязваліся перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і дасягненні ў аднаўленні народнай гаспадаркі. На беларускай мове выдалі збор твораў І.В. Сталіна, вялікімі тыражамі выходзіла яго біяграфія, на яе вывучэнні будавалася палітычная вучоба насельніцтва. Тэарэтычныя дасягненні Сталіна складалі метадалагічную аснову ўсіх навук. Вобраз Сталіна ўвекавечвалі ў творах мастацтва.

Разам з тым ва ўмовах пасляваеннага жыцця грамадска-палітычныя настроі былі даволі супярэчлівымі. З аднаго боку наглядаліся выразныя прыкметы культу асобы Сталіна, з другога – імкненне часткі грамадства да перамен. Былыя ўдзельнікі вайны, інтэлігенцыя, моладзь уносілі разнастайныя прапановы з мэтай удасканалення сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Партыйную арганізацыю Беларусі да 1947 г. ўзначальваў П. Панамарэнка, а з 1947 па 1950 – М. Гусараў. Яны не з’яўляліся беларусамі і на кіруючыя пасады прызначаліся цэнтральнымі органамі ўлады. Аўтарытэтам у народзе карыстаўся П. Панамарэнка – былы кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху, аднак хутка ён быў адазваны на другую работу за межамі рэспублікі.

Характэрнай рысай грамадска-палітычнага жыцця стала барацьба з касмапалітызмам ці “нізкапаклонствам перад Захадам”. Гэта была адна з форм ідэалагічнай барацьбы у рамках “халоднай вайны”. Атмасфера падазронасці і шпіёнаманіі не з’яўлялася выключнай рысай грамадска-палітычнага жыцця СССР. З 1953 г. у ЗША разгарнулася шырокая антыкамуністычная кампанія, якая атрымала назву “паляванне на ведзьмаў”. Барацьба з касмапалітызмам у СССР таксама прымала пачварныя формы. Так, беларускі генетык і селекцыянер акадэмік А.Р. Жэбрак апублікаваў у замежным часопісе артыкул з крытыкай поглядаў біёлага Лысенкі. За гэта вучоны быў падвергнуты ганенням і пазбаўлены пасады прэзідэнта АН БССР. У рамках барацьбы з касмапалітызмам і “беларускім нацыяналізмам” была праведзена кампанія супраць часопісаў “Беларусь” і “Полымя”. Нездавальняючым быў прызнаны рэпертуар драматычных тэатраў Беларусі.

Прыкметай пасляваеннага часу стала ўзмацненне рэпрэсій, якія закранулі амаль усе пласты насельніцтва Беларусі. Палітыка рэпрэсій у Беларусі звязана з дзейнасцю міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Л. Цанавы. Па яго асабістаму ўказанню былі рэпрэсіраваны многія вядомыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. У нацыяналізме і контррэвалюцыйнай дзейнасці быў абвінавачаны міністр асветы БССР П. Саевіч, рыхтавалася расправа над вядомым дзяржаўным і партыйным дзеячам С. Прытыцкім. У рэспубліцы аднавіліся арышты пісьменнікаў, прычым некаторых з іх арыштоўвалі неаднаразова. Так здарылася з пісьменнікамі У. Дубоўкай, С. Грахоўскім, А. Александровічам і інш.

Разгортванню рэпрэсій садзейнічала і складаная сітуацыя ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Тут працягвалі ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады былыя калабаранты і ўдзельнікі фарміраванняў Арміі Краёвай. Яны знаходзілі падтрымку ў пэўнай часткі насельніцтва, незадаволенай правядзеннем калектывізацыі. Ахвярамі антысавецкіх бандфарміраванняў станавіліся партыйныя і камсамольскія актывісты, урачы, настаўнікі, ваеннаслужачыя. Сітуацыя ў Заходняй Беларусі нармалізавалася толькі да сярэдзіны 50-х гг.

Выхад БССР на міжнародную арэну. Заканчэнне Другой сусветнай вайны адкрыла новую старонку ў гісторыі ХХ ст. СССР набыў статус вядучай сусветнай дзяржавы. Саюзныя рэспублікі СССР атрымалі права наладжваць непасрэдныя сувязі з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. У БССР у сакавіку 1944 г. быў прыняты закон аб утварэнні Народнага камісарыята замежных спраў (у 1946 г. Наркамат быў ператвораны ў Міністэрства замежных спраў).

Адным з першых крокаў БССР на міжнароднай арэне з’явіўся ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пытанне аб уключэнні ў ААН Беларусі і Украіны было пастаўлена на Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, Англіі і ЗША. Савецкая дэлегацыя падкрэслівала, што гэтыя рэспублікі выставілі да 1 млн. байцоў у Чырвоную Армію, і што менавіта яны прынялі на сябе першы ўдар фашызму. Рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік першапачатковых членаў ААН было прынята адзінагалосна.

6 мая 1945 г. паўнамоцная дэлегацыя БССР на чале з наркомам замежных спраў К.В. Кісялёвым прыбыла ў Сан-Францыска і ўключылася ў работу канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня 1945 г. упаўнаважаныя 50 дзяржаў-заснавальніц, у тым ліку і БССР, падпісалі Статут ААН.

Па ініцыятыве беларускай дэлегацыі 1‑я сесія Генеральнай Асамблеі ААН (1946 г.) прыняла рэзалюцыю аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. Асобае месца ў дыпламатычнай практыцы БССР займала заключэнне многабаковых дагавароў з замежнымі дзяржавамі. У 1944–1945 гг. БССР падпісала дагаворы з Польшчай аб добраахвотнай рэпатрыяцыі беларускага і польскага насельніцтва. Беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 г., скліканай з мэтай выпрацоўкі мірных дагавороў з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй – былымі саюзнікамі Германіі. У 1949 г. дэлегацыя Беларускай ССР удзельнічала ў рабоце міжнароднай канферэнцыі па абароне ахвяр вайны ў Жэневе. Заключаныя рэспублікай дагаворы ахоплівалі самыя розныя бакі міжнароднага жыцця.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]