Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

§ 24. Беларусь у гады першай сусветнай вайны

Успомніце. 1. Якія ваенна-палітычныя блокі супрацьстаялі адзін аднаму ў Першай сусветнай вайне? Якія краіны ў іх уваходзілі? 2. Як разгортваліся баявыя дзеянні ў жніўні 1914 – студзені 1915 г.? Якімі былі вынікі гэтага перыяду Першай сусветнай вайны?

Акупацыя немцамі Заходняй Беларусі. Першая сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек – 75% усяго насельніцтва зямнога шара. Вайна дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных даных, было забіта, паранена і скалечана каля 30 млн. чалавек.

Галоўнай прычынай Першай сусветнай вайны з’явілася барацьба паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі за перадзел ужо падзеленага свету, за новыя сферы ўплыву, крыніцы сыравіны і рынкі збыту прадукцыі. 1 жніўня 1914 г. (па новаму стылю) Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 4 жніўня Англія аб’явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, на баку Германіі – Турцыя. Пачалася Першая сусветная вайна.

У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах Беларусі мясцовымі органамі ўлады былі праведзены “патрыятычныя” сходы, на якіх гучала думка аб тым, што вайна вядзецца ў мэтах абароны Айчыны. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў г. Магілёве. У ліпені 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва губерні адзінадушна адабрае ўрадавую палітыку, гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў. Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Пры наступленні на Варшаву германскае камандаванне выкарыстала газавую атаку, у выніку якой загінула 9 тыс. расійскіх салдат.

Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. Пасля няўдалай спробы ўзяць Вільню нямецкія войскі пачалі новае наступленне і 9 верасня 1915 г. прарвалі фронт у ваколіцах Свянцян. Пранікшы ў тыл расійскіх войск, немцы захапілі Вілейку і наблізіліся да Маладзечна. Асобныя нямецкія злучэнні дайшлі аж да Смалявіч і Барысава. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў.

У сярэдзіне верасня 1915 г. наступленне нямецкіх войск было спынена. У ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні вораг быў разбіты. Немцы адступілі ў раён азёр Нарач – Свір. 810 дзён і начэй ішлі ўпартыя і кровапралітныя баі за г. Смаргонь, які быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як “мёртвы горад” і “месца жорсткіх газавых атак немцаў”. Нездарма тады салдаты гаварылі: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”.

У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 2 млн. чалавек апынулася пад германскай акупацыяй.

Становішча Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленнем германскіх войск на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1,3 млн. чалавек).

На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і г.д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914–1917 гг. з‑за адсутнасці сыравіны, паліва, кваліфікаваных рабочых колькасць буйных прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, якія абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі. Бомбы выраблялі Рэчыцкі і Аршанскі драцяна-цвіковыя заводы. У Гомелі, Оршы, Віцебску, Мінску і іншых пунктах былі створаны майстэрні для вырабу і рамонту зброі і транспартных сродкаў.

У некалькі разоў павялічылі аб’ём вытворчасці прадпрыемствы хлебапякарна-сухарнай прамысловасці. Вялікія заказы ваеннага ведамства па забеспячэнні арміі вопраткай і абуткам выконваліся на Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыцы “Дзвіна”, Дубровенскай бавоўна-прадзільнай фабрыцы, Магілёўскай панчошнай фабрыцы, іншых прадпрыемствах, а таксама ў дробных майстэрнях і асобнымі саматужнікамі.

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7%, пшаніцы – на 22,1%, бульбы – на 34,2%.

З‑за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5–8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш.

Пачынаючы з 1915 г., у Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у ім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

Аднак стачкі ў Беларусі адбываліся разрознена, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не было. Тлумачыцца гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і накіроўвалі на фронт.

Сялянскі рух у Беларусі ў гады вайны набыў своеасаблівую форму – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. У пачатку вайны падобныя здарэнні адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Значна ўзраслі сялянскія хваляванні ў 1915 г. у сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. У 1916 г. іх колькасць зменшылася да 60, у студзені – лютым 1917 г. – да 7.

Ваенныя паражэнні расійскай арміі, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Расло дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат. Спыніць працэс разлажэння арміі было немагчыма, яна паступова страчвала баяздольнасць.

Беларускі нацыянальны рух. У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета “Наша ніва”. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі, нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве.

Акупіраваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі і ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай “злучнасці”. Гвалтоўная паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы Польшчы і Беларусі. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, якая ставіла сваёй мэтай утварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.

Германія, стараючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупіраванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, з аднаго боку, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а з другога – прадухіліць польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. у германскім загадзе аб школах акупіраванага краю беларуская мова абвяшчалася раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся.

На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні былі створаны “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. Прадстаўнікі камітэта прынялі ўдзел у рабоце канферэнцый прыгнечаных народаў Расіі, якія былі арганізавана немцамі ў Стакгольме і Лазане ў красавіку і чэрвені 1916 г. Там яны прасілі дапамогі ў народаў Еўропы ў вызваленні беларускага народа “з‑пад расійскай акупацыі”.

У канцы 1916 г. Беларускі народны камітэт зрабіў некалькі крокаў, каб дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак Літоўскі нацыянальны камітэт адмовіўся ад перагавораў, канчаткова разарваў сувязь не толькі з Беларускім народным камітэтам, але і з польскім і яўрэйскім нацыянальнымі камітэтамі і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай літоўскай дзяржавы былі ўключаны і акупіраваныя Германіяй беларускія землі. Беларусь атрымала ў Тарыбе два месцы.

Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху становяцца Петраград, Масква і іншыя гарады Расіі, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

Газета “Светач” прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”. Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне было спынена.

Газету “Дзянніца” выдаваў на свае сродкі З. Жылуновіч. Газета ўзнімала вострыя сацыяльныя праблемы, пытанні развіцця беларускай культуры, асуджала палітыку нямецкіх акупацыйных улад, прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў саюзе з рускім народам. У газеце друкаваліся творы З. Жылуновіча, К. Буйло, К. Чарнушэвіча, Ф. Шантыра і іншых дзеячаў, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Рэвалюцыйна-нацыянальны накірунак газеты выклікаў падазронасць у цэнзуры. Цэнзары выкідалі з газеты ўсе матэрыялы аб становішчы ў Беларусі, абвінавачвалі газету ў тым, што яна нібыта служыла Германіі. У снежні 1916 г. “Дзянніца” перастала выходзіць.

Далейшай актывізацыі беларускага нацыянальнага руху спрыяла Лютаўская рэвалюцыя.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]