Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

§ 35. Пабудова ў ссср і бсср сацыялістычнага грамадства

Успомніце. 1. Што такое сацыялізм? 2. Як характарызавалі сацыялістычнае грамадства стваральнікі сацыялістычных тэорый?

Пабудова сацыялістычнага грамадства ў СССР і БССР: цана і вынікі. У некаторых публікацыях апошніх гадоў факт пабудовы сацыялізму ў СССР і БССР цалкам адвяргаецца. 20–30‑я гады беспадстаўна называюцца “часам няўдалага бальшавіцкага эксперыменту”, “гадамі ўпушчаных магчымасцей”, “дарогай у нікуды”, “чорнай ямай”, “правалам” і г.д. Аўтары пры гэтым не прыводзяць ніякіх доказаў для абгрунтавання сваіх поглядаў. Такія эмацыянальна-палітычныя заявы не маюць ніякага дачынення да сапраўднай навукі.

Абапіраючыся на факты гісторыі адзначым, што нягледзячы на жорсткасць сталінскага рэжыму, краіна рухалася наперад, дабівалася поспехаў у сацыяльна-эканамічным і культурным будаўніцтве.

Пасля першых двух гадоў індустрыялізацыі, адказваючы на просьбы запаволіць рух наперад, вытрымаць які было вельмі цяжка, І.В. Сталін гаварыў: “Задержать темпы – это значит отстать. А отсталых бьют. Но мы не хотим оказаться битыми. Нет, не хотим! Старую Россию непрерывно били за отсталость. Били монгольские ханы. Били турецкие беки. Били шведские феодалы. Били польско-литовские паны. Били англо-французские капиталисты. Били японские бароны. Били все – за отсталость. За отсталость военную, за отсталость культурную, за отсталость государственную, за отсталость промышленную, за отсталость сельскохозяйственную. Били потому, что это было доходно и сходило безнаказанно. Помните слова дореволюционного поэта: “Ты и убогая, ты и обильная, ты и могучая, ты и бессильная, матушка Русь”. (…) Мы отстали от передовых стран на 50–100 лет. Мы должны пробежать это расстояние в десять лет. Либо мы сделаем это, либо нас сомнут!”

Мы сапраўды “прабеглі” гэты шлях за 10–15 гадоў. Савецкі Саюз стаў адной з перадавых індустрыяльных дзяржаў свету. У канцы 30 – пачатку 40‑х гадоў ён адносіўся да ліку 3–4‑х краін свету, якія былі здольнымі вырабляць усе віды прамысловай прадукцыі, даступнай тады чалавецтву. Цана гэтага “бегу” была надзвычай высокай – лёс цэлага пакалення савецкіх людзей.

Класік англійскай літаратуры Чарльз Сноу пісаў: “Ад драўляных сох да атамных рэактараў… Трыумфальны ўзлёт Расіі… Страшная цана для цэлага пакалення”. Не адмаўляючы гэтага, расійскі гісторык Н. Сіманаў падкрэслівае: “Параўноўваючы высокую цану, якую заплацілі народы СССР за здзейснены напярэдадні Другой сусветнай вайны індустрыяльны рывок, з цаной, якую ім, у процілеглым выпадку, прыйшлося б заплаціць за ваенна-тэхнічную і эканамічную адсталасць краіны, дадзеныя ахвяры і страты не прыходзіцца лічыць ні непатрэбнымі, ні празмернымі”. І ніхто ў свеце не ведае і сёння, як можна “прабегчы” вялікую адлегласць за 10–15 гадоў з самымі мінімальнымі стратамі, а можа і наогул без іх.

“Нас не змялі”, хоць спробу змяць, знішчыць зрабілі ў 1941 г. самыя цёмныя сілы дзяржаў фашысцкай кааліцыі. Не знішчылі, не змялі таму, што за 10–15 гадоў мы змаглі стварыць магутную эканоміку, ліквідавалі сваю адсталасць, у тым ліку і ў ваеннай сферы, выхавалі новае пакаленне патрыятычна настроеных людзей, якіх немагчыма было паставіць на калені. У сувязі з гэтым велічнасць і маштабнасць задач, якія вырашаліся савецкім, у тым ліку і беларускім народам, могуць не заўважаць толькі людзі, якія ненавідзяць усё тое, што звязана з савецкай уладай і сацыялістычным грамадствам.

Цаной велізарных намаганняў савецкага, у тым ліку беларускага народа, выкарыстання яго працоўнага энтузіязму, свядомага і часовага, як тады меркавалася, абмежавання матэрыяльных запатрабаванняў людзей да канца 30‑х гадоў у СССР і БССР было створана сацыялістычнае грамадства. Канстытуцыя СССР 1936 г. і Канстытуцыя БССР 1937 г. заканадаўча замацавалі перамогу альтэрнатыўнага капіталізму сацыялістычнага грамадства.

Характарыстыка савецкага сацыялістычнага грамадства. Характэрнымі рысамі савецкага сацыялістычнага грамадства, пабудаванага ў канцы 30-х гг. з’яўляюцца:

• аднапартыйная сістэма, усеўладдзе партыйна-дзяржаўнай наменклатуры і абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства;

• дзяржаўнае дырэктыўнае планаванне развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры, панаванне агульнанароднай (дзяржаўнай) уласнасці на сродкі вытворчасці;

• адсутнасць эксплуататарскіх класаў і капіталістычнай эксплуатацыі чалавека чалавекам;

• моцная сацыяльная палітыка ў інтарэсах большасці народа – права на працу і абавязак працаваць (адсутнасць беспрацоўя), бясплатнасць адукацыі і аховы здароўя, гарантаванасць пенсійнага забеспячэння, таннасць жылля і камунальных паслуг, пуцёвак у санаторыі і дамы адпачынку;

• рост агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню народа і даступнасць дасягненняў культуры і сусветнай цывілізацыі для чалавека працы;

• рашучая і бескампрамісная барацьба са злачыннасцю і негатыўнымі з’явамі ў грамадстве (п’янствам, наркаманіяй, прастытуцыяй, спекуляцыяй і інш.), што нярэдка прыводзіла да грубых парушэнняў сацыялістычнай законнасці;

• панаванне ў свядомасці большай часткі насельніцтва марксісцка-ленінскай ідэалогіі.

Разам з тым для створанага ўпершыню ў СССР і БССР сацыялістычнага грамадства былі характэрны дэфармацыі, якія сведчылі аб парушэнні стваральнікамі новага грамадства прынцыпаў класічнага марксізму. Да ліку дэфармацый можна аднесці забарону прыватнай ініцыятывы і прадпрымальніцкай дзейнасці, абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства, парушэнне сацыялістычнай законнасці і правоў чалавека, нізкі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту людзей і інш. Аднак, трэба разумець, што дэфармацыі сацыялізму былі абумоўлены не толькі памылкамі партыйнага і савецкага кіраўніцтва. Яны мелі і аб’ектыўную прыроду. Дэфармацыі сацыялізму абумоўліваліся як складанасцю і маштабнасцю ўпершыню вырашаемых задач, так і наяўнасцю варожага СССР капіталістычнага акружэння, яго жаданнем знішчыць першую ў свеце краіну сацыялізму.

Нягледзячы на дэфармацыі сацыялізму, жорсткасць палітычнага рэжыму і рэпрэсіі, грамадская атмасфера 30‑х гадоў была прасякнута пафасам стваральнай працы. Мелі месца сапраўдны працоўны гераізм і добрасумленнае служэнне Айчыне. У працоўнае асяроддзе ўкараняліся каштоўнасці чалавечай дабрыні, салідарнасці і справядлівасці. Змяняліся светапогляд і псіхалогія савецкіх людзей. Ідэяй, якая мела векавыя традыцыі і магутную аб’яднальную сілу, стала ідэя патрыятызму. У інтарэсах патрыятычнага выхавання ў школах было адноўлена выкладанне айчыннай гісторыі. У сродках масавай інфармацыі вышэйшай доблесцю савецкіх людзей абвяшчаўся патрыятызм. Прапагандаваліся таксама ідэі моцнай дзяржаўнасці і перавагі грамадскіх інтарэсаў над асабістымі, матывы шчаслівага жыцця і паўнацэннай сям’і.

Савецкі, у тым ліку і беларускі народ, ганарыўся дасягненнямі ў галіне навукі, адукацыі і культуры. Для мільёнаў людзей адкрыліся перспектывы атрымаць адукацыю, у тым ліку і вышэйшую, падняцца з самых “нізоў” да высокіх пасад у дзяржаве, увайсці ў навуковую эліту, раскрыць і рэалізаваць свае творчыя здольнасці.

Савецкае сацыялістычнае грамадства аказвала магутнае ўздзеянне на ход сусветнай гісторыі. Савецкі народ карыстаўся павагай з боку мільёнаў людзей у розных краінах свету. У свядомасці народа дасягненні і перамогі СССР звязваліся з імем І.В. Сталіна.

Асоба І.В. Сталіна: супярэчлівасць ацэнак. Савецкая гістарыяграфія да 1985 г. толькі станоўча і ўзвышана ацэньвала асобу І.В. Сталіна і яго дзейнасць. У апошні час у шматлікіх публікацыях гаворыцца аб шэрасці, бязлікасці, нізкім узроўні культуры і пісьменнасці гэтага дзяржаўнага дзеяча. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі даюць толькі адмоўныя ацэнкі асобы І.В. Сталіна з боку сучаснікаў, якія мелі асабістыя з ім сустрэчы.

Але ёсць і іншыя ацэнкі. У. Чэрчыль, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, пісаў: “Вялікім шчасцем было для Расіі, што ў гады найцяжэйшых выпрабаванняў краіну ўзначальваў геній і непахісны палкаводзец Сталін”. Савецкага кіраўніка У. Чэрчыль называў “чалавекам незвычайнай энергіі і незгібаемай сілы волі”, “непаўторным сярод кіраўнікоў дзяржаў усіх часоў і народаў”, “майстрам знаходзіць у цяжкія моманты шляхі выхаду з самага бязвыхаднага становішча”. “Сталін быў самым вялікім, не маючым сабе роўнага ў свеце, дыктатарам, які прыняў Расію з сахой і пакінуў яе з атамным узбраеннем”, – адзначаў У. Чэрчыль.

Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт пісаў пра І.В. Сталіна: “Гэты чалавек умее дзейнічаць. У яго мэта заўсёды перад вачыма. Працаваць з ім адно задавальненне”. Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь адзначаў тое, што І.В. Сталін “умеў “прыручаць” сваіх ворагаў, не панікаваць пры пройгрышы і не паддавацца асалодам пры перамогах. А перамог у яго больш, чым паражэнняў”. Газета ЗША “Нью‑Йорк Таймс” 6 сакавіка 1953 г. пісала: “Са Сталіным закончылася цэлая эпоха ў сусветнай гісторыі. Ён прымусіў Захад паважаць магутнасць новай Расіі і пастараўся вывесці яе ў лік вялікіх дзяржаў…”.

Моцнае ўражанне рабіў І.В. Сталін на савецкіх людзей, сучаснікаў тых падзей. Яны бачылі, як нягледзячы на цяжкасці і нязгоды, мянялася аблічча краіны. Ужо ў канцы 30‑х гадоў СССР па аб’ёму валавой прадукцыі прамысловасці выйшаў на другое месца ў свеце і першае ў Еўропе, прычым больш чым 80% усёй прамысловай прадукцыі было атрымана ад новых ці цалкам рэканструяваных прадпрыемстваў. Уводзілася ўсеагульнае навучанне дзяцей школьнага ўзросту, праводзілася ліквідацыя непісьменнасці дарослага насельніцтва. Калі ў 1914/1915 вучэбным годзе ў Расійскай імперыі налічвалася толькі 91 вышэйшая навучальная ўстанова са 112 тыс. студэнтаў, то ў 1940 г. у 817 вышэйшых навучальных установах СССР вучылася 811,7 тыс. студэнтаў. Паспяхова развіваліся літаратура і мастацтва.

Разам з тым большасць савецкіх людзей нічога не ведала аб закуліснай дзейнасці І.В. Сталіна і яго саратнікаў, аб рэпрэсіях, расстрэлах, Галоўным упраўленні лагераў. Яны ўяўлялі Сталіна як стваральніка ў СССР самага справядлівага грамадства, як змагара за шчаслівую будучыню народа. Таму савецкія людзі аддавалі правадыру даніну глыбокай павагі. Культ асобы І.В. Сталіна фарміраваўся як пад уплывам страха рэпрэсій і маніпуліравання свядомасцю мас, так і пад уздзеяннем вобраза сапраўды буйнага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]