Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі былі падпісаны савецка-германскія дагаворы “Аб ненападзенні”, “Аб дружбе і граніцы”? Якім чынам яны вызначылі лёс заходнебеларускіх зямель?

2. Якімі знешнепалітычнымі і ўнутранымі абставінамі было абумоўлена ўступленне Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 г. у Заходнюю Беларусь? Якімі былі вынікі гэтага паходу?

3. Дзе і калі было прынята рашэнне аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР? Якія сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні былі праведзены ў Заходняй Беларусі пасля 1939 г.?

4. Ахарактарызуйце БССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Якія мерапрыемствы былі праведзены на тэрыторыі БССР для ўмацавання абароназдольнасці краіны?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Якія ацэнкі ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР вы сустракалі ў гістарычнай літаратуры? перыядычным друку? Якія з іх уяўляюцца вам найбольш пераканаўчымі? Чаму?

2. Дайце ўласную ацэнку ўз’яднанню Заходняй Беларусі з БССР.

3. Падрыхтуйце паведамленне аб рэвалюцыйных пераўтварэннях на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939–1941 гг.

4. Прадоўжыце запаўненне табліцы “Тэрытарыяльныя змены БССР у першай палове ХХ ст.”.

Перыяд

Тэрыторыя

Спіс ілюстрацый

1. Пасля падпісання дагавора аб ненападзенні з Германіяй. Сталін гаворыць тост. Масква. 24 жніўня 1939 г.

2. Молатаў і Рыбентроп у час падпісання дагавора “Аб дружбе і граніцы” паміж СССР і Германіяй. Масква. 28 верасня 1939 г.

3. Сумесны парад савецкіх і нямецкіх войск у Брэсце 22 верасня 1939 г. У цэнтры – савецкі камбрыг С. Крывашэін і гітлераўскі генерал Г. Гудэрыян.

4. Карціна М. Манасзона “Вызваленне Заходняй Беларусі”.

5. Дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі аб уваходжанні яе ў склад БССР.

§ 38. Пачатак вялікай айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі беларусі

Успомніце. 1. Калі пачалася Другая сусветная вайна? 2. Якімі былі вынікі яе першага перыяду? 3. Што такое “маланкавая вайна”?

Нападзенне фашысцкай Германіі на СССР. Цэнтралізацыя кіраўніцтва краінай, мабілізацыя і эвакуацыя. Парушыўшы савецка-германскі дагавор аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г., фашысцкая Германія 22 чэрвеня 1941 г. вераломна напала на СССР. Мэтай гэтага нападу з’яўлялася ліквідацыя савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу, авалоданне нацыянальнымі багаццямі народаў СССР і выкарыстанне іх у інтарэсах рэйха, каланізацыя тэрыторыі СССР, знішчэнне большай часткі насельніцтва краіны і ператварэнне астатніх ў рабоў нямецкіх гаспадароў.

22 чэрвеня 1941 г. у 12 гадзін дня з заявай Савецкага ўрада па радыё выступіў нарком замежных спраў В.М. Молатаў. У заяве выражалася цвёрдая ўпэўненасць у перамозе над агрэсарам: “Наше дело правое, враг будет разбит. Победа будет за нами”. Вайна з першых дзён атрымала назву “Вялікай Айчыннай”.

Па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Беларусі, праводзілася мабілізацыя ў дзеючую Чырвоную Армію ваеннаабавязаных запасу.

Вайна вымусіла пайсці на жорсткую цэнтралізацыю кіраўніцтва краінай. 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага Камандавання (пазней – Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання), а 30 чэрвеня – Дзяржаўны Камітэт Абароны на чале з І. Сталіным.

З тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася эвакуацыя ва ўсходнія раёны краіны цывільнага насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. За кароткі час было эвакуіравана звыш 1,5 млн. чалавек, 124 прадпрыемствы, тысячы металаапрацоўчых станкоў, матораў, тэкстыльных, швейных, скураабутковых і трыкатажных машын, трактароў, камбайнаў, малатарняў. Вывозілася гатовая прадукцыя і сыравіна, збожжа і прадукты харчавання, пераганяліся на ўсход сотні тысяч галоў жывёлы. Эвакуіраваліся таксама многія ўстановы адукацыі, навукі і культуры.

Насельніцтва Беларусі дапамагала Чырвонай Арміі. У будаўніцтве абарончых аб’ектаў і рубяжоў на тэрыторыі рэспублікі ўдзельнічала каля 2 млн. чалавек. З добраахвотнікаў, якія не падлягалі прызыву ў армію, былі створаны дзесяткі знішчальных батальёнаў і сотні фарміраванняў народнага апалчэння, якія вялі барацьбу з дэсантамі праціўніка, шпіёнамі, ахоўвалі прамысловыя аб’екты, дзяржаўныя ўстановы, лініі сувязі. Разам з часцямі Чырвонай Арміі добраахвотнікі прымалі ўдзел у абарончых баях.

Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі і адступленне Чырвонай Арміі. Нападзенне на СССР гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў і налётам авіяцыі на месцы размяшчэння савецкіх войск, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады. На Мінск, Смаленск і Маскву наступала група армій “Цэнтр” на чале з генерал-фельдмаршалам Ф. Бокам. Ёй супрацьстаяў Заходні фронт, якім камандаваў генерал арміі Д.Г. Паўлаў.

Гераічна змагаліся з ворагам пагранічнікі, лётчыкі, прадстаўнікі ўсіх родаў войск. Гінулі, але не пакідалі баявыя пазіцыі воіны пагранічных застаў, якімі камандавалі афіцэры М.К. Ішкоў, А.М. Кіжаватаў, І.Р. Ціханаў, В.М. Усаў. Лётчыкі П.С. Рабцаў, А.С. Данілаў, С.М. Гудзімаў, Д.В. Кокараў таранілі варожыя самалёты. На працягу першага дня вайны ў паветраных баях было збіта больш за 100 нямецкіх самалётаў.

Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. За бессмяротны подзвіг, які здзейснілі абаронцы крэпасці, ёй было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой” (1965 г.). Толькі за першыя 3 дні абароны Мінска воіны 100‑й савецкай дывізіі знішчылі каля 100 танкаў праціўніка.

Аднак нягледзячы на мужнасць і гераізм савецкіх салдат і афіцэраў, 28 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі захапілі Мінск. У гіганцкім катле на захад ад беларускай сталіцы ў акружэнні апынуліся больш за 300 тыс. салдат і камандзіраў 3‑й, 4‑й, 10‑й і 13‑й савецкіх армій. Большасць салдат і камандзіраў трапіла ў нямецкі палон. Толькі частка воінаў змагла прабіцца з акружэння, а многія засталіся ў лясах і потым перайшлі да партызанскай барацьбы.

У складанай ваенна-стратэгічнай сітуацыі ў ліпені 1941 г. войскі Заходняга фронту ажыццявілі шэраг контрудараў. 6 ліпеня войскі 20‑й арміі пад камандаваннем генерала П.А. Курачкіна нанеслі контрудар у напрамку Сянно – Лепель і адкінулі ворага на 30–40 км. Адбыўся адзін з буйнейшых у пачатковым перыядзе вайны танкавых баёў, у якім з абодвух бакоў было задзейнічана больш за 1500 машын. 13 ліпеня войскі 63‑га корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Л.Р. Пятроўскага фарсіравалі Днепр, вызвалілі Жлобін і Рагачоў і пачалі развіваць наступленне на Бабруйск. 22 ліпеня пачаўся 12‑дзённы рэйд па тылах ворага кавалерыйскай групы генерала А.І. Гарадавікова. Былі вызвалены Глуск, Старыя Дарогі, нанесены раптоўны ўдар па Асіповічах. 30 ліпеня быў вызвалены Крычаў. Аднак не падтрыманыя агульным наступленнем контрудары асобных вайсковых злучэнняў поспеху не мелі.

Выключна напружанымі былі баі на рубяжах Бярэзіны і Дняпра. Пад Барысавам, паводле прызнання нямецкага генерала Г. Гудэрыяна, гітлераўскія войскі адчулі магутнасць танкаў Т‑34. 14 ліпеня 1941 г. пад Оршай упершыню нанесла магутны ашаламляльны ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак (“Кацюш”) пад камандаваннем капітана І.А. Флёрава.

На працягу 23 дзён савецкія войскі стрымлівалі націск ворага пад Магілёвам. Больш за месяц ішлі баі за Гомель.

К пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вораг наступаў і на іншых участках савецка-германскага фронту.

Прычыны няўдач і паражэнняў Чырвонай Арміі ў пачатку вайны. Першая група прычын звязана з памылковасцю савецкай ваеннай дактрыны, пралікамі і недахопамі ў стратэгічнай і тактычнай падрыхтоўцы савецкіх войск. У адпаведнасці з дактрынай: у выпадку нападзення на СССР агрэсар павінен быць прыпынены і абяскроўлены на граніцы ў выніку непрацяглых прыгранічных бітваў, затым вайна пераносіцца на тэрыторыю праціўніка і вядзецца малой крывёю. Чырвоная Армія паспяхова наступае, знічшае ворага і дабіваецца перамогі. У сувязі з гэтым Чырвоная Армія рыхтавалася да вядзення баявых дзеянняў ва ўмовах наступлення і недаацэньвалася ўменне весці вайну ў абароне. У савецкага камандавання нават адсутнічаў план стратэгічнай абароны, а абараняцца прышлося менавіта ў пачатку вайны, чаго прафесійна не ўмелі рабіць ні салдаты, ні камандзіры.

Другая група прычын звязана з пралікамі вышэйшага палітычнага кіраўніцтва СССР у ацэнцы ваенна-стратэгічнай сітуацыі. І. Сталін адносіўся з недаверам не толькі да звестак савецкай агентуры аб канкрэтных тэрмінах нападу на СССР, канцэнтрацыі нямецкіх ваенных сіл каля заходніх граніц, аблётах авіяцыяй прыгранічных раёнаў, актывізацыі шпіёнскай дзейнасці, але і да шматлікіх папярэджанняў заходніх дзяржаў. Ён лічыў, што Германія, не скончыўшы ваенных дзеянняў супраць Англіі, не пачне вайну супраць СССР. Для вайны з Савецкім Саюзам Гітлеру спатрэбіцца нафта, а таму пасля Балканаў Германія нападзе на краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.

14 чэрвеня 1941 г., за тыдзень да пачатку вайны, была апублікавана Заява ТАСС. У ёй паведамлялася, што “Германія па-ранейшаму няўхільна выконвае ўмовы савецка-германскага пакта аб ненападзенні, як і Савецкі Саюз, таму… чуткі пра нападзенне Германіі на СССР пазбаўлены сэнсу…” Незалежна ад таго, якія пры гэтым ставіліся мэты, Заява ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г. не садзейнічала мабілізацыйнай гатоўнасці савецкага народа і яго Узброеных Сіл у самым пачатку вайны. Раніцай 22 чэрвеня 1941 г., калі фашысцкія самалёты кідалі бомбы на Мінск, некаторыя яго жыхары лічылі гэта правакацыяй, заяўляючы: “А вы Заяву ТАСС ад 14 чэрвеня чыталі?”

Трэцяя група прычын звязана са стратэгічнымі і тактычнымі памылкамі вышэйшага ваеннага кіраўніцтва СССР. У адпаведнасці з савецкай ваеннай дактрынай з цэнтральных рэгіёнаў СССР вясной – летам 1941 г. на тэрыторыю Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі перакідвалася вялікая колькасць войск. Напрыклад, на 22 чэрвеня 1941 г. у Беларусі размяшчаліся 672 тыс. савецкіх войск (параўнайце: сёння Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь складаюць каля 80 тыс. чалавек). Больш паловы запасаў зброі, боепрыпасаў, тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў і ваеннага рыштунку знаходзілася на складах каля заходняй граніцы. Гэта рабілася на выпадак агрэсіі, калі баявыя дзеянні прыдзецца весці на тэрыторыі ворага. У пачатку вайны нават планавалася ўступленне Чырвонай Арміі ў Прусію і Польшчу, занятую немцамі. Аднак гэтага не здарылася. За першы тыдзень вайны вораг захапіў Заходнюю і частку Цэнтральнай Беларусі, 30% боепрыпасаў і 50% запасаў гаручага, што складавалася каля граніцы, было знішчана ці захоплена немцамі. Аднавіць такія страты ў кароткі тэрмін было немагчыма.

Чацвёртая група прычын звязана з тым, што СССР вымушаны быў уступіць у вайну з кааліцыяй дзяржаў, якія мелі вялікі эканамічны і ваенны патэнцыял. Германія разам з акупіраванымі краінамі пераўзыходзіла СССР па выплаўцы сталі, чыгуну, здабычы вугалю, па вытворчасці электраэнергіі і цэменту больш чым у 2 разы. Германія раней за СССР перавяла сваю эканоміку на ваенны лад, атрымала ўзбраенне больш як 200 дывізій, разгромленых у Еўропе, загадзя правяла мабілізацыю і канцэнтрацыю войск на заходніх савецкіх граніцах. У той жа час войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі, як і іншых ваенных акруг, не былі прыведзены ў стан баявой гатоўнасці, артылерыя знаходзілася на вучэбных палігонах, авіяцыя як мішэні для праціўніка заставалася на месцах пастаяннай дыслакацыі. Удары з паветра і дзейнасць дыверсантаў у тыле Чырвонай Арміі прывялі да разбурэння сродкаў сувязі, радыёсувязь фактычна адсутнічала, у выніку кіраўніцтва войскамі было згублена.

Адказнасць за адступленне савецкіх войск, вялізныя людскія і матэрыяльныя страты нясуць найперш І. Сталін і яго бліжэйшае акружэнне, а таксама Наркамат абароны і Генеральны штаб Узброеных Сіл СССР, камандаванне Заходняй асобнай ваеннай акругі (ЗахАВА), камандзіры палкоў, дывізій, карпусоў, злучэнняў. Але абвінавачванне было ўскладзена толькі на кіраўніцтва ЗахАВА і камандзіраў вайсковых фарміраванняў. Камандуючы войскамі акругі Д.Р. Паўлаў і некаторыя іншыя военачальнікі былі арыштаваны і расстраляны.

Тым не менш у ходзе абарончых баёў савецкіх войск летам 1941 г. стратэгічны план “маланкавай вайны” гітлераўскага камандавання быў сарваны. Нягледзячы на вялікія страты, вораг не змог знішчыць асноўны патэнцыял Чырвонай Арміі на шляху наступлення ўдарнай фашысцкай групоўкі армій “Цэнтр”. За час баёў у Беларусі савецкае камандаванне змагло сабраць і сканцэнтраваць рэзервы, умацаваць абарону на маскоўскім напрамку.

Ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне разгрому нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой. 30 верасня 1941 г. пачалося першае “генеральнае” наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву. У раёне Вязьмы трапілі ў акружэнне 4 савецкія арміі, пад Бранскам – 3 савецкія арміі. Вораг наблізіўся да Масквы на адлегласць у 100–110 км. У канцы кастрычніка 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі былі спынены на подступах да Масквы.

15–16 лістапада 1941 г. пачалося другое “генеральнае” наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву. Як і першае, яно закончылася няўдачай. Хоць вораг і падыйшоў да сталіцы на 25–30 км, але ўзяць яе не змог. Упершыню за ўсю вайну, выкарыстаўшы амаль усе свае рэзервы, вермахт сутыкнуўся з фактам свайго бяссілля перад праціўнікам і немагчымасцю прарваць абарону савецкіх войск.

5–6 снежня 1941 г. савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі ворага на захад на 350–400 км. Былі вызвалены цалкам Маскоўская і Тульская вобласці, шэраг раёнаў Калінінскай вобласці. Контрнаступленне савецкіх войск працягвалася да красавіка 1942 г. У лістападзе 1941 г. быў вызвалены Растоў‑на‑Доне. Разгром ударнай групоўкі праціўніка пад Ціхвінам (Ленінградская вобласць) сарваў планы Гітлера і Маннергейма аб злучэнні нямецка-фашысцкіх і фінскіх войск для захопу Ленінграда.

Разгром нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой і паспяховае наступленне Чырвонай Арміі зімой 1941–1942 гг. мелі ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне. Перамога Чырвонай Арміі завяршыла крах гітлераўскай стратэгіі маланкавай вайны (“бліцкрыга”) супраць СССР. Быў канчаткова развеяны міф аб “непераможнасці” гітлераўскай арміі, падарваны яе маральны дух і баяздольнасць. Перамога савецкіх войск пад Масквой натхніла народы міра на ўзмацненне вызваленчай барацьбы і партызанскага руху ў парабаваных германскім фашызмам і японскім мілітарызмам краінах Еўропы і Азіі, на актывізацыю Руху Супраціўлення. Перамога пад Масквой падзейнічала на урады Японіі і Турцыі, якія чакалі зручнага моманту для нападзення на СССР.

Значэнне бітвы пад Масквой заключаецца і ў тым, што яна рашаючым чынам падзейнічала на паскарэнне працэса фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі.

Ужо ў ліпені – жніўні 1941 г. урады ЗША і Англіі прынялі рашэнне “аказаць усё магчымае эканамічнае садзеянне з мэтай умацавання Савецкага Саюза ў яго барацьбе супраць узброенай агрэсіі”. На канферэнцыі трох краін – СССР, ЗША і Англіі ў Маскве 29 верасня – 1 кастрычніка 1941 г. абмяркоўваліся канкрэтныя пытанні аб дапамозе СССР з боку саюзнікаў і аб узаемных пастаўках. 26 мая 1942 г. Савецкім Саюзам быў падпісаны дагавор з Англіяй і 11 чэрвеня 1942 г. пагадненне з ЗША аб саюзе ў вайне супраць фашысцкай Германіі. Гэтымі дакументамі быў канчаткова аформлены саюз СССР, ЗША і Англіі ў вайне. Працэс утварэння антыгітлераўскай кааліцыі завяршыўся.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]