Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Метеорология.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
19.11.2018
Размер:
1.5 Mб
Скачать

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

П.А. КАЎРЫГА

МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ

Вучэбны дапаможнік

для студэнтаў

геаграфічнага факультэта

МІНСК 2004

УДК 551. 5(075.3)

ББК 26. 23я 73

Р э ц э н з е н т ы:

доктар геаграфічных навук

прафесар Р.І. Сачок;

загадчык кафедры фізічнай геаграфіі

Белдзяржпедуніверсітэта імя М. Танка

дацэнт І.І. Кірвель

Рэкамендавана Вучоным саветам

геаграфічнага факультэта

сакавіка 2004 г., пратакол №

Каўрыга П. А.

Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. спец. G 31 02 01 Геаграфія, G 31 02 01-02 Геаграфія і геаінфармацыйныя сістэмы, Н 33 01 03 Геаэкалогія/ П. А. Каўрыга. — Мн: БДУ, 2004. —185 с.: іл. 47.

ISBN

У вучэбным дапаможніку выкладзена фізічная сутнасць атмасферных з’яў і працэсаў, за кошт якіх фарміруецца надвор’е і клімат Зямлі. Разглядаюцца фізічныя і хімічныя ўласцівасці паветра, яе радыяцыйны і цеплавы рэжым, вільгацезварот, вільготнасць паветра і працэсы кандэнсацыі вадзяной пары.

Даецца характарыстыка арганізацыі метэаралагічных назіранняў (службы надвор’я) на глабальным і рэгіянальным узроўнях. Аналізуюцца задачы, а таксама пытанні выкарыстання метэаралагічнай інфармацыі. Прызначаны для студэнтаў геаграфічнага факультэта па спецыяльнасцям Геаграфія, Геаінфармацыйныя сістэмы і Геаэкалогія.

Можа быць карысным для работнікаў сельскай гаспадаркі і спецыялістаў у вобласці прыродазнаўства.

УДК 551. 5 (075,3)

ББК 26. 23я 73

Каўрыга п.А., 2004

БДУ, 2004

Прадмова

Падручнік напісаны ў адпаведнасці з дзеючай праграмай курса “Метэаралогія і кліматалогія”. Пры стварэнні падручніка ўлічаны вопыт выкладання дысцыпліны для агульнай плыні студэнтаў геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пры стварэнні падручніка ставілася мэта даць студэнтам сучасныя ўяўленні аб атмасферных працэсах і заканамернасцях фарміравання надвор’я і клімата. З’яўленне ў свеце новых дадзеных, паняццяў і трактовак прывяло да ўзнікнення такіх навуковых накірункаў, як дыстанцыйныя метады, ядзерная і хімічная метэаралогія, метэаралогія азону, аэранамія, эканамічная метэаралогія і іншыя, што патрабавала перагляду ўсталяваўшыхся поглядоў на шматлікія вядомыя праблемы. Напрыклад, у падручніку выкладзены сучасны погляд на кліматычны фенамен Эль-Нін’ё — Паўднёвае хістанне, які кіруе не толькі надвор’ем Ціхага акіяну, але і шматлікімі пагодна-кліматычнымі працэсамі на ўсёй планеце.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў істотна ўдасканалены метады даследаванняў метэаралогіі і кліматалогіі. На аснове фізіка-матэматычнага мадэліравання атмасферных працэсаў, дасягненняў дыстанцыйных метадаў у гідраметэаралогіі, атрыманых вынікаў міжнародных эксперыментаў, маніторынгавых назіранняў інтэнсіўна развівалася тэорыя клімата. Усё гэта ў той ці іншай меры знайшло адлюстраванне ў падручніку.

Пры распрацоўцы падручніка звярталася ўвага на тлумачэнні фізічнай сутнасці атмасферных з’яў і працэсаў, а таксама на існуючыя прамыя і абратныя сувязі паміж імі і асобнымі кампанентамі кліматычнай сістэмы — атмасферай, акіянам, крыасферай і сушай. Такі сістэмны падыход забяспечвае больш глыбокае разуменне ўмоў фарміравання надвор’я і клімату, павышае эфектыўнасць выкарыстання спецыялістамі гідраметэаралагічнай інфармацыі ў сельскай і воднай гаспадарцы, у рабоце транспарта, энергетыкі, рэкрэацыі і іншых галінах народнай гаспадаркі.

Трэба зазначыць, што метэаралогія і кліматалогія мае важнейшае значэнне ў вырашэнні экалагічных праблем, створаных гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Вядома, што газавы склад атмасферы, яе надвор’е і клімат з’яўляюцца важнейшымі абіятычнымі фактарамі развіцця біягеацэнозаў і існавання чалавека. У той жа час, узмацненне антрапагеннай дзейнасці выступае адным з найбольш магутных фактараў, які парушае прыродныя сувязі паміж кампанентамі кліматычнай сістэмы. У сувязі з гэтым у падручніку знайшлі адлюстраванне ўяўленні аб фарміраванні надвор’я і развіцці кліматычнай сістэмы пад ўздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў.

У час падрыхтоўкі падручніка аўтар зыходзіў з таго, што яго змест павінен забяспечыць фарміраванне ў спецыялістаў сукупнасць ведаў і навыкаў, прадугледжаных дзяржаўным стандартам, які патрабуе засваення асноў метэаралогіі і кліматалогіі ў аб’ёме, неабходным для вырашэння навуковых і вытворчых задач, што ўзнікаюць ў розных галінах народнай гаспадаркі. Мяркуецца, што географ любой спецыялізацыі павінен разумець сувязі і месца дадзенай дысцыпліны ў сістэме фізічных і геаграфічных навук.

У першай часцы падручніка — метэаралогія — даюцца асновы ведаў аб атмасферы Зямлі, аб фізіка-хімічных працэсах фарміравання надвор’я, аб радыяцыйным, цеплавым і водным рэжыме атмасферы і зямной паверхні. Аднак, ва ўсіх метэаралагічных раздзелах разам з аналізам фізіка-хімічных працэсаў, якія развіваюцца ў паветранай абалонцы Зямлі, прыводзяцца іх геаграфічныя (кліматычныя) заканамернасці размеркавання.

Аўтарам з удзячнасцю ўлічаны шматлікія карысныя заўвагі, выказаныя супрацоўнікамі кафедры агульнага землязнаўства, рэцэнзентамі дапаможніка —доктару геаграфічных навук, прафесару Р.І. Сачку, загадчыку кафедры фізічнай геаграфіі, дацэнту І.І.Кірвелю. Усім ім, а таксама В.М. Кавалеўскай, якая аказала дапамогу ў падрыхтоўцы рукапісу да выдання, аўтар выказвае сваю глыбокую падзяку.