Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Метеорология.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
19.11.2018
Размер:
1.5 Mб
Скачать

1.4. Кліматаўтварэнне

Клімат фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння кліматаўтваральных працэсаў — цеплаабарота, вільгацеабарота і атмасфернай цыркуляцыі,. Гэта тры вялікія працэсы, якія вызначаюць кліматаўтварэнне і стан кліматычнай сістэмы на Зямлі.

Пад цеплаабаротам разумеецца паступленне і пераўтварэнне сонечнай радыяцыі ў атмасферы і на зямной паверхні. Разнастайныя працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў атмасферы і ствараюць розныя тыпы надвор’я, працякаюць за кошт праменнай энергіі, якая паступае на Зямлю ад Сонца (гл. раздзел “Радыяцыйны рэжым атмасферы і падсцілаючай паверхні”).

Акрамя цеплаабарота паміж зямной паверхняй і атмасферай працякае бесперапынны рух вады, або вільгацеабарот. Ён складаецца з працэсаў выпарэння, пераноса вадзяной пары паветранымі масамі, кандэнсацыі яго ў атмасферы, выпадзення ападкаў і сцёку (гл. раздзел “Водны рэжым атмасферы”). У вільгацеабароце ўдзельнічае сонечная энергія. Так, на выпарэнне затрачваецца вялікая колькасць цяпла, якое знаходзіцца ў атмасферы ў скрытай форме. У працэсе кандэнсацыі скрытае цяпло параўтварэння вылучаецца ў атмасферу і ўдзельнічае ў фарміраванні цеплавога рэжыма і клімата Зямлі.

Цепла- і вільгацеабарот паміж акіянамі, кантынентамі і атмасферай ажыццяўляецца за кошт агульнай цыркуляцыі атмасферы, пад якой разумеецца сістэма буйнамаштабных паветраных цячэнняў на Зямлі. Асноўнымі складаючымі агульнай цыркуляцыі атмасферы з’яўляюцца розныя тыпы паветраных мас, атмасферныя франты, цыклоны і антыцыклоны. У той жа час, узнікненне цыркуляцыйных плыняў паветраных мас вызначаецца нераўнамерным размеркаваннем атмасфернага ціску, прычынай якога з’яўляецца нераўнамернае размеркаванне цяпла. Гэта сведчыць аб тым, што агульная цыркуляцыя атмасферы ўдзельнічае ў цепла- і вільгацеабароце і ўсе гэтыя тры кліматаўтваральныя працэсы ўзаемазвязаныя і ўзаемадзейнічаюць узгоднена.

Аднак, узаемадзеянне кліматаўтваральных працэсў адбываецца па-рознаму ў залежнасці ад геаграфічных фактараў клімату. Пад уздзеяннем геаграфічных фактараў глабальны клімат мадэфіцыруецца (распадаецца) на кліматычныя паясы і асобныя тыпы лакальных кліматаў, якія выступаюць ўжо характарыстыкай ландшафта. Лакальныя кліматы ўзнікаюць пад уздзеяннем наступных геаграфічных фактараў: шыраты, размеркавання сушы і мора, араграфіі, глебы, расліннага, снегавога і ледзянога покрыва, акіянічных цячэнняў, а таксама антрапагеннай дзйнасці.

1.5. Народнагаспадарчае значэнне метэаралогіі і кліматалогіі

Нягледзячы на шырокае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, залежнасць чалавека і яго дзейнасці ад надвор’я і клімату не змяншаецца, а павялічваецца.

Атмасферныя працэсы ўздзейнічаюць на людзей і на ўсялякую гаспадарчую дзейнасць. Больш за ўсё надвор’е і клімат уплываюць на сельскую і водную гаспадарку, на работу транспарта, рыбалоўлю, энергетыку, будаўніцтва, камунальную гаспадарку, здароў’е чалавека.

Вялікую шкоду народнай гаспадарцы прычыняюць неспрыяльныя з’явы надвор’я: паводкі, засухі, буры, лавіны, прымаразкі, селі, градабой, завірухі, завеі, галалёдзіца, туман. Яны прыносяць вялікія страты грамадству. З-за дрэнных умоў надвор’я вялікія страты нясе транспарт: авіяцыя, сухапутны і марскі транспарт.

У апошнія дзесяцігоддзі віноўнікам пагодных анамалій, якія ахапілі ўсе кантыненты Зямлі, стаў гідраметэаралагічны фенамен Эль-Нін’ё — Паўднёвае хістанне. У перыяд развіцця гэтага фенамена ўзнікаюць гідраметэаралагічныя катастрофы, якія аказваюць адмоўны ўплыў на стан сусветнай эканомікі. Паводле дадзеных амерыканскіх спецыялістаў, за перыяд з 1982 па 1998 гады, эканамічныя страты ад наступстваў Эль-Нін’ё—Паўднёвае хістанне склалі 37 млрд долараў. У перыяд самай інтэнсіўнай з’явы Эль-Нін’ё ў 1982-1983 гг. ад паводак, засух і іншых стыхійных бедстваў загінула звыш двух тысяч чалавек, а матэрыяльныя страты склалі больш за 13 млрд долараў.

У сувязі з негатыўнай дзейнасцю чалавека ў апошнія дзесяцігоддзі ўзмацніліся анамаліі клімату, якія адмоўна паўплывалі на эканоміку шматлікіх краін, што прывяло да ўскладнення міжнародных адносін. Вядома, што развіццё і пагібель старажытных цывілізацый у Афрыцы і на Блізкім Усходзе былі абумоўлены змяненнямі клімату. Гібель пасяленняў вікінгаў у Ісландыі таксама тлумачыцца рэзкім пахаладаннем клімату.