Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Метеорология.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
19.11.2018
Размер:
1.5 Mб
Скачать

6.7. Сутачны і гадавы ход парцыяльнага ціску вадзяной пары

Парцыяльны ціск (пругкасць) вадзяной пары або вільгацеўтрыманне паветра вызначаецца інтэнсіўнасцю выпарэння і турбулентнага перамешвання, а таксама адвекцыяй вільгаці паветранымі масамі.

Парцыяльны ціск вадзяной пары знаходзіцца ў прамой залежнасці ад тэмпературы паветра. Па меры роста тэмпературы парцыяльны ціск расце і, наадварот.

Над акіянамі і зімой над мацерыкамі парцыяльны ціск вадзяной пары мае мінімум перад усходам Сонца, а максімум – у 14-15 гадз. Мінімум абумоўлены невялікай скорасцю выпарэння пры паніжаных начных тэмпературах, а таксама запаволеным турбулентным цеплаабменам. У дзённы час з павышэннем тэмпературы і інтэнсіфікацыяй турбулентнасці і выпарэння ціск вадзяной пары адпаведна павялічваецца.

У цёплую пару года над мацерыкамі сутачны ход ціску вадзяной пары набывае два мінімума і два максімума. Першы мінімум наступае перад усходам Сонца ў сувязі з мінімумам тэмпературы. Пасля ўсхода Сонца з ростам тэмпературы расце выпарэнне і ціск вадзяной пары. У 8-10 гадзін наступае першы максімум ціску. У сярэдзіне дня ўзмацняюцца турбулентнасць, канвекцыя і вецер, якія адносяць вадзяную пару ад выпаральнай паверхні на столькі інтэнсіўна, што яе ціск істотна паніжаецца. Гэты адток вадзяной пары не паспявае кампенсавацца выпарэннем, у выніку чаго ціск пары дасягае другога мінімума ў 14-15 гадз.

Вечарам, калі вецер і вертыкальны перанос вадзяной пары аслабляецца, а выпарэнне працягваецца з той жа інтэнсіўнасцю, то ціск вадзяной пары павялічваецца і ў 20-22 гадз дасягае другога мінімума.

Гадавы ход парцыяльнага ціску вадзяной пары паралельны гадавому ходу тэмпературы.

6.8. Сутачны і гадавы ход адноснай вільготнасці

Сутачны ход адноснай вільготнасці залежыць ад сутачнага ходу ціску вадзяной пары е і пругкасці насычэння Е. Вышэй адзначалася, што з ростам тэмпературы пругкасць пары е павялічваецца. Аднак пругкасць насычэння Е, у гэтым выпадку, расце значна хутчэй, чым фактычная пругкасць. Пагэтаму сутачны ход адноснай вільготнасці адваротны сутачнаму ходу тэмпературы, а гэта значыць, што па меры павышэння тэмпературы адносная вільготнасць памяншаецца. Інакш гаворачы, максімум адноснай вільготнасці наступае пасля ўсхода Сонца, а мінімум – у 14-15 гадз. Зразумела, што сутачны ход адноснай вільготнасці больш выражаны над кантынентамі, чым над акіянамі.

У гадавым ходзе адваротная залежнасць адноснай вільготнасці ад тэмпературы захоўваецца. Гэта азначае, што максімум прыходзіцца на самы халодны месяц, а мінімум – на самы цёплы. Напрыклад, у Беларусі ў студзені адносная вільготнасць складае 90 %, а ў чэрвені – 65 %.

У вобласцях з мусонным кліматам гадавы ход адноснай вільготнасці адваротны ходу над кантынентамі. Пры гэтым, максімум наступае летам, а мінімум – зімой.

6.9. Геаграфічнае размеркаванне парцыяльнага ціску вадзяной пары і адноснай вільготнасці

Геаграфічнае размеркаванне парцыяльнага ціску вадзяной пары па зямному шару залежыць ад тэмпературы, выпарэння і адвекцыі вільгаці паветранымі масамі. Размеркаванне ціску вадзяной пары ідзе следам за размеркаваннем тэмпературы і носіць занальны характар (рыс. 6.3, 6.4). Тэмпература, а разам з ёю і ціск пары, памяншаецца з шыратой. Найбольшы ціск пары назіраецца ў экватарыяльным поясе, дзе ён дасягае 20 гПа, а ў асобныя месяцы 35 гПа. Па меры павялічэння шыраты парцыяльны ціск вадзяной пары памяншаецца. Самыя халодныя раёны маюць самы нізкі ціск пары. Зімой ціск пары паніжаецца над мацерыкамі да 0,1 гПа, а над Антарктыдай ён яшчэ ніжэй.

Занальнасць назіраецца і ў размеркаванні адноснай вільготнасці. Аднак яе размеркаванне носіць больш складаны характар, чым размеркаванне ціску пары (рыс. 6.5, 6.6). Гэта тлумачыцца тым, што адносная вільготнасць залежыць не толькі ад тэмпературы, але і ад утрымання пары. Так, над экватарам у выніку вялікага вільгацеўтрымання адносная вільготнасць мае таксама вялікія значэнні. Тут адносная вільготнасць у сярэднім гадавым разліку складае 85 %. Вельмі часта над экватарам вадзяная пара знаходзіцца ў стане насычэння, калі адносная вільготнасць дасягае максімальна магчымай сваёй велічыні – 100 %.

Такія ж вялікія значэнні, як і на экватары, адносная вільготнасць мае ў Арктыцы, што абумоўлена нізкімі тэмпературамі, якія вызначаюць ступень насычэння вадзяной пары.

Адносная вільготнасць вельмі нізкая ў субтрапічных і трапічных пустынях (< 30 % – летам, каля 50 % зімой), дзе высокія тэмпературы, а паветра ўтрымлівае мала вільгаці. Над кантынентамі адносная вільготнасць паніжана летам і павышана зімой. У мусонных вобласцях адносная вільготнасць застаецца высокай і ў летні час.