Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Метеорология.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
19.11.2018
Размер:
1.5 Mб
Скачать

5.10. Геаграфічнае размеркаванне тэмпературы прыземнага слоя атмасферы

5.10.1. Геаграфічныя фактары размеркавання тэмпературы паветра. Размеркаванне тэмпературы паветра на геаграфічных картах паказваюць пры дапамозе ізатэрм – ізаліній, якія злучаюць кропкі з аднолькавымі тэмпературамі. У цэлым, тэмпература змяншаецца ад экватара да палюсоў і супадае з размеркаваннем радыяцыйнага балансу зямной паверхні. Аднак, ізатэрмы не супадаюць з шыротнымі

кругамі. Гэта тлумачыцца тым, што на размеркаванне тэмпературы ўплываюць шэраг геаграфічных фактараў:

  1. Геаграфічная шырата, ад якой залежыць колькасць цяпла, што паступае на Зямлю ад Сонца;

  2. Уплыў сушы і мора, якія неаднолькава награюцца і ахалоджваюцца;

  3. Цыркуляцыя атмасферы, якая пераносіць цёплыя і халодныя масы паветра;

  4. Марскія цячэнні, снегавое і ледзяное покрыва, горныя хрыбты;

  5. Вышыня над узроўнем мора.

Уплыў вышыні выключаюць шляхам прывядзення тэмпературы да ўзроўня мора, зыходзячы з таго, што на кожныя 100 м падняцця тэмпература паніжаецца на 0,6 оС.

Для выяўлення геаграфічных заканамернасцей размеркавання тэмпературы паветра будуюць карты сярэднегадовых ізатэрм і сярэдніх ізатэрм для самага халоднага (студзень) і самага цёплага (ліпень) месяцаў.

5.10.2. Размеркаванне сярэдніх гадавых тэмператур. Сярэднія гадавыя ізатэрмы бліжэй за ўсё да шыротных кругоў (рыс. 5.7). Аднак, адхіленне сярэдніх гадавых ізатэрм ад паралелей, як правіла, абумоўлена розным фізічным уздзеяннем на тэмпературу сушы і мора, а таксама марскіх цячэнняў.

З рыс. 5.7 бачна, што ў сярэдзіне тропікаў амаль паўсюдна сярэднегадавыя тэмпературы вышэй за 25 оС. Над Паўночнай Афрыкай, Індыяй і Мексікай узнікаюць востравы цяпла з тэмпературай вышэй нават 28 оС. Языкі цяпла бачны над Паўднёвай Амерыкай, Паўднёвай Афрыкай і Аўстраліяй. Востравы і языкі цяпла сведчаць аб тым, што ў сярэднім за год у трапічных шыротах мацерыкі цяплей, чым акіяны.

У пазатрапічных шыротах, асабліва ў Паўднёвым паўшар’і, гадавыя ізатэрмы амаль супадаюць з паралелямі. Аднак, у Паўночным паўшар’і ізатэрмы над мацерыкамі адхіляюцца на поўдзень, а над акіянамі на поўнач. Гэта значыць, што ў пазатрапічных шыротах у сярэднім за год мацерыкі халадней, чым акіяны.

Самае цёплае месца на Зямлі знаходзіцца на поўдні Чырвонага мора ў Хадэйдзе (Йемен), дзе зафіксавана сярэднегадовая тэмпература +32,5 оС. Самае халоднае месца – ва Усходняй Антарктыдзе, дзе сярэднегадавыя тэмпературы знаходзяцца ў межах -50 – - 55 оС.

Пад ўздзеяннем халодных цячэнняў каля заходніх узбярэжжаў мацерыкоў утвараюцца языкі холаду (гадавыя ізатэрмы звернуты да экватара). Пад уплывам цёплых цячэнняў уздоўж усходніх узбярэжжаў узнікаюць языкі цяпла (ізатэрмы накіраваны ў бок палюсоў).

5.10.3. Размеркаванне сярэдніх студзеньскіх тэмператур. Ізатэрмы студзеня ва ўмераных і палярных шыротах маюць больш выражанае азанальнае прасціранне. Яны ў большай меры адхіляюцца ад напрамку шыротных кругоў, набываючы рэзкія выгіны і гнуткасць на мяжы кантынентаў і акіянаў (рыс. 5.8), асабліва ў Паўночным паўшар’і. У Паўднёвым паўшар’і, дзе пераважае водная паверхня, ізатэрмы маюць амаль шыротны напрамак. У Паўночным замовым паўшар’і тэмпература рэзка змяняецца з шыратой, а ізатэрмы размяшчаюцца гусцей, чым у Паўднёвым. Акрамя таго, у Паўночным паўшар’і над халоднымі мацерыкамі ізатэрмы выгнуты ў бок экватара, а над цёплымі акіянамі – у бок полюса, падкрэсліваючы адрозненні марскога і кантынентальнага кліматаў.

Асабліва моцна прагнуты ізатэрмы на поўнач над цёплымі водамі Паўночнай Атлантыкі. За кошт уздзеяння цёплага Атлантычнага цячэння нулявая ізатэрма нават зімой трапляе за палярны круг. А ўздоўж узбярэжжа Нарвегіі назіраецца згушчэнне студзеньскіх ізатэрм і іх мерыдыянальнае прасціранне. На такое прасціранне ізатэрм адбіваецца ўплыў Скандынаўскіх гор, за якімі над кантынентам збіраецца халоднае паветра. Скандынаўскія горы перашкаджаюць праходжанню цёплага марскога паветра з захаду. Гэтым самым горная сістэма ўзмацняе кантраст тэмператур паміж акіянам і сушай. Такім жа чынам уплываюць Скалістыя горы на Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі.

Над Паўночнаўсходняй Азіяй і Грэнландыяй у студзені ізатэрмы замкнутыя, яны абрысоўваюць востравы холаду. У Якуцкім полюсе холаду (Верхаянск і Оймякон) сярэднестудзеньская тэмпература дасягае -48 оС, а абсалютны мінімум -71 оС. Утварэнню нізкіх тэмператур садзейнічаюць глыбокія міжгорныя ўпадзіны і даліны, дзе адбываецца застой паветра і ўзнікаюць магутныя антыцыкланальныя інверсіі.

Амаль такія ж нізкія тэмпературы назіраюцца ў Грэнландыі, дзе яны захоўваюцца цэлы год (у Якуціі толькі зімой). Вельмі холадна ў раёне Бафінавай зямлі. Над Паўночным полюсам цяплей, чым у Якуціі і Грэнландыі, таму што сюды часта заходзяць цыклоны, яны прыносяць цёплае марское паветра з Атлантыкі і Ціхага акіяну.

У трапічных шыротах студзеньскія ізатэрмы праходзяць вельмі блізка да шыротных кругоў. Тут тэмпература мала змяняецца з шыратой і неістотна адрозніваецца паміж мацерыкамі і акіянамі, дасягаючы 24 – 28 оС.

У Паўднёвым паўшар’і ў студзені лета. Тут ізатэрмы размяркоўваюцца раўнамерна. Аднак над мацерыкамі Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі праяўляюцца востравы цяпла. Напрыклад, у Аустраліі сярэднестудзеньская тэмпература складае 34 оС, а максімальная – дасягае 55 оС.

Летнія тэмпературы на ўзбярэжжы Антарктады складаюць каля -5 оС, а ў глыбіні кантынента паніжаюцца да -35 оС.

5.10.4. Размеркаванне сярэдніх ліпеньскіх тэмператур. Летам тэмпература паветра над мацерыкамі вышэй, чым над акіянамі. Пагэтаму ў Паўночным паўшар’і над мацерыкамі ізатэрмы выгнутыя на поўнач, а над акіянамі ў бок экватара (рыс. 5.9). Больш таго, у трапічным поясе Паўночнай Амерыкі, Аравійскага паўвострава, Цэнтральнай Азіі, Мексікі ізатэрмы набываюць замкнуты выгляд, адлюстроўваючы, гэтым самым, востравы цяпла з тэмпературамі 32-40 оС. У Паўночнай Афрыцы ў Лівійскай пустыні (на поўдзень ад Трыпалі) назіраюцца абсалютныя максімумы Зямлі, якія дасягаюць +58 оС. Некалькі ніжэй (+57 оС) зафіксаваны абсалютны максімум тэмпературы ў Каліфорніі, у міжгорнай Даліне Смерці. На Беларусі абсалютны максімум складае +38 оС у раёне Гомеля і +35 оС на поўначы рэспублікі.

У летнім Паўночным паўшар’і істотна змяншаецца тэмпературны кантраст паміж экватарам і полюсам. У выніку гэтай з’явы летнія ізатэрмы размяркоўваюцца радзей, чым зімовыя.

Звяртае на сябе ўвагу згушчэнне ліпеньскіх ізатэрм уздоўж каліфарнійскага ўзбярэжжа. Згушчэнне ізатэрм адлюстроўвае кантраст паміж тэмпературамі над халодным Каліфарнійскім цячэннем і гарачымі суседнімі пустынямі. Так, сярэднеліпеньская тэмпература на ўзбярэжжы складае +16 оС, а ў сярэдзіне пустынь – +32 оС.

У Паўднёвым зімовым паўшар’і ліпеньскія ізатэрмы амаль супадаюць з шыротнымі кругамі. Толькі на заходніх і ўсходніх узбярэжжах пад уздзеяннем адпаведна халодных і цёплых цячэнняў назіраюцца адхіленні ізатэрм--у першым выпадку ў бок экватара, а ў другім--у бок полюса.

Па меры перамяшчэння ад трапічных шырот у бок Паўднёвага полюсу тэмпература ў ліпені хутка паніжаецца. На ўзбярэжжы Антарктыды яна дасягае -15...-35 оС, ва ўсходняй частцы мацерыка – -70 оС. Абсалютны ж мінімум тэмпературы на станцыі “Усход” складае амаль -90 оС. Гэты раён з’яўляецца полюсам холада не толькі для Паўднёвага паўшар’я, але і для ўсяго Зямнога шара. Выключна нізкія тэмпературы ў Антарктыды тлумачацца тым, што ва ўмовах палярнай ночы і антыцыкланальнага надвор’я адбываецца інтэнсіўнае радыяцыйнае ахалоджванне лядова-снегавай падсцілаючай паверхні і прылеглых да яе слаёў паветра.