Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

2.3. Бібліяграфічнае падраздзяленне бібліятэкі і яго асноўныя функцыі

Галоўнае звяно бібліяграфічнай службы бібліятэкі – самастойнае бібліяграфічнае падраздзяленне. У буйных навуковых бібліятэках такім падраздзяленнем з’яўляецца бібліягра­фічны аддзел, у іншых тыпах бібліятэк – бібліяграфічны сектар. У невялікіх бібліятэках, якія не маюць структурных падраздзяленняў, функцыі такога звяна выконвае бібліёграф. Пры адсутнасці ў штатным раскладзе пасады бібліёграфа адказнасць за арганізацыю бібліяграфічнай работы ўскладаецца на аднаго з супрацоўнікаў бібліятэкі, або абавязкі па выкананні бібліяграфічных функцый размяркоўваюцца паміж супрацоўнікамі. Безумоўна, структура, задачы, функцыі бібліяграфічнага падраздзялення розных тыпаў бібліятэк, масштаб іх работы адрозніваюцца.

Структура бібліяграфічнага аддзела вызначаецца зместам выконваемай работы, залежыць ад штата – колькасці бібліёграфаў. Згодна з палажэннем 1983 г., якое вызначала прыкладную структуру універсальных навуковых бібліятэк, прадугледжвалася вылучэнне ў бібліяграфічным аддзеле трох сектараў: даведачна-бібліяграфічнага, краязнаўчай бібліягра­фіі, інфармацыі па культуры і мастацтве. Спецыфіка арганізацыйнай структуры універсальных навуковых бібліятэк нашай краіны звязана з выдзяленнем самастойных аддзелаў беларускай літаратуры ў НББ, краязнаўчай літаратуры – у АУНБ, якія выконваюць і бібліяграфічныя функцыі; таксама ў НББ у якасці самастойнага існуе аддзел навуковай інфармацыі па праблемах культуры, адпаведна ў АУНБ – сектары інфармацыі па культуры і мастацтве.

У арганізацыйна-функцыянальнай структуры бібліяграфіч­най службы НББ існуюць два самастойныя бібліяграфічныя аддзелы, якія маюць уласную структуру. Так, даведачна-інфармацыйны аддзел складаецца з трох сектараў: даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання; інфармацыйна-бібліяграфіч­нага абслугоўвання; цэнтра прававой інфармацыі. Навукова-бібліяграфічны аддзел уключае сектары навукова-дапамож­най бібліяграфіі; рэкамендацыйнай бібліяграфіі; стварэння аналітычных запісаў; стварэння фактаграфічных і паўнатэ­кставых БД. Задачы аддзелаў і іх функцыі вызначаюцца палажэннем аб аддзеле, якое распрацоўваецца кожнай біблія­тэкай з улікам мясцовых умоў. Адпаведныя палажэнні ствараюцца і для кожнага сектара.

Галоўнымі задачамі даведачна-інфармацыйнага аддзела НББ з’яўляюцца аператыўнае і якаснае забеспячэнне доступу карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі і су- светнай супольнасці; навучанне асновам сучасных інфарма­цыйных тэхналогій і фарміраванне бібліяграфічнай культуры чытачоў; навукова-даследчая і метадычная работа па профілі дзейнасці аддзела.

Сярод асноўных функцый згодна з унутранымі нарматыўнымі дакументамі вызначаны наступныя: даведачна-бібліяграфічнае і інфармацыйнае абслугоўванне абанентаў бібліятэкі пры дапамозе традыцыйных каталогаў і картатэк, электроннага каталога, баз даных на электронных носьбітах і даведачна-бібліяграфічнаму фонду аддзела; выкананне пісь­мовых бібліяграфічных даведак; бібліяграфічная дапрацоўка патрабаванняў, якія паступілі ад чытачоў і абанентаў; фарміраванне даведачна-бібліяграфічнага фонду аддзела; фарміраванне бібліяграфічнай культуры спажыўцоў.

Задачы навукова-бібліяграфічнага аддзела НББ наступныя: стварэнне крыніц спецыяльнай бібліяграфіі, фактаграфічных, паўнатэкставых рэсурсаў беларусазнаўчай тэматыкі ў друкаванай і электроннай формах; забеспячэнне інфармацыйных патрэбнасцей спажыўцоў у бягучай аналітычнай бібліягра­фічнай інфармацыі сацыяльна-гуманітарнай тэматыкі; каардынацыя і кааперацыя дзейнасці бібліятэк па стварэнні крыніц спецыяльнай бібліяграфіі беларусазнаўчай і края- знаўчай тэматыкі; навукова-метадычнае кансультаванне бібліятэк краіны па названай тэматыцы; навуковая дзейнасць у галіне бібліяграфазнаўства.

Асноўнымі функцыямі аддзела з’яўляюцца стварэнне крыніц бягучай, рэтраспектыўнай бібліяграфіі беларусазнаў­чай тэматыкі; выпуск друкаваных рэкамендацыйных біблія­графічных паказальнікаў “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” (штомесячна) і “Дзіцячая літаратура Беларусі” (раз у пяць гадоў); фарміраванне і вядзенне біблія­графічных БД “Гісторыя Беларусі” і “Чарнобыль”, стварэнне на іх аснове бібліяграфічных паказальнікаў; удзел у фар­міраванні і вядзенні БД “Артыкулы” і стварэнне на яе аснове біблія­графічнага паказальніка “Грамадскія навукі”; фарміра­ванне і вядзенне фактаграфічнай БД “Беларусь у асобах і падзеях” і матэрыялаў на яе аснове – спіса “Беларускі каляндар” у электроннай і друкаванай форме ў выглядзе дадатку да бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”; падрыхтоўка штогадовага тэматычнага плана выдання біблія­графічных паказальнікаў навуковымі бібліятэкамі Беларусі і НКП, кантроль і аналіз выканання плана, рэдагаванне бібліяграфічных крыніц розных структур па іх запытах; правядзенне навуковых даследаванняў у галіне бібліяграфазнаў­ства.

Асобае становішча бібліяграфічнага аддзела ў структуры АУНБ вызначаецца, па-першае, яго роляй як арганізацыйна-кіруючага звяна ў бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэкі і воб­ласці ў цэлым, па-другое, яго роляй як функцыянальнага падраздзялення, якое бярэ на сябе асноўную нагрузку ў бібліяграфічным абслугоўванні і бібліяграфаванні літара­туры. Колькасць штатных бібліёграфаў і структура аддзела залежаць ад аб’ёму бібліяграфічных прадуктаў і паслуг, якія прапаноўвае бібліятэка сваім карыстальнікам. Сярод асноўных задач бібліяграфічнага аддзела абласных універсаль­ных навуковых бібліятэк –актыўны ўдзел яго ў стварэнні даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэкі. Бібліёграфы аддзела вядуць каталог фонду свайго аддзела, некаторыя бібліятэкі вядуць каталог даведачна-бібліяграфічнага фонду, фарміруюць разнастайныя картатэкі – сістэматычную артыкулаў, рэцэнзій; па заканадаўстве; перыядычных выданняў; генерыруюць БД “Артыкулы”; прымаюць удзел у камплектаванні ДБФ бібліятэкі і арганізуюць даведачна-бібліяграфічны фонд аддзела; вядуць фонд выкананых даведак. Бібліёграфы аддзела, акрамя фарміравання канкрэтнай часткі ДБА, аказваюць дапамогу іншым аддзелам у арганізацыі лакальных ДБА, што спрыяе захаванню цэласнасці ДБА бібліятэкі.

Бібліяграфічны аддзел ажыццяўляе бібліяграфічнае інфар­маванне групавых і індывідуальных абанентаў (трэба адзначыць, што ў апошні час гэтая работа зменшылася, некаторыя бібліятэкі пачалі ажыццяўляць яе на падставе дагавораў на абслугоўванне); прымае ўдзел у правядзенні масавых формаў бібліяграфічнага інфармавання: арганізацыі дзён інфармацыі, выстаў новых паступленняў у бібліяграфічны аддзел, падрыхтоўцы спісаў новых паступленняў у аддзел (інфарма­цыйна-бібліяграфічны аддзел Мінскай АУНБ сумесна з метадычным аддзелам рыхтуе і выдае “Новыя паступленні даведачных, бібліяграфічных і метадычных дапаможнікаў у біб­ліятэку за ... квартал”). Вялікі аб’ём работы выконвае аддзел па даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні, супрацоўнікі яго выконваюць самыя разнастайныя запыты, у тым ліку і па міжгаліновай, комплекснай праблематыцы з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў на розных носьбітах.

Бібліяграфічны аддзел вядзе работу таксама па стварэнні бібліяграфічных дапаможнікаў. Ён сумесна з аддзелам края- знаўчай літаратуры рыхтуе бягучыя паказальнікі (“Літара­тура аб ... вобласці”), рэтраспектыўныя паказальнікі (“Што чытаць аб краі”), рэкамендацыйныя бібліяграфічныя дапаможнікі.

Аддзел узначальвае работу бібліятэкі па фарміраванні бібліяграфічнай, інфармацыйнай культуры спажыўцоў інфар­мацыі, праводзіць бібліятэчна-бібліяграфічныя ўрокі для школьнікаў, кансультацыі, рыхтуе друкаваныя матэрыялы.

Акрамя названых функцыянальных кірункаў, бібліягра­фічны аддзел выконвае каардынацыйную і метадычную работу як унутры бібліятэкі, так і ў адносінах да цэнтралі­заваных бібліятэчных сістэм вобласці па пытаннях біблія­графічнай работы. Супрацоўнікі бібліяграфічнага аддзела прымаюць удзел і ў навуковых даследаваннях, якія праводзяцца бібліятэкай.

Паспяховай рэалізацыі названых функцый бібліяграфіч­нага аддзела спрыяюць распрацоўка і выкарыстанне рэгламентуючых дакументаў, да ліку якіх адносяцца “Палажэнне аб бібліяграфічным аддзеле”; палажэнні аб розных кірунках бібліяграфічнай дзейнасці ў бібліятэцы, што садзейнічаюць узаемадзеянню розных структурных падраздзяленняў біб­ліятэкі; тэхналагічныя карты і інструкцыі на асобныя бібліяграфічныя працэсы, а таксама службовыя інструкцыі, у якіх акрэсліваюцца асноўныя абавязкі кожнага супрацоўніка і замацоўваецца размеркаванне абавязкаў паміж бібліёграфамі ў аддзеле.

У штатным раскладзе бібліяграфічнага аддзела ёсць наступныя пасады: бібліёграф, бібліёграф першай, другой катэгорыі, вядучы, галоўны бібліёграф. Іх колькасць залежыць ад групы, да якой адносіцца бібліятэка па аплаце працы кіруючых работнікаў і спецыялістаў, а таксама ад агульнай колькасці супрацоўнікаў бібліятэкі. У бібліяграфічных аддзелах АУНБ краіны колькасць бібліёграфаў невялікая – ад 5 да 7. У межах аддзела можа выкарыстоўвацца прынцып спецыялізацыі пры размеркаванні абавязкаў паміж бібліёграфамі. Спецыялізацыя можа быць функцыянальнай, пры якой за асобнымі супрацоўнікамі замацоўваюцца функцыі па вядзен­ні даведачна-бібліяграфічнага апарату або па даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні, або па вядзенні БД і падрыхтоўцы бібліяграфічных дапаможнікаў (такі падыход выкарыстоўваецца пры стварэнні сектараў у аддзелах НББ). Яна можа быць змястоўнай, пры якой бібліёграфы спецыялізуюцца на рабоце з пэўным комплексам літаратуры сацыяльна-эканамічнай, прыродазнаўчай, гуманітарнай і іншай тэматыкі, а таксама пры выдзяленні ў бібліяграфічным аддзеле сектара інфармацыі па праблемах культуры і мастацтва або цэнтра прававой інфармацыі і замацаванні абавязкаў па рабоце гэтых структурных адзінак аддзела за асобным супрацоўнікам. Спецыялізацыя можа быць кваліфікацыйнай, калі на пасады бібліёграфа, вядучага, галоўнага бібліёграфа прызначаюцца спецыялісты ў адпаведнасці з узроўнем адукацыі, вопыту, стажу і дзелавых якасцей, складаючых узровень кваліфікацыі; адпаведна размяркоўваюцца віды бібліягра­фічнай працы. Так, бібліёграфам, якія маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю, даручаюць весці ДБА, праглядаць і распісваць часопісы, зборнікі і газеты, удзельнічаць у бібліяграфічным абслугоўванні. Вядучыя бібліёграфы вядуць і рэдагуюць ДБА, выконваюць пісьмовыя і складаныя вусныя даведкі, рыхтуюць бібліяграфічныя дапаможнікі, удзель­нічаюць у бібліяграфічным навучанні спажыўцоў, рэдагуюць бібліяграфічныя дапаможнікі. Галоўныя бібліёграфы займаюцца пытаннямі каардынацыі бібліяграфічнай работы, навукова-даследчай работай, рэдагаваннем бібліяграфічных дапаможнікаў, падрыхтоўкай і рэдагаваннем метадычных матэрыялаў. У абласных бібліятэках пераважным з’яўляецца кваліфікацыйнае размеркаванне абавязкаў, аднак гэта не выключае магчымасцей частковага прымянення іншых відаў спецыялізацыі.

За размеркаванне функцый паміж супрацоўнікамі адказвае загадчык бібліяграфічнага аддзела. Ён прызначаецца дырэктарам бібліятэкі, плануе і арганізуе работу аддзела, кантралюе выкананне планаў, трымае справаздачу перад дырэктарам, падбірае кадры і прадстаўляе іх на зацвярджэнне дырэктару. Акрамя кіраўніцтва аддзелам, загадчык адказвае за каардынацыю бібліяграфічнай работы як унутры бібліятэкі, так і за яе межамі з бібліятэкамі іншых сістэм і ведамстваў, нясе адказнасць за стан уліку бібліяграфічнай работы ва ўсіх падраздзяленнях АУНБ. У яго абавязкі ўваходзяць таксама аналіз бібліяграфічнай работы, складанне планаў і справа- здач, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне інавацый у бібліяграфічнай дзейнасці, пытанні павышэння кваліфікацыі работнікаў аддзела і падраздзяленняў бібліятэкі. У залежнасці ад колькасці супрацоўнікаў у аддзеле і агульнага аб’ёму работы загадчык аддзела (разам з арганізацыйна-кіруючай дзейнасцю) можа выконваць асобныя віды работ як бібліё­граф-прафесіянал: складаць і рэдагаваць бібліяграфіч­ныя дапаможнікі, удзельнічаць у даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні і інш. Усе абавязкі адлюстроўваюцца ў службовай інструкцыі.

Калі разглядаць асаблівасці дзейнасці бібліяграфічнага падраздзялення ЦБС, то трэба мець на ўвазе, што ў структуры большасці ЦБС няма самастойнага бібліяграфічнага ад- дзела, а бібліёграфы працуюць у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі ЦБ с адным – двума бібліёграфамі ў штаце, што значна ўплывае на аб’ём і арганізацыю бібліяграфічнай дзейнасці. У буйных ЦБС, якія маюць бібліяграфічны аддзел з трыма і больш бібліёграфамі, магчыма пры размеркаванні абавязкаў замацоўваць за канкрэтнымі супрацоўнікамі функцыі, звязаныя з краязнаўчым кірункам работы, з функцыянаваннем цэнтраў прававой інфармацыі на базе публічнай бібліятэкі.

Бібліяграфічнае падраздзяленне ЦБ ЦБС выконвае разнастайныя функцыі:

– ажыццяўляе арганізацыю і вядзенне ДБА ЦБС (некаторыя бібліяграфічныя аддзелы, акрамя вядзення ДБА ўласнай бібліятэкі, цэнтралізавана рыхтуюць і рассылаюць карткі ў бібліятэкі-філіялы для вядзення сістэматычнай картатэкі артыкулаў, удзельнічаюць у фарміраванні ДБФ бібліятэк-філіялаў);

– праводзіць даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне чытачоў бібліятэкі, а таксама задавальненне запытаў, якія паступаюць ад бібліятэк-філіялаў і патрабуюць значнага часу для выканання і выкарыстання адзі­нага ДБА сістэмы;

– арганізуе масавае, групавое і індывідуальнае бібліягра­фічнае інфармаванне карыстальнікаў бібліятэкі з дапамогай выпуску бюлетэня новых паступленняў у фонд сістэмы, падрыхтоўкі разнастайных па змесце і мэтавым прызначэнні біб­ліяграфічных дапаможнікаў краязнаўчага характару, правя- дзення бібліяграфічных аглядаў, выстаў, дзён інфармацыі і інш.;

– сумесна з аддзелам абслугоўвання вядзе работу па фармі­раванні бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфармацыі;

– ажыццяўляе планаванне бібліяграфічнай дзейнасці ўсёй ЦБС і рыхтуе зводную справаздачу;

– аказвае метадычную дапамогу бібліятэкарам іншых ад- дзелаў, а таксама бібліятэк-філіялаў па пытаннях арганізацыі бібліяграфічнай дзейнасці, павышэння бібліяграфічнай кваліфікацыі;

– ажыццяўляе каардынацыю і кааперацыю бібліяграфічнай работы з іншымі бібліятэкамі рэгіёна па выпуску зводных каталогаў, сумесным правядзенні бібліятэчных мерапрыемстваў.

Функцыі бібліяграфічных падраздзяленняў спецыяльных бібліятэк залежаць ад тыпу бібліятэкі і асаблівасцей яе бібліяграфічнай службы. Уплывае на іх і такая асаблівасць, як месца спецыяльнай навуковай або навукова-тэхнічнай бібліятэкі ў сістэме НТІ краіны. Асноўнымі задачамі бібліяграфічных падраздзяленняў гэтых бібліятэк з’яўляюцца бібліяграфічнае забеспячэнне кіруючай дзейнасці адпаведных структур, навуковай, вытворчай дзейнасці спецыялістаў пэўнай галіны або міністэрства, ведамства, установы; са- дзейнічанне бібліяграфічнымі сродкамі павышэнню кваліфі­кацыі спецыялістаў, рабочых, развіццю інавацыйнай дзейнасці, укараненню новых тэхналогій, дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавога вопыту ў вытворчасць.

РНТБ пры правядзенні даследавання “Вызначэнне прыярытэтных кірункаў развіцця і функцыянавання навукова-тэхнічных бібліятэк па задавальненні інфармацыйных па- трэбнасцей спецыялістаў навукі і тэхнікі” (1999) вызначыла асноўныя кірункі дзейнасці навукова-тэхнічных бібліятэк і органаў навукова-тэхнічнай інфармацыі, а таксама кірункі іх ўзаемадзеяння. Да асноўных кірункаў бібліяграфічнай дзейнасці навукова-тэхнічных бібліятэк аднесены наступныя:

– фарміраванне профільнага ДБА бібліятэкі, вядзенне як традыцыйных, так і электронных каталогаў, стварэнне і развіццё аўтаматызаваных інфармацыйна-бібліятэчных сіс­тэм, стварэнне баз даных уласнай генерацыі і набыццё рэгія­нальных, рэспубліканскіх і міжнародных баз даных;

– ажыццяўленне даведачна-бібліяграфічнага і інфармацый­нага абслугоўвання спецыялістаў як непасрэдна ў структурных падраздзяленнях бібліятэкі, так і шляхам выкарыстання электронных каталогаў, баз даных, кампакт-дыскаў у рэжымах лакальнага і аддаленага доступу, інфармаванне аб дакументах шляхам правядзення выстаў дакументаў, падрыхтоўкі бібліяграфічных спісаў, тэматычных падборак, выкарыстання такіх формаў інфармавання, як дыферэнцыраванае абслугоўванне кіраўніцтва, выбіральнае распаўсюджванне інфар­мацыі, дні патэнтнай інфармацыі, дні спецыяліста, канферэнцый, семінараў;

– вывучэнне і ўкараненне новых формаў і метадаў бібліяграфічнай работы;

– правядзенне маркетынгавай дзейнасці з мэтай вывучэння рэальных і патэнцыяльных спажыўцоў інфармацыі, рэкламы бібліяграфічных прадуктаў і паслуг, пашырэння асартыменту бібліяграфічных і інфармацыйных паслуг;

– аказанне метадычнай і практычнай дапамогі спецыялістам НТБ, інфармацыйных, патэнтных службаў, службаў стандартызацыі шляхам правядзення семінараў, групавых і індывідуальных кансультацый;

– правядзенне навукова-даследчых работ, у тым ліку і па пытаннях бібліяграфічнай дзейнасці, і ўкараненне іх вынікаў у практыку работы НТБ.