Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

5.15. Фонд неапублікаваных бібліяграфічных дапаможнікаў

Фонд неапублікаваных бібліяграфічных дапаможнікаў (ФНБД) – гэта частка ДБА, якая змяшчае арыгіналы або копіі выкананых у працэсе даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання пісьмовых даведак, а таксама бібліяграфічныя дапаможнікі і атрыманыя ў парадку абмену з іншых бібліятэк аналагічныя матэрыялы. У ФНБД, як правіла, уключаюцца тэматычныя даведкі, якія прысвечаны актуальнай тэматыцы, і прагназуецца, што па дадзенай тэме могуць быць паўторныя запыты; выкананне даведкі патрабавала шмат часу і выкарыстання разнастайных крыніц інфармацыі, у тым ліку і цяжкадаступных; тэма запыту бібліяграфічна не забяспечана спецыяльнымі крыніцамі або мае міжгаліновы комплексны характар. У сувязі з такімі крытэрыямі адбору для біблія­графічнай прадукцыі фонду характэрныя актуальнасць тэматыкі, аператыўнасць інфармавання.

ФНБД у залежнасці ад тэхналогіі вядзення захоўваецца ў некалькіх формах: алфавітна-прадметнай або тэматычнай картатэкі; спецыяльных папках ці альбомах; у асобных канвертах, у якіх збіраюцца па меры выканання і выдачы карыстальнікам копіі машынапісных бібліяграфічных спісаў. На канверце звычайна ўказваюцца парадкавы нумар даведкі, прадметная рубрыка, тэма спіса, від, колькасныя паказчыкі ўключаных дакументаў, на якіх мовах, за якія гады і якія віды дакументаў уключаны ў спіс, а таксама дата выдачы даведкі і прозвішча бібліёграфа, які працаваў над яе выкананнем. У сувязі з тым, што канверты захоўваюцца у фармальным парадку, па парадкавых нумарах, да фонду складаецца алфавітна-прадметны паказальнік тэматычных даведак і іншых неапублікаваных дапаможнікаў.

ФНБД можа ўяўляць сабой сукупнасць тэматычных картатэк, дзе ў выглядзе картак адлюстроўваюцца выдадзеныя карыстальнікам рукапісныя бібліяграфічныя спісы. Асобныя картатэкі могуць выбарачна папаўняцца, калі па тэме ёсць пастаянныя запыты.

У сувязі з тым, што ў складзе ФНБД асноўную частку складаюць копіі пісьмовых даведак, ён часам бывае абмежаваны толькі імі, і тады яго прынята называць фондам выкананых даведак, што абмяжоўвае яго склад. У прафесійнай літаратуры ФНБД калі-нікалі памылкова называюць архівам, але архіўных функцый ён не выконвае, таму што яго змест вызначаецца інфармацыйнай, а не гістарычнай каштоўнасцю захоўваемых дакументаў. Па меры неабходнасці ФНБД можа падвяргацца чыстцы і аднаўленню.

ФНБД у буйных бібліятэках вядзецца як бібліяграфічным, так і галіновымі, спецыялізаванымі аддзеламі. Напрыклад, у Гродзенскай АУНБ у аддзеле мастацтваў за 2000 г. у фонд было ўключана 307 бібліяграфічных спісаў па мастацтве, у падраздзяленне дзіцячай літаратуры – 463 спісы. У аддзеле краязнаўчай літаратуры ў ФНБД былі ўключаны даведкі па такіх актуальных тэмах, як “Педагагічнае таварыства ў Гародні (1907–1913 гг.), “Сумесныя прадпрыемствы ў лёгкай прамысловасці Гродзенскай вобласці”, “Нёманскі суднаходны шлях “, “Кансультацыйны бізнес на Гродзеншчыне” і інш. У ЦБС такі фонд ствараецца ў бібліяграфічным аддзеле ЦБ. Некаторыя ЦБ копіі картак АПП накіроўваюць у аддзелы ЦБ і філіялы сістэмы, што дазваляе інфармаваць аб змесце фонду і больш эфектыўна яго выкарыстоўваць.

Выкарыстанне ФНБД разнастайнае. Пры выкананні паўторных запытаў на тэму бібліятэкару трэба не выдаваць аўтаматычна даведкі з фонду на паступіўшыя запыты без папярэдняга ўдакладнення, наколькі даведка адпавядае патрабаванням новага тэматычнага запыту. У неабходных выпадках патрэбна абавязковая дапрацоўка даведкі. Матэрыялы ФНБД могуць выкарыстоўвацца як аснова для вядзення доўгатэрміновай картатэкі, падрыхтоўкі бібліяграфічнага дапаможніка, пры арганізацыі выстаў, для падрыхтоўкі аглядаў.

Інфармаванне аб выкананых бібліятэкамі тэматычных даведках ажыццяўлялася ў краіне да 1999 г. праз штогодны “Паказальнік неапублікаваных бібліяграфічных спісаў і картатэк, складзеных бібліятэкамі Беларусі ў ... г.”. Сёння такой зводнай інфармацыі ў краіне няма.

РНТБ размяшчае на сваім сайце ў раздзеле “Біблія­графічныя спісы” спіс выкананых ёю за год тэматычных бібліяграфічных спісаў па важнейшых дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах, якія спажыўцы могуць заказаць і атрымаць як у друкаваным, так і электронным выглядзе. Спісы размешчаны па галінах ведаў, пры апісанні спіса адзначаецца наяўнасць тэкставага матэрыялу з інтэрнета.

У перспектыве НББ плануе на сваім web-сайце размясціць фонд бібліяграфічных даведак, выконваемых у структурных падраздзяленнях бібліятэкі.

Актуальным сёння для бібліятэк з’яўляецца пытанне, ці павінны бібліятэкі весці тэматычныя падборкі інтэрнет-рэсурсаў, якія тым больш не з’яўляюцца пастаяннымі (адныя з іх знікаюць, другія мяняюць адрасы). У шэрагу бібліятэк гэта ўжо робіцца. Напрыклад, вядуцца і карыстаюцца пастаянным попытам “Архівы электронных публікацый”, фармі­руюцца тэматычныя дасье, якія запаўняюць лакуны ў фондзе. Тым самым сучасная бібліятэка, якая мае доступ да інтэрнета, значна пашырае колькасць сваіх інфармацыйных крыніц і валодае большымі інфармацыйнымі рэсурсамі для задавальнення запытаў карыстальнікаў.