Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

1.5. Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь

Аб’ектыўная неабходнасць узаемадзеяння бібліяграфічных цэнтраў абумоўлена наступнымі фактарамі:

– неабходнасцю поўнага і аператыўнага задавальнення інфармацыйных патрэбнасцей кожнага карыстальніка любога цэнтра бібліяграфічнай дзейнасці, у тым ліку праз выкарыстанне бібліяграфічных крыніц іншых цэнтраў;

– неабходнасцю бібліяграфічнага адлюстравання наяўнасці розных дакументальных і электронных носьбітаў інфарма­цыі, у тым ліку праз стварэнне агульных крыніц бібліягра­фічнай інфармацыі;

– пашырэннем інфармацыйнага патэнцыялу кожнага суб’екта сістэмы дакументных камунікацый за кошт выкарыстання разнастайных бібліяграфічных крыніц інфармацыі;

– скарачэннем затрат на падрыхтоўку бібліяграфічных крыніц дзякуючы кааперацыі намаганняў па аднаразовай бібліяграфічнай апрацоўцы дакументаў і дэцэнтралізаванаму выкарыстанню яе вынікаў;

– удасканаленнем уласных формаў і метадаў бібліягра­фічнай дзейнасці за кошт выкарыстання вопыту работы іншых суб’ектаў сістэмы дакументных камунікацый;

– фарміраваннем такога інфармацыйнага асяроддзя, дзе карыстальнік будзе здольны і для яго будуць створаны ўмовы выкарыстоўваць і ўспрымаць інфармацыйныя прадукты і паслугі ў найбольш камфортных для сябе умовах, незалежна ад таго, хто ажыццявіў іх вытворчасць.

У пачатку 80-х гг. ХХ ст. была зроблена спроба на ўсесаюзным узроўні стварэння дакумента, які б рэгламентаваў асноўныя арганізацыйныя аспекты бібліяграфічнай дзейнасці і ўзаемадзеянне суб’ектаў сістэмы дакументных камунікацый. Але ведамасная раз’яднанасць, адсутнасць адзінага органа дзяржаўнага кіравання не спрыялі распрацоўцы такога нарматыўнага дакумента.

Узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці да сённяшняга часу ажыццяўляецца ў межах дзейнасці бібліягра­фічных цэнтраў адной сістэмы (бібліятэк; органаў НТІ); на двухбаковай аснове (паміж органамі НТІ і бібліятэкамі, музеямі і бібліятэкамі адной ведамасна-галіновай прыналежнасці, выдавецтвамі і кніжнымі магазінамі); у межах пэўных тэрытарыяльных, рэгіянальных аб’яднанняў.

Разгледзім узаемадзеянне цэнтраў бібліяграфічнай дзейнасці на прыкладзе ўзаемадзеяння бібліятэк, якія маюць розную ведамасную падпарадкаванасць.

Неабходнымі ўмовамі для ўзаемадзеяння бібліятэк з’яўляюцца:

– наяўнасць адзінага каардынацыйнага цэнтра ўзаема­дзеяння;

– наяўнасць нарматыўных дакументаў аб узаемадзеянні;

– спецыялізацыя ў дзейнасці бібліятэк.

Сёння функцыі каардынацыйнага цэнтра ўзаемадзеяння выконвае Рэспубліканскі бібліятэчны савет, створаны ў 1999 г. пры Міністэрстве культуры РБ, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі бібліятэк рознай ведамаснай прыналежнасці. Вялікую ролю ў вырашэнні агульных праблем узаемадзеяння адыгрывае і грамадскае фарміраванне – Беларуская біблія­тэчная асацыяцыя.

Значную ролю ў развіцці ўзаемадзеяння бібліятэк мелі два палажэнні: «Положение о координации деятельности библиотек Белорусской ССР в области научно-вспомогательной библиографии и информационно-библиографической работы» (1974), зацверджанае Міністэрствам культуры БССР і ўзгодненае з Міжведамаснай камісіяй па каардынацыі дзейнасці навуковых, спецыяльных і тэхнічных бібліятэк пры Дзяржплане БССР, і «Положение об участии библиотек Белорусской ССР в создании системы пособий рекомендательной библиографии» (1974), зацверджанае Міністэрствам культуры БССР. Згодна з першым «Палажэннем…» былі зацверджаны ў якасці галіновых бібліяграфічных цэнтраў наступныя бібліятэкі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі (былая Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І.Леніна) – у галіне грамадска-палітычных, філалагічных, мастацтвазнаўчых навук і краязнаўства; Прэзідэнцкая бібліятэка (былая Урадавая бібліятэка імя А.М.Горкага) – у галіне тэхнікі і эканомікі; Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН РБ (былая Фундаментальная бібліятэка Акадэміі навук БССР) – у галіне прыродазнаўчых навук; Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка – у галіне медыцынскіх навук; Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка – у галіне сельскагаспадарчых навук; Рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры і спорту – у сферы фізічнай культуры і спорту; Рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка – у галіне педагагічных навук і народнай адукацыі. Абласныя бібліятэкі былі вызначаны як цэнтры краязнаўчай бібліяграфіі. Такім чынам, прынятыя палажэнні замацавалі сферы спецыялізацыі ў дзейнасці бібліятэк, якой прытрымліваюцца ў асноўным у сваёй дзейнасці бібліятэкі краіны і сёння, хаця адбыліся і пэўныя змены. У 1977 г. у Беларусі была арганізавана Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка і ёй перададзены функцыі галіновага цэнтра каардынацыі бібліяграфічнай работы па тэхніцы; Прэзідэнцкая бібліятэка ў дадатак да названых, стала выконваць функцыі галіновага цэнтра па пытаннях дзяржавы і права; Рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры і спорту з 2002 г. аб’яднана з бібліятэкай Беларускага універсітэта фізічнай культуры; Рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка аб’яднана з бібліятэкай Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Была пэўным чынам вызначана і функцыянальная спецыялізацыя ў дзейнасці бібліятэк: за Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі замацаваны функцыі арганізацыйнага і навукова-метадычнага цэнтра бібліяграфіі ў краіне; абласныя біблія­тэкі адказваюць за арганізацыйную і метадычную частку ўсёй бібліяграфічнай работы ў вобласці.

Пасля прыняцця ўказаных дакументаў былі выпрацаваны і асноўныя кірункі ўзаемадзеяння бібліятэк у галіне бібліягра­фічнай дзейнасці:

– сумесная падрыхтоўка нарматыўных дакументаў у галіне бібліяграфічнай дзейнасці. Сумеснымі намаганнямі шляхам арганізацыі часовых творчых калектываў былі падрыхтаваны “Закон аб бібліятэчнай справе РБ” (першая і другая рэдакцыі); стандарт нацыянальнага фармату прадстаўлення і абмену бібліяграфічнымі данымі – ВЕLMARC; “Концепция информационного взаимодействия библиотек” і інш.;

– зводнае перспектыўнае і бягучае планаванне падрыхтоўкі і выпуску бібліяграфічных дапаможнікаў. Штогод навукова-бібліяграфічны аддзел НББ рыхтуе бягучы тэматычны план падрыхтоўкі і выпуску бібліяграфічных дапаможнікаў буйнымі бібліятэкамі краіны, аналізуе яго выкананне;

– на міжведамаснай аснове ствараецца шэраг навукова-дапаможных і рэкамендацыйных бібліяграфічных дапамож­нікаў. Так, сумеснымі намаганнямі НКП, навукова-бібліягра­фічнага аддзела НББ, рэспубліканскіх галіновых бібліятэк рыхтуюцца паказальнік “Беларусь у сусветным друку” (адзін з выпускаў “Летапісу друку Беларусі”); бібліяграфічная БД і навукова-дапаможны паказальнік “Чарнобыль”; рэспублі­канскія галіновыя, абласныя бібліятэкі прымаюць удзел у падрыхтоўцы матэрыялаў да бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”, выдаваемага НББ, сумесна рыхтуюць рэкамендацыйныя дапаможнікі, якія друкуюцца як дадаткі да бюлетэня;

– на аснове каардынацыі і кааперацыі дзейнасці бібліятэк краіны ствараецца сістэма зводных каталогаў як важнейшая перадумова для найбольш поўнага выкарыстання інфарма­цыйнага патэнцыялу краіны і эфектыўнага функцыянавання МБА і электроннай дастаўкі дакументаў (ЭДД). Стварэнне гэтай сістэмы вядзецца ўжо шмат гадоў шляхам адлюстравання ў першую чаргу найбольш каштоўных дакументаў, а таксама прадстаўленых найменшай колькасцю экзэмпляраў у сукупным фондзе краіны. Гэта нацыянальныя дакументы, беларусіка, замежныя перыядычныя і неперыядычныя выданні і інш. Апрача падрыхтоўкі крыніц агульнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў выглядзе зводных каталогаў, выпускаюцца і бягучыя зводныя каталогі: з 1956 г. штогоднік “Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных біблія­тэкамі РБ у ... г.”, з 1969 г. штоквартальнік “Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі РБ у ... г.”. Значным дасягненнем стаў пачатак работы па стварэнні зводнага электроннага каталога буйнейшых бібліятэк краіны;

– з мэтай скарачэння дубліравання ў даведачна-біблія­графічным абслугоўванні і забеспячэння рацыянальнага выкарыстання бібліяграфічных рэсурсаў бібліятэк НББ выдавала з 1972 г. “Паказальнік неапублікаваных спісаў і картатэк, складзеных бібліятэкамі Беларусі ў ... г.”, карыстаючыся інфармацыяй, якую атрымлівала ад буйнейшых бібліятэк рэспублікі. З 2000 г. выпуск паказальніка спыніўся ;

– з гэтай жа мэтай (найбольш эфектыўнага выкарыстання наяўных бібліятэчна-бібліяграфічных рэсурсаў) Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў супрацоўніцтве з іншымі біблія­тэкамі быў выдадзены даведнік “Бібліяграфічныя рэсурсы буйнейшых бібліятэк г. Мінска ў дапамогу абслугоўванню навукі, прамысловасці, адукацыі, культуры і мастацтва”;

– правядзенне міжведамасных навуковых даследаванняў, штогадовае сумеснае правядзенне навукова-практычных канферэнцый;

– сумесная работа па павышэнні кваліфікацыі біблія­тэчных работнікаў бібліятэк розных сістэм і ведамстваў, у тым ліку і бібліяграфічнай, шляхам правядзення навукова-практычных канферэнцый, нарад-кансультацый, арганізацыі курсаў павышэння кваліфікацыі для бібліёграфаў бібліятэк усіх ведамстваў.

Указаныя кірункі ўзаемадзеяння не страчваюць сваёй актуальнасці і сёння, але яны павінны ажыццяўляцца ў новых інфармацыйных умовах.

Па ініцыятыве Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі была распрацавана “Канцэпцыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк Беларусі” (2000), дзе вызначана, што ўзаемадзеянне бібліятэк павінна ажыццяўляцца на аснове канцэпцыі сеткавых інфармацыйных тэхналогій і шматмэтавай кааперацыі паміж бібліятэкамі, бібліятэкамі і інфармацыйнымі цэнтрамі. У “Канцэпцыі ...” прадстаўлены вынікі аналізу тэндэнцый развіцця інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк свету, даецца аналіз сучаснага стану, праблем і перспектыў інфарма­тызацыі бібліятэчных сетак РБ, разглядаюцца прынцыпы, формы, функцыянальныя аспекты ўзаемадзеяння бібліятэк на ўзроўні першасных і другасных рэсурсаў. Адзначаецца, што ў краіне склалася не зусім спрыяльная сітуацыя для эфектыўнага ўзаемадзеяння бібліятэк у новых інфармацыйных умовах: адсутнічае Дзяржаўная праграма развіцця біблія­тэчнай сеткі краіны як асновы нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры з мэтавым фінансаваннем яе развіцця; інфарматызацыя бібліятэк Беларусі арганізацыйна і тэхнічна выконваецца ў межах праграм асобных міністэрстваў і ведамстваў без каардынацыі на дзяржаўным узроўні, што вядзе да несумяшчальнасці АБІС; адсутнічаюць метадычныя асновы, сістэма нарматыўных актаў і нацыянальных стандартаў у галіне бібліятэчнай аўтаматызацыі і дзейнасці бібліятэк; адсутнічае тэлекамунікацыйная інфраструктура, якая дазваляла б ажыццяўляць інфармацыйнае ўзаемадзеянне бібліятэк і доступ усіх карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў свету.

Сярод станоўчых умоў, накіраваных на вырашэнне праблемы ўзаемадзеяння бібліятэк на аснове выкарыстання сучасных камп’ютэрных тэхналогій і тэлекамунікацый, у “Канцэпцыі...” адзначаюцца такія, як стварэнне Міжведамас­нага рэспубліканскага бібліятэчнага савета пры Міністэрстве культуры; прыняцце Міністэрствам культуры праграмы аўтаматызацыі бібліятэк сваёй сістэмы; фінансаванне Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях у межах Дзяржаўнай праграмы па развіцці навукова-даследчай камп’ютэрнай сеткі праектаў па стварэнні нацыянальнага фармату абмену біблія­графічнымі данымі BELMARC і зводнага электроннага каталога бібліятэк РБ. У канцы 1998 г. на базе НББ і ЦНБ НАН была створана эксперыментальная мадэль зводнага электроннага каталога з перспектывай падключэння да яго іншых бібліятэк РБ.

Сярод асноўных кірункаў інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк на ўзроўні другасных рэсурсаў у “Канцэпцыі...” вылучаюцца:

– стварэнне зводнага электроннага каталога бібліятэк краіны з мэтай атрымання адзінай даведачнай базы аб наяў­насці дакумента ў галаўных бібліятэках краіны і арганізацыі аддаленага доступу да яго; укараненне тэхналогіі аднаразовага бібліяграфавання і выкарыстанне гатовых бібліяграфічных запісаў усімі бібліятэкамі; стварэнне бібліяграфічнай базы нацыянальнага дакумента і прадастаўленне яе міжнароднай супольнасці. Удзельнікамі стварэння зводнага каталога з'яў­ляюцца галаўныя бібліятэкі краіны, але, улічваючы адсутнасць тэлекамунікацыйнай інфраструктуры бібліятэк, мэта- згодна ствараць зводныя каталогі і на ўзроўні абласцей. На першым этапе вызначана, што база можа стварацца шляхам канвертавання каталогаў бібліятэк-удзельніц у фармат ВЕLMARC і іх наступнага зліцця. На другім этапе работа са зводным каталогам бібліятэк-удзельніц павінна ажыццяўляцца ў інтэрактыўным рэжыме з выкарыстаннем адзінага праграмнага пакета стварэння бібліяграфічных запісаў у фармаце ВЕLMARC. Абслугоўванне карыстальнікаў можа ажыццяўляцца шляхам рассылкі новых паступленняў па электроннай пошце. У складзе баз даных зводнага каталога павінна быць адлюстравана ў поўным аб’ёме бібліяграфія нацыянальнага дакумента, галоўная роля ў стварэнні такой базы належыць Нацыянальнай кніжнай палаце, якая першай павінна ствараць бібліяграфічныя запісы новых паступленняў і прысвойвае ідэнтыфікатар нацыянальнай бібліяграфіі. Для забеспячэння аператыўнасці магчыма каардынацыя выканання функцый бібліяграфавання паміж НКП і рэспубліканскімі бібліятэкамі;

– укараненне карпаратыўнай каталагізацыі, якая праду- гледжвае аднаразовае стварэнне бібліяграфічнага запісу; сумесныя (НКП і бібліятэкамі-ўдзельніцамі) стварэнне і папаўненне зводнага каталога; цэнтралізаванае вядзенне сістэм класіфікацыі і кадзіравання; сумесная работа бібліятэк па стварэнні нацыянальных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў і лінгвістычных баз і цэнтралізаванае іх вядзенне. Пры гэтым неабходна вырашыць, хто ў краіне будзе выконваць функцыі нацыянальнага цэнтра карпаратыўнай каталагізацыі; вызначыць пералік бібліятэк-удзельніц, якія маюць права ствараць бібліяграфічныя запісы, каб быў прадстаўлены найбольш поўны рэпертуар дакументаў, што маюцца ў бібліятэках краіны. Астатнія бібліятэкі будуць выкарыстоўваць гатовыя бібліяграфічныя запісы. Для каталагізацыі расійскага дакумента мэтазгодна выкарыстоўваць базу даных Расійскай кніжнай палаты з дапрацоўкай яе да інтэрактыўнага рэжыму. Такім чынам, эканоміцца значная колькасць матэрыяльных сродкаў і людскіх рэсурсаў, а электроныя каталогі бібліятэк становяцца больш якаснымі;

– рэтраканверсія каталогаў неабходна для поўнага адлюстравання фондаў бібліятэк і сукупнага фонду ў зводным каталогу. Улічваючы высокі працэнт супадзення рэпертуару ва універсальных бібліятэках, для правядзення рэтраканверсіі неабходна кааперацыя выканання работ, каб выключыць дубліраванне ў працэсе падрыхтоўкі бібліяграфічных запісаў. Размеркаванне работ магло б ажыццяўляцца па раздзелах УДК з наступнай ідэнтыфікацыяй запісаў па ўласных каталогах. Падрыхтоўка бібліяграфічных запісаў павінна ажыццяўляцца ў фармаце ВЕLMARC па адзіных узгодненых макетах уводу даных. Для арганізацыі работы па рэтраканверсіі патрэбна распрацоўка ўзгодненай з галаўнымі бібліятэкамі праграмы;

– стварэнне зводных тэматычных баз даных, якія б адлюстроўвалі інфармацыйныя рэсурсы ўсіх галіновых і рэгія­нальных бібліятэк па дадзенай тэматыцы на аснове кааперацыі. Выкананне работ павінна рэгламентавацца ў адпаведнасці з каардынацыйным планам і замацаваннем адказнасці бібліятэк за стварэнне і вядзенне адпаведных баз даных;

– стварэнне аўтарытэтных/нарматыўных запісаў. Аўтары­тэтныя файлы (authority files) выкарыстоўваюцца для уніфі­кацыі кропак доступу ў бібліяграфічных запісах і стандартызацыі іх напісання, аб’ядноўваючы з дапамогай выкарыстання спасылак усе разнавіднасці напісання адной і той жа назвы або імя, пры гэтым для ўсіх варыянтаў напісання даецца спасылка на стандартнае напісанне, якое служыць кропкай доступу і павышае эфектыўнасць пошуку неабходнага дакумента. Ствараюцца наступныя аўтарытэтныя файлы: імянны (уніфікаванае напісанне імён індывідуальных ці калектыўных аўтараў); загалоўкаў твораў без аўтара; прадметных і геагра­фічных рубрык, якія ўключаюць тэрміны, што адносяцца да зместу дакумента, маюць геаграфічныя, храналагічныя і іншыя прыметы. Як вызначана ў “Канцэпцыі...”, стварэнне аўтарытэтных файлаў могуць узяць на сябе НКП, Нацыянальная і Прэзідэнцкая бібліятэкі, галаўныя галіновыя бібліятэкі, гэта значыць, што дадзеная работа павінна ажыццяўляцца на прынцыпах каардынацыі сумеснай дзейнасці і кааператыўных пачатках з неабходным падпарадкаваннем адзіным стандартам.

Забеспячэнне доступу да замежных баз даных таксама можа ажыццяўляцца шляхам стварэння цэнтраў калектыўнага карыстання базамі даных, у якіх аб’ядноўваліся б на парытэтных пачатках бібліятэкі, ажыццяўляючы калектыўную падпіску і выкарыстанне крыніц інфармацыі.

У “Канцэпцыі ...” адзначаецца неабходнасць дакладнага размежавання функцый бібліятэк і органаў НТІ, пры гэтым падкрэслена, што органы НТІ маглі б узяць на сябе функцыі па аналітычнай апрацоўцы інфармацыі. Але самі кірункі ўзаемадзеяння, больш дакладная канкрэтызацыя функцый, задач дзейнасці ўказаных суб’ектаў сістэмы дакументных камунікацый у межах узаемадзеяння адсутнічаюць.

З мэтай рэалізацыі ўказаных кірункаў інфармацыйнага ўзаемадзеяння бібліятэк у сучасных умовах неабходна дзяржаўная праграма забеспячэння гэтага ўзаемадзеяння, у межах якой павінна быць вызначана арганізацыйная структура, што адказвае за каардынацыю праектаў нацыянальнага ўзроўню, адпаведнае нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне работы, ажыццяўляемай на кааператыўных пачатках.

Практыка работы бібліятэк краіны ў сувязі з развіццём сродкаў тэлекамунікацыйнай сувязі сведчыць аб з’яўленні новых формаў супрацоўніцтва – развіваюцца карпаратыўныя сістэмы, сеткі бібліятэк, карпаратыўныя праекты па зборы, захоўванні, перапрацоўцы і забеспячэнні доступу да інфар­мацыі; ствараюцца бібліятэчныя кансорцыумы, якія вызначаюцца як аб'яднанні бібліятэк і іншых інфармацыйных службаў для сумеснай падрыхтоўкі, фарміравання, закупкі і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў і праграмных сродкаў.

У глабальных камп’ютэрных сетках налічваецца каля 10 000 электронных версій навуковых часопісаў. Калі ў 1997 г. са 100 навуковых часопісаў, якія маюць самы высокі рэйтынг, паводле даных “Journal Citation Report“, у інтэрнет былі прадстаўлены поўнымі тэкстамі не больш за 10 %, то ў канцы 1999 г. гэтая лічба ўзрасла да 70%. Існуючыя тэндэнцыі да- зваляюць меркаваць, што ў бліжэйшыя гады абсалютная большасць навуковых часопісаў будзе даступна праз інтэрнет у паўнатэкставай форме. Аднак доступ да электронных часопісаў, як правіла, платны. У сувязі з гэтым важнае значэнне набываюць такія формы атрымання навуковай інфармацыі, як арганізацыя кансорцыумаў, якія забяспечваюць сумесны доступ да электронных, у тым ліку і бібліяграфічных, навуковых рэсурсаў, стварэнне сістэмы размеркаваных бібліятэч­ных фондаў сумеснага карыстання. Безумоўна, што пры такой тэхналогіі галоўным сродкам інфармавання аб наяўнасці і магчымасцях доступу да размеркаваных бібліятэчных фондаў будуць выступаць зводныя каталогі або ў электроннай форме, або ў традыцыйнай і электроннай. У 2001 г. у Рэспубліцы Беларусь быў створаны кансорцыум навуковых і бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў па доступу да баз даных ЕВSСО, які ўзначаліла ЦНБ НАН Беларусі.

Бібліятэкі ВНУ краіны ўдзельнічаюць у рэалізацыі карпаратыўнага праекта па стварэнні зводнай анатаванай бібліяграфічнай базы артыкулаў бягучых перыядычных выданняў.

Задача па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы рэгіёна (вобласці) шляхам узаемадзеяння бібліятэк, іншых бібліяграфічных цэнтраў па падрыхтоўцы і эфектыўным абмене электроннымі рэсурсамі таксама мае прыклады актыў­най рэалізацыі. Станоўчы вопыт стварэння зводных электронных рэсурсаў ужо ёсць у розных рэгіёнах: рыхтуюцца зводныя бюлетэні падпіскі бібліятэк; зводныя каталогі электронных рэсурсаў; вэб-каталогі рэсурсаў інтэрнет, створаных у рэгіёне; паўнатэкставыя БД.