Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

6.1. Тэхналагічная характарыстыка падрыхтоўчага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў

Падрыхтоўчы этап складання бібліяграфічнага дапаможніка ўключае наступныя працэсы: выбар і вывучэнне тэмы; распрацоўку плана-праспекта; выяўленне дакументаў.

Пры выбары тэмы абавязкова павінны ўлічвацца яе актуальнасць, грамадская важкасць; перспектыўны характар; адпаведнасць тыпавым патрэбнасцям асноўных груп спажыўцоў інфармацыі, якіх абслугоўвае бібліятэка; профіль­насць тэмы спецыялізацыі ў дзейнасці бібліятэкі, адпаведнасць магчымасцям бібліятэкі; стан бібліяграфічнай забяспечанасці тэмы.

Выбраная тэма патрабуе абавязковага вывучэння, якое ажыццяўляецца ў двух аспектах. Першы – вывучэнне сутнасці тэмы, яе зместавых аспектаў. Ён праводзіцца з мэтай "уваходжання" ў тэму, каб якасна затым можна было адабраць дакументы, пазбегнуць пропускаў, даць ім кваліфі­каваную ацэнку, ажыццявіць у неабходных выпадках іх рэкамендацыю. З гэтай мэтай бібліёграфамі выкарыстоўваюцца даведачныя, вучэбныя, аглядныя выданні, кансультацыі спецыялістаў.

Другі аспект – вывучэнне бібліяграфічнай забяспечанасці тэмы. Ён ажыццяўляецца з мэтай вырашэння пытання аб мэтазгоднасці складання новага бібліяграфічнага дапаможніка, вызначэння яго месца, суадносін з іншымі ўжо існуючымі або запланаванымі да выдання бібліяграфічнымі дапаможнікамі, знаёмства з вопытам бібліяграфавання. Дзеля гэтага бібліёграфамі выкарыстоўваюцца разнастайныя віды паказальнікаў бібліяграфічных дапаможнікаў як перспектыўнага, так і бягучага, рэтраспектыўнага характару.

Пасля таго як тэма дастаткова вывучана і зацверджана, бібліёграфы-складальнікі распрацоўваюць план-праспект. Па сутнасці гэта мадэль будучага дапаможніка, якая рэгламентуе далейшую работу над ім. У плане-праспекце адлюстроўваюцца ўсе пытанні як па зместу дапаможніка, так і метадычныя, звязаныя з адборам дакументаў, структураваннем матэрыялу.

У плане-праспекце адлюстроўваюцца абгрунтаванасць выбару тэмы, удакладняюцца яе тэматычныя граніцы, фармулюецца асноўная мэта складаемага дапаможніка, вызначаюцца яго мэтавае і чытацкае прызначэнне. У адпаведнасці з мэтавым і чытацкім прызначэннем устанаўліваюцца від, тып і жанр будучага дапаможніка; асноўныя прынцыпы адбору дакументаў (храналагічныя, тэрытарыяльныя, моўныя). Вызначаюцца віды дакументаў, якія будуць уключацца ў дапаможнік; структура і спосабы групоўкі матэрыялу ў будучым дапаможніку; склад даведачна-метадычнага апарату; асноўныя і дадатковыя крыніцы выяўлення дакументаў. Указваюцца таксама аб'ём, тэрміны працы, звесткі аб складальніках і рэдактарах, спосаб друкавання і афармлення.

Добры план-праспект дапамагае забяспечыць метадычнае адзінства і рацыянальную арганізацыю працы ўсяго калектыву складальнікаў, рэдактараў, скласці рабочы план, графік работы, размеркаваць абавязкі. План-праспект абмяркоўваецца, даецца на рэцэнзаванне спецыялістам – навуковым рэдактарам, рэдагуецца па заўвагах, зацвярджаецца і становіцца асноўным дакументам, якім будуць кіравацца складальнікі. У далейшым план-праспект можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы прадмовы да дапаможніка.

Апошні працэс, які адносіцца да падрыхтоўчага этапу, – выяўленне дакументаў, галоўная задача якога з максімальнай паўнатой сабраць дакументы, якія паводле акрэсленых у плане-праспекце крытэрыяў адносяцца да тэмы, адпавядаюць віду складаемага бібліяграфічнага дапаможніка. Канчатковы вынік гэтага працэсу – падрыхтоўка рабочай картатэкі бібліяграфічных запісаў, якія патрабуюць далейшага вывучэння.

У ходзе разглядаемага працэсу складальніку патрэбна правільна вызначыць кола крыніц, спосабы і паслядоўнасць іх прагляду. Шматлікасць крыніц, розная іх роля пры складанні розных відаў дапаможнікаў вядуць да неабходнасці іх размежавання на першасныя (перыядычныя выданні, зборнікі дакументаў, даведнікі, паўнатэкставыя базы даных і інш.) і другасныя (бібліяграфічныя, рэфератыўныя выданні, агляды, каталогі і картатэкі, бібліяграфічныя базы даных і інш.).

У залежнасці ад спосабу прагляду крыніцы падзяляюцца на асноўныя, якія праглядаюцца вельмі пільна з мэтай максімальна поўнага выяўлення дакументаў, і дадатковыя, якія праглядаюцца выбарачна ў мэтах кантролю за асноўнымі крыніцамі. Асноўныя і дадатковыя крыніцы могуць мяняцца месцамі ў залежнасці ад віду складаемага дапаможніка: бягучага ці рэтраспектыўнага, навукова-дапаможнага ці папулярнага, дакументнай і бібліяграфічнай забяспечанасці тэмы, навізны, вузасці тэмы складаемага дапаможніка.

Прагляд пачынаюць з асноўных другасных крыніц, потым абследуюць дадатковыя бібліяграфічныя крыніцы, а пасля гэтага звяртаюцца да першасных крыніц – асноўных і дадатковых. Крыніцы бягучай бібліяграфічнай інфармацыі, перыядычныя выданні і выданні, якія працягваюцца, праглядаюцца ў зваротна храналагічным парадку для таго, каб у першую чаргу выявіць апошнія новыя выданні, у неабходным выпадку пашырыць храналагічныя рамкі адбору дакументаў.

Бібліяграфічныя крыніцы могуць падвяргацца суцэльнаму прагляду, калі аналізуюцца ўсе бібліяграфічныя запісы ў крыніцах з фармальным размяшчэннем матэрыялу; і выбарачнаму, які прымяняецца пры выкарыстанні крыніц са змястоўнай групоўкай, у якіх аналізуюцца толькі пэўны раздзел, падраздзел.

Ужо ў ходзе працэсу выяўлення дакументаў праводзіцца іх фармальны і зместавы адбор пры аналізе бібліяграфічных звестак, якія прыводзяцца ў бібліяграфічным апісанні, анатацыях ці рэфератах. У выпадку, калі пытаннне аб адборы дакумента для дапаможніка выклікае сумненне, лепей уключыць яго ў рабочую картатэку, а канчатковае рашэнне адкласці да ацэнкі дакумента пры непасрэднай працы з ім de visu ці знаёмства з крытычным матэрыялам.

У працэсе выяўлення дакументаў складальнікі вядуць дзве картатэкі: картатэку выяўленых дакументаў і картатэку пра- гледжаных крыніц. Першая картатэка ўключае выяўленыя дакументы; на кожнай картцы, акрамя бібліяграфічнага запісу, могуць адлюстроўвацца дадатковыя звесткі аб крыніцы выяўлення дакументаў, аб крытычным матэрыяле на дакумент, шыфры месцаў захоўвання ў бібліятэках і інш. Матэрыял можна па-рознаму арганізоўваць у картатэцы: у агульным алфавіце аўтараў і назваў дакументаў (дапамагае ліквідаваць дубліраванне выяўленых дакументаў), па асноўных раздзелах будучага дапаможніка (дапамагае вызначыць і ацаніць напаўняльнасць раздзелаў, падраздзелаў).

Картатэка прагледжаных крыніц адлюстроўвае ўсе абследаваныя другасныя і першасныя крыніцы, дае ўяўленне аб паўнаце выяўлення дакументаў, дапамагае пазбегнуць паўторных зваротаў да прагледжаных крыніц і ў той жа час пазбегнуць пропускаў асобных крыніц і іх нумароў пры праглядзе. Пры складанні даведачна-метадычнага апарату дапаможніка дадзеная картатэка выкарыстоўваецца ў час падрыхтоўкі "Спіса прагледжаных крыніц", які складаецца да паказальнікаў літаратуры і дае карыстальніку ўяўленне аб яго інфармацыйнай базе.