Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

5.11. Крыніцы папулярнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі

У склад ДБФ уваходзяць разам з разгледжанымі вышэй відамі бібліяграфічных дапаможнікаў крыніцы папулярнай бібліяграфіі. У ГОСТ 7.0 – 99 «Информационно-библиотеч­ная деятельность, библиография. Термины и определения» папулярны бібліяграфічны дапаможнік вызначаецца як дапаможнік, прызначаны для задавальнення пазнавальных інтарэсаў шырокіх колаў чытачоў.

Крыніцы папулярнай бібліяграфіі (да ўвядзення ГОСТ 7.0 – 99 яны называліся рэкамендацыйнымі) адносяцца да спецыяльнай бібліяграфіі, у аснове стварэння якой ляжыць рэалізацыя ацэначнай функцыі. Яна заключаецца ў мэтанакіраваным адборы і рэкамендацыі лепшых першасных дакументаў чытачам па той ці іншай тэме ў адпаведнасці з канкрэтным мэтавым і чытацкім прызначэннем, з разнастайнымі інтарэсамі чытачоў.

Доўгі час рэкамендацыйная бібліяграфія разглядалася як сродак ідэалагічнай дзейнасці бібліятэк, прапаганды і кіравання масавым чытаннем. І гэта знаходзіла адбітак у тэматыцы рэкамендацыйных дапаможнікаў, адборы дакументаў, групоўцы матэрыялу. Усе гэтыя асаблівасці рэкамендацыйнай бібліяграфіі, калі пачалася перабудова, прывялі да того, што яе (рэкамендацыйную бібліяграфію) пачалі разглядаць як «маніпулятара свядомасці», як дзейнасць па вытворчасці шматлікага патоку нікому не патрэбных біблія­графічных даведнікаў, якія адлюстроўваюць такую ж некарысную літаратуру. Асобныя, найбольш радыкальныя спецыялісты адмаўлялі нават права на існаванне рэкамендацыйнай бібліяграфіі.

Асэнсаванне новай сацыяльна-культурнай сітуацыі, пераход да пабудовы дэмакратычнай дзяржавы прывялі ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. да перагляду тэарэтычных асноў рэкамендацыйнай бібліяграфіі, яе ролі і функцый, метадычных падыходаў да складальніцкай рэкамендацыйнай дзейнасці. Перагледжана ўжыванне тэрміна «рэкамендацыйная біблія­графія». Лічыцца, што рэкамендацыйнасць – гэта метадычны прыём, які па сутнасці ляжыць у аснове ўсіх відаў спецыяльнай бібліяграфіі, у тым ліку навукова-дапаможнай, прафесійна-вытворчай, вучэбна-дапаможнай. І таму замест тэр­міна «рэкамендацыйны дапаможнік» прапануецца тэрмін «папулярны бібліяграфічны дапаможнік», які больш дакладна адлюстроўвае мэтавае прызначэнне гэтага віду біблія­графічнай дзейнасці. Ён з'яўляецца сродкам папулярызацыі ведаў, зафіксаваных у розных дакументах, задавальняе па- знавальныя інтарэсы шырокіх колаў чытачоў.

Сярод асноўных функцый папулярнай бібліяграфіі вылучаюць інфармацыйную, асветніцкую, адукацыйную і выхаваўчую. Рэалізацыі гэтых функцый спрыяюць і новыя метадычныя падыходы да складальніцкай дзейнасці. Галоўны з іх – пераход ад канцэпцыі адзінства мэтавага і чытацкага прызначэння пры вядучай ролі сацыяльна-дэмаграфічных прынцыпаў выдзялення чытацкіх груп да стварэння дапаможнікаў, у якіх даецца матэрыял для мноства адрасатаў і мэт чытання. З'яўляюцца новыя жанры бібліяграфічных дапаможнікаў, такія як бібліяграфічныя нарысы, анталогіі і хрэстаматыі, папулярныя бібліяграфічныя энцыклапедыі і іншыя, у якіх арганічна спалучаецца першасная інфармацыя (цікавыя факты, пазнавальная даведачная інфармацыя, у шэрагу выпадкаў і фрагменты тэкстаў твораў) з бібліяграфічнымі звесткамі аб кнігах, артыкулах і іншых дакументах, адкуль пры жаданні карыстальнікі маглі б атрымаць больш поўныя веды. Вырашэнню гэтай жа задачы спрыяюць комплекснасць у падборы дакументаў, якія адлюстроўваюць розныя пункты гле- джання; шырыня бібліяграфуемага матэрыялу; структураванне матэрыялу з новымі яркімі семантычнымі назвамі раздзелаў; аўтарскі падыход да падрыхтоўкі дапаможнікаў.

Гэта дазваляе выкарыстоўваць крыніцы папулярнай бібліяграфіі ў індывідуальнай і масавай рабоце з чытачом; у час гутарак, рэкамендацыі літаратуры ў дапамогу адукацыйным, самаадукацыйным мэтам, літаратуры па тэме, пры складанні тэматычных спісаў, арганізацыі выстаў, правядзенні аглядаў, гасцёўняў, клубаў па інтарэсах.

Адзначаючы выхаваўчую функцыю крыніц папулярнай бібліяграфіі, трэба мець на ўвазе, што яны павінны садзей­нічаць павышэнню культуры чытачоў у самым шырокім разуменні: культуры духоўнай, палітычнай і эканамічнай, экалагічнай, мастацкай, фізічнай, культуры зносін і, безумоўна, культуры чытання, інфармацыйнай культуры.

Крыніцы папулярнай бібліяграфіі з'яўляюцца важным сродкам для павышэння прафесійнай кваліфікацыі біблія­тэкараў, настаўнікаў, выхавацеляў. Сістэматычна праглядваючы гэтыя крыніцы, яны змогуць пашырыць свой інфар­мацыйны запас звесткамі аб новых тэмах, аўтарах, жанрах і іншым, якія неабходны ім для прафесійнай дзейнасці, інфармавання чытачоў, задавальнення запытаў чытачоў аб літаратуры. Асабліва гэта тычыцца супрацоўнікаў абанемента, чытальнай залы, бібліёграфаў. Таму выкарыстоўваюцца яны ў сістэме павышэння кваліфікацыі бібліятэкараў, настаўнікаў. Неабходны гэтыя крыніцы і ў даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні пры выкананні як бібліягра­фічных, так і фактаграфічных запытаў.

Крыніцы папулярнай бібліяграфіі аказваюць значную дапамогу ў фарміраванні (дакамплектаванні) і раскрыцці фондаў бібліятэк, дазваляюць высветліць прабелы ў камплектаванні, а таксама прааналізаваць склад і змест фондаў, ступень актуальнасці. Дапамагаюць яны таксама пры планаванні работы бібліятэкі, асабліва гэта тычыцца такога жанру бібліяграфічных дапаможнікаў, як календары знамянальных і памятных дат. Таму набыццё гэтых крыніц у даведачна-бібліяграфічныя фонды бібліятэк з'яўляецца актуальнай задачай. Гэтыя паказальнікі ўваходзяць у ДБФ бібліяграфічнага аддзела і ў ДБФ іншых аддзелаў бібліятэкі, у першую чаргу аддзелаў абслугоўвання.

Падрыхтоўкай папулярных бібліяграфічных дапаможнікаў у краіне займаюцца многія бібліятэкі: НББ, якая непасрэдна іх рыхтуе, а таксама ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне гэтага кірунку бібліяграфічнай дзейнасці ў краіне; рэспубліканскія спецыяльныя бібліятэкі ў адпаведнасці са зместавай спецыялізацыяй сваёй дзейнасці; абласныя бібліятэкі рыхтуюць папулярныя бібліяграфічныя дапамож­нікі пераважна краязнаўчай тэматыкі; дзіцячыя, публічныя бібліятэкі рыхтуюць бібліяграфічныя дапаможнікі, як праві­ла, малых формаў.

Па змесце ствараюцца рэкамендацыйныя дапаможнікі наступных відаў: універсальныя, шматгаліновыя, галіновыя, тэматычныя, персанальныя, рэспубліказнаўчыя, краязнаўчыя. Каштоўнай крыніцай універсальнага зместу разглядаемага віду дапаможнікаў з'яўляецца бягучы бюлетэнь «Новыя кнігі: па старонках беларускага друку», які рыхтуе і штомесячна выдае з 1960 г. НББ. Аб значнасці яго для бібліятэк сведчыць і тыраж выпуску – больш за 3000 экзэмпляраў.

Бюлетэнь мае пастаянныя раздзелы. Першы раздзел «Навінкі беларускага друку» інфармуе аб новых кнігах беларускіх выдавецтваў (у тым ліку недзяржаўных) і найбольш значных артыкулах з рэспубліканскіх часопісаў і газет-штотыднёвікаў па меры іх паступлення ў НББ. Літаратура ў гэтым раздзеле падзяляецца на шэсць частак, падрубрыкі якіх могуць мяняцца ў залежнасці ад характару сабранай інфар­мацыі. У першай частцы «Што чытаць пра Беларусь» прадстаўлены рэспубліказнаўчы матэрыял; другая – «У дапамогу прафесійнаму чытанню» – інфармуе аб новых кнігах (акрамя вузкаспецыяльных) прадстаўнікоў розных прафесій; трэцяя – «У дапамогу абітурыентам»; чацвёртая – «Папулярная літаратура і літаратура для самаадукацыі» – прапаноўвае літаратуру па ўсіх галінах ведаў; пятая частка – «Мастацкая літаратура» – уключае звесткі пра кнігі і часопісныя публікацыі раманаў, аповесцей, паэм; шостая – «Кнігі і публікацыі – дзецям» – адлюстроўвае новыя выданні навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры для дзяцей, казкі. Бібліяграфічная характарыстыка дакументаў у раздзеле складаецца з бібліяграфічнага апісання, на неінфарматыўныя назвы даецца даведачная анатацыя, у якой у першую чаргу звяртаецца ўвага на гістарычны перыяд, геаграфічныя назвы, біяграфічныя звесткі пэўнай асобы. У дванаццатым нумары бюлетэня друкуюцца дапаможныя паказальнікі да раздзела (персанальны, прадметны і геаграфічны), якія пашыраюць магчымасці выкарыстання яго ў даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні.

Другі пастаянны раздзел бюлетэня «У полі зроку рэцэнзента» інфармуе аб рэцэнзіях з беларускага перыядычнага друку на выданні, уключаныя ў бюлетэнь.

Раздзел «Памятныя даты» змяшчае бібліяграфічныя матэрыялы да знамянальных і памятных падзей краіны, юбілеяў выдатных дзеячаў. Да кожнай даты даюцца ўступны тэкст (біяграфічная або гістарычная даведка) і спіс літаратуры. Інфармацыя аб юбілейных датах на наступны год папярэдне змяшчаецца ў штогадовым спісе «Беларускі каляндар,… г.», які ствараецца на падставе БД «Беларусь у асобах і падзеях» і выдаецца таксама на СD-RОМ, штоквартальна інтэрнет-версія прадстаўляецца на сайце НББ.

Кожны нумар бюлетэня выходзіць з дадаткам. Чатыры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найбольш значных дат беларускага календара, астатнія дадаткі – высокаякасныя рэкамендацыйныя бібліяграфічныя спісы, якія могуць выкарыстоўвацца як самастойныя бібліяграфічныя дапаможнікі. Тэматыка гэтых спісаў самая разнастайная, але пераважна мае рэспубліказнаўчы характар. Сярод спісаў, апублікаваных за апошнія гады, – «Нацыянальная школа Беларусі», «Беларуская мастацкая проза на рубяжы тысячагоддзяў», «Запаведныя тэрыторыі Беларусі», «Учитесь познавать прекрасное» і інш.

У рабоце бібліятэк бюлетэнь выкарыстоўваецца пры планаванні, з дапамогай яго можна вызначаць найбольш важныя даты беларускага календара, актуальныя тэмы для правя- дзення розных мерапрыемстваў. Дадаткі даюць вялікія магчымасці для арганізацыі гутарак, канферэнцый, аглядаў, выстаў. Выкарыстоўваецца бюлетэнь для індывідуальнай работы з чытачамі, пры вядзенні картатэк рэцэнзій, краязнаўчай літаратуры, персаналій.

З 1972 г. НББ выдавала яшчэ адзін бягучы папулярны паказальнік, які штогод знаёміў карыстальнікаў са здабыткамі беларускага мовазнаўства, літаратуразнаўства і мастацтва- знаўства, – «Беларуская мова, літаратура, мастацтва». У 2004 г. яго выданне перапынілася. Да цяперашняга часу яшчэ захаваўся паказальнік “Дзіцячая літаратура”, які выходзіць раз у пяць гадоў.

Да крыніц папулярнай бібліяграфіі адносяцца календары знамянальных і памятных дат. У 90-я гг. ХХ ст. яны перажылі «другое нараджэнне», і ўвага, цікавасць да іх значна павялічыліся. Сёння календары знамянальных дат рыхтуе не толькі НББ, але і навуковыя спецыяльныя бібліятэкі (РНМБ сумесна з Рэспубліканскім музеем гісторыі медыцыны штогод выдае паказальнік «Знаменательные и юбилейные даты истории медицины Беларуси, … год»), універсальныя абласныя навуковыя бібліятэкі. Каштоўнасць і папулярнасць гэтых дапаможнікаў абумоўлены спалучэннем у іх бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі, насычанасцю даведачнымі звесткамі, імкненнем складальнікаў адлюстраваць невядомыя да нядаўняга часу старонкі мясцовай гісторыі і культуры, лепшую літаратуру аб рэгіёне, краі, галіне ведаў, комплексна падаць разнастайныя матэрыялы, у тым ліку і невядомыя архіўныя.

Структура такіх календароў тыповая. Адкрываецца, як правіла, каляндар прадмовай, дзе даецца яго метадычная характарыстыка і прыводзяцца рэкамендацыі па выкарыстанні. Пасля прадмовы размяшчаецца пералік памятных дат года з адсылкай да старонак, дзе асобныя падзеі характарызуюцца больш падрабязна. Затым ідзе асноўная частка, у якой прыводзяцца тэкставыя даведкі аб кожнай памятнай даце (па месяцах і чыслах), а таксама фактаграфічныя, статыстычныя, бібліяграфічныя і іншыя матэрыялы. Пры адсутнасці звестак аб чысле ці месяцы той ці іншай падзеі інфармацыя аб ёй змяшчаецца ў канцы месяца ці года. Кожная старонка асноўнай часткі календара ўтрымлівае дакладныя звесткі аб кожнай памятнай падзеі, а таксама максімальна дакладнае і інфарматыўнае яе найменне. Значэнне падзеі, яе асаблівасці раскрываюцца ў тэкставай даведцы, для напісання якой прыцягваюцца не толькі бібліёграфы, але і навуковыя супрацоўнікі, журналісты, настаўнікі. Завяршаецца «старонка» рэкамендацыйным спісам літаратуры – 5–10 самых новых і папулярных назваў. Акрамя таго, выкарыстоўваюцца і прыво- дзяцца звесткі аб іншых матэрыялах (ілюстрацыі, аўдыё- і відэадакументы, статыстычныя даныя). Завяршаецца каляндар дапаможнымі паказальнікамі, звычайна імянным і геаграфічным, якія дазваляюць пашырыць яго даведачныя магчымасці.

Актывізавалася работа па стварэнні рэкамендацыйных бібліяграфічных дапаможнікаў абласнымі універсальнымі навуковымі бібліятэкамі, як правіла, краязнаўчага характару. У якасці прыкладу можна назваць плённую працу ў гэтым кірунку Магілёўскай АУНБ, якая выдала паказальнікі «Гісторыя вёсак Магілёўшчыны», «Тэатральная творчасць Магілёўшчыны», «Асветнікі Магілёўшчыны», «Музеі Магі­лёва» і інш.