Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

5.5. Бібліяграфічныя крыніцы ў дбф бібліятэкі

Значнае месца ў даведачна-бібліяграфічным фондзе любой бібліятэкі займаюць бібліяграфічныя дапаможнікі рознага зместу, прызначэння, формы, якія з’яўляюцца незаменным сродкам бібліяграфічнага пошуку, бібліяграфічнага інфарма­вання і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карысталь­нікаў.

Ядро бібліяграфічнай часткі даведачна-бібліяграфічнага фонду складаюць крыніцы агульнай бібліяграфіі, прызначэннем якіх з’яўляюцца забеспячэнне пошуку любых дакументаў і інфармаванне аб іх шырокага кола спажыўцоў інфармацыі (грамадства ў цэлым).

Да крыніц агульнай бібліяграфічнай інфармацыі адносяцца:

– сістэма бягучых дзяржаўных бібліяграфічных дапаможнікаў;

– крыніцы агульнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі;

– крыніцы масавай бібліяграфічнай інфармацыі.

Асаблівасцямі крыніц агульнай бібліяграфіі з’яўляюцца універсальнасць зместу, магчымасць выкарыстання ў розных бібліяграфічных працэсах і з рознымі мэтамі, забеспячэнне першаснай бібліяграфічнай апрацоўкі дакументальных патокаў і масіваў і стварэнне неабходнай базы для іншых напрамкаў бібліяграфічнай дзейнасці. Зыходзячы з вышэйазначанага, асноўнымі функцыямі крыніц агульнай бібліяграфіі з’яўляюцца рэгістрацыйная, камунікатыўная, пошукавая, базавая, кумулятыўная, гісторыка-культурная.

5.6. Крыніцы бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі ў дбф бібліятэкі

Самай аўтарытэтнай крыніцай аб апублікаваных у Беларусі дакументах па ўсіх галінах ведаў з’яўляюцца выданні бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі, якія рыхтуе і выдае з 1924 г. Нацыянальная кніжная палата. Яна атрымлівае абавязковы экзэмпляр усіх выданняў у краіне і на яго базе складае і выдае бягучыя бібліяграфічныя дапаможнікі – “Летапіс друку Беларусі”, два штогоднікі “Кнігі Беларусі” і “Паказальнік біблія­графічных дапаможнікаў Беларусі”.

“Летапіс друку Беларусі” аб’ядноўвае 11 тыпаў паказальнікаў, 10 з якіх пабудаваны з улікам дзяржаўна-тэрыта­рыяльнага прынцыпу адлюстравання розных відаў дакументаў і адзін летапіс – “Беларусь у сусветным друку” – адлюстроўвае дакументы, адабраныя па прынцыпу экстэрыёрыкі. З 1995 г. “Летапіс друку Беларусі” падзелены на чатыры самастойныя выданні – “Летапіс друку Беларусі» (аб’яднаны выпуск), “Летапіс часопісных артыкулаў”, “Летапіс газетных артыкулаў” і “Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца”. З 2005 г. у самастойнае выданне выдзелены паказальнік “Беларусь у сусветным друку”. “Летапіс друку Беларусі” (аб’яднаны выпуск) выходзіць штомесячна і складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў. Кожны з летапісаў мае сваю суцэльную нумарацыю на працягу года (паказваецца ў круглых дужках пасля назвы летапісу) і забяспечаны сістэмай дапаможных паказальнікаў, размешчаных непасрэдна за адпаведным летапісам.

Бібліяграфічны запіс складаецца ў адпаведнасці з між­дзяржаўным ГОСТ 7.1 – 2003 «Библиографическая запись. Библиографическое описание документа. Общие требования и правила составления».

Бібліяграфічныя запісы ў выданнях НКП складаюцца на мове тэксту выдання, калі ў ім выкарыстана кірылічная ці лацінская графіка. Выданні на ідыш або з выкарыстаннем арабскай графікі апісваюцца ў перакладзе на беларускую мову з пазначэннем у вобласці заўваг мовы тэксту выдання. Бібліяграфічныя запісы на іншых, акрамя беларускай і рускай, мовах суправаджаюцца перакладам асноўных бібліягра­фічных звестак (аўтар, загаловак) на беларускую мову.

Бібліяграфічныя запісы групуюцца згодна схеме «Размя- шчэнне бібліяграфічных запісаў у “Летапісе друку Беларусі” на аснове Універсальнай дзесятковай (дэцымальнай) класіфі­кацыі». Поўны пералік значымых тэматычных рубрык УДК, выкарыстоўваемых пры афармленні раздзелаў зместу, прыводзіцца ў першых нумарах летапісаў за бягучы год. Пры размяшчэнні бібліяграфічных запісаў унутры раздзелаў і ў дапаможных паказальніках традыцыйна вытрымліваецца алфавітны прынцып размяшчэння па “радах”: на беларускай, рускай і замежных мовах.

Старэйшым айчынным дзяржаўным бібліяграфічным паказальнікам з’яўляецца “Кніжны летапіс”, які выдаецца з 1924 г., выходзіць штомесячна ў аб’яднаным выпуску і інфармуе аб кнігах, брашурах і навуковых зборніках, якія прадаўжаюцца. Навуковыя зборнікі, якія прадаўжаюцца, а таксама неперыядычныя тэматычныя зборнікі дадаткова знаходзяць адлю- страванне ў “Летапісе часопісных артыкулаў”, у якім ажыццяўляецца аналітычны роспіс гэтых выданняў. У “Кніжным летапісе” адлюстроўваюцца таксама замежныя выданні, якія выпушчаны з удзелам беларускіх выдаўцоў, бібліяграфічныя запісы на такія выданні пазначаны знакам астэрыск (*).

Бібліяграфічныя запісы на кнігі ўключаюць:

– парадкавы нумар запісу;

– загаловак бібліяграфічнага запісу;

– бібліяграфічнае апісанне;

– нумар дзяржаўнай рэгістрацыі, пад якім выданне зарэгістравана ў НКП (складаецца з апошніх лічбаў года і інвентарнага нумара, напрыклад: [97–60];

– індэксы УДК.

У кожным нумары “Кніжнага летапісу” размяшчаюцца дапаможныя паказальнікі.

“Імянны паказальнік” уключае імёны аўтараў, складаль­нікаў, рэдактараў, перакладчыкаў, аўтараў апрацовак, прадмоў і пасляслоўяў, мастакоў, каментатараў і іншых асоб, якія ўдзельнічалі ў стварэнні адлюстраваных у летапісе выданняў, і парадкавы нумар адпаведнага бібліяграфічнага запісу. Нумары, якія адносяцца да імён асоб, указаных па прымеце персаналіі, бяруцца ў круглыя дужкі. Аўтары з аднолькавымі прозвішчамі і ініцыяламі аб’ядноўваюцца ў адной рубрыцы. Роля некаторых асоб удакладняецца (пер., рэд., маст.).

“Прадметны паказальнік” раскрывае змест выданняў. Складаецца з алфавітнага пераліку прадметных рубрык і нумароў адпаведных бібліяграфічных запісаў.

“Паказальнік загалоўкаў” змяшчае алфавітны пералік загалоўкаў выданняў (за выключэннем выданняў, апісаных пад аўтарскім загалоўкам).

“Геаграфічны паказальнік” змяшчае назвы фізіка-геагра­фічных аб’ектаў, палітыка-адміністрацыйных і адміністра­цыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія ўпамінаюцца ў біблія­графічных запісах.

“Паказальнік серый” уключае назвы серый і звесткі аб усіх выданнях, якія выйшлі ў серыі, што дазваляе выкарыстоўваць паказальнік як самастойны бібліяграфічны даведнік.

“Паказальнік моў” (акрамя беларускай і рускай), на якіх надрукаваны кнігі, складаецца з алфавітнага пераліку назваў моў і нумароў адпаведных бібліяграфічных запісаў.

“Паказальнік памылковых ISBN” – нумарацыйны пералік памылковых нумароў ISBN. Памылкай лічыцца парушэнне структуры нумара; ранейшае выкарыстанне нумара ў іншым выданні; прыналежнасць нумара іншаму выдаўцу. У бібліяграфічных запісах такія нумары абазначаюцца словам “памылковы” ў круглых дужках.

З 1984 г. штогод Нацыянальнай кніжнай палатай выдаецца дзяржаўны бібліяграфічны паказальнік “Кнігі Беларусі”, які носіць кумулятыўны характар (з 1956 г. па 1980 г. паказальнік выходзіў у выглядзе пяцігоднікаў). У ім змяшчаецца інфармацыя аб кніжных выданнях, якія атрымалі адлюстраванне ў “Кніжным летапісе” за ўліковы перыяд. Адбор выданняў, бібліяграфічны запіс, групоўка матэрыялу, а таксама склад даведачна-метадычнага апарату ў штогодніку аналагічныя “Кніжнаму летапісу”. Галоўнае прызначэнне штогодніка – аператыўны пошук неабходных звестак аб кнігах і брашурах, выдадзеных за ўліковы перыяд.

З 1999 г. у якасці самастойнага друкуецца ў аб’яднаным выпуску “Летапіс аўтарэфератаў дысертацый” (да гэтага часу аўтарэфераты дысертацый адлюстроўваліся ў “Кніжным летапісе”). Дзяржаўны бібліяграфічны паказальнік інфармуе карыстальнікаў аб аўтарэфератах дысертацый, якія абаронены ў ВНУ, акадэмічных і навуковых арганізацыях Беларусі суіскальнікамі вучоных ступеней доктара і кандыдата навук. Склад бібліяграфічнага запісу аналагічны выкарыстоў­ваемаму ў “Кніжным летапісе”. Асаблівасці бібліяграфічнага запісу наступныя: пасля загалоўка аўтарэферата паказваецца яго шыфр па наменклатуры спецыяльнасцей навуковых работнікаў, у нумары дзяржаўнай рэгістрацыі інвентарны нумар указваецца з абазначэннем “а”, напрыклад: [99-53а].

Бібліяграфічныя запісы групуюцца па комплексах навук згодна з УДК. Унутры кожнага раздзела запісы змяшчаюцца пад рубрыкамі: “На ступень доктара навук” і “На ступень кандыдата навук”, а ўнутры рубрык – па алфавіце імён аўтараў.

Да “Летапісу аўтарэфератаў дысертацый” дадаюцца дапаможныя паказальнікі: імянны і геаграфічны. Летапіс выходзіць штоквартальна і змяшчаецца ў 3-м, 6-м, 9-м і 12-м нумарах “Летапісу друку Беларусі”.

Састаўной часткай аб’яднанага выпуску з’яўляецца штомесячны “Летапіс нарматыўна-тэхнічных, тэхнічных дакументаў і выданняў вузкага прызначэння” (выдаецца з 1985 г.). Паказальнік інфармуе аб стандартах, цэнніках, прэйскурантах, тэхнічных апісаннях машын, прыбораў і інш. У летапіс уключаюцца таксама тэматычныя падборкі, справаздачныя дакументы дзяржаўных органаў і ўстаноў, інструкцыі, зацверджаныя арганізацыямі ніжэй абласнога ўзроўню, праграмна-метадычныя распрацоўкі для студэнтаў ВНУ, рэкламныя выданні па тэхніцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Да “Летапісу...” складаюцца імянны дапаможны паказальнік; паказальнікі загалоўкаў і моў.

З 1924 г. выдаецца “Летапіс нот”, які інфармуе аб нотных выданнях, а таксама аб музычных творах, надрукаваных у кнігах, часопісах і газетах. У летапіс уключаюцца замежныя выданні, якія падрыхтаваны або выдадзены з удзелам беларускіх выдаўцоў. З 2002 г. выходзіць штоквартальна і змяшчаецца ў 3-м, 6-м, 9-м і 12-м нумарах “Летапісу друку Беларусі”. Пры апісанні зборнікаў музычных твораў, не прызначаных для вучэбных мэт, раскрываецца іх змест. Бібліяграфічныя запісы групуюцца па відах музыкі (вакальная, інструментальная, вакальна-сімфанічная, сцэнічная) і па сродках выканання (хор, аркестр і інш.).

Да “Летапісу нот” складаюцца дапаможныя паказальнікі. Імянны, напрыклад, уключае імёны кампазітараў, паэтаў, рэдактараў, аўтараў апрацовак, пералажэнняў, аранжыровак, гарманізацый, перакладчыкаў, складальнікаў і асоб, якім прысвечаны музычныя творы (персаналіі), і парадкавы нумар адпаведнага бібліяграфічнага запісу. Сярод дапаможных паказальнікаў – “Паказальнік загалоўкаў зборнікаў музычных твораў”; “Паказальнік загалоўкаў і першых слоў тэкстаў вакальных твораў”; “Паказальнік выданняў, у якіх апубліка­ваны ноты, адлюстраваныя ў “Летапісе нот”», №...

Штоквартальна з 2002 г. прадстаўлены ў аб’яднаным выпуску “Летапіс выяўленчага мастацтва” (з 1955 г. да 2002 г. выходзіў адзін раз у месяц). Летапіс інфармуе аб асобна выдадзеных творах выяўленчага мастацтва і рэпрадукцыях, змешчаных у часопісах, перыядычных зборніках і зборніках, якія працягваюцца. Інфармуе карыстальнікаў аб выяўленчых плакатах, партрэтах, рэпрадукцыях, эстампах, паштоўках, альбомах, кніжках-карцінках і альбомах для размалёўвання для дзяцей без літаратурнага тэксту, наглядных дапаможніках, календарах, уключаючы мініяцюрныя, і коміксах.

Бібліяграфічнае апісанне складаецца згодна з вышэйназваным ГОСТ. Пры апісанні камплектаў паштовак раскрываецца іх змест. Бібліяграфічныя запісы групуюцца па відах выданняў выяўленчага мастацтва (выяўленчыя плакаты, выяўленчыя паштоўкі і інш.). У раздзелах “Плакаты” і “Альбомы” бібліяграфічныя запісы групуюцца згодна агульнай схеме УДК.

Да летапісу створаны дапаможныя паказальнікі: імянны; загалоўкаў альбомаў і камплектаў паштовак; перыядычных выданняў, у якіх надрукаваны ілюстрацыйны матэрыял, змешчаны ў “Летапісе выяўленчага мастацтва”, № ...

Дзяржаўны бібліяграфічны паказальнік “Летапіс рэцэнзій” выдаецца з 1932 г., выходзіць штоквартальна, інфар­муе чытачоў аб рэцэнзіях, аглядах кніг, часопісаў і іншых крытычных матэрыялах на творы друку. Паказальнік адлюстроўвае звесткі аб рэцэнзіях на творы, якія апублікаваны асобна або змешчаны ў перыядычных выданнях. Крытычныя матэрыялы, што змяшчаюць аналіз некалькіх твораў, распіс­ваюцца адпаведна ў “Летапісе часопісных артыкулаў” і “Летапісе газетных артыкулаў”. Бібліяграфічны запіс складаецца з дзвюх частак: першая ўключае запіс на твор, які рэцэнзуецца, другая – запіс на рэцэнзію.

Групоўка матэрыялу – сістэматычная (УДК). Пры наяў­насці некалькіх рэцэнзій на адзін твор звесткі аб іх групуюцца ў алфавіце прозвішчаў рэцэнзентаў або загалоўкаў рэцэнзій (калі прозвішча рэцэнзента не паказана). Бібліягра­фічныя запісы на дакументы, выдадзеныя за мяжой або ў Беларусі на замежнай мове, змяшчаюцца ў канцы адпаведных раздзелаў.

Арыентацыі ў матэрыяле спрыяюць дапаможныя паказальнікі: імянны (уключае імёны аўтараў рэцэнзій і аўтараў твораў, на якія апублікаваны рэцэнзіі); загалоўкаў выданняў, на якія апублікаваны рэцэнзіі; перыядычных выданняў, рэцэнзіі з якіх адлюстраваны ў “Летапісе рэцэнзій”, № ... (складаецца з дзвюх частак: часопісы, газеты).

Летапіс картаграфічных выданняў” выдаецца з 1994 г. У 1994–2000 гг. паказальнік выходзіў два разы ў год. З 2001 г. выходзіць адзін раз у год і размяшчаецца ў № 12 “Летапісу друку Беларусі”. Паказальнік інфармуе аб картаграфічных выданнях (картах, картах-схемах, планах, атласах), частках картаграфічных выданняў (картах-урэзках на асноўных картах), якія паступілі ў Нацыянальную кніжную палату ў бягучым годзе незалежна ад даты выпуску ў свет. Бібліягра­фічныя запісы групуюцца на аснове УДК. Дапаможныя паказальнікі да “Летапісу картаграфічных выданняў” наступныя: імянны, геаграфічны, прадметна-тэматычны, загалоўкаў.

Летапіс “Беларусь у сусветным друку” выдаецца з 1946 г. Бібліяграфічны паказальнік змяшчае інфармацыю аб творах беларускіх аўтараў і твораў пра Беларусь і беларусаў, якія апублікаваны ў друку замежных краін, а таксама аб выданнях і публікацыях на беларускай мове (незалежна ад зместу), выдадзеных за межамі Беларусі. Падрыхтоўка матэрыялу для паказальніка ажыццяўляецца ў выніку скаардынаванай працы бібліёграфаў Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, НББ, рэспубліканскіх галіновых бібліятэк Беларусі і грамадскай арганізацыі «Міжнародная арганізацыя беларусістаў».

У 1982–1991 гг. паказальнік выходзіў самастойным выданнем адзін раз у квартал пад назвай “Беларуская ССР у друку СССР і замежных сацыялістычных краін”. З 1992 г. выходзіць у складзе “Летапісу друку Беларусі” штомесячна. З 2005 г. выходзіць самастойным выданнем штоквартальна. Матэрыял у паказальніку ўлічваецца за тры гады (за бягучы год і два мінулыя). Групоўка матэрыялу сістэматычная – УДК. Да летапісу дадаюцца дапаможныя паказальнікі: імянны; загалоўкаў; геаграфічны; моў (акрамя беларускай і рускай), на якіх надрукаваны дакументы; перыядычных выданняў і выданняў, што прадаўжаюцца, матэрыялы з якіх зарэгістраваны ў № ...; часовых тэматычных рубрык (зводны за год). Асобныя раздзелы – “Аўтарэфераты дысертацый”, “Ноты”, “Выяў­ленчае мастацтва” – змяшчаюцца ў 2-м і 4-м нумарах летапісу. Дапаможным паказальнікам да гэтых раздзелаў з'яўляецца паказальнік загалоўкаў і першых слоў тэкстаў вакальных твораў.

З 1994 г. у аб’яднаным выпуску два разы ў год у 6-м і 12-м нумарах летапісу друкуецца “Спіс выданняў, што надрукаваны на паліграфічных прадпрыемствах Беларусі па заказах замежных выдаўцоў”. Бібліяграфічныя запісы ў ім друкуюцца ў алфавіце аўтараў і назваў. Суправаджаецца спіс алфавітным паказальнікам імён і загалоўкаў выданняў.

Летапіс часопісных артыкулаў” выдаецца з 1937 г.; з 1995 г. выходзіць самастойным выданнем штомесячна. Летапіс інфармуе аб артыкулах, дакументальных матэрыялах, творах мастацкай літаратуры з часопісаў, перыядычных зборнікаў, зборнікаў, якія прадаўжаюцца, неперыядычных тэматычных зборнікаў, што выпускаюцца ў акадэміях, інстытутах, а таксама інфарматыўна-нарматыўных часопісаў і бюлетэняў дзяржаўных органаў, выданняў тыпу прац. Штогод (а дакладней – амаль штомесяц) павялічваецца кола распісваемых у «Летапісе…» перыядычных выданняў. Бібліяграфічныя запісы складаюцца з бібліяграфічнага апісання, якое выканана ў адпаведнасці з існуючымі стандартамі; на неінфарматыўныя загалоўкі ў квадратных дужках пасля назвы артыкула прыводзіцца даведачная анатацыя, якая раскрывае змест дакумента.

Бібліяграфічныя запісы ў «Летапісе…» групуюцца ў адпаведнасці з УДК (скарочаны варыянт). Каб вылучыць матэрыялы, прысвечаныя значным падзеям палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арганізацый, унутры галіновых раздзелаў прымяняюцца часовыя тэматычныя рубрыкі.

У кожным нумары «Летапісу часопісных артыкулаў» змяшчаюцца дапаможныя паказальнікі: імянны; геаграфічны; моў (акрамя беларускай і рускай); часопісаў і зборнікаў (перыядычных, неперыядычных і тых, што прадаўжаюцца), артыкулы з якіх распісаны ў «Летапісе…», №… . Штогод у № 12 «Летапісу…» даецца «Паказальнік часовых тэматычных рубрык».

Летапіс газетных артыкулаў” выдаецца з 1937 г.; з 1995 г. выходзіць самастойным выданнем штомесячна. Летапіс інфармуе аб артыкулах, дакументальных матэрыялах, творах мастацкай літаратуры з міжрэгіянальных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх (цэнтральных) газет г.Мінска і абласных цэнтраў, а таксама газет таварыстваў, асацыяцый, аб'яднан­няў, партый, рухаў, незалежных газет, газет прыватных заснавальнікаў, рэлігійных, дадаткаў да газет і спецыяльных выпускаў, якія з'яўляюцца профільнымі ці прысвячаюцца рэспубліканскім або міжнародным падзеям.

Бібліяграфічны запіс на газетныя артыкулы складаецца з бібліяграфічнага апісання і даведачнай анатацыі на неінфар­матыўныя назвы, якая прыводзіцца ў квадратных дужках пасля назвы і ўдакладняе яе. Групоўка бібліяграфічных запісаў – сістэматычная, на аснове УДК, унутры раздзелаў традыцыйна вытрымліваецца алфавітны прынцып размя- шчэння па «радах»: на беларускай, рускай і замежных мовах. Прымяняюцца часовыя тэматычныя рубрыкі для вылучэння актуальнага матэрыялу, прысвечанага значным падзеям.

У кожным нумары «Летапісу…» змяшчаюцца наступныя дапаможныя паказальнікі: імянны; геаграфічны; моў; газет, матэрыялы з якіх адлюстраваны ў «Летапісе газетных артыкулаў», № … . У № 12 «Летапісу…» змяшчаецца паказальнік часовых тэматычных рубрык.

Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца”, выдаецца з 1925 г. штогод. Да 1995 г. у розныя гады змяшчаўся ў № 1 або № 12 “Летапісу друку Беларусі”. З 1995 г. выдаецца асобна самастойным выданнем. “Летапіс…” адлюстроўвае часопісы, бюлетэні, навуковыя зборнікі і газеты.

Апісанне на выданне даецца па апошняй назве. Змены назваў за ўліковы тэрмін пазначаны ў заўвагах. Пры апісанні выданняў, якія выходзяць на замежнай мове, у якасці паралельнага загалоўка пазначаецца назва выдання ў транслі­тэрацыі на беларускай мове.

“Летапіс…” складаецца з дзвюх частак. У першай частцы паказаны часопісы, бюлетэні, навуковыя зборнікі. Размя- шчэнне бібліяграфічных запісаў – у адзіным (аб’яднаным) алфавіце назваў выданняў. Другую частку летапісу складаюць газеты. Яны размешчаны па тыпах газет, унутры – па алфавіце. Гэтая частка летапісу суправаджаецца паказаль­нікамі назваў газет і месцаў іх выдання.

Да крыніц бягучай дзяржаўнай бібліяграфіі адносіцца таксама выдаваемы Нацыянальнай кніжнай палатай штогоднік «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі», які з'яўляецца важнейшай крыніцай аб бібліяграфічных дапаможніках па ўсіх галінах ведаў. (Падрабязную характарыстыку гэтага выдання гл. у параграфе 5.13 «Паказальнікі бібліяграфічных дапаможнікаў у ДБФ бібліятэкі»).

Акрамя выдання бягучых крыніц дзяржаўнай бібліяграфіі, НКП вядзе электронны каталог “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі”, які змяшчае бібліяграфічныя запісы на ўсе віды друкаваных выданняў, што паступілі ў НКП: кнігі і брашуры (з 1996 г.); аўтарэфераты дысертацый; нарматыўна-тэхніч­ныя, тэхнічныя дакументы і выданні вузкага прызначэння ( з 1999 г.); перыядычныя выданні і выданні, якія прадаў­жаюцца; артыкулы з газет, часопісаў, зборнікаў (з 2004 г.); рэцэнзіі, нотныя, картаграфічныя і выяўленчыя выданні; экстэрыёрыку (з 2005 г.).

Запісы ў каталогу прадстаўлены ў фармаце міжнароднага стандартнага бібліяграфічнага апісання (ISBD) і ў беларускай версіі фармату UNIMARC – BELMARC. Запісы ЭК дзеляцца на поўныя і кароткія. Поўны запіс складаецца з ідэнты­фікацыйнага нумара, нумара запісу ў нацыянальнай біблія­графіі, нумара дзяржаўнай рэгістрацыі, шыфра захоўвання выдання ў Нацыянальным архіве друку, бібліяграфічнага апісання, загалоўкаў імён, найменняў арганізацый, абазначэнняў дакументаў, прадметных рубрык, класіфікацыйных індэксаў УДК. У поўных запісах прысутнічае поле нацыянальнага выкарыстання “900 – год і нумар летапісу”, у якім прыводзяцца даныя аб нумары друкаванай версіі нацыянальнай бібліяграфіі, што змяшчае дадзены запіс. Адсутнасць поля 900 сведчыць аб тым, што запіс з’яўляецца аператыўна-рэгістрацыйным і дакумент каталагізаваны часткова. Па меры апрацоўкі дакументаў кароткія запісы замяняюцца на поўныя.

Перыядычныя выданні, выданні, што прадаўжаюцца, і артыкулы з гэтых выданняў прадстаўлены многаўзроўневымі запісамі, што звязаны гіперспасылкамі: запіс першага ўзроў­ню – перыядычнае выданне цалкам; запіс другога ўзроўню – гадавы камплект перыядычнага выдання або выпуск выдання, што прадаўжаецца; запіс трэцяга ўзроўню – нумар у межах гадавога камплекта і аналітычная частка (артыкул).

Па каталогу магчымы базавы пошук – па аўтары, загалоўку, тэме; пашыраны – па даце публікацыі, бібліягра­фічным узроўні апісання (манаграфічны, серыяльны або аналітычны), назве выдаўца, месцы выдання, мове публі­кацыі, віду дакумента. Для аблягчэння і павышэння аператыўнасці пошуку магчыма выкарыстанне слоўнікаў аўтараў, тэматычных рубрык, загалоўкаў, а таксама нумароў – міжна­родных стандартных нумароў кніг (ISBN), міжнародных стандартных нумароў серыяльных выданняў (ISSN), індэксаў УДК, інвентарных нумароў, ідэнтыфікатараў запісу, нумароў дзяржаўнай рэгістрацыі выдання.

З 2006 г. аператыўную бібліяграфічную інфармацыю аб выпуску друкаваных выданняў у Беларусі за кожныя дзесяць дзён можна атрымаць ад НКП па электроннай пошце або на дыскеце.

Праводзімыя даследаванні па вывучэнні эфектыўнасці дзяржаўнай бібліяграфіі паказалі, што выкарыстанне гэтых крыніц у практыцы работы бібліятэк шматфункцыянальнае. Бібліятэкары-бібліёграфы іх выкарыстоўваюць пры бібліягра­фічным інфармаванні спажыўцоў, азнаямленні з новымі выданнямі, афармленні заказаў па МБА, сістэматызацыі твораў друку, вядзенні бібліяграфічных картатэк, падрыхтоўцы крыніц навукова-дапаможнай бібліяграфіі, дакамплектаванні фондаў, правядзенні заняткаў па бібліяграфічным навучанні бібліятэкараў-бібліёграфаў і спажыўцоў інфармацыі.

Зыходзячы з міжнародных патрабаванняў да развіцця нацыянальнай бібліяграфіі, нацыянальныя бібліяграфічныя цэнтры пры падрыхтоўцы дзяржаўных бібліяграфічных дапаможнікаў павінны прытрымлівацца наступных асноўных прынцыпаў і метадычных патрабаванняў: паўнаты адлюстравання дакументаў, аператыўнасці, універсальнасці, дзялення па відах і тыпах літаратуры, забеспячэння шматаспектнага пошуку, кумуліраванасці, магчымасці абмену данымі.

Але якасць крыніц дзяржаўнай бібліяграфіі адпавядае не ўсім названым прынцыпам і патрабаванням. Паўната адлюстравання дакументаў забяспечваецца паўнатой атрымання абавязковага экзэмпляра. На жаль, сёння па-ранейшаму застаецца актуальнай праблемай для Беларусі прыняцця новага закона аб абавязковым экзэмпляры. Як вынік, у крыніцах дзяржаўнай бібліяграфіі нашай краіны не адлюстроўваюцца аўдыёвізуальныя выданні, электронныя выданні на разнастайных носьбітах.

«Летапіс друку Беларусі» выходзіць са спазненнем на два – тры месяцы, штогоднікі – на год, у выніку чаго інфарма­цыйны патэнцыял гэтых крыніц не заўсёды можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы крыніц іншых відаў бібліяграфіі, ажыццяўленні бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў. На 57-й сесіі ІФЛА (М., 1991 г.) адзначалася, што неаператыўнасць дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі (затрымка ў атрыманні абавязковага экзэмпляра, бібліяграфаванні і распаўсюджванні) вядзе да таго, што да паступлення дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі выданні ўжо распраданы, іх немагчыма выкарыстоўваць для камплектавання фондаў бібліятэк. Вядзенне электроннага каталога “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі” і забеспячэнне доступу да яго рэсурсаў праз інтэрнет пэўным чынам вырашаюць праблему павышэння аператыўнасці інфармавання карыстальнікаў, спры­яюць абмену данымі, паляпшаюць распаўсюджанне біблія­графічнай інфармацыі на электронных носьбітах, іх выкарыстанне.

Да ліку крыніц агульнай бібліяграфіі, якія фарміруюць ядро ДБФ універсальных і спецыяльных навуковых бібліятэк, адносяцца выданні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, якія адлюстроўваюць спецыяльныя віды навукова-тэхнічнай літаратуры і дакументацыі*.

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці краіны сістэматычна дае афіцыйную інфармацыю аб зарэгістраваных аб'ектах прамысловай уласнасці шляхам выдання афіцыйных бюлетэняў «Вынаходствы. Карысныя мадэлі. Прамысловыя ўзоры», «Таварныя знакі» (штоквартальныя выданні), «Гатункі раслін» (штогоднік). Ва ўсіх бюлетэнях ёсць раздзел афіцыйных паведамленняў, дзе публікуюцца заканадаўчыя акты і нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць адносіны ў галіне аховы прамысловай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

У бюлетэні «Вынаходствы. Карысныя мадэлі. Прамысловыя ўзоры» публікуюцца звесткі аб рашэннях, што прымаюцца ў адносінах да заяўкі на вынаходніцтва ў ходзе працэдуры яе падачы, правядзення экспертызы, рэгістрацыі ў дзяржаўным рэестры. Сярод раздзелаў бюлетэня – інфармацыя аб заяўках на вынаходніцтвы, якія ўключаюць бібліяграфічныя даныя і асноўныя пункты формулы вынаходніцтва, сістэматычны і нумарацыйны паказальнікі заявак; інфармацыя аб патэнтах на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры.

У афіцыйным бюлетэні «Таварныя знакі» друкуюцца звесткі аб кожным таварным знаку, які зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры, уключаючы бібліяграфічныя даныя таварнага знака, яго выяву, а таксама пералік класаў з указаннем тавараў і паслуг, у адносінах да якіх зарэгістраваны таварны знак. Маецца сістэматычны і нумарацыйны паказальнікі заявак і пасведчанняў на таварныя знакі і знакі аб- слугоўвання.

У афіцыйным бюлетэні “Гатункі раслін” публікуюцца звесткі аб паступіўшых заяўках, ліцэнзійных дагаворах, патэнтах на гатункі раслін. У бюлетэні друкуецца дзяржаўны рэестр ахоўных гатункаў раслін з іх афіцыйным апісаннем.

Інфармаванне аб стандартах ажыццяўляе Беларускі дзяржаўны камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь.

У сістэме Дзяржстандарта ўведзена ў прамысловую эксплуатацыю інфармацыйна-пошукавая сістэма (ІПС) “Стан­дарт”, якая ўяўляе шматфункцыянальны праграмны комплекс, што дазваляе аўтаматызаваць усе асноўныя функцыі па рабоце з фондамі нарматыўных дакументаў і аказанні інфармацыйных паслуг. У састаў ІПС “Стандарт” уваходзіць банк даных нарматыўных дакументаў па стандартызацыі аб’ёмам 62 тыс. дакументаў. Банк даных уключае наступныя бібліяграфічныя базы даных: БД СТБ (Дзяржаўныя стандарты РБ), БД ГОСТ (Міждзяржаўныя нарматыўныя дакументы), БД ТУ (Тэхнічныя ўмовы прадпрыемстваў і арганізацый), БД ІСА (Стандарты міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі), БД МЭК (Стандарты міжнароднай электратэхнічнай камісіі), БД ДІН ЕН (Еўранормы, гарманізаваныя ў Германіі), а таксама БД санітарных нормаў, правіл, патрабаванняў да розных сфер дзейнасці.

Інфармаванне аб стандартах ажыццяўляцца і з дапамогай традыцыйных крыніц: штомесячнага «Бюллетеня новых по- ступлений» в Национальный фонд стандартов; інфарма­цыйнага паказальніка «ИУС РБ. Стандарты», які выходзіць адзін раз у два месяцы як дадатак да інфармацыйнага зборніка «Новости. Стандартизация и сертификация» і ўтрымлівае звесткі аб дзяржаўных стандартах РБ, між­дзяржаўных стандартах; штогадовых выпускаў «Каталога нормативных документов по стандартизации», якія змяшчаюць інфармацыю аб усіх стандартах РБ (СТБ, РСТ БССР, РСТ Беларусі), нарматыўных дакументах і класіфікатарах, зацверджаных Белстандартам, а таксама аб міждзяржаўных стандартах і дзяржаўных стандартах РФ, прынятых у якасці дзяржаўных стандартаў РБ. Дзяржстандарт выдае ячшэ адно афіцыйнае выданне ў выглядзе інфармацыйнага паказальніка “ИУТУ. Технические условия Республики Беларусь”, які выходзіць адзін раз у два месяцы і адлюстроўвае адпаведны від нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Кумулятыўную інфар­мацыю аб тэхнічных умовах утрымлівае каталог “Техни­ческие условия”, які рыхтуецца ў двух тамах і адлюстроўвае інфармацыю аб дзеючых дакументах па стану на бягучы год.

Сярод універсальных па змесце і агульных па прызначэнні з'яўляюцца дапаможнікі БелІСА. Паказальнік «Бюллетень регистрации НИР, ОКР, ОТР» з'яўляецца перыядычным выданнем, якое ўтрымлівае пералік назваў зарэгістраваных у інстытуце работ. Сістэматызацыя матэрыялу ажыццяўляецца па рубрыках дзяржаўнага рубрыкатара навукова-тэхнічнай інфармацыі, а ўнутры рубрык – па нумарах дзяржаўнай рэгістрацыі. «Реферативный сборник непубликуемых работ. Отчёты о НИР, ОКР, ОТР, депонированные научные рукописи» ўключае рэфераты завершаных навуковых і дэпані­раваных работ.

БелІСА вядзе паўнатэкставую БД «Каталог НДР і ВКР» са штотыднёвым аднаўленнем і забеспячэннем онлайнавага доступу да яе.

РНТБ генерыруе дакументаграфічную базу даных «Прамысловыя каталогі» са штотыднёвай актуалізацыяй.