Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

5.12. Бібліяграфічныя рэсурсы ў інтэрнеце

Бібліяграфічныя рэсурсы ў інтэрнеце пададзены разнастайнымі крыніцамі.

Галоўнай складаючай бібліяграфічных рэсурсаў інтэрнета з'яўляюцца электронныя каталогі бібліятэк. У інтэрнеце прадстаўлена больш за 500 такіх каталогаў, прычым большую частку з іх складаюць каталогі бібліятэк ЗША. Найбольш поўны пералік бібліятэчных каталогаў розных краін свету можна атрымаць з дапамогай даведніка Yahoo (http: // www.yahoo.com), выбраўшы з асноўнага меню падпункт Libraries («Бібліятэкі») у раздзеле References («Даведачныя крыніцы»). З адкрытага меню можна выбраць бібліятэкі пэўнай краіны, галіны або тыпу. Найбольш інфарматыўнымі з’яўляюцца зводныя каталогі нацыянальных бібліятэк, каталогі бібліятэк буйных універсітэтаў.

Сярод каталогаў бібліятэк замежных краін самым фундаментальным з’яўляецца каталог Бібліятэкі Кангрэса ЗША (http: // lcweb. loc. gov / homepage / online. html), які прадстаўляе доступ да звестак больш за 27 млн. адзінак захоўвання, сярод якіх кнігі, перыядычныя выданні, карты, ноты, камп’ютэрныя файлы і рукапісы, у тым ліку шмат рускамоўных матэрыялаў, апісаных у транслітэрацыі.

У інтэрнеце выстаўлены каталогі многіх універсітэцкіх бібліятэк ЗША, напрыклад каталог універсітэта Карнегі-Мелан (http: // www. cmu. edu), універсітэтаў Берклі (http: // www. melvyl. ucop. edu), Карнель (http: // www. library. cornel. edu), Каламбія (http: // apthorp.cul.Columbia.edu). Зводны каталог бібліятэк Каліфарнійскага універсітэта, які носіць імя Melvyl (http: // www. dbs. cdlib. org), адлюстроўвае сукупные фонды больш за 20 бібліятэк адной з буйнейшых універсітэцкіх сетак ЗША і налічвае больш за 9 млн. дакументаў.

На Еўрапейскім кантыненце сярод фундаментальных каталогаў найбольш значнымі з’яўляюцца каталог Брытанскай бібліятэкі (http: // www.blpc.bl.uk), які сёння адлюстроўвае практычна ўвесь кніжны фонд, газеты, карты, ноты; зводны каталог буйнейшых універсітэтаў Англіі і Ірландыі – COPAC (http: // copac.ac.uk); зводны каталог бібліятэк Швецыі – LIBRIS (http: // www. libris. kb. se) змяшчае больш за 3 млн. бібліяграфічных запісаў; зводны каталог бібліятэк Бельгіі, які складаецца з каталога кніг (http: // www. libis. kuleuven. ac. be. ccb) і каталога часопісаў (http: // www. lib. ua. ac. be. /ANTILOPE); зводны каталог бібліятэк Нарвегіі (http: // www. bibsys. no), які адлюстроўвае фонды нацыянальнай, многіх універсітэцкіх і некаторых навуковых бібліятэк Нарвегіі, і інш.

Усе яны маюць зручныя англамоўныя web-інтэрфейсы, якія дазваляюць праводзіць просты і пашыраны пошук па традыцыйным наборы палёў, у ліку якіх індывідуальны і калектыўны аўтары, загаловак, ключавыя словы, прадметныя рубрыкі, а таксама ІSBN і ІSSN. Канкрэтная методыка карыстання кожным з гэтых каталогаў выкладзена ў спецыяльных файлах дапамогі. Карыстанне каталогамі бібліятэк большасці еўрапейскіх краін не зусім зручнае з прычыны наяўнасці ў іх алфавітах спецыфічных літар з дыякрытыкай, якіх няма ў стандартнай лацінскай клавіятуры. Бібліятэчныя каталогі замежных краін, як правіла, змяшчаюць звесткі выключна аб выданнях у цэлым і даволі рэдка – даныя аб аналітычных матэрыялах.

Пералік расійскіх бібліятэчных каталогаў можна знайсці па расійскіх даведніках па рэсурсах інтэрнета, напрыклад @RUS (Расійскі інтэрнет-каталог), List.ru (каталог рэсурсаў інтэр­нета), Weblist і інш.

Буйнейшымі расійскімі каталогамі літаратуры універсаль­нага зместу, даступнымі праз інтэрнет, з’яўляюцца каталогі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры, бібліятэкі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта.

Каталог Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ўключае некалькі БД, выдзеленых па відах выданняў. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць каталогі айчынных кніг, якія паступілі ў бібліятэку ў якасці абавязковага экзэмпляра з 1980 г. па 1997 г. і з 1998 г. па цяперашні час. Таксама выдзелены каталогі па- ступіўшых у бібліятэку замежных кніг, аўтарэфератаў дысертацый, дысертацый, нотных выданняў, інкунабулаў і кніг кірылічнага друку.

Каталог Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ўключае некалькі састаўных частак: БД кніг на рускай мове, паступіўшых у бібліятэку ў якасці абавязковага экзэмпляра з 1986 г.; аўтарэфератаў дысертацый; картаграфічных матэрыялаў; літаратуры на замежных мовах з 1994 г. Усе каталогі рэгулярна папаўняюцца. БД кніг налічвае каля 1 млн. 220 тысяч бібліяграфічных запісаў і з’яўляецца адной з самых аўтарытэтных крыніц звестак аб расійскіх выданнях за апошнія гады. Прымяняемае праграмнае забеспячэнне (OPAC-Global) дазваляе працаваць з данымі максімальна камфортна.

Свае каталогі ў інтэрнеце прадставілі таксама ДПНТБ, ДПНТБ СА РАН, БПН РАН і іншыя бібліятэкі сістэмы РАН, ЦНСГБ, абласныя навуковыя бібліятэкі, бібліятэкі ВНУ.

Прыкладам зводнага расійскага каталога, выстаўленага ў інтэрнеце, з’яўляецца “Сводный каталог по научно-техниче­ской литературе”, які можна знайсці на серверы ДПНТБ. Біблія­графічная база даных “Уся Расія”, што падтрымліваец­ца Цэнтрам ЛІБНЕТ, таксама ўяўляе па сутнасці зводны ката­лог і адлюстроўвае змест каталогаў некалькіх бібліятэк: ДПНТБ, РДБ, ДПНТБ СА РАН, БПН, асобных абласных бібліятэк.

Сярод беларускіх бібліятэк, якія выставілі свае электронныя каталогі ў інтэрнеце, буйныя навуковыя бібліятэкі.

Бібліятэкі Беларусі пры пераходзе на аўтаматызаваныя тэхналогіі работы па стварэнні інфармацыйных прадуктаў пачалі з падрыхтоўкі электронных каталогаў, адлюстроўваючы ў іх новыя паступленні. Менавіта электронныя каталогі як інфармацыйны прадукт звычайна першапачаткова выстаўляецца і на серверы бібліятэк. Па стану на 2005 г. у сетцы інтэрнета налічвалася больш за 30 беларускіх бібліятэчных сайтаў, але толькі 67 % з іх змяшчалі другасныя інфармацыйныя рэсурсы. Сярод рэспубліканскіх бібліятэк – гэта НББ, ЦНБ, РНМБ, БелСГБ, РНТБ, Прэзідэнцкая бібліятэка, ФБ БДУ, бібліятэкі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта і інш.

Электронны каталог НББ у інтэрнеце прадстаўлены яго невялікай часткай, колькасць бібліяграфічных запісаў перавышае 156 тыс. У каталогу адлюстроўваюцца манаграфічныя выданні, паступіўшыя ў бібліятэку пасля 1993 г.: кнігі, брашуры, зборнікі навуковых прац, даведнікі, інфармацыйныя выданні, аўтарэфераты дысертацый, камп'ютэрныя аптычныя дыскі. Прымяняемае праграмнае забеспячэнне дазваляе працаваць з каталогам максімальна камфортна. Маецца некалькі формаў запыту. «Базавы пошук» дазваляе весці пошук па адпаведнай кропцы доступу – аўтары, загалоўку, тэме, фразе, абмежаваўшы пошук мовай выдання. Пошук можна весці па слове, фразе, выкарыстоўваючы лагічныя аператары, а таксама выкарыстоўваючы сімвалы шаблонаў для пошуку слоў па заданым узоры з заменай аднаго адвольнага сімвала (выкарыстоўваецца знак падкрэслівання) або любой колькасці любых сімвалаў (знак працэнта).

«Пашыраны пошук» забяспечвае пошук па аўтары, загалоўку, тэме (прадметных рубрыках) з магчымасцю спалучэння палёў і абмежавання мовай выдання, відам дакумента (слоўнік прапаноўвае выбраць такія віды выданняў, як навуковыя, вучэбныя, даведачныя, бібліяграфічныя дапаможнікі, рэфератыўныя зборнікі, дысертацыі і аўтарэфераты, статыстычныя матэрыялы і інш.), датай публікацыі, выдавецтвам або месцам выдання. Карыстальнікам даецца таксама магчымасць весці пошук па прапануемых слоўніках аўтараў і ключавых слоў; па нумарах ISBN, ISSN, УДК, ДРСНТІ. Вынікі пошуку па запыту выдаюцца колькаснымі паказчыкамі агульнага знойдзенага масіву, а таксама порцыямі па 10 назваў з кароткім бібліяграфічным запісам. Каб праглядзець поўныя бібліяграфічныя апісанні, трэба адзначыць патрэбныя дакументы і выбраць фармат прагляду – ISBD або MARC. У поўным бібліяграфічным запісе ключавыя словы, індэксы УДК, ДАСНТІ маюць гіпертэкставыя спасылкі і дазваляюць весці далейшы тэматычны пошук, прыводзяцца таксама звесткі аб месцы захоўвання дакумента, шыфры і інвен­тарным нумары. З поўнага бібліяграфічнага запісу ў фармаце ISBD можна перайці і да прагляду гэтага запісу ў фармаце MARC і наадварот.

На серверы НББ прадстаўлены таксама вопытны варыянт зводнага электроннага каталога краіны. Для работы са зводным каталогам прымяняецца аналагічнае праграмнае забеспячэнне, што і да ЭК НББ.

Электронны каталог ЦНБ змяшчае манаграфічныя выданні на рускай мове, якія паступілі ў бібліятэку з 1994 г., і на беларускай мове, якія паступілі ў бібліятэку з 1903 г., а таксама айчынныя і замежныя перыядычныя выданні і выданні, якія працягваюцца. Інтэрфейс электроннага каталога ЦНБ аналагічны электроннаму каталогу НББ.

Яшчэ адзін удзельнік стварэння зводнага электроннага каталога выкарыстоўвае аднолькавы з ужо разглядаемымі бібліятэкамі інтэрфейс для ўласнага электроннага каталога – гэта РНТБ. На сайце РНТБ прадстаўлены зводны электронны каталог, які ўключае кніжныя выданні бібліятэкі і яе філіялаў з 1995 г. і налічвае больш за 23 тыс. бібліяграфічных запісаў. Папаўненне каталога – бягучае. Заказаць кнігі можна праз філіялы ў любым інфармацыйным цэнтры.

Ідэнтычны інтэрфейс мае і электронны каталог ФБ БДУ, у якім даюцца бібліяграфічныя апісанні артыкулаў, кніг, у тым ліку манаграфіі, зборнікі, падручнікі, даведачныя выданні на беларускай, рускай і замежнай мовах па ўсіх галінах ведаў.

Такім чынам, можна зрабіць высновы, што ЭК прадстаўлены яшчэ не на ўсіх сайтах бібліятэк, аб’ёмы адлюстраваных дакументаў невялікія, як і тэрмін, за які ў асноўным яны адлюстраваны. Некаторыя бібліятэкі ў электронных каталогах паказваюць не толькі асобна выдадзеныя выданні, але і аналітычныя матэрыялы (БелСГБ). Станоўчым з’яўля­ецца выкарыстанне цэлым радам бібліятэк краіны аднолькавага інтэрфейса для пошуку дакументаў, што аблягчае задачу карыстальніка пры звяртанні да каталогаў розных бібліятэк.

Акрамя бібліятэчных каталогаў, у інтэрнеце прадстаўлена вялікая колькасць бібліяграфічных баз даных (пры тыпалогіі часта да бібліяграфічных адносяць і рэфератыўна-біблія­графічныя), галоўная каштоўнасць якіх заключаецца ў тым, што яны адлюстроўваюць звесткі не толькі аб асобных выданнях у цэлым, але і аб аналітычных матэрыялах, артыкулах з часопісаў і зборнікаў, а таксама звесткі як аб публікуемых дакументах, так і непублікуемых (справаздачах, дысертацыях і інш.). Стварэнне і падтрымка такіх баз у актуальным стане патрабуе сістэматычных і вельмі значных затрат. На Захадзе іх вядзенне з наступным продажам інфармацыі традыцыйна з’яўляецца даволі даходным бізнесам. У інтэрнеце прадстаўлены практычна ўсе вядомыя базы, у тым ліку, напрыклад, гіганцкі патэнцыял кампаніі Knight Ridder Information, які ўключае больш за 250 розных баз, знакаміты LEXIS/NEXIS. Аднак карыстанне гэтымі базамі платнае. Бібліяграфічныя базы даных, якія прадастаўляюцца ў бясплатнае карыстанне, у большасці сваёй з’яўляюцца своеасаб­лівымі “пабочнымі прадуктамі” розных камерцыйных праектаў, звязаных з інфармацыйным абслугоўваннем або вынікам спецыяльна спансіруемых навуковых распрацовак.

Адна з найбольш вядомых універсальных бібліяграфічных БД – БД Ingenta, якая ўключае апісанні артыкулаў з англамоўных часопісаў і зборнікаў. Бібліяграфічная БД першапачаткова стваралася ў рамках праекта UnCover, мэта якога – у дастаўцы спажыўцам поўных тэкстаў дакументаў. Камерцыйны поспех UnCover, што пачынаўся як сумесны праект асацыяцыі навуковых бібліятэк Каларада, прывёў да таго, што дадзеная служба выдзелілася ў самастойную з іншай назвай. Яе напаўненне вядзецца з 1988 г. і на цяперашні час яе аб’ём складае больш за 13 млн. запісаў з 18 тыс. часопісаў. Яе інфармацыйны масіў штодня папаўняецца некалькімі тысячамі новых запісаў. Пошук у БД ажыццяўляецца па аўтары, ключавых словах, назве перыядычнага выдання або па ўсіх палях адначасова. Падтрымліваюцца выкарыстанне лагічных аператараў AND, OR, NOT, а таксама пошукавая функцыя ўсячэння справа з дапамогай знака “ * ”. У выніку пошуку карыстальнік атрымлівае спіс бібліяграфічных апісанняў, які складаецца з абмежаванага набору элементаў, неабходных для ідэнтыфікацыі дакумента. Падсістэма выдачы вынікаў дазваляе праглядваць запісы (Summary), адзначаць (Mark) і захоўваць пералік рэлевантных запісаў (Marked list). Вынік пошуку можа быць высланы па электроннай пошце.

Неабходна адзначыць, што бібліяграфічныя БД фармі­руюцца пераважна па галіновай або тэматычнай прымеце. У якасці прыкладаў галіновых БД можна прывесці адну з найбольш вядомых замежных рэфератыўна-бібліяграфічных БД – БД Medline, якая змяшчае бібліяграфічныя апісанні і рэфераты артыкулаў па медыцыне, хірургіі, стаматалогіі, догляду за хворымі і арганізацыі аховы здароўя, апублікаваных у міжнародных біямедыцынскіх часопісах, што выдаюцца ў 70 краінах свету. У расійскіх бібліятэках карыстальнікі могуць атрымаць доступ да БД Medline на серверы РБА, у беларускіх – на серверы РНМБ.

Сярод расійскіх інфармацыйных прадуктаў неабходна адзначыць базу даных Расійскай кніжнай палаты, якая па аб'ёме запісаў і храналагічным перыядзе з'яўляецца адной з найбольш фундаментальных крыніц звестак аб расійскіх кнігах, а таксама комплекс галіновых БД па сацыяльных і гуманітарных навуках (генерыруюцца ИНИОН), па прырода- знаўчых і тэхнічных навуках (ВИНИТИ), па сельскай гаспадарцы (ЦНСХБ) і інш.

Што тычыцца бібліяграфічных БД беларускіх бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў, то праз інтэрнет да іх арганізаваны абмежаваны доступ (зарэгістраваным карыстальнікам) некалькімі бібліятэкамі. Бібліятэка Беларусі дзяржаўнага медыцынскага універсітэта арганізавала доступ да БД «Працы супрацоўнікаў БДМУ», ФБ БДУ – да БД праекта ELFE (электронная інфармацыя для бібліятэк). На сайтах бібліятэк часцей за ўсё прадстаўлены спісы новых паступленняў у бібліятэку як айчынных і замежных кніг, так і перыядычных выданняў (РНМБ, ЦНБ, НПБ, Бібліятэка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка і інш.).