Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

2.4. Бібліяграфічныя працэсы ў небібліяграфічных падраздзяленнях бібліятэкі

Бібліяграфічнай дзейнасцю ў розных аб’ёмах, акрамя бібліяграфічнага падраздзялення бібліятэкі, займаюцца і небібліяграфічныя падраздзяленні. Бібліяграфічныя працэсы з’яўляюцца скразной функцыяй бібліятэкі: усім аддзелам бібліятэкі – функцыянальным, галіновым, комплексным, выдзеленым па іншых прыметах, – уласцівы тыя ці іншыя напрамкі бібліяграфічнай дзейнасці. Разгледзім на прыкладзе абласной універсальнай навуковай бібліятэкі асаблівасці біб­ліяграфічнай дзейнасці небібліяграфічных падраздзяленняў.

У аддзеле камплектавання ствараюцца і выкарыстоў­ваюцца бібліяграфічныя сродкі бягучага камплектавання і дакамплектавання фонду бібліятэкі, вядуцца картатэкі папярэдняга заказу, картатэка дакамплектавання фонду або база даных заказанай літаратуры. Супрацоўнікі аддзела ўдзель­нічаюць у фарміраванні даведачна-бібліяграфічнага фонду бібліятэкі, у даведачна-бібліяграфічнай рабоце бібліятэкі, выконваючы запыты спажыўцоў аб паступленнях у фонд бібліятэкі дакументаў, іх месцазнаходжанні, удакладняюць бібліяграфічныя звесткі аб дакументах.

Аддзел апрацоўкі літаратуры і арганізацыі каталогаў ажыццяўляе аналітыка-сінтэтычную апрацоўку паступаючых дакументаў, вынікам чаго з’яўляецца бібліяграфічны запіс на дакумент у традыцыйнай або ў электроннай формах, арганізуюцца і вядуцца каталогі на фонд бібліятэкі як у традыцыйнай, так і электроннай форме.

У комплексным аддзеле краязнаўчай літаратуры біблія­графічная дзейнасць ажыццяўляецца па наступных кірунках: арганізацыя і вядзенне краязнаўчага даведачна-бібліягра­фічнага апарату; падрыхтоўка і выданне краязнаўчых бібліяграфічных дапаможнікаў і паказальнікаў мясцовых дакументаў; выкананне вусных і пісьмовых разавых запытаў спажыўцоў па пытаннях краязнаўства; сістэматычнае біблія­графічнае інфармаванне аб краязнаўчых дакументах арганізацый, спажыўцоў праз арганізацыю выстаў, падрыхтоўку аглядаў, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі; распаўсюджванне краязнаўчых, у тым ліку і бібліяграфічных, ведаў; аказанне метадычнай і практычнай дапамогі біблія­тэкам вобласці ў арганізацыі краязнаўчай работы.

Вялікі аб’ём бібліяграфічнай работы прыпадае на галіно­выя аддзелы, у штаце якіх працуюць і бібліёграфы. Супрацоўнікі гэтых аддзелаў (і менавіта бібліёграфы) арганізуюць і вядуць галіновую частку ДБА, ажыццяўляюць на яго аснове даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне. Галіновыя аддзелы займаюцца бібліяграфічным інфармаваннем спецыялістаў адпаведнага профілю, ствараюць бягучыя і рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі, прымаюць актыўны ўдзел у бібліяграфічным навучанні чытачоў. Гэтая работа праводзіцца па плану, які ўзгадняецца з бібліяграфічным аддзелам, а асобныя кірункі ажыццяўляюцца шляхам кааперацыі намаганняў галіновых і бібліяграфічных аддзелаў.

У чытальных залах, на абанеменце аддзелаў абслугоўвання ажыццяўляецца пераважна даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне, прычым выконваюцца, як правіла, простыя запыты, якія не патрабуюць доўгага часу на пошук, праводзіцца работа па пашырэнні бібліяграфічнай культуры спажыўцоў інфар­мацыі. Супрацоўнікі аддзела могуць прымаць удзел і ў вядзенні лакальных частак ДБА на свой фонд, выкарыстоўваюць асобныя формы масавага бібліяграфічнага інфар­мавання.

У нязначных аб’ёмах бібліяграфічныя функцыі выконвае і аддзел фондасховішча. Супрацоўнікі гэтага аддзела вядуць неабходныя картатэкі, каталогі індыкатараў або БД, якія да- зваляюць мець інфармацыю аб наяўнасці ці выдачы з фонду дакументаў, выконваць адрасна-бібліяграфічныя даведкі, прымаюць удзел у бібліяграфічным інфармаванні.

Навукова-метадычны аддзел (зараз ён у большасці універсальных навуковых бібліятэк краіны пераўтвораны ў аддзел бібліятэказнаўства) сумесна з бібліяграфічным аддзелам аналізуюць і абагульняюць вопыт бібліяграфічнай работы публічных бібліятэк вобласці, распаўсюджваюць інава­цыйны вопыт, прымаюць удзел у павышэнні бібліяграфічнай кваліфікацыі супрацоўнікаў бібліятэк вобласці, рыхтуюць методыка-бібліяграфічныя матэрыялы ў дапамогу рабоце публічных бібліятэк, праводзяць навуковыя даследаванні.

Усе асноўныя бібліяграфічныя працэсы, якія выконваюцца ў небібліяграфічных падраздзяленнях бібліятэкі, адлюстроўваюцца ў палажэннях аб аддзелах і інструкцыях.