Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

6.4. Тэхналагічная характарыстыка заключнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў

Заключны этап складаецца з працэсаў, якія забяспечваюць зручнасць карыстання бібліяграфічным дапаможнікам: падрыхтоўкі даведачна-метадычнага апарату, рэдагавання і афармлення дапаможніка перад здачай у друк.

У склад даведачна-метадычнага апарату ўваходзяць прадмова, уступны артыкул, дапаможныя паказальнікі, дадаткі, змест, метадычныя парады.

Як бы добра ні быў сфармуляваны загаловак, ён ніколі не можа паведаміць, перадаць чытачу ўсяго, што неабходна ведаць аб бібліяграфічным дапаможніку. Дадае гэтую інфар­мацыю для карыстальніка прадмова, якая з'яўляецца абавязковай для дапаможнікаў усіх відаў і тыпаў. Пры падрыхтоўцы прадмовы бібліёграф абапіраецца на тыя характарыстыкі, якія былі дадзены ў плане-праспекце, але ўжо ў форме тлумачэнняў спажыўцу, метадычных парад па выкарыстанні дапаможных паказальнікаў, асаблівасцей групоўкі матэрыялу, бібліяграфічнай характарыстыкі дакументаў. Абавязкова прыводзяцца звесткі аб прызначэнні дапаможніка, яго зместавых аспектах, даецца характарыстыка адлюстраваных у дапаможніку дакументаў, тлумачыцца спосаб размяшчэння матэрыялу, а не пералічваюцца назвы раздзелаў і падраздзелаў. Указваецца верхняя храналагічная мяжа адбору матэрыялу.

У бібліяграфічных дапаможніках, якія выходзяць з пэўнай перыядычнасцю ці ў серыях, прадмова звычайна змяшчаецца ў першым выпуску. Прадмова да папулярных дапаможнікаў павінна будавацца з улікам правіл стымулявання чытання, вырашаць задачу зацікавіць спажыўца інфармацыі зместам дапаможніка. Прадмова павінна быць яснай, зразумелай, лёгка аглядаемай, лаканічнай.

Уступны артыкул рыхтуецца не да ўсіх дапаможнікаў, часцей да крыніц рэпертуарнага характару, буйных дапаможнікаў спецыяльнай ретраспектыўнай бібліяграфіі, персанальных паказальнікаў. Ён уяўляе сціснуты агляд гісторыі развіцця і сучасны стан распрацаванасці і дакументальнай забяспечанасці тэмы або агляд дакументаў, якія адлюстраваны ў дапаможніку. Ва ўступным артыкуле могуць давацца спасылкі на адпаведныя бібліяграфічныя запісы тэксту дапаможніка, прыводзіцца статыстычныя абагульненні і вывады, заснаваныя на выніках аналізу адлюстравання ў дапаможніку літаратуры. Рыхтуюць уступныя артыкулы, як правіла, навуковыя рэдактары ці кансультанты – спецыялісты ў дадзенай галіне ведаў.

Дапаможныя паказальнікі рыхтуюцца з мэтай павышэння пошукавых магчымасцей дапаможніка, на якія ўжо скіраваны такія сродкі ў дапаможніку, як групоўка бібліяграфічных запісаў. Любы дапаможны паказальнік уяўляе сабой упарадкаваны (часцей за ўсё ў алфавітным парадку) пералік звязаных адзінай прыметай паняццяў. Пры гэтым ад кожнай рубрыкі паказальніка даецца адсылка да адпаведных нумароў бібліяграфічных запісаў ці старонак бібліяграфічнага тэксту. Для рубрык паказальніка могуць быць узяты любыя элементы бібліяграфічнага запісу, адсюль вялікая разнастайнасць дапаможных паказальнікаў. Сярод іх дапаможны паказальнік аўтараў; імянны паказальнік, які ўключае, акрамя прозвішчаў і ініцыялаў аўтараў, звесткі аб рэдактарах, складальніках, перакладчыках, ілюстратарах і іншых асобах, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы твораў друку, з указаннем іх характару дзейнасці. У імянны паказальнік могуць уключацца і персанальныя рубрыкі – прозвішчы асоб, якія ўпамінаюцца ў бібліяграфуемых творах; для іх выдзялення выкарыстоў­ваецца такі метадычны прыём, як заключэнне нумара біблія­графічнага запісу ў круглыя дужкі, ці даецца ўдакладненне – "аб ім". Персанальныя рубрыкі могуць суправаджацца датамі жыцця, указваюцца род заняткаў, званне і інш. Можа складацца асобны персанальны дапаможны паказальнік.

Сярод распаўсюджаных дапаможных паказальнікаў адзначаюцца паказальнік загалоўкаў; геаграфічны, у якім адлюстроўваюцца геаграфічныя назвы, з тэксту дакумента; паказальнік калектываў, арганізацый ці ўстаноў, якія выдалі творы друку; паказальнік моў у выпадку, калі ў дапаможнік уключана літаратура на розных мовах; тапаграфічны – месцаў выдання; храналагічны, які адлюстроўвае дакументы па гадах напісання ці выдання і выкарыстоўваецца ў агульных рэтраспектыўных крыніцах ці крыніцах персанальнага характару. Найбольш складаным для падрыхтоўкі з'яўляецца прадметны паказальнік. Прадметны паказальнік аб'ядноўвае пад кожнай прадметнай рубрыкай спасылкі на творы, у якіх знайшлі адлюстраванне пэўнае вузкае паняцце, якасць, працэс ці прадмет, прычым для іх вызначэння бібліёграфу даводзіцца не толькі аналізаваць усе элементы бібліяграфічнага запісу, але і звяртацца да саміх твораў друку.

Новыя віды дапаможных паказальнікаў звязаны з выкарыстаннем ЭВМ, сярод іх можна вылучыць пермутацыйныя паказальнікі.

Выбар відаў дапаможных паказальнікаў вызначаецца спосабам групоўкі матэрыялу (дзейнічае прынцып ад супрацьлеглага – раскрыццё зместу і формы бібліяграфуемых дакументаў у дапаможным паказальніку павінна адрознівацца ад спосабу групоўкі ў асноўным тэксце); мэтавым і чытацкім прызначэннем дапаможніка (шляхам прагназавання запытаў асноўных груп спажыўцоў, з якімі яны могуць звяртацца да дапаможніка); аб'ёмам самога дапаможніка, характарам і зместам адлюстраваных у ім дакументаў (у дапаможніках гістарычнага характару, якія змяшчаюць значны біяграфічны матэрыял, мэтазгодны дапаможны паказальнік асоб; па хіміі і хімічнай тэхналогіі – паказальнік хімічных рэчаў і інш.); спосабам бібліяграфічнай характарыстыкі твораў друку (да дапаможнікаў сігнальнага ўзроўню можа складацца прадметны паказальнік у сувязі з тым, што змест дакументаў у самым тэксце раскрыты недастаткова).

Рэдагаванне бібліяграфічных дапаможнікаў. Бібліяграфіч­ныя дапаможнікі, якія рыхтуюцца да друку, падвяргаюцца навуковаму, літаратурнаму, бібліяграфічнаму рэдагаванню. Кожны з гэтых відаў рэдагавання ў аднолькавай ступені значны і ўплывае на якасць бібліяграфічнага дапаможніка. Навуковае рэдагаванне ажыццяўляецца ў працэсе складання дапаможніка, літаратурнае і бібліяграфічнае – перад друкаваннем.

Навуковае рэдагаванне ажыццяўляе ці кваліфікаваны бібліёграф, які спецыялізуецца ў галіне ведаў, па якой складаецца дапаможнік, ці кваліфікаваны спецыяліст па дадзенай галіне. Навуковы рэдактар удзельнічае ў вызначэнні тэмы, ідэйнай задумы, мэтавага і чытацкага прызначэння дапаможніка; прымае ўдзел у падрыхтоўцы ці рэцэнзаванні плана-праспекта бібліяграфічнага дапаможніка. У арганізацыі далейшай работы супрацоўніцтва можа ісці рознымі кірункамі. Рэдактар можа прыступіць да работы з рукапісам, калі яна ўжо падрыхтавана. Ён дае ацэнку навуковай значнасці дапаможніка; вызначае адпаведнасць яго зместу па- стаўленым мэтам, чытацкаму прызначэнню; аналізуе структуру дапаможніка, назвы раздзелаў, іх лагічнасць, характар анатацый і адпаведнасць зместу дакумента, сучаснаму стану развіцця навукі, склад даведачна-метадычнага апарату. Рэдактар працуе са складальнікам на кожным этапе біблія­графавання, дае кансультацыі па кожным раздзеле, указвае найбольш рацыянальныя падыходы да падрыхтоўкі дапаможніка, абмяркоўвае іх разам з бібліёграфамі-складаль­нікамі.

Літаратурнае рэдагаванне заключаецца ў шматразовай дасканалай вычытцы ўсяго тэксту дапаможніка з мэтай выпраўлення стылістычных памылак, паўтораў, недакладных ці неправільных выразаў, памылак і інш. Асаблівая ўвага звяртаецца на тэкст прадмовы, уступнага артыкула, анатацый ці рэфератаў. Літаратурнаму рэдагаванню таксама належаць фармулёўкі назваў раздзелаў, падраздзелаў, рубрык з мэтай зрабіць іх больш дакладнымі, яснымі.

Пры рэдагаванні анатацый, уводных тэкстаў трэба ўліч­ваць асаблівасці ўспрымання тэксту чытачамі. Анатацыі і ўводны тэкст могуць уключаць невялікую колькасць незнаёмых слоў ці спецыяльных тэрмінаў (не больш за 2% незнаёмых слоў, тэрмінаў). Аптымальнай павінна быць даўжыня сказа. Чытачы з нізкім узроўнем падрыхтаванасці добра ўспрымаюць сказы, калі ў іх не меней шасці слоў, але не болей 17. У мэтах даступнасці анатацый трэба таксама мець на ўвазе іх аб'ём. Так, мінімальная па аб'ёме анатацыя змяшчае сем радкоў (70 слоў).

Бібліяграфічнае рэдагаванне ажыццяўляе бібліёграф, і яно зводзіцца да праверкі аднолькавасці бібліяграфічных апісан­няў, адпаведнасці іх ГОСТ, правільнасці нумарацыі біблія­графічных запісаў, паўнаты і дакладнасці адлюстравання матэрыялу ў дапаможных паказальніках, афармлення дадаткаў.

Апошні працэс падрыхтоўкі бібліяграфічных дапаможнікаў – афармленне бібліяграфічнага дапаможніка перад здачай у друк. Як і любы друкаваны твор, бібліяграфічны дапаможнік мае сваю кампазіцыю, якая вызначае паслядоўнасць яго элементаў.

Асноўным элементам бібліяграфічнага дапаможніка з'яў­ляецца асноўны тэкст, які складаецца з бібліяграфічных запісаў; астатнія элементы ці папярэднічаюць яму, ці ідуць за ім. Да першых адносяцца прадмова, уступны артыкул, храналагічная канва жыцця і дзейнасці пэўнай асобы, якой пры- свечаны паказальнік, спіс умоўных скарачэнняў. Непасрэдна за бібліяграфічным тэкстам ідуць дапаможныя паказальнікі, спіс прагледжаных крыніц. Кампазіцыя бібліяграфічнага дапаможніка павінна быць адлюстравана ў змесце біблія­графічнага дапаможніка, які змяшчаецца ў канцы ці ў пачатку дапаможніка.

Разам з пералічанымі элементамі, што вызначаюць структуру бібліяграфічнага дапаможніка, абавязкова афармляецца тытульны ліст, на якім указваюцца прозвішча і ініцыялы складальніка; назва дапаможніка і звесткі, якія яго тычацца (падзагаловак, звесткі аб паўторнасці выдання), выхадныя даныя, звесткі аб калектыўным аўтары (назве бібліятэкі ці іншых устаноў, якія выпускаюць дапаможнік). Найбольш значныя звесткі з ліку тых, што змяшчаюцца на тытульным лісце, выносяцца на вокладку. Акрамя тытульнага ліста могуць выкарыстоўвацца контртытул (дадатковы тытульны ліст, які змяшчаецца з левага боку перад тытулам звычайна ў серыйных ці шматтомных выданнях і на якім указваюцца звесткі аб серыі, перакладзе тытульнага ліста на замежныя мовы і інш.); шмуцтытул (асобны ліст перад кожным раздзелам з указаннем назвы раздзелаў); калонтытул (асобны радок зверху кожнай старонкі над лінейкай, якая аддзяляе яго ад асноўнага тэксту, у якім указваецца назва рубрыкі ці падрубрыкі).

У паліграфічным афармленні важная роля належыць ілюстрацыйнаму матэрыялу.