Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

6.3. Тэхналагічная характарыстыка сінтэтычнага этапу складання бібліяграфічных дапаможнікаў

Галоўная задача сінтэтычнага этапу – сфарміраваць структуру бібліяграфічнага дапаможніка, якая б адпавядала яго мэтаваму і чытацкаму прызначэнню, жанру. Гэтая задача рэалізуецца з дапамогай такіх працэсаў, як канчатковы адбор і групоўка дакументаў.

Канчатковы адбор – гэта выбар з масіву дакументаў, якія выяўлены на папярэдніх этапах, тых дакументаў, што адпавядаюць крытэрыям адбору, вызначаным у плане-праспекце дапаможніка. Папярэдні адбор дакументаў ажыццяўляецца ўжо ў працэсе падрыхтоўчага этапу – у ходзе іх выяўлення, а таксама на аналітычным этапе падчас агульнага біблія­графічнага аналізу дакумента.

Адрозніваюць фармальны, зместавы і якасны адбор.

Фармальны адбор – гэта адбор па знешніх прыметах дакумента. Фармальныя абмежаванні пры адборы могуць быць фармальна-выдавецкія (від выдання, тыраж, аб'ём); храналагічныя (уліковы перыяд і час напісання); тэрытарыяльныя (месца выдання); моўныя. Могуць выступаць і прасторавыя абмежаванні, звязаныя з раскрыццём фонду пэўнай бібліятэкі ці асартыменту выдавецкай прадукцыі. У бібліяграфічнай практыцы пералічаныя фармальныя прыметы адбору звычайна сумяшчаюцца.

Пры зместавым адборы ўвага надаецца тэматыцы дакумента, яго адпаведнасці тэме, зместавым аспектам і праблемам, якім прысвечаны бібліяграфічны дапаможнік.

Якасны адбор – гэта адбор дакументаў у адпаведнасці з мэтавым і чытацкім прызначэннем дапаможніка, а таксама паводле іх навуковай, мастацкай і іншай каштоўнасці. Ён больш складаны, арыентаваны на рэалізацыю ацэначнай функцыі дапаможніка, патрабуе ад бібліёграфа добрага ведання асаблівасцей інфармацыйных патрэбнасцей асноўных груп спажыўцоў, якім прызначаецца дапаможнік, а таксама ўмення арыентавацца ў дакументным патоку і ажыццяўляць параўнальны аналіз якасці дакументаў.

У бібліяграфічнай практыцы ўсе віды адбору спалучаюцца, але ў залежнасці ад віду складаемага бібліяграфічнага дапаможніка па грамадскім, функцыянальна-мэтавым прызначэнні адзін з відаў адбору можа выступаць у якасці асноўнага, а іншыя – дадатковымі.

Бібліяграфічная групоўка – гэта аб'яднанне бібліягра­фічных запісаў у групы па заданых прыметах. Мэты групоўкі ў бібліяграфічным дапаможніку – упарадкаванне, прывядзенне ў лагічную і стройную сістэму выяўленых першасных дакументаў; дапамога спажыўцу ў хуткім знаходжанні неабходных дакументаў.

Арганізацыя бібліяграфічнага матэрыялу ў дапаможніку складаецца з трох наступных момантаў: падзяленне ўсяго масіву запісаў на пэўныя групы па абранай прымеце; вызначэнне паслядоўнасці раздзелаў, падраздзелаў і рубрык; выбар спосабу размяшчэння запісаў унутры рубрык, падрубрык (у апошніх дзяленнях).

Існуюць тры спосабы групоўкі: фармальная, зместавая, лагічная.

Фармальная групоўка грунтуецца на знешніх прыметах дакумента і арыентавана на забеспячэнне іх пошуку. Сярод яе разнавіднасцей выдзяляюцца размяшчэнне па алфавіце загалоўкаў дакументаў і прозвішчаў аўтараў; па відах выданняў; месцы выдання ці захоўвання; па храналагічных прыметах – датах выдання ці публікацыі дакументаў; мове; выдавецтвах і інш. Трэба ўлічваць мэтазгоднасць і рацыянальнасць прымянення гэтых груповак у залежнасці ад розных характарыстык складаемага дапаможніка. Так, алфавітная групоўка найбольш мэтазгодна ў невялікіх спісах ці ў апошніх дзяленнях бягучых бібліяграфічных дапаможнікаў; храналагічная – у персанальных бібліяграфічных дапаможніках ці дапамож­ніках па гісторыі навукі; тапаграфічная – у бібліяграфічных дапаможніках газет; па відах выданняў – у выдавецкіх каталогах, у персанальных паказальніках, каб адлюстраваць дзейнасць вучонага ў розных кірунках.

Зместавая групоўка арыентавана на аб'яднанне ў структурных адзінках дапаможніка дакументаў, блізкіх па змесце. Зместавая групоўка можа быць сістэматычнай, тэматычнай і прадметнай.

Пры сістэматычнай групоўцы матэрыял размяшчаецца ў адпаведнасці з прынятай схемай класіфікацыі (УДК, ББК, галіновай навуковай класіфікацыяй і інш.). Яна адроз­ніваецца лагічнасцю, іерархічнасцю пабудовы, стабільнасцю, супарадкаванасцю раздзелаў і рубрык, якія адлюстроўваюць сувязі ў навуцы, жорсткасцю структуры. Гэты від групоўкі выкарыстоўваецца ва універсальных і галіновых бібліягра­фічных дапаможніках.

Тэматычная групоўка ўяўляе сабой арганізацыю біблія­графічных запісаў па тэмах, якія ў сукупнасці раскрываюць змест бібліяграфічнага дапаможніка. Агульная колькасць дзяленняў, назвы раздзелаў і падраздзелаў у адрозненне ад сістэматычнай групоўкі могуць быць адвольнымі і ў блізкіх па змесце паказальніках. Яны дазваляюць засяродзіць увагу спажыўцоў інфармацыі на актуальных праблемах, паказаць сучасны стан, перспектывы развіцця пэўнай праблемы, яе міжпрадметныя сувязі. Пры тэматычнай групоўцы ўвага надаецца логіцы ў выдзяленні раздзелаў і падраздзелаў; дробнасць тэматычнай групоўкі залежыць ад агульнай колькасці дакументаў, ад чытацкага прызначэння (вельмі дробная групоўка немэтазгодная для малападрыхтаванага спажыўца інфармацыі). Выкарыстоўваецца гэты спосаб групоўкі ў тэматычных, міжгаліновых бібліяграфічных дапаможніках.

Пры прадметнай групоўцы ствараюцца комплексы біблія­графічных запісаў па вузкіх тэмах – прадметных рубрыках, якія размяшчаюцца па алфавіце. Перавагі гэтага спосабу групоўкі – у хуткім пошуку неабходных дакументаў па канкрэтных пытаннях. Недахопы ж звязаны з тым, што ў сувязі са шматаспектнасцю дакументаў узнікае неабходнасць выкарыстання значнай колькасці прадметных рубрык, спасылачнага апарату паміж рубрыкамі, павялічваецца аб'ём дапаможніка. І ў той жа час алфавітны парадак размяшчэння прадметных рубрык разрывае сувязі паміж блізкімі па змесце запісамі, парушае іх лагічную паслядоўнасць. Таму гэты спосаб групоўкі прымяняецца вельмі рэдка, як правіла, у крыніцах навукова-дапаможнага характару.

Блізкай да прадметнай групоўкі з'яўляецца групоўка ў пермутацыйных паказальніках, якая заключаецца ў размя- шчэнні бібліяграфічных запісаў па алфавіце ключавых слоў загалоўкаў. Пермутацыйныя паказальнікі фарміруюцца ў форме табліцы, якая складаецца з трох вертыкальных калонак: у левай прыводзіцца загаловак, у цэнтральнай – ключавое слова, а ў правай – астатнія элементы бібліяграфічнага запісу.

Лагічная, ці рэкамендацыйная, групоўка – гэта размяшчэнне бібліяграфічных запісаў у рэкамендуемай паслядоўнасці знаёмства, вывучэння тэмы, напрыклад ад агульнага да асобнага, ад простага да складанага і г.д. Звычайна выкарыстоўваецца ў крыніцах папулярнай бібліяграфіі.

Групоўка можа быць простая (элементарная) і складаная. Пры простай групоўцы матэрыял размяркоўваецца паміж дзяленнямі аднаго ўзроўню. Складаная групоўка прадугле- джвае размеркаванне бібліяграфічных запісаў па раздзелах, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на больш дробныя падраздзелы, рубрыкі. Групоўка дакументаў па розных узроўнях можа ажыццяўляцца з выкарыстаннем розных спосабаў і відаў груповак, што садзейнічае дасягненню шматаспектнага раскрыцця зместу і формы аб'ектаў бібліяграфавання.

Мэтазгоднасць выбару спосабу і віду групоўкі залежыць ад зместу бібліяграфічнага дапаможніка, яго мэтавага і чытацкага прызначэння, аб'ёму, зместу і характару аб'ектаў біблія­графавання.

Пры арганізацыі матэрыялу ў бібліяграфічным дапаможніку неабходна прытрымлівацца наступных патрабаванняў: схема групоўкі павінна быць стройнай, гэта значыць заснаванай на прымяненні адзінага прынцыпу дзялення па асноўных раздзелах; лагічнай; адпавядаць сучаснаму стану развіцця навукі. Каб пазбавіцца пэўных недахопаў схем групоўкі і адлюстраваць шматаспектнасць зместу пэўных дакументаў у адпаведных раздзелах, трэба выкарыстоўваць спасылачна-даведачны апарат.