Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
С.В.Зыгмантович ОРГАНИЗАЦИЯ И ТЕХНОЛОГИИ БИБЛИО...doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

2.2. Асаблівасці арганізацыйна-функцыянальнай структуры бібліяграфічнай службы бібліятэк розных тыпаў

Арганізацыйна-функцыянальная структура бібліяграфіч­най службы бібліятэк розных тыпаў залежыць ад шэрага як знешніх, так і ўнутраных фактараў. Рэалізацыя асноўных функцый, вырашэнне пастаўленых перад бібліятэкай задач ажыццяўляюцца шляхам фарміравання ў ёй арганізацыйнай структуры (сукупнасці падраздзяленняў – аддзелаў, сектараў, груп), якія выдзяляюцца па розных прыметах: выконваемых функцыях (аддзелы камплектавання, абслугоўвання і інш.); галіновых, ці змястоўных (аддзелы мастацтва, сельскагаспадарчай літаратуры і інш.); моўных (аддзел замежнай літаратуры); відах дакументаў (аддзел нарматыўных дакументаў па стандартызацыі, аддзел патэнтных дакументаў) і інш. Чым вышэй статус бібліятэкі, тым складаней яе арганізацыйная структура і адпаведна структура бібліягра­фічнай службы. Так, для вырашэння пастаўленых задач у НББ (па стану на 2006 г.) створаны і функцыянуюць 42 ад- дзелы і больш за 80 сектараў і груп, два самастойныя бібліяграфічныя аддзелы, у той час як у абласных універ­сальных навуковых бібліятэках выдзяляюцца ад 12 (Магілёў­ская АУНБ) да 19 аддзелаў і сектараў (Віцебская, Мінская АУНБ) з самастойным бібліяграфічным аддзелам; у цэнт­ральнай бібліятэцы ЦБС – ад трох да пяці аддзелаў, у большасці бібліятэк няма самастойнага бібліяграфічнага аддзела, а бібліёграфы працуюць у аддзеле абслугоўвання і інфар­мацыі. Арганізацыйная структура бібліятэкі можа дапаў­няцца новымі аддзеламі і сектарамі, аддзелы могуць аб'ядноўвацца, раз'ядноўвацца па прычыне ўкаранення новых аўтаматызаваных тэхналогій, з'яўлення новых катэгорый спажыўцоў інфармацыі, неабходнасці рэалізацыі новых функцый, задач і інш. Большасць бібліятэк вырашаюць пытанні сваёй арганізацыйнай структуры самастойна.

Бібліяграфічная служба бібліятэк можа мець цэнтраліза­ваны і дэцэнтралізаваны характар. Пры цэнтралізаванай службе штатныя бібліёграфы сканцэнтраваны ў бібліягра­фічным аддзеле, хаця іх рабочыя месцы могуць быць у галіновых ці іншых аддзелах, і яны выконваюць увесь аб'ём бібліяграфічнай работы. Бібліятэкары аддзелаў абслугоўван­ня аказваюць чытачам толькі першасную бібліяграфічную дапамогу: удзельнічаюць у падрыхтоўцы і выкарыстанні недыферэнцыраваных формаў бібліяграфічнага інфармавання (напрыклад, арганізуюць выставы новых паступленняў), выконваюць нескладаныя даведкі, выдаюць даведачныя, інфар­мацыйныя выданні з падсобных фондаў аддзела, праводзяць бібліяграфічныя агляды, удзельнічаюць у фарміраванні інфармацыйнай культуры спажыўцоў.

Цэнтралізаваная бібліяграфічная служба дазваляе забяспечыць адзінства бібліяграфічнага абслугоўвання і даведачна-бібліяграфічнага апарату (ДБА); захаваць бібліяграфічны аддзел як асноўнае звяно ў сістэме бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэкі; аператыўна вырашаць арганізацыйныя праблемы; рацыянальна размяркоўваць абавязкі паміж усімі бібліёгра­фамі; выключаць дубліраванне, укараняць новыя прагрэсіў­ныя тэхналогіі, інавацыйныя формы і метады бібліяграфічнай работы, уніфікаваць асобныя бібліяграфічныя працэсы; ствараць перадумовы для эфектыўнага міжведамаснага ўзаема­дзеяння бібліятэкі з іншымі бібліятэкамі, органамі інфармацыі.

Пры дэцэнтралізаванай бібліяграфічнай службе штатныя бібліёграфы працуюць не толькі ў бібліяграфічным, але і ў іншых аддзелах бібліятэкі (функцыянальных; галіновых; ад- дзелах, якія спецыялізуюцца на рабоце з асобнымі відамі выданняў). Таму ў бібліяграфічным аддзеле застаюцца бібліё­графы па тых галінах, якія не знайшлі адлюстравання (не прадстаўлены) у структуры галіновых ці іншых аддзелах абслугоўвання. Так, напрыклад, у абласных бібліятэках краіны ўсе працэсы, звязаныя з краязнаўчым напрамкам біблія­графічнай дзейнасці бібліятэкі, выконваюць аддзелы края- знаўчай літаратуры: вядуць краязнаўчы ДБА, рыхтуюць края­знаўчыя бібліяграфічныя дапаможнікі і БД, праводзяць бібліяграфічнае абслугоўванне карыстальнікаў, ажыццяўля­юць зводнае планаванне краязнаўчай работы ў бібліятэцы і інш. Аналагічную работу ажыццяўляюць і бібліёграфы галі­новых аддзелаў: вядуць адпаведныя раздзелы сістэматычнага каталога і сістэматычнай картатэкі артыкулаў, тэматычныя картатэкі і БД, камплектуюць падсобны фонд галіновага ад- дзела даведачнымі і інфармацыйнымі выданнямі, выконваюць даведкі і бібліяграфічнае інфармаванне ў галіне, рыхтуюць бібліяграфічныя дапаможнікі адпаведнай галіновай тэматыкі і інш.

Як прыклад дэцэнтралізацыі бібліяграфічнай службы можна прывесці НББ. З агульнага штата бібліятэкі (на 2006 г.) 821 чалавек тут 160 бібліёграфаў, якія працуюць, акрамя бібліяграфічных аддзелаў, у аддзеле абменна-рэзервовых фондаў; ва ўсіх сектарах і групах аддзелаў апрацоўкі дакументаў, індэксавання дакументаў; рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаваных выданняў; мастацтва; навуковай інфарма­цыі па праблемах культуры і інш. У абласных бібліятэках, акрамя бібліяграфічнага аддзела, бібліёграфы працуюць, як правіла, у аддзелах краязнаўчай літаратуры, літаратуры па мастацтве, тэхнічнай, эканамічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, апрацоўкі дакументаў і арганізацыі каталогаў.

Існаванне дэцэнтралізаванай бібліяграфічнай службы мае аб’ектыўныя падставы: бібліяграфічныя працэсы з’яўляюцца неад’емнай функцыяй дзейнасці розных структурных падраздзяленняў бібліятэкі; стварэнне ў абласных бібліятэках галіновых і комплексных аддзелаў, накіраваных на задавальненне разнастайных па мэтавым прызначэнні, у тым ліку звязаных з навуковай, прафесійнай дзейнасцю, інфармацыйных патрэбнасцей спажыўцоў інфармацыі; размяшчэнне аддзелаў АУНБ у розных будынках па прычыне арганізацыйных і матэрыяльна-тэхналагічных праблем.

Дэцэнтралізаваны характар бібліяграфічнай службы мае як станоўчыя, так і негатыўныя моманты. Станоўчыя моманты заключаюцца ў тым, што, працуючы ў галіновых, комплексных аддзелах, бібліёграфы спецыялізуюцца на рабоце з пэўнай літаратурай і могуць больш якасна праводзіць бібліяграфаванне дакументаў, бібліяграфічнае абслугоўванне карыстальнікаў. Бібліяграфічнае абслугоўванне павінна быць арганізавана ў першую чаргу там, дзе ажыццяўляецца непасрэднае абслугоўванне карыстальнікаў першаснымі дакументамі, таму перавагі бібліяграфічнага абслугоўвання чытачоў-спецыялістаў галіновымі аддзеламі відавочныя. Сярод негатыўных момантаў дэцэнтралізацыі адзначаюцца наступныя: шматкратнае дубліраванне працэсаў і аперацый; раздробленасць ДБА бібліятэкі; нізкая тэхналагічная дысцыпліна; большую частку рабочага часу бібліёграфы галіновых аддзелаў заняты бібліятэчным абслугоўваннем чытачоў; маюцца цяжкасці ў абмене вопытам, прафесійных зносінах бібліёграфаў і інш.

Павелічэнне колькасці бібліёграфаў у штаце бібліятэкі і неабходнасць іх у рабоце аддзелаў абслугоўвання прагназуюць сёння многія даследчыкі па прычыне змянення тэхналогіі абслугоўвання і выкарыстання аўтаматызаваных сродкаў доступу ў самаабслугоўванні карыстальнікаў. З укараненнем аўтаматызаваных сродкаў пераразмяркоўваюцца работнікі ў бібліятэцы: змяншаецца колькасць супрацоўнікаў, занятых канцылярскімі работамі, і тых, хто ажыццяўляе бібліяграфічную апрацоўку выданняў; адначасова пашыраецца склад службаў, занятых даведачна-бібліяграфічным абслугоўваннем і кансультацыйнай дапамогай чытачам.

Практыка работы АУНБ сведчыць аб дастатковай кансерватыўнасці бібліятэк у дачыненні да пытанняў арганіза­цыйнай структуры, хаця пэўныя змены адбываюцца. За апошні час у АУНБ створаны новыя аддзелы, напрыклад ад- дзел аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў (аддзел інфармацыйных тэхналогій), рэарганізаваны навукова-метадычны аддзел у аддзел бібліятэказнаўства, аб’ядноў­ваюцца аддзелы камплектавання, апрацоўкі літаратуры і арганізацыі каталогаў, у Брэсцкай бібліятэцы арганізаваны чытальныя залы па гуманітарных навуках, прыродазнаўчых і дакладных навуках, у Віцебскай – чытальная зала нямецкай літаратуры, у Мінскай – франка-беларуская зала інфармацыі аб сучаснай Францыі, уводзяцца або рэарганізуюцца асобныя сектары – сектар каталогаў (Віцебская, Мінская), створаны інфармацыйны сектар па абслугоўванні супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату (Брэсцкая АУНБ). Між тым аргані­зацыйная структура іх бібліяграфічнай службы застаецца дэцэнтралізаванай.

Каб скасаваць негатыўныя моманты дэцэнтралізацыі бібліяграфічнай службы ў бібліятэках, прымяняюцца пэўныя арганізацыйныя меры, сярод якіх – дакладнае размеркаванне бібліяграфічных функцый як паміж аддзеламі, так і ўнутры іх з абавязковым іх замацаваннем у нарматыўных дакументах – палажэннях аб аддзелах, аб узаемадзеянні ў бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэкі; наданне бібліяграфічнаму аддзелу функцый арганізатара і каардынатара бібліяграфічнай дзейнасці, што заключаецца ў зводным планаванні бібліягра­фічнай дзейнасці бібліятэкі, распрацоўцы адзіных формаў уліку бібліяграфічнай работы, арганізацыі ўзаемадзеяння пры выкананні пэўных кірункаў бібліяграфічнай дзейнасці, кансультацыйна-метадычнай дапамогі бібліёграфам небібліягра­фічных падраздзяленняў; стварэнне адзінага універсальнага ДБА бібліятэкі, у фарміраванні якога прымаюць удзел усе штатныя бібліёграфы. Пры вядзенні ДБА ў традыцыйнай форме яго цэласнасць у многім залежыць ад размяшчэння аддзелаў бібліятэкі. Пераход на аўтаматызаваныя тэхналогіі і стварэнне ў бібліятэцы лакальнай сеткі даюць магчымасць вырашыць гэтую праблему і з любога рабочага месца карыстацца электроннымі рэсурсамі ДБА бібліятэкі. У асобных бібліятэках ствараюцца спецыяльныя саветы, якія ажыццяўляюць каардынацыю дзейнасці бібліятэкі па яе кірунках, у тым ліку і бібліяграфічным.

Асаблівасці арганізацыі бібліяграфічнай работы ў цэнтралізаваных сістэмах дзяржаўных масавых бібліятэк абумоўлены спецыфікай іх структуры, якая характарызуецца наяўнасцю бібліятэк-філіялаў, тэрытарыяльна аддаленых ад цэнтральнай бібліятэкі; увядзеннем у штат ЦБС штатных адзінак бібліёграфаў пасля цэнтралізацыі публічных біблія­тэк; вядучай роляй цэнтральнай бібліятэкі ў арганізацыі бібліяграфічнай дзейнасці і наяўнасцю бібліёграфаў у ЦБ, у той час як у большасці бібліятэк-філіялаў адсутнічаюць пасады бібліёграфаў.

Бібліяграфічная служба ЦБС уключае бібліяграфічную службу цэнтральнай бібліятэкі і бібліятэк-філіялаў, у якіх бібліяграфічныя працэсы выконваюць бібліятэкары. У структуры большасці ЦБС адсутнічаюць бібліяграфічныя аддзелы як самастойныя падраздзяленні бібліятэкі. Да 1996 г. бібліёграфы працавалі ў аб’яднаных методыка-бібліягра­фічных аддзелах бібліятэкі. Пасля прыняцця Міністэрствам культуры РБ “Тыпавых штатаў ЦБС” (снежань 1995 г.) бібліёграфы працуюць у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. Ва ўсіх бібліятэках у штаце прадугледжаны бібліёграф, у бібліятэках першай, другой і трэцяй груп па аплаце працы супрацоўнікаў (вызначаецца колькаснымі паказчыкамі чытачоў і кнігавыдачы) – галоўны бібліёграф, а ў бібліятэках першай і другой груп – загадчык інфармацыйна-бібліягра­фічнага сектара. У інфармацыйна-бібліяграфічным сектары цэнтральнай бібліятэкі пры колькасці чытачоў у сістэме звыш 45 тыс. і 800 тыс. кнігавыдач у год, апрача адзінак, якія прадугледжаны тыпавымі штатамі, дадаткова ўводзіцца адна адзінка бібліёграфа на кожныя 20 тыс. чытачоў.

Бібліяграфічны аддзел або інфармацыйна-бібліяграфічны сектар цэнтральнай бібліятэкі выступае ініцыятарам біблія­графічнай дзейнасці ўсёй ЦБС, бібліяграфічныя функцыі выконваюць таксама бібліятэкары структурных падраздзяленняў ЦБ – аддзела абслугоўвання і інфармацыі (чытальнай залы, абанемента, МБА). Яны ўдзельнічаюць у вядзенні картатэк, выконваюць нескладаныя бібліяграфічныя даведкі, прымаюць удзел у падрыхтоўцы і арганізацыі недыферэнцыраваных формаў бібліяграфічнага інфармавання, удзельнічаюць у фарміраванні бібліяграфічнай культуры чытачоў бібліятэкі. Супрацоўнікі аддзела камлектавання і апрацоўкі літаратуры вядуць зводныя каталогі на фонд ЦБС, фарміруюць ДБФ бібліятэкі, прымаюць удзел у падрыхтоўцы бюлетэняў новых паступленняў у фонд ЦБС. Супрацоўнікі аддзела бібліятэч­нага маркетынгу рэкламуюць бібліяграфічныя прадукты і паслугі бібліятэкі, вывучаюць попыт на іх, праводзяць маркетынгавыя даследаванні, вынікі якіх выкарыстоўваюцца для ўдасканалення бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэкі. Біблія­тэкары бібліятэк-філіялаў ажыццяўляюць усе кірункі біблія­графічнай дзейнасці.

Да асаблівасцей арганізацыі бібліяграфічнай дзейнасці ў ЦБС трэба аднесці цэнтралізаванае выкананне асобных бібліяграфічных працэсаў з боку ЦБ; выкарыстанне уніфіка­ванай нарматыўнай і тэхналагічнай дакументацыі на біблія­графічныя працэсы ва ўсіх структурных падраздзяленнях ЦБС; устойлівыя вытворчыя сувязі паміж цэнтральнай бібліятэкай і бібліятэкамі-філіяламі, што дазваляе ім выкарыстоўваць аб’яднаны інфармацыйны і інтэлектуальны біблія­графічны патэнцыял ЦБС.

Арганізацыйныя асаблівасці бібліяграфічнай работы спецыяльных бібліятэк таксама абумоўлены раней азначанымі знешнімі і ўнутранымі фактарамі, на якія значны ўплыў аказваюць задачы бібліятэк, статус і месца ў ведамаснай бібліятэчнай сетцы, састаў фонду і склад карыстальнікаў бібліятэкі. У структуры рэспубліканскіх навуковых бібліятэк, бібліятэк сістэмы НАН РБ, вышэйшых навучальных устаноў маюцца звычайна самастойныя бібліяграфічныя падраздзяленні (аддзел, сектар). Так, у ЦНБ НАН РБ сярод 15 функцыянальных аддзелаў і 6 галіновых і спецыялізаваных чытальных залаў існуюць самастойныя бібліяграфічныя аддзелы (аддзел даведачна-інфармацыйнай работы, які забяспечвае доступ карыстальнікаў да сусветных інфармацыйных рэсурсаў, і аддзел інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння НДР, які займаецца генерыраваннем бібліяграфічных, дакументна-фактаграфічных і рэфератыўных БД) і спецыялізаваная чытальная зала даведачнай літаратуры. У Прэзідэнцкай біблія­тэцы існуюць два бібліяграфічныя аддзелы: аддзел інфарма­цыйна-бібліяграфічнага абслугоўвання, які ажыццяўляе ін­фармацыйнае абслугоўванне органаў кіравання краіны, пад­рыхтоўку бібліяграфічных паказальнікаў, і аддзел біблія­графічных рэсурсаў, які фарміруе ДБФ бібліятэкі, ажыццяўляе доступ карыстальнікаў бібліятэкі да бібліяграфічных рэсурсаў бібліятэкі, знешніх БД, рэсурсаў інтэрнета. У РНТБ функцыянуюць 14 аддзелаў і сектараў, якія вылучаюцца па функцыянальнай прымеце (камлектавання фонду; каталагізацыі дакументаў; дэпазітарнага захоўвання фонду; бібліятэчнага маркетынгу; навукова-арганізацыйнай і метадычнай работы), відах дакументаў (тэхнічнай літаратуры і прамкаталогаў; нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі; патэнтных дакументаў). Існуюць два бібліяграфічныя аддзелы: інфармацыйна-даведачны і навукова-бібліяграфічны, функцыі паміж якімі размежаваны ў адпаведнасці з функцыянальнай спецыялізацыяй. Аддзелы, спецыялізаваныя на рабоце з асобнымі відамі дакументаў, выконваюць бібліяграфічныя функцыі адпаведна сваёй спецыялізацыі.

Асаблівасцю работы РНМБ з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з БелЦНМІ, таму паміж імі размеркаваны функцыі па інфармацыйным забеспячэнні галіны, і гэта ўлічваецца пры вызначэнні функцый аддзела даведачнай і нарматыўна-прававой інфармацыі і навукова-інфармацыйнага аддзела бібліятэкі.

Найбольш простую арганізацыйную структуру і адпаведна арганізацыйную структуру бібліяграфічнай службы мае БелСГБ, у якой функцыянуюць тры аддзелы: бібліятэчных рэсурсаў, абслугоўвання і аўтаматызацыі бібліятэчна-біблія­графічных працэсаў. Бібліёграфы працуюць у даведачна-інфармацыйным сектары аддзела абслугоўвання.

Бібліятэкі ВНУ маюць даволі разгорнутую арганізацый­ную структуру. Спецыялізаваныя аддзелы і сектары вылучаюцца ў іх у адпаведнасці з задачамі бібліятэк, у рамках арганізацыйнай структуры выдзяляецца самастойны бібліягра­фічны аддзел. У бібліятэцы БДПА ў межах бібліяграфічнага аддзела выдзелены асобныя сектары.

У нізавых навукова-тэхнічных бібліятэках прадпрыемстваў і арганізацый штат невялікі, бібліяграфічныя функцыі размеркаваны паміж бібліятэкарамі, якія асноўную ўвагу надаюць стварэнню і вядзенню ДБА (пераважна каталогам), даведачна-бібліяграфічнаму абслугоўванню і бібліяграфічнаму інфармаванню.

Падключэнне рэспубліканскіх і абласных навуковых бібліятэк, бібліятэк ВНУ да сеткі інтэрнета вымушае адкрываць інтэрнет-цэнтры, цэнтры інтэрнет-доступу да электронных рэсурсаў, класы калектыўнага карыстання інтэрнетам, якія выконваюць комплекс інфармацыйных і сервісных паслуг, сярод якіх і паслугі бібліяграфічнага характару – абслугоўванне карыстальнікаў праз інтэрнет, кансультаванне па пытаннях пошуку інфармацыі, доступу да электронных каталогаў бібліятэкі і лакальных баз даных. У асобных біблія­тэках такія цэнтры ствараюцца ў межах аддзела аўтаматыза­цыі, абслугоўвання карыстальнікаў або ў структуры інфарма­цыйна-бібліяграфічнага аддзела. У некаторых бібліятэках яны выступаюць як самастойныя структурныя адзінкі.

Уплыў на арганізацыйную структуру бібліяграфічнай службы аказвае і спецыялізацыя ў дзейнасці бібліятэк: стварэнне медыятэк, цэнтраў адукацыйных паслуг, цэнтраў прававой інфармацыі, дзелавой інфармацыі, інфармацыйных цэнтраў па краязнаўстве і інш. Часта дзейнасць такіх цэнтраў у арганізацыйным плане выклікае стварэнне сектараў, у тым ліку і ў структуры бібліяграфічнага аддзела, або пашырэнне функцый бібліяграфічнага аддзела. Так, для стварэння публічных цэнтраў прававой інфармацыі (ПЦПІ) у краіне згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб парадку распаўсюджвання прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь” ад 01.12.1998 г. (№ 565) была выкарыстана сетка бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры. Сёння ў Беларусі функцыянуе звыш 100 ПЦПІ, якія дзейнічаюць ва ўсіх абласных бібліятэках, у 75% цэнтральных гарадскіх і 35% раённых. У ЦБС Брэсцкай і Гродзенскай абласцей адкрыты ПЦПІ. Як самастойнае падраздзяленне ПЦПІ адкрыўся толькі пры Віцебскай абласной бібліятэцы. Ва ўсіх іншых абласных бібліятэках яны працуюць у рамках інфармацыйна-бібліяграфічных аддзелаў, у большасці публічных бібліятэк – на базе аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі і іх штатаў.