Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

§2. Аб паходжанні беларусаў маецца некалькі тэорый, якія заснаваны на навуковым грунце.

“Балцкая тэорыя” тлумачыць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі да з’яўлення славян жылі балты. Змешванне славян з балтамі і прывяло да з’яўлення беларускага этнасу, спецыфікі яго культуры і мовы.

Згодна з “польскай канцэпцыяй” беларусы не з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсходнеславянскіх народаў, а ўяўляюць сабой частку польскага этнасу.

“Велікаруская канцэпцыя” заснавана на ўяўленні, што беларусы – частка велікарускага этнасу, а Беларусь адпаведна – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, як і мова – дыялект велікарускай.

Існуе ў гістарыяграфіі асобна і “крывіцкая канцэпцыя”. Яна заснавана на ўяўленні, што амаль усе асаблівасці, якія адрозніваюць беларусаў ад рускіх і ўкраінцаў, успрыняты беларускім этнасам ад адной з першапачатковых этнічных супольнасцей – крывічоў. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі выказваюць думку, што беларусаў лепей называць крывічамі, а Беларусь – Крывіяй.

Шэраг аўтараў лічылі, што продкамі беларусаў былі не толькі крывічы, але і некаторыя іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці – радзімічы, дрыгавічы.

У 50-я гг. ХІХ ст. К. Токараў тэарэтычна абгрунтаваў новую канцэпцыю пра продкаў беларусаў, рускіх, украінцаў, вытокі іх этнічнай тэрыторыі. Ён лічыў, што крывічы, радзімічы, дрыгавічы і іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія супольнасці змяніліся этнічна яшчэ да фармавання беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. На яго думку, першапачатковыя этнічныя супольнасці змяніла агульнаславянская руская этнічная супольнасць, а іх этнічныя тэрыторыі стварылі новую – пад назвай Русь, якая і была непасрэдным папярэднікам Беларусі, Вялікарасіі і Украіны.

Няма ў гістарыяграфіі і адзінай думкі аб часе фармавання беларусаў, узнікнення Беларусі.

К.Тарасаў (1984 г.) лічыць, што беларусы існавалі ўжо ў пачатку ХІІІ ст., а назва Белая Русь у прымяненні да сучаснай тэрыторыі рэспублікі склалася толькі ў мінулым стагоддзі.

На думку В.В.Сядова (1970 г.), беларуская этнічная супольнасць, а тады, выходзіць, і беларуская этнічная тэрыторыя, склаліся ў ХІІІ–ХІV стст.

М.Я.Грынблат мяркуе, што фармаванне беларусаў, Беларусі ажыццяўлялася ў ХІV–ХVІ стст. Няма адзінай думкі і аб прычынах (умовах) фармавання беларусаў.

В.В.Сядоў лічыць, што гэта каланізацыя славянамі тэрыторыі сучаснай Беларусі, на якой да гэтага жылі балты, змешванне славян з балтамі і ўплыў асіміляваных славянскіх балтаў на культуру і мову пасяліўшыхся тут славян. Розныя групы славян, на яго думку, аб’ядналі ў беларускі этнас аднародны балцкі субстрат.

Па Я.Ф.Карскаму такой прычынай з’явіўся палітычны фактар, а менавіта – стварэнне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага – і ўключэнне ў яго ўсходнеславянскага насельніцтва, пражываўшага ў басейне Прыпяці, Нёмана, Заходняй Дзвіны і Верхняга Дняпра. Поліэтнічныя сувязі ў межах Вялікага княства Літоўскага і абумовілі фармаванне беларускай мовы і беларускай культуры.

В.І.Пічэта, акрамя гэтага фактару (аб’яднання ў Вялікае княства Літоўскае), называе і развіццё эканамічных сувязей паміж асобнымі вобласцямі, склаўшымі потым Беларусь; неабходнасць сумеснай абароны гэтых вобласцяў ад Тэўтонскага Ордэна, пагражаўшага свабодзе і незалежнасці ўсходнеславянскага насельніцтва Заходняй Русі, народаў Прыбалтыкі і польскага народа. Апошнія дзве прычыны Пічэта лічыць найважнейшымі.

Дзе ж ісціна? Яна - у крытычным аналізе, пошуку археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў і іншых навукоўцаў.

Наконт паходжання назвы Белая Русь таксама існуюць розныя версіі. Адны даследчыкі звязваюць яе з кліматычна-геаграфічнымі або этнаграфічнымі асаблівасцямі, другія – з царкоўна-рэлігійнымі, знешнепалітычнымі фактарамі (Белая – значыць вольная Русь, незалежная ад мангола-татарскіх намеснікаў). Звязвалі гэтую назву з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, са светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў, з больш раннім, чым у Чырвонай Русі, прыняццем хрысціянства і іншымі фактарамі.

Падсумоўваючы ўсё гэта, магчыма несумненна адзначыць адно: тэрміны “Русь” і “Белая Русь” маюць генетычную і гістарычную агульнасць. На этапе ХІV – ХVІ стст. назву “Белая Русь” носяць тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі, Наўгародска-Пскоўскай зямлі, уся або ўсходняя частка Беларусі, частка Украіны ў межах Вялікага княства Літоўскага. Прыкладна да сярэдзіны ХVІ ст. асноўным цэнтрам “Белай Русі” ў многіх чужаземных крыніцах называецца Масква.

У некаторых крыніцах ХІV – ХVІ стст. Белая Русь упамінаецца ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі. У сярэдзіне ХVІ ст. у працы, прысвечанай Польшчы, Марцін Кромер (сакратар польскай каралеўскай канцылярыі) зазначае, што Белая Русь на поўначы (57 Паўночнай шыраты) мяжуе з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні яна мяжуе з Валынню і Чырвонай Руссю.

Як бачна, у ХІІІ – першай палове ХVІ ст. працягваўся працэс утварэння беларускай народнасці – асобнай этнічнай супольнасці з агульнай тэрыторыяй, пануючым эканамічным ладам, адзінай мовай, культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю.

Навукоўцамі распрацавана шмат тэорый аб паходжанні беларусаў і аб назве “Белая Русь”. Кожная з іх мае права на існаванне. Да ісціны можа прывесці толькі крытычны аналіз і навуковы пошук археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў, гісторыкаў.