Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 3. Перамога капіталізму ў краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Беларусі

§1. Развіццё навукі і тэхнікі ў свеце і на Беларусі

§2. Сялянская рэформа, іншыя буржуазныя рэформы 60 -70-х гг. У Расіі

§1. Перамога капіталізму ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы спрыяла развіццю навукі і тэхнікі ў другіх краінах. Тэхнічны пераварот, які пачаўся ў 60-х гг. ХVІІІ ст. у Англіі, стаў самай істотнай з’явай гэтага перыяду, а таксама другой паловы ХІХ ст. – у іншых краінах.

Вынаходства паравога рухавіка дало моцны штуршок для механізацыі ўсіх галін прамысловай вытворчасці. Паравыя ўстаноўкі сталі выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы, на транспарце. Невыпадкова ХІХ ст. характарызуецца і сёння як век “пары і жалеза”. Велізарным дасягненнем стала атрыманне жалеза і сталі з чыгуну. З’явілася зусім новая галіна вытворчасці – машынабудаванне, электратэхабсталяванне і інш. У апошняй трэці ХІХ ст. пачынаецца выкарыстанне электраматораў. У 1881 г. у Германіі пабудавана трамвайная лінія электрычнага гарадскога транспарту.

У ХІХ ст. вучоныя займалі значнае месца і мелі вялікі ўплыў у грамадстве. Навука выступала не толькі як рухавік развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Яна мяняла ўнутраны свет чалавека. Значным адкрыццём гэтага часу была распрацоўка Эйнштэйнам тэорыі адноснасці, перыядычнай сістэмы – Мендзялеевым.

У гэты ж час вучоныя праніклі ў тайну элементарных часціц. У 1895 г. адкрыты рэнтгенаўскія прамяні, якія былі адразу скарыстаны ў медыцыне і тэхніцы. Наступным этапам стала даследаванне атамнага ядра (Марыя Складоўская-Кюры (Польшча), П’ер Кюры (Францыя), Нільс Бор (Данія).

Найважнейшае дасягненне біялагічнай навукі ХІХ ст. – стварэнне тэорыі эвалюцыі відаў шляхам натуральнага адбору. У 1859 г. – выйшла кніга Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору”. Тут даказваецца, што раслінны і жывёльны свет увесь час мяняецца – выжываюць тыя віды, якія найбольш прыстасаваны да прыроды.

У Расіі прамысловы пераварот звязаны з пераходам ад мануфактуры да фабрыкі і мае два бакі: тэхнічны – сістэмнае прымяненне машын і сацыяльны – фарміраванне прамысловай буржуазіі і пралетарыяту. Абодва бакі знаходзяцца ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння. Пачатковая фаза прамысловага перавароту характарызуецца стварэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, а завяршаючая – глыбокімі зменамі ў сацыяльных адносінах. Большасць гісторыкаў і эканамістаў лічаць пачаткам прамысловага перавароту на Беларусі (як і ў Расіі) прыкладна 30-40-я гг. ХІХ ст. Раней за ўсё гэты працэс пачаўся ў лёгкай прамысловасці.

У першай палове ХІХ ст. пачалося будаўніцтва шасэйных і чыгуначных шляхоў: значная колькасць іх з’явілася ў Беларусі. Першая чыгунка ў Расіі працягам 25 км была пабудавана ў 1837 г. паміж Пецярбургам і Царскім Сялом. Затым – Варшаўска-Венская (1848 г.), Пецярбургска-Маскоўская (1851 г.). У 1859 г. была пушчана ў эксплуатацыю чыгунка, якая злучыла Пецярбург з Варшавай. 50 вёрст гэтай лініі прайшлі па тэрыторыі Беларусі на адрэзку праз Гродна (Парэчча – Гродна – Кузніца).

29 лістапада 1871 г. састыкаваліся рэйкі на галоўнай чыгуначнай магістралі Масква – Брэст. Але і тады ў Расіі (1861 г.) налічвалася ўсяго 1,5 тыс. вёрст чыгуначных ліній. У той час невялікія па сваёй тэрыторыі заходнееўрапейскія дзяржавы – Англія, Германія, Францыя – ужо былі пакрыты густой сеткай чыгункі. Слабае развіццё транспарту ў дарэформеннай Расіі істотна затрымлівала развіццё гандлю і прамысловасці.

У Беларусі разам з уводам чыгункі самымі буйнымі прадпрыемствамі становяцца чыгуначныя майстэрні і дэпо. У 1905 годзе ў галоўнай майстэрні Польскіх чыгунак (Пінск) працавала 1320 чалавек, у галоўнай майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі – 1290 чалавек, у Мінску (чыгунка Масква – Брэст) – 750 чалавек. Чыгунка дае магчымасць паскоранага развіцця сельскай гаспадаркі: хлебныя грузы з Беларусі пайшлі ў прыбалтыйскія парты.

Менавіта ў гэты час з-за адсутнасці разведаных запасаў выкапневых багаццяў і ўздзеяння расійскага рынку аб’ектыўна вызначаецца спецыялізацыя беларускай прамысловасці: апрацоўка прадукцыі мясцовай сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны. Так, у канцы ХІХ ст. высокай вагой выдзяляецца харчовая прамысловасць (50 %) (вінакурэнне, піваварэнне, мукамалочныя, крупяныя, тытуневыя, крухмала-патачная і інш.). Дрэваапрацоўчая прамысловасць займае 19,5 %. З 1861 да 1900 г. тут адбываецца рост у 2,3 раза. На трэцім месцы знаходзіцца тэкстыльная прамысловасць (9,7 %) (пераапрацоўка лёну). Самым буйным прадпрыемствам у Віцебску (900 рабочых) з’яўлялася льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”, пабудаваная ў 1900 г. Металаапрацоўка, гарбарная, сілікатна-будаўнічая прамысловасць займае ў гэты час ад агульнай толькі 5-6 %.

Развіццё прамысловасці і чыгуначнага транспарту прыводзіць да паскоранага развіцця гарадоў. З 1863 г. па 1897 г. гарадское насельніцтва павялічылася ўдвая: з 330 тыс. да 648 тыс. Самыя буйныя гарады гэтага часу - Мінск – 91 тыс. жыхароў, Віцебск – 66 тыс., Гродна – 47 тыс., Брэст – 46,5 тыс., Магілёў – 43 тыс., Гомель – 37 тыс.

Растуць і мястэчкі. За гэты ж час іх насельніцтва вырасла з 500 да 700 тыс. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Дуброўна, Смаргонь) і пераўзышлі асобныя павятовыя гарады.

З сярэдзіны 40-х гг. ХІХ ст. на Беларусі ўводзіцца паштова-тэлеграфная сувязь. Гэты сродак сувязі садзейнічае развіццю гандлю. З развіццём чыгункі страчваюць сваё значэнне кірмашы. Актывізуюць сваю дзейнасць магазіны і гандлёвыя крамы: у канцы ХІХ ст. на іх прыходзіцца 95 % усяго ўнутранага гандлю.

Знаходзяць сваё месца на Беларусі ў гэты час і ўсерасійскія банкі. Тут адкрываюцца дзяржаўны, сялянскі і дваранскі банк.

§2. У Расіі супраць улады былі настроены не толькі сяляне, што не дачакаліся вызвалення ад паноў, але і капіталістычныя элементы, надзеі якіх на пашырэнне замежнага гандлю праваліліся ў час руска-турэцкай вайны.

Пераемнік Мікалая І Аляксандр ІІ, яго ўрад бачаць хібы сярэдневяковай феадальнай гаспадаркі, прымаюць захады, каб змяніць становішча. Яшчэ ў 1857 г. створаны Сакрэтны камітэт для паляпшэння быту сялянства (у 1858 г. ён быў перайменаваны ў Галоўны камітэт).

Прыкладна ў гэты ж час у Пецярбург прыбыў віленскі генерал-губернатар Назімаў. Ён прывёз праект закона аб вызваленні сялян. Сэнс праекта: вызваліць зямлю ад сялян, вызваліць іх ад прыгону без надзялення зямлёй.

Урад Аляксандра ІІ адмовіўся ад такой прапановы. Справа ў тым, што ажыццяўленне праекта Назімава было небяспечным: пры такім падыходзе ў імперыі з’явіліся б прыкладна 22 млн. неспакойных, неаселых, рухомых пралетарыяў, якія б пагражалі самаўладдзю. Яны б сталі тым сухім матэрыялам, які пры самай маленькай іскарцы дае вялікае полымя.

Таму 20 лістапада 1857 г. выдаецца царскі рэскрыпт (пісьмо) на імя віленскага губернатара В.І. Назімава, дзе сказана, што вызваленне сялян дазваляецца толькі з зямлёю. За панамі прызнаецца права ўласнасці на зямлю. Сяляне могуць выкупіць ва ўласнасць сядзібную зямлю і атрымаць у карыстанне палявую зямлю за аброк ці за паншчыну. Што тычыцца колькасці зямлі, то ў рэскрыпце сказана: “Зямлі павінна хапіць для належнага забеспячэння сялянскага быту і для выканання абавязкаў перад урадам і панам”. Згодна з указаннямі рэскрыпту, у губернях ствараюцца камітэты па справах вызвалення сялян. Утварэнне такіх камітэтаў адбылося і на Беларускіх землях.

Маніфест ад 19 лютага 1861 года быў надрукаваны 5 сакавіка гэтага года. Там, дзе большасць сялян зразумела тэкст Маніфеста, яна засталася ім незадаволеная. Сяляне аднесліся да яго варожа. Шмат дзе сяляне адмовіліся ісці на паншчыну. На Віцебшчыне шырока разрасліся сялянскія непарадкі. Яны былі, праўда, задушаны вайсковаю сілаю, лозамі. На аснове Маніфеста беларускі селянін вызваляўся з няволі, як асоба, без выкупу; затое ён павінен быў выкупіць у пана тыя кавалкі зямлі, каторыя ён ад яго атрымаў. Выкуп за зямлю быў назначаны даволі высокі. За зямлю, аддадзеную сялянам па звычайных цэнах, трэба было б заплаціць 648 млн. рублёў. На самой справе з іх узялі 867 млн. рублёў. Такім чынам, цана зямлі была павялічана на 25 %. Гэтая надбаўка была скрытай формай выкупу з няволі.

Беларускае панства робіць усё магчымае, каб зменшыць выкупныя сялянскія надзелы. Звычайная з’ява – беларускі селянін атрымлівае зямельны куртаты надзел. “Палажэннем” прадугледжвалася вышэйшая і ніжэйшая норма надзелаў: вышэйшая – вагалася ад 4 да 5,5 дзесяціны, ніжэйшая – ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу, што і з’явілася ў далейшым асноўнаю крыніцаю малазямелля і беззямелля беларускіх сялян.

Беларускія паны шырока скарысталі адно з палажэнняў Маніфеста (т.зв. пункт аб дармавых надзелах). Ён даваў пану права па згодзе з селянінам выдзяляць яму надзел без усялякага выкупу (але ў памерах 1/4 – 1/3 нармальнага). На Беларусі такі надзел раўняўся прыкладна 1 – 1,5 дзесяціны. Для гэтага пан гібка прымяняў розныя сродкі ўздзеяння на сялян: застрашванне, гарэлку, подкуп.

Асаблівасць Беларусі заключалася яшчэ і ў тым, што тут было шмат дваравых людзей. Згодна з Маніфестам яны зямлёй не забяспечваліся. Не атрымалі нармальных надзелаў сяляне, якія знаходзіліся на паншчыне ў дробных паноў. Калі прыняць пад увагу, што на Беларусі было шмат паноў, якія мелі не больш за 75 дзесяцін зямлі, становіцца зразумелым, што і гэты фактар прыводзіў да малазямелля і беззямелля. Вынікам гэтага з’явілася тое, што 60 % сялянскіх двароў, утварыўшыхся ў час рэформы, мелі надзелы да 15 дзесяцін, што не забяспечвала даходу нават на пракармленне сям’і ў 6-7 душ (пасля выплаты ўсіх відаў падаткаў і збораў: выплата выкупных, дзяржаўныя, земскія, мірскія).

Згодна рэформе выходзіла, што да таго часу, пакуль селянін не выкупіць атрыманы надзел, ён павінен знаходзіцца ў адносінах да пана ў стане часова абавязанага. На Беларусі найчасцей яго абавязкі складаліся з 3 дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і 2 – жаночых. Паншчына магла, як і ў часы прыгону, замяняцца аброкам, які складаў ад 15 да 22 рублёў у год.

І толькі паўстанне 1863 г. прымусіла ўрад скасаваць на Беларусі палажэнне часова абавязаных сялян. Урад абвясціў селяніна зусім вольным ад паншчыны і аброку. Замест іх з 1864 г. селянін пачаў плаціць ураду выкупныя плацяжы. З панамі меў справу зараз ужо сам урад: ён адразу заплаціў ім авансам па вельмі шчодрай расцэнцы выкуп за сялян даходнымі працэнтнымі паперамі. А селянін з гэтага часу стаў выплачваць на працягу дзесяткаў гадоў выкупныя штогадовыя плацяжы.

Сялянская зямельная рэформа ў Расіі звязана і з іншымі ліберальнымі мерапрыемствамі і рэформамі: земскімі, судовымі, школьнымі, гарадскімі, ваеннымі.

Земская рэформа прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных земскіх устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, аховай здароўя. Там, дзе такія ўстановы былі, яны адыгралі станоўчую ролю: сталі месцам згуртавання ліберальных і дэмакратычных сіл інтэлігенцыі, садзейнічалі развіццю гаспадаркі, школьнай справы, адукацыі, медыцынскай і ветэрынарнай службаў і г.д. Але на Беларусі закон аб земствах па палітычных матывах не распаўсюджваўся. Адсутнасць земстваў затармазіла тут і судовую рэформу. Міравыя суды на Беларусі ўведзены толькі ў 1872 г., але ж міравыя (павятовыя) суддзі не выбіраліся (як у цэнтральнай Расіі), а назначаліся Міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя (губернскія) суды з прысяжнымі засядацелямі ўведзены на Беларусі ў 1882 г. Пры гэтым улады мелі права зацвярджаць, а па сутнасці фарміраваць спіс прысяжных засядацеляў.

Што тычыцца школьнай рэформы, то на Беларусі яна мела асаблівасці. Паводле “Часовых правіл для народных школ” у Беларусі ў кожнай губерні ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў і саветы вучылішчаў з ліку чыноўнікаў. Вось яны і ажыццяўлялі нагляд за народнай школай, прызначалі і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ.

Як бачна, ў час правядзення рэформы ў адносінах лібералізацыі Беларусь мала што атрымала. Яна апынулася ў горшым становішчы, чым цэнтральная Расія. У той час, як у Расіі будаваліся школы і бальніцы, дарогі, масты, Беларусь засталася збоку.

Такім чынам, станаўленне капіталізму ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі мела станоўчае значэнне для развіцця навукі і тэхнікі ў іншых краінах. У 30-40-х гг. ХІХ ст. бярэ пачатак прамысловы пераварот на Беларусі, які характарызуецца пераходам ад мануфактуры да фабрыкі. Тэхнічны пераварот звязаны з сістэмным прымяненнем машын, сацыяльны – з фарміраваннем прамысловай буржуазіі і пралетарыяту.

Сялянская рэформа 1861 г. ліквідавала галоўную перашкоду, якая стрымлівала развіццё капіталізму, – прыгоннае права. Працягам сялянскай рэформы сталі буржуазныя рэформы 60-70-х гг., якія далі магчымасць зрабіць значны крок наперад па шляху пераўтварэння феадальнай Расійскай манархіі ў буржуазную. Што тычыцца Беларусі, то тут у выніку контррэформ і розных палітычных абмежаванняў рэформы жадаемых вынікаў не далі.

Пытанні і заданні: 1. З якімі з’явамі (пераменамі) звязваецца прамысловы пераварот у краінах свету і на Беларусі? Ахарактырызуйце тэхнічны і сацыяльны аспект прамысловага перавароту. 2. Прасачыце сітуацыю ў краіне ў час падрыхтоўкі і адмены прыгоннага права. Вызначце асноўную сутнасць маніфеста ад 19 лютага 1861 г. 3. Якая сувязь існуе паміж адменай прыгоннага права і буржуазнымі рэформамі 60-80 гг. ХІХ ст. 4.Дакажыце неабходнасць адмены прыгоннага права ў Беларусі.