Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Тэндэнцыі кансалідацыі этнічна-нацыянальнай супольнасці насельніцтва Беларусі

§1. Тэрытарыяльныя і грамадска-палітычныя фактары

станаўлення і развіцця беларускай народнасці

§2. Паходжанне назвы “Белая Русь”

§1. Беларуская народнасць утварылася паступова на аснове старажытнарускай народнасці з улікам наступных фактараў.

Першая група фактараў утварэння беларускай народнасці – палітычныя. Неабходнасць барацьбы з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і татара-манголаў, уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах Вялікага княства Літоўскага была ліквідавана сістэма мясцовых княжанняў і створаны інстытут намесніцтваў, арганізавана адзінае дзяржаўнае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Утварэнню беларускай народнасці садзейнічаў і шэраг эканамічных фактараў. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю на тэрыторыі ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны і ад Нёмана да Дняпра. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі – Полацка, Брэста (Бярэсця), Магілёва, Гродна (Гародні), Віцебска і іншых – як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязяў беларускіх зямель.

Паступова ў Вялікім княстве Літоўскім усталёўвалася адзіная грашовая сістэма, асноўнай манетай станавіўся грашовы знак мясцовай вытворчасці – літоўскі паўгрош, які чаканіўся на манетным двары ў Вільні. Таксама ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў, некаторыя з іх былі ўзаконены ў Статутах ВКЛ. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі этнічных, эканамічных і сацыяльных кантактаў, этнакультурнай і моўнай інтэграцыі.

З папярэднімі этнаўтваральнымі фактарамі цесна звязаны сацыяльныя фактары. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Так, розныя катэгорыі свецкіх феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоўе, якому належала вядучая роля ў дзяржаўным кіраванні. Асобным саслоўем з’яўлялася духавенства. Фарміраваліся таксама саслоўі прыгонных сялян і мяшчан – жыхароў гарадоў і мястэчак. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі. Так, сацыяльныя ўмовы ўплывалі на ўтварэнне беларускай народнасці.

Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі адыгрываў пэўную этнакансалідуючую ролю канфесійны фактар. Прымета веры станавілася своеасаблівай прыметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Большасць усходнеславянскага насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя. Аднак пасля Крэўскай уніі пачалося актыўнае наступленне каталіцкай веры.

Важнай прыметай беларускай народнасці перыяду яе фарміравання было дзяржаўна-тэрытарыяльнае адзінства рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

Этнічная мяжа паміж балцкім і славянскім насельніцтвам, якая ўсталявалася да ХІІІ ст. прыкладна па лініі Мерач – Трабы (каля Ашмян) – воз. Свір (каля Браслава), у наступныя тры стагоддзі амаль не змянілася. Акрамя таго, на фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі каланізацыйныя працэсы, якія адбываліся ў розных рэгіёнах Занёмання, Падляшша, Папрыпяцця, Паўночна-Заходняй Беларусі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі існаваў даволі кампактны арэал рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Акрамя яго ў склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага (як усходнебалцкага – літва, латыголы, так і заходнебалцкага – прусы, яцвягі, жэмайты) і цюркскага (татары) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з’явіліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці. Але іх наяўнасць увогуле не парушала этнічнай тэрыторыі беларусаў.

На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХVІІ стст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р” (рабіна, бяроза), “дзеканне” і “цеканне” (дзеці замест дети, цень замест тень), “аканне” і “яканне” (кароль, лебяда), прыстаўныя гукі на пачатку слова (восень замест осень, вобраз замест образ). Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. У лексіку гэтай мовы траплялі запазычанні з польскай, балцкай і некаторых заходнееўрапейскіх моў, што надавалі ёй спецыфічную афарбоўку.

Матэрыяльная і духоўная культура новага, усходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну найперш са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка некаторых тыпаў пасяленняў, асабліва вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне замест абшчыннага і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара, калі пабудовы размяшчаюцца па яго перыметры.

Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частаплеценая барада, матыка, серп, цэп і інш. Для захавання ўраджаю і сельскагаспадарчых прадуктаў існавалі клеці, свірны, гумны, ёўні, піўніцы. Побач са старадаўнімі жорнамі меліся ветраныя і вадзяныя млыны, а таксама млыны з коннай або валовай цягай.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчастай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. З’явіліся і новыя віды адзення – андарак, фартух. Менавіта ў гэты час зацвярджаюцца характэрныя для нашай тэрыторыі віды народнага адзення.

У ХV – ХVІ стст. складваецца і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору. Паступова быліны, якія расказвалі аб далёкіх часах Кіеўскай Русі, забываліся, але былінная традыцыя не знікла бясследна. Яна аказала ўплыў на чарадзейныя казкі з іх багатым зместам і своеасаблівай формай. Часцей за ўсё казкі распавядалі пра барацьбу фантастычнага героя са злымі страшыдламі, якія ўвасаблялі варожыя народу сілы. Чарадзейныя казкі былі прасякнуты аптымізмам, верай у канчатковую перамогу дабра і справядлівасці.

Нягледзячы на ганенні і забароны царквы, яе імкненне выкараніць рэшткі язычніцтва, вельмі пашырана была абрадавая паэзія, што ўзнікла ў цеснай сувязі з працоўнай дзейнасцю сялян. Асаблівай паэтычнасцю вылучаюцца купальскія песні, у якіх адлюстроўваецца арганічнае адзінства чалавека з адухоўленай ім прыродай. Песні суправаджалі беларуса ад нараджэння (хрэсьбінныя, песні-калыханкі) да смерці (хаўтурныя, песні-плачы), гучалі на розных урачыстасцях (валачобныя, вясельныя), у час працы і адпачынку (жніўныя, жартоўныя).

У той жа час узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Іх галоўнай тэмай былі вельмі блізкія і хвалюючыя народ падзеі, звязаныя з барацьбой з іншаземнымі захопнікамі. Глыбокім драматызмам напоўнены песні аб татарскім палоне. Існуюць народныя паданні і пра “крыжацкія магілы”, у якіх тлеюць косці нямецкіх псоў-рыцараў. У ХVІ ст. з’явіліся песні, якія распавядалі аб узброеных паўстаннях народа супраць сваіх прыгнятальнікаў. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў сваё ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе, дзе сплятаюцца розныя жанры народнага мастацтва, зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр – батлейка, дзе разам са свецкімі сюжэтамі, народнымі песнямі і танцамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы.

У ХVІ ст. з’яўляюцца і распаўсюджваюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, ліра, дудка. Увогуле, у культуры беларускай народнасці існавалі розныя па сваіх крыніцах і межах распаўсюджання культурныя элементы, адны з якіх былі поліэтнічныя і ахоплівалі некалькі этнасаў, другія належалі пераважна беларусам.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У Вялікім княстве Літоўскім жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў (немцаў, палякаў, літоўцаў). Значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазілі працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага называла сябе рускімі і сваю мову рускай. Гэта абумовіла тую акалічнасць, што самасвядомасць і саманазва беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыметы.