Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Глава 2. Беларусь у міжваенны перыяд

Тэма 1. Міжнароднае і ўнутрыпалітычнае становішча Беларусі пасля грамадзянскай вайны

§1. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін

§2. Увядзенне новай эканамічнай палітыкі

§1. Версальска-Вашынгтонская сістэма ўтварылася пасля завяршэння Першай сусветнай вайны. Версальскі мірны дагавор і іншыя звязаныя з ім дагавары мірнага ўрэгулявання вырашалі тэрытарыяльныя, ваенныя, эканамічныя пытанні. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненныя ёю страты, што стварала прававую аснову для яе тэрытарыяльнага перадзелу і спагнання рэпарацыйных плацяжоў. Паводле дагавора яна вяртала Францыі Эльзас і Латарынгію, Бельгіі – акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ, Даніі – паўночны Шлезвіг. Германія паводле дагавора прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга і брала на сябе абавязак паважаць незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі і Польшчы адыходзілі раней уключаныя ў склад Германіі частка сілезскай тэрыторыі, асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, Заходняй і Усходняй Прусіі. Данцыг ператвараўся ў вольны горад, Клайпеда і сумежныя тэрыторыі браліся пад кантроль Лігі Нацый.

Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, уласнасці і прывілеяў за мяжой. Сухапутная армія Германіі скарачалася да 100 тыс. чалавек. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавора прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторый на захад ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Для развіцця пасляваеннага супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце была створана Ліга Нацый. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 г. і іншыя дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.

Наступным крокам стварэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 г. Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі і стварэнне на яе тэрыторыі Аўстрыйскай Рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 г. - Югаславія) як самастойных дзяржаў. Аўстрыя таксама павінна была выплачваць краінам-пераможцам рэпарацыі.

Часткай Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў і Нейскі мірны дагавор з Балгарыяй. Пераможцы значна (больш чым на 11 тыс. км2) ўрэзалі тэрыторыю Балгарыі. На Балгарыю таксама ўсклалі цяжкія рэпарацыйныя плацяжы.

Такі ж падыход занялі краіны пераможцы і ў адносінах былых саюзнікаў Германіі, Венгрыі і Турцыі. Ад іх адрываліся ранейшыя тэрыторыі, абмежаванню падлягалі ўзброеныя сілы.

Версальскі мірны дагавор быў дапоўнены яшчэ трыма дагаварамі, якія прыняты на канферэнцыі (праходзіла ў Вашынгтоне ў 1921 г.) па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Удзельнікі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія, Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і Брытанскіх дамініёнаў дамовіліся аб сумеснай абароне іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна, аб абмежаванні марскіх узбраенняў і прынцыпах роўных магчымасцей ў Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва.

Версальска-Вашынгтонская сістэма праіснавала да 1 верасня 1939 г. З пачаткам Другой сусветнай вайны з-за супярэчнасцей, узнікшых паміж буйнымі дзяржавамі, яна распалася.

Як бачна, у выніку Першай сусветнай вайны і буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый у Еўропе адбыліся змены. Месца кайзераўскай Германіі заняла Германская рэспубліка. Не стала Аўстра-Венгерскай імперыі.

На крайнім Захадзе Еўропы ў выніку нацыянальна-вызваленчага паўстання ўзнікла новая дзяржава Ірландыя, якая атрымала статус дамініёна Брытанскай імперыі. Паўночна-ўсходняя частка Ірландыі - Ольстэр - была далучана да Англіі.

На некаторых тэрыторыях Расійскай імперыі стварыліся дзяржавы з буржуазным ладам - Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Польшча. У апошнюю былі ўключаны польскія тэрыторыі Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі, а таксама заходнеўкраінскія і заходнебеларускія землі.

Новыя межы разбурылі папярэднюю эканамічную прастору. Краіны былі ахоплены беспрацоўем і інфляцыяй, эканоміка ўзнаўлялася з цяжкасцю.

Для ЗША сусветная імперыялістычная вайна 1914-1918 гг. была прыбытковай справай. Чыстыя прыбыткі амерыканскіх прамысловых карпарацый выраслі з 3940 млн. долараў у 1914 г. да 8362 млн. долараў у 1918 г. У сувязі з выкананнем вялікіх ваенных заказаў капіталаўкладанні ў фабрычна-заводскую прамысловасць узраслі амаль у два разы. Агульны кошт прамысловай прадукцыі за гады вайны павялічыўся з 23,9 млрд. долараў да 62 млрд. долараў. Асабліва пашырыліся галіны прамысловасці, якія непасрэдна абслугоўвалі патрэбы вайны.

Акрамя таго, павялічыўся аб'ём знешняга гандлю: з 1813 млн. долараў у 1913 г. да 3904 млн. у 1919 г. Танаж гандлёвага флоту ЗША да вайны быў 4,3 млн. т., а да 1920 г. вырас да 14,6 млн. т.

Паскорыўся таксама працэс канцэнтрацыі вытворчасці і цэнтралізацыі капіталу. Фінансавыя магнаты ЗША Ракфелеры, Морганы, Меланы захапілі панаванне ў нафтавай прамысловасці. У стальной прамысловасці панавалі Морганы, у вугальнай – Морганы, Ракфелеры, Меланы, у каляровай металургіі - Меланы, Морганы, Гугенгеймы, Ракфелеры, у гумавай прамысловасці - Морганы, у хімічнай — Дзюпоны.

3 краіны-імпарцёра капіталу ЗША пераўтварыліся ў краіну-экспарцёра яго, з дзяржавы-даўжніка - у дзяржаву-крэдытора. Да вайны знешняя запазычанасць ЗША была 5,5 млрд. долараў. За гады вайны ЗША пазычылі саюзнікам 10 млрд. долараў і да канца вайны сканцэнтравалі ў сваіх руках больш за адну трэць сусветнага залатога запасу. Долар стаў асноўнай валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША пераўтварыліся ў найбуйнейшую эканамічную дзяржаву свету, а Заходняя Еўропа стала іх даўжніком.

Аднак крах на Нью-Йоркскай біржы 24 кастрычніка 1929 г. («чорны чацвер») стаў пачаткам сусветнага эканамічнага крызісу. Вытворчасць у ЗША знізілася ў два разы, беспрацоўе дасягнула 25%, чвэрць фермераў пазбавілася зямлі.

Выйсце з крызісу пачалося ў сакавіку 1933 г., калі на пасаду прэзідэнта ўступіў кандыдат дэмакратычнай партыі Ф.Д. Рузвельт. Ён прапанаваў праграму выхаду з крызісу («Новы курс»), якая прадугледжвала шырокае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прамысловасць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканамічнае ажыўленне. Рост ваеннай прамысловасці спрыяў таму, што ў 1939 г. было ліквідавана беспрацоўе. Яшчэ ў 1933 г. Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лацінскай Амерыкі. У гэтым жа годзе былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны з СССР.

Да сярэдзіны 20-х гг. удалося зблізіць пазіцыі еўрапейскіх краін, спыніць узровень інфляцыі і беспрацоўя. Паляпшэнне эканамічнага становішча пайшло на карысць занятым на вытворчасці, чый рабочы дзень паступова скараціўся да васьмі гадзін. Для іх спецыяльна будавалася жыллё, павялічваліся выплаты па сацыяльнаму страхаванню.

Еўрапейцы знаёмяцца з вобразам жыцця амерыканцаў, стараюцца ўзяць яго за узор.

§2. 1920 г. характарызуецца вельмі складаным і напружаным міжнародным становішчы, якое перш за ўсё звязана з сусветным эканамічным крызісам. Краіны, якія былі ўцягнуты ў І сусветную вайну, заняты вырашэннем сваіх унутраных праблем. У адносінах да Савецкай Расіі ў іх кіраўніцтва існуюць два погляды. Першы - імкненне да развіцця эканамічных адносін і вяртанне Расіі на рэйкі капіталізму. Другі - аднаўленне супраць Саветаў узброенага паходу. Аднак, па словах Леніна, хоць ад усялякага нападу мы на валаску, Расія ў міжнародных адносінах мае новае становішча, калі наша асноўнае міжнароднае існаванне сярод капіталістычных дзяржаў адваявана.

На Міжнароднай эканамічнай канферэнцыі ў Генуі (адкрылася 10 красавіка 1922 г.) капіталістычныя краіны настойліва патрабавалі ад Расіі захаваць права прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, свабодны гандаль, прызнанне ўсіх узятых на сябе даўгавых абавязкаў.

У ходзе перамоў савецкія прадстаўнікі адверглі патрабаванні заходніх краін аб звароце нацыяналізаванай уласнасці іншаземцам і прызнанні ўсіх фінансавых абавязкаў дарэвалюцыйнага ўрада. У сваю чаргу дэлегацыя Расіі патрабавала ад краін Захаду пакрыць ёй убыткі, нанесеныя вайной, блакадай і грамадзянскай вайной.

У прадмесці Генуі Раппале з Германіяй быў заключаны дагавор, які прадугледжваў неадкладнае ўстанаўленне дыпламатычных адносін, узаемны адказ ад пакрыцця ваенных расходаў і страт нанесеных вайной, развіццё эканамічных адносін на аснове прынцыпу найбольшага спрыяння.

Тут жа таксама шукаюцца шляхі да дасягнення згоды з краінамі Антанты. Савецкі Урад пагаджаўся прызнаць і прыняць да уплаты праз 15-10 год некаторыя даваенныя даўгі пры прадастаўленні крэдытаў маладой краіне.

Канферэнцыі ў Генуі, затым у Гаге (з 15 чэрвеня па 20 ліпеня 1922 г.) мелі важнае палітычнае значэнне: удзел Савецкай Расіі ў дзвюх буйнейшых канферэнцыях у якасці паўнапраўнага члена азначаў фактычнае прызнанне яе асноўнымі капіталістычнымі дзяржавамі.

Да пачатку 1923 г. Савецкі Саюз меў сваіх прадстаўнікоў у 12 дзяржавах, устанавіўшых з ім дыпламатычныя адносіны. 1924 год стаў годам дыпламатычнага прызнання СССР Англіяй; у лютым-сакавіку СССР прызналі Італія, Нарвегія, Аўстрыя, Грэцыя, Швецыя; у маі – Кітай; у чэрвені – Данія. Такім чынам, у студзені 1925 г. СССР меў дыпламатычныя адносіны з 21-й дзяржавай капіталістычнага свету.

Пасля грамадзянскай вайны, замежнай ваеннай інтэрвенцыі перад кіраўніцтвам савецкай Расіі паўстала задача ўзнавіць разбураную гаспадарку і падрыхтаваць умовы для будаўніцтва новага грамадства.

На тэрыторыі ўсей краіны, у тым ліку і Беларусі, у заняпад прыйшла прамысловасць і сельская гаспадарка. У БССР прамысловая вытворчасць скарацілася амаль у пяць разоў, сельскай гаспадаркі – больш за палову ад даваеннай. Асабліва вялікім быў адрыў горада і вёскі. Палітыка ваеннага камунізму прыйшла ў супярэчнасць з інтарэсамі сялян, стала бачна, што раней былі дапушчаны памылкі пры экспрапрыяцыі экпрапрыятараў.

Было прапанавана часова адступіць. Пры камандных вышынях дзяржавы ў эканоміцы лічылася магчымым дапусціць капіталізм да вядомых памераў і трымаць яго пад кантролем. Было прапанавана стварыць эканамічны саюз паміж рабочымі і сялянамі. 8 лютага 1921 г. Ленін вылучыў праект, які быў прыняты і носіць у гісторыі назву новай эканамічнай палітыкі (НЭП). У ім прадугледжвалася здзейсніць цэлую сістэму мер, якая ўключала ў сябе наступнае: умацаванне саюза рабочых і сялян на эканамічнай аснове; развіццё прамысловасці на базе электрыфікацыі; кааперыраванне насельніцтва; выкарыстанне таварна-грашовых адносін; паўсямеснае ўкараненне гасразліку, асабістай зацікаўленасці; часовае дапушчэнне капіталістычных элементаў у эканоміцы; удасканаленне дзяржаўнага планавання і кіраўніцтва; барацьба з бюракратызмам, адміністрыраваннем, камчванствам; падняцце культуры ва ўсіх галінах дзейнасці чалавека.

НЭП стала рашуча ўводзіцца па ўсёй краіне, у тым ліку і на Беларусі. На аснове дэкрэта аб дэнацыяналізацыі дробнай маёмасці ў прамысловасці і сярэдніх прадпрыемствах такія прадпрыемствы звернуты іх ранейшым уладальнікам. З 1921 г. была дазволена арэнда сродкаў вытворчасці (памяшканняў, цэлых прадпрыемстваў у гандлі і прамысловасці, зямлі, тэхнікі). Прыцягваецца знешні капітал, утвараліся канцэсіі, сумесныя прадпрыемствы, і ў горадзе, і на вёсцы знаходзяць сваё месца кааператыўныя формы дзейнасці, праводзіцца ў жыццё прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці (па колькасці і якасці).

У Беларусі НЭП ажыццяўляецца з некаторымі асаблівасцямі. Галоўнай асаблівасцю Беларусі з’яўляецца яе прамысловая адсталасць ад цэнтральных рэгіёнаў: тая колькасць рабочых, што мелася ў 1907 г. на буйных прадпрыемствах (100 тыс. чалавек), да 1921 г. скарацілася амаль у 2 разы. З невялікай колькасці прадпрыемстваў у ваеннай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайне разбурана больш за палову. Разам з аднаўленнем народнай гаспадаркі, выраўноўваннем эканамічнага становішча ў адносінах да іншых рэгіёнаў на Беларусі прыходзілася весці барацьбу з бандытызмам і кантрабандай. Бандытызм як сацыяльная з’ява ўзнік у надзвычайных палітычных і эканамічных абставінах грамадзянскай вайны. Яго базу склалі дызерціры, крымінальныя і антысавецкі настроеныя элементы. З-за памылак, парушэнняў законаў, норм у паводзінах і дзеяннях асобных прадстаўнікоў Савецкай улады ў яго была ўцягнута частка сярэдняга сялянства і беднаты.

Увясну 1921 г. палітычны бандытызм на тэрыторыі Беларусі прыняў пагражальны характар: дзейнічалі 36 буйных атрадаў, больш за 5 тысяч чалавек. Каля 6 тысяч узброеных людзей знаходзілася ў пагранічных з БССР раёнах Польшчы. З-за гэтага прыйшлося ўвесці нават ваеннае становішча. Да жніўня 1921 г. сітуацыя ўскладнілася яшчэ больш: у сувязі з намечаным на верасень пачаткам збору першага харчпадатку ўзмацніліся ваенныя акцыі “зялёных” банд. Толькі ў 1922 годзе шляхам ваенных, адміністратыўных і іншых мер удалося ліквідаваць палітычны бандытызм.

Час дзеяння НЭПа – гэта лепшыя гады Савецкай улады, якія запомніліся павышэннем узроўню жыцця простых людзей. Статыстыка сведчыць: у 1927 г. па ўзроўню спажывання харчовых прадуктаў вышэйшыя рубяжы дарэвалюцыйнай Расіі засталіся ззаду. Гараджане, напрыклад, спажывалі ў сярэднім больш за 41 кг мяса, забяспечанасць хлебам была каля 180 кг у горадзе і 220 – на сяле на аднаго чалавека. Прыкладна такія ж нормы спажывання былі на Беларусі.

Больш перспектыўныя вынікі НЭПа праявіліся ў тым, што гаспадарчы механізм гэтай эканамічнай палітыкі нараджаў у чалавека імкненне да добрасумленнай, больш прадукцыйнай працы, да павышэння якасці прадукцыі. НЭП фарміравала тып працаўніка, які будаваў сваю работу не толькі на энтузіязме, а праз матэрыяльныя стымулы. Замест адміністратыўна-эканамічнага прымусу сялянства, канфрантацыі з ім Савецкая дзяржава дабілася эканамічнай згоды з сялянствам на аснове адраджэння нармальных таварна-грашовых адносін.

Станоўчыя вынікі НЭПа адзначылі ўсе вядучыя вучоныя свету. Так, амерыканскі палітолаг З.Бжэзінскі піша: для многіх людзей 20-я гг. “былі лепшымі гадамі той эры, пачатак якой абвясціла рэвалюцыя 1917 г., а палітыка НЭП стала па гэтай прычыне лаканічным тэрмінам для абазначэння перыяду эксперыментавання, гібкасці і памяркоўнасці”. Сапраўды, правядзенне ў жыццё новай эканамічнай палітыкі дазволіла ў кароткі тэрмін аднавіць прамысловасць, стабілізаваць эканоміку, узняць матэрыяльны дабрабыт насельніцтва. Палепшыліся жыллёвыя ўмовы працоўных, павялічылася колькасць устаноў аховы здароўя, пашыралася сетка дзіцячых устаноў, вырасла нараджальнасць, зменшылася смяротнасць. Гэта стварала добрыя ўмовы для здзяйснення новых, больш важных крокаў у развіцці прамысловасці, ажыццяўленні індустрыялізацыі рэспублікі. Але ў далейшым з боку цэнтральнага кіраўніцтва дзяржавай наглядаецца палітыка згортвання, а затым і злому НЭПа, што з’яўлялася ў той час адной з гістарычных памылак у справе адраджэння і далейшага развіцця краіны.

Такім чынам, з завяршэннем Першай сусветнай вайны дзяржавы-пераможцы стварылі Версальска-Вашынгтонскую сістэму мірнага ўрэгулявання, у якой Германія і яе былыя саюзнікі абвяшчаліся адказнымі за развязванне вайны.Новая эканамічная палітыка Савецкай дзяржавы была распрацавана да пачатку 1921 года. Яна ўяўляла сабой сістэму гаспадарання, заснаваную на выкарыстанні рыначных, таварна-грашовых адносін, гаспадарчага разліку, асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці.