Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Незалежная Беларусь. Шляхі ўмацавання эканамічнага і палітычнага суверэнітэту

§1. Грамадска-палітычнае становішча ў краіне.

§2. Дзейнасць новага кіраўніцтва рэспублікі па развіццю эканомікі, адукацыі і навукі

§1. Спроба кіраўніцтва СССР стварыць абноўлены Саюз не ўдалася, рэспублікі адна за адной аб’яўлялі аб сваім суверэнітэце. Спачатку гэта зрабілі са згоды М. Гарбачова Літва, Латвія і Эстонія (ён падпісаў Указ аб выхадзе з СССР). У хуткім часе аб дзяржаўным суверэнітэце заявілі Расія, Украіна. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР таксама прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. У Дэкларацыі аб’яўлялася аб незалежнасці БССР у знешніх адносінах і імкненні стварыць прававую дзяржаву. Гэтыя працэсы накіроўваліся апазіцыйнымі сіламі. Так, спачатку ў чэрвені – ліпені 1990 г. на канферэнцыі, а затым на ІІ з’ездзе БНФ у сакавіку 1991 г. прагучала ідэя аб аддзяленні БССР ад СССР і абвяшчэнні аб яе поўнай незалежнасці.

У другой палове 80-х гадоў на Беларусі хутка фарміравалася палітычная апазіцыя, пачыналася гэта з амаль непрыкметнай для кіраўніцтва Беларусі з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 – 1887 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія ўключалі каля 1 млн. чалавек. У Мінску ў 1987 г. дзейнічала 97 грамадска-палітычных аб’яднанняў і клубаў. Актыўна заявілі аб сабе такія аб’яднанні і клубы, як “Талака”, “Альтэрнатыва”, “Тутэйшыя”, “Современник”, “Світанак” у Мінску, “Паходня” ў Гродна, “Узгор’е” ў Віцебску, “Талака” ў Гомелі і Магілёве. Спачатку палітычныя пытанні ў праграму клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. Тут гаворка ішла пра дэфармацыі сацыялізму, неабходнасць пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на класікаў марксізму, рабілася спроба крытыкаваць кіраўніцтва КПБ-КПСС, афіцыйныя канцэпцыі гісторыі краіны, паявіліся патрабаванні адмены артыкула Канстытуцыі СССР аб партыйным кіраўніцтве грамадствам, што з’яўлялася звычайнай палітычнай барацьбой за заваяванне ўлады. Новы штуршок распаду СССР далі падзеі лета – восені 1991 г. 25-26 жніўня нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспубліка Беларусь.

18 кастрычніка 1991 г. прыняты Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Заключным актам у працэсе распаду СССР з’явілася прыняцце 8 снежня 1991 г. Віскулёўскага пагаднення “Аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. З гэтага часу перастаў існаваць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Усе 15 саюзных рэспублік сталі самастойнымі дзяржавамі. Гэту падзею, як і развал КПСС, магчыма аднесці да ліку трагічных падзей сусветнай гісторыі ХХ ст. Закончылася існаванне біпалярнага свету з раўнавагай палітычных і ваенных сіл паміж СССР і ЗША.

Утвораная ў ліпені 1990 г. Канстытуцыйная камісія пачала распрацоўку новай Канстытуцыі. У лістападзе 1991 г. Праект Канстытуцыі быў прадстаўлены на разгляд VІІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі для абмеркавання ў першым чытанні. Пасля ўсенароднага абмеркавання 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята. Яна прадугледжвала ўвядзенне ў Беларусі прэзідэнцкай формы кіравання. 10 ліпеня 1994 года першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абраны А.Р.Лукашэнка. Пасля гэтага праведзена рэфарміраванне сістэмы заканадаўчай і выканаўчай улады.

Важнай палітычнай падзеяй на этапе самастойнага развіцця рэспублікі стаў Усебеларускі сход (19-20 кастрычніка 1996 г.), на якім прысутнічала каля 5 тыс. чалавек. Сход абмеркаваў асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2000 года, праект новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пытанні, прапанаваныя Прэзідэнтам А. Лукашэнкам на рэспубліканскі рэферэндум. У прынятай сходам рэзалюцыі была выказана падтрымка палітычнага і эканамічнага курсу кіраўніка дзяржавы. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (папраўкі ўнесены згодна з вынікамі рэферэндуму ад 24 лістапада 1996 г.) кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, праў і свабод чалавека і грамадзяніна з’яўляецца Прэзідэнт.

Замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета у складзе 260 дэпутатаў, быў сфарміраваны двухпалатны парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь у складзе Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраемых народам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек, выбіраемых ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек назначаецца Прэзідэнтам). За пяць год працы Нацыянальнага схода было прынята больш за 500 законаў, у тым ліку 19 кодэксаў.

§2. Пасля аб’яўлення суверэнітэту Вярхоўны Савет і Урад рэспублікі прымалі меры па прадухіленні абвальнага спаду вытворчасці і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў урадавую праграму пераходу да рыначнай эканомікі. У ёй аб’яўлялася, што ў рэспубліцы будзе будавацца нацыянальная самастойная эканоміка і праводзіцца эканамічныя рэформы. Пасля дэнансацыі Саюзнага дагавора і ўтварэння СНД (8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы) гаспадарка былога СССР ператвараецца ў міжнародную эканамічную сістэму, таму ў Беларусі прымаецца дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва, праграма прыватызацыі, закон аб уласнасці, аб Нацыянальным банку і банкаўскай дзейнасці. Прымаецца таксама мытны кодэкс, заканадаўства аб прадпрымальніцтве, аб дзяржпрадпрыемстве, аб праве ўласнасці на зямлю і інш.

Да 2005 года ў Рэспубліцы Беларусь праведзена канверсія і рэарганізацыя работы машынабудаўнічага і хімічнага комплексу. Доля ваеннай прадукцыі ў агульных аб’ёмах вытворчасці абаронных заводаў ужо да сярэдзіны 1993 г. скарацілася з 70 да 12-13%. З 120 прадпрыемстваў, якія ў рознай ступені займаліся вытворчасцю прадукцыі абароннага прызначэння, ваеннымі заказамі забяспечаны нямногія. У некалькі разоў скараціўся аб’ём навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ, якія фінансаваліся па лініі Міністэрства абароны. Зроблены пераход на выпуск абсталявання і тэхнікі для розных галін гаспадаркі, а таксама тавараў народнага спажывання.

Напрыклад, навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” выпускае лічыльнікі банкнот, касавыя апараты, сталы касіраў, сервісныя тэлефонныя станцыі, электронныя сістэмы кантролю для камбайнаў, блокі і прыборы для аўтамабіляў і пагрузчыкаў, электронныя тэрмометры, вымяральнікі ціску крыві і шмат іншага. Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі з 1992 г. пачало серыйную вытворчасць электронных аўтаматычных тэлефонных станцый “Квант”, а з 1995 г. – тэлефонных станцый “Бэта”. Адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі прыборабудаўнічы завод” забяспечвае 60 % рынку краін СНД радыёвымяральнай апаратурай (асцылографы, вольтметры і інш.), 70 % рынку электронных тавараў у Беларусі і 11 % у Расіі (дазіметры, радыёметры, глюкометры, таймеры, шынкоўкі, мясарубкі, шкафы-грылі, рубанкі, пілы і інш.).

Кіраўніцтва дзяржавы не пайшло па шляху імгненнага дэмантажу савецкай сістэмы. Імкнучыся выкарыстаць яе станоўчыя бакі, яно ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Для яе характэрны плюралізм форм уласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванні прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненне запатрабаванняў у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры. Прыватызацыя ў рэспубліцы праводзілася пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, пры адмаўленні ад куплі-продажу зямлі сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Цяпер калгас, саўгас, фермерская гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.

3 1996 г. на Беларусі пачалося паступовае пераадоленне крызісных з’яў. У першыню адбыўся прырост валавага ўнутранага прадукта (у параўнанні з папярэднім 1995 г.) – на 3%, вытворчасці прамысловай прадукцыі – на 4%, спажывецкіх тавараў – на 9%, уводу жылля – на 35%. Сельскагаспадарчая вытворчасць павялічылася на 2%.

У 2000 г. удалося пераўзысці (на 10%) паказчыкі 1990 г. па выпуску прамысловай прадукцыі, у 2001-2003 гг. гаспадарка Беларусі ў цэлым мела яшчэ лепшыя паказчыкі. Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусі на перыяд да 2020 г. (прынята 22 чэрвеня 2004 г. Саветам Міністраў Рэспублікі) у далейшым плануецца дасягнуць ВУП на парытэтнай пакупной здольнасці на душу насельніцтва да ўзроўню 60% ад сярэднееўрапейскага (у 2002 г. гэты паказчык складаў 30%). Для гэтага штогод прырост валавага ўнутранага прадукта павінен складаць не менш чым 6-7%.

У рэспубліцы існуе адкрытасць для эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, у той жа час, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, іншаземныя інвестыцыі прыцягваюцца ў тым выпадку, калі яны даюць эканамічную выгаду беларускаму народу і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

Адным з галоўных фактараў нацыянальнага развіцця з’яўляецца школа. З абвяшчэннем суверэнітэту рэспублікі паўстала пытанне аб прыняцці закону аб адукацыі: такі закон быў прыняты 29.10.1991 года. У ім закладзена канцэпцыя, якая прадугледжвае свабодны доступ да любой ступені адукацыі, шматварыянтнасць зместу і форм навучання.

Вялікая ўвага надаецца дзіцячаму дашкольнаму выхаванню. У 1991 годзе ў рэспубліцы налічвалася больш за 4,5 тысячы дзіцячых дашкольных устаноў, у якіх выхоўвалася 444,3 тысячы дзяцей. У апошнія гады ствараюцца сямейныя дзіцячыя садкі, садкі на кааператыўнай аснове, санаторнага тыпу, вячэрнія і прагулачныя, выхаднога дня, цэнтры развіцця дзіцяці і інш.

Агульнаадукацыйная школа складзена з трох ступеняў: пачатковая (4 гады), асноўная, ці базавая, школа (5 гадоў), старэйшая школа (2 гады). У пачатку 1997/1998 вучэбнага года ў Рэспубліцы Беларусь працавала 4821 дзённая агульнаадукацыйная школа, у іх навучалася 1597,8 тыс. чалавек.

Існуе ў рэспубліцы шырокая сетка прафесійна-тэхнічных вучылішчаў: 238 ПТВ маюць больш за 132 тысячы навучэнцаў. Да таго ж 12 ПТВ аб’явілі сябе вышэйшымі прафесійнымі ўстановамі. Падрыхтоўка рабочых рознага профілю вядзецца на базе сярэдняй адукацыі і на аснове базавага навучання (тут разам з прафесіяй вучні атрымліваюць сярэднюю адукацыю).

Падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у краіне ажыццяўляюць 149 тэхнікумаў і іншых сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у іх ліку 27 каледжаў. Колькасць навучэнцаў у 1997/1998 навучальным годзе тут складала каля 130 тысяч чалавек.

У Рэспубліцы маецца шырокая сетка вышэйшых навучальных устаноў. У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя функцыянавала 42 дзяржаўныя і 14 недзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, дзе навучалася 281742 студэнты. Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тыс. насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек). У 90-я гады многія ВНУ пераўтвораны ў акадэміі і універсітэты. ВНУ ажыццяўляюць інтэграцыю з іншымі навучальнымі ўстановамі. Для падрыхтоўкі моладзі для далейшага атрымання адукацыі пры іх функцыянуюць ліцэі.

У Рэспубліцы Беларусь распрацавана і ажыццяўляецца праграма развіцця ўсіх форм нацыянальнай культуры. Плённа працуюць беларускія пісьменнікі М.Лужанін, Н.Гілевіч, Р.Барадулін, А.Лойка, Ю.Свірка, мастакі М.Савіцкі, А.Анікейчык, П.Дурчына, У.Стэльмашонак. На Беларусі маецца 24 прафесійныя тэатры, больш за 150 музеяў, каля 14 тысяч публічных бібліятэк.

Пасля 27 ліпеня 1990 года вядзецца паслядоўнае ажыццяўленне курсу на самастойнае развіццё рэспублікі. У жніўні 1990 года падпісаны Дагавор аб палітычным, эканамічным і культурным супрацоўніцтве з РСФСР. У снежні гэтага ж года ўступіў у дзеянне Дагавор аб асновах адносін паміж Украінай і Беларуссю, у пачатку 1991 года – Дагавор аб супрацоўніцтве з Казахстанам.

Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначыла асноўныя напрамкі знешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь як суверэнная дзяржава мае зносіны з іншымі краінамі свету. На яе тэрыторыі дзейнічае 30 пасольстваў, консульстваў і генконсульстваў, а 47 акрэдытаваны па сумяшчальніцтве. У дзяржаўнай палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпу роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Прыярытэт у знешняй палітыцы надаецца паглыбленню інтэграцыі з рэспублікамі былога Савецкага Саюза, і ў першую чаргу – з Расійскай Федэрацыяй. Паміж дзвюма краінамі дзейнічае прыняты 23 мая 1997 года Статут Саюза Беларусі і Расіі, а таксама Дагавор ад 8 снежня 1999 года аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дагавор прадугледжвае стварэнне агульнай прававой базы Саюза, фарміраванне адзінай эканамічнай, абароннай і гуманітарнай прасторы ў мэтах паляпшэння жыцця людзей Расіі і Беларусі.

З 1997 года паступова пашыраецца аб’ём знешняга гандлю Беларусі. Знаходзячыся на скрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, Беларусь надае вялікую ўвагу развіццю шляхоў зносін. Праз Беларусь праходзіць прамы чыгуначны шлях ад Масквы да Берліна. Па ім плануецца наладзіць скорасны, а затым звышскорасны пасажырскі рух.

Такім чынам, перабудова ў СССР не дасягнула сваёй мэты. Яна прывяла да разбурэння адзінай эканамічнай прасторы, разрыву эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі, невыканання дагаворных абавязацельстваў. У канцы 1991 г. СССР быў ліквідаваны, былыя рэспублікі абвешчаны суверэннымі дзяржавамі. Пасля абвяшчэння суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь прымаліся меры па ўмацаванні яе дзяржаўнасці.

На шляху пераходу ад планавай сацыялістычнай гаспадаркі да рыначнай эканомікі праведзена структурная перабудова эканомікі, рэарганізацыя суб’ектаў гаспадарання, канверсія прадпрыемстваў, рэфарміраванне адносін уласнасці. Паступова пашыраецца сетка ўстаноў адукацыі, навукі, удасканальваюцца змест і праграмы навучання.

Пытанні і заданні: 1. Пералічыце асноўныя дакументы, якія надаюць Рэспубліцы Беларусь дзяржаўны суверэнітэт, указваюць на яе палітычную і эканамічную самастойнасць. 2. Як называецца мадэль эканамічнага развіцця, узятая кіраўніцтвам Рэспублікі на ўзбраенне? 3. Ахарактарызуйце сучасны стан развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, узровень жыцця беларускага народа (у параўнанні з паказчыкамі ў краінах, якія уваходзілі раней у СССР, развітымі краінамі свету).

ЛІТАРАТУРА

  1. Беларусістыка: Тэматычны зборнік № 21: Палітычныя партыі і грамадска-палітычныя рухі Беларусі. 2-е выд. Мн., 1993.

  2. Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. У 2 ч. Ч.2. Люты 1917 г. – 2000 г. / Я.К.Новік, Г.С.Марцуль, Э.А.Забродскі і інш.; Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Універсітэцкае, 2000. – 464 с.

  3. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 г. Мн., 1997.

  4. Основные направления социально-экономического развития Республики Беларусь на 1996 – 2000 годы. Мн., 1996.

  5. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Мн., 1995. Ч. 2.

  6. Новік Я.К., Жданко Л.Ю. Беларусь у перыяд правядзення рэформ: Сучасныя праблемы сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця (1985 – 1995 гг.). Мн., 1995.

  7. Галубовіч В.І., Бохан Ю.М. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Мн.: Сучасная школа, 2007., с. 430-460.

  8. Мандрык І.У. Зборнік лекцый па гісторыі Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі). Віцебск., 2005 г. с. 194-207.

  9. Мандрик И.В., О кризисе в партии и путях выхода из него (Партийный вестник, №2, 1991. Общество. Политика. Партия. – С.59-64).

  10. Мандрык І.У., Час маналога адышоў (Віцебскі рабочы, 20 кастрычніка, 1990, С.4).

  11. Мандрик И.В., Тревожные цифры… Как их исправить? («Коммунист Белоруссии», 5 мая 1990 года, с.23-24)

  12. Мандрик И.В., КПБ – КПСС в 70 – 80-х годах ХХ ст.: факторы, сдерживающие активность членов партии (Материалы V научной сессии преподавателей и студентов (25 апреля 2002 г.). – Витебск, 2002, с. 210).

  13. Терешкович П. Гражданское движение в Белоруссии: Документы и материалы (1986 – 1991). Мн., 1991.

  14. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мн., 1993. Т. 1; 1994. Т. 2; 1996. Т. 3; 1997. Т. 4; 1999. Т. 5.

  15. Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. / В.І.Галубовіч, Р.І.Ермашкевіч, Г.Ф.Шанавая і інш. / Ад агул. рэд. В.І.Галубовіча. – Мн.: Экаперспектыва, 1993.