Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці

§1. Брэсцкі мір

§2. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці

§3. Інтэрвенцыя з боку Польшчы, Рыжскі мір

§1. 14 лістапада 1917 г. (па н.ст.) Германскае вярхоўнае камандаванне дало згоду на правядзенне афіцыйных перамоў аб міры з прадстаўнікамі Савецкай улады. Пачатак перамоў быў назначаны на 19 лістапада, пры гэтым у заяве ад 15 лістапада Савецкі ўрад указаў, што ў выпадку адмовы Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША, Бельгіі, Сербіі, Румыніі, Японіі і Кітая далучыцца да перамоў, “мы будзем весці перагаворы з немцамі адны”. Такім чынам было заяўлена аб плануемым падпісанні сепаратнага міру з краінамі чацвёртага блока.

У Брэст-Літоўск дэлегацыя прыбыла ў складзе 28 чалавек (кіраўнікі дэлегацыі А.А.Іофе, Л.Б.Каменеў і Г.Я.Сакольнікаў). З нямецкага боку перамовы вяла група ваенных на чале з генералам Гофманам. Руская дэлегацыя настойвала на заключэнні міру без анексій і кантрыбуцый. Гофман як быццам бы не адмаўляўся, аднак пры ўмовах згоды на гэтыя патрабаванні іншых краін Антанты. Расійская ж дэлегацыя такіх паўнамоцтваў не мела. У такім выпадку размова магла ісці толькі аб перамір’і, а не аб палітычным пагадненні. Для высвятлення абставін далейшых дзеянняў бакоў у перамовах быў зроблены перапынак. 4 снежня перамовы ўзнавіліся, а потым перапыніліся зноў. Стала відавочна, што яны зайшлі ў тупік з-за пытання аб ускраінных дзяржавах: нямецкі бок заявіў, што калі сепаратыўны мір і будзе падпісаны, Германія не выведзе свае войскі з занятых ёю тэрыторый, таму што вайна на Заходнім фронце яшчэ працягваецца. На думку германскага камандавання, іх войскі будуць прысутнічаць на акупаваных землях яшчэ некалькі год. Савецкая дэлегацыя ў канцы снежня пакінула Брэст-Літоўск. Вярнулася яна туды ўжо 9 студзеня 1918 г. з новым кіраўніком – Л.Троцкім. Л.Троцкі як мог цягнуў перамовы, ухіляўся ад прамых адказаў, а затым выступіў у рэзкай форме, назваў нямецкія прапановы “скрытай формай анексіі”. У перамовах наступіў новы перапынак. Супраць падпісання міру катэгарычна выступіла большасць Савецкага ўрада.

У.І.Ленін па гэтым пытанні меў мала аднадумцаў у сваёй партыі. Левым камуністам (прыхільнікі неадкладнай рэвалюцыйнай вайны) належала большасць у двух сталічных партыйных арганізацыях. Гэтаму не прыходзіцца здзіўляцца: пры агульным рэвалюцыйным пад’ёме Ленін аказваўся ў меншасці. Большасць партыйнага актыву выступала за разрыў перамоў і аб’яву рэвалюцыйнай вайны германскаму імперыялізму з мэтай устанаўлення камуністычнага ладу ў Еўропе.

У сваю чаргу Германія і Аўстра-Венгрыя з цягам часу паставілі новыя ўмовы перамір’я: Украінская народная Рада прызнавалася Германіяй і Аўстра-Венгрыяй адзіным законным Урадам Украіны. Памятаючы аб вяршэнствуючай думцы ў ЦК – “ніякіх уступак, адказ ад прызнання Кіеўскай “буржуазнай” Рады, а ў выніку ўпорства немцаў – разрыў мірных перамоў”, Л.Троцкі 28 студзеня ад імя дэлегацыі заявіў аб разрыве перамоў: “Мы выходзім з вайны, аднак вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнага дагавору”.

Формула Троцкага не была прынята ў Берліне. 18 лютага нямецкія войскі пачалі наступленне. Пасяджэнні ЦК 17-га і раніцай 18 лютага адверглі ленінскую прапанову аб хуткім падпісанні германскіх умоў. І толькі на вячэрнім пасяджэнні 18 лютага 7 галасамі супраць 5-ці рашэнне аб падпісанні ўжо больш цяжкага міру было прынята, што затым і пацверджана УЦВК краіны. Калі ў пачатку студзеня немцы патрабавалі ад Расіі тэрыторыю 150 – 160 тыс. км2, то пасля разрыву пагаднення аб перамір’і да Германіі адыходзіла 780 тыс. км2 тэрыторыі, дзе пражывала 56 млн. чалавек. Тут знаходзілася 27% апрацоўваемай (да рэвалюцыі) зямлі, 26% усей чыгуначнай сеткі, 33% тэкстыльнай прамысловасці, выплаўлялася 73% жалеза і сталі.

Разглядаючы Брэсцкі мір у кантэксце лёсу Беларусі, адзначым, што на перамовах у падкамісіі па тэрытарыяльных пытаннях прадстаўнікі Савецкай дэлегацыі адстойвалі тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, выступалі супраць анексіі Брэста, Гродна і іншых тэрыторый Беларусі. Лінія нямецкай акупацыі да 18 студзеня 1918 года праходзіла на мяжы Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск.

У самым пачатку перамоў у Брэст-Літоўску пад выглядам дарадчыкаў Украінскай Рады знаходзілася дэлегацыя Беларускай Рады (А.Цвікевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Серада). Яна патрабавала стварэння ў Беларусі “дэмакратычнай рэспублікі”, дабівалася міжнароднага прызнання Рады. Але, як бачна, думку аб стварэнні самастойнай, незалежнай ад Расіі беларускай дзяржавы тады падзялялі нямногія.

§2. 19 лютага 1918 года Аблвыкамзах і СНК пакінулі Мінск. Кіраўніцтва вядучых беларускіх нацыяльных партый такіх, як БСГ і інш. робіць у другі раз спробу атрымаць незалежнасць. На акупаванай тэрыторыі 21 лютага, а затым у сакавіку (9-га і 25-га) выканкомам Савета Усебеларускага з’езда абвяшчаюцца тры Статутныя Граматы. Згодна з імі заканадаўчым органам аб’яўлялася Рада Усебеларускага З’езда, выканком перайменаваны у Раду БНР. У другой і трэцяй Граматах аб’яўлялася аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) (у межах рассялення і колькаснай большасці беларусаў) і аб незалежнасці Беларусі ад Савецкай Расіі.

Створаны ў лютым 1918 г. Народны сакратарыят БНР меў у гэты час даволі цесныя сувязі з Кайзераўскім урадам Германіі, прасіў у яго дапамогі для ўстанаўлення ў БНР буржуазных парадкаў. Унутры Рады БНР расла апазіцыя. Прадстаўнікі земстваў і гарадоў, ідэалам якіх была адзіная непадзельная Расія, выйшлі з Рады БНР. Акупацыйнная нямецкая ўлада, якой не спадабаўся Акт незалежнасці і яго сацыялістычная праграма, разагнала Раду БНР і Народны сакратарыят.

Нягледзячы на тое, што аўтары стварэння БНР рабілі рашучыя заходы для атрымання міжнароднай падтрымкі, яе прызналі толькі Украіна, Літва, Латвія, Эстонія, Францыя, Чэхаславакія. Пасля таго, як 13 лістапада ўрад РСФСР ануляваў Брэсцкі дагавор, пачалося выгнанне немцаў з Беларусі і аднаўленне тут Савецкай улады.

У гэты час знаходзяць сваё месца ідэі аб стварэнні аўтаномнай беларускай дзяржавы ў складзе РСФСР. У канцы студзеня 1918 г. пры наркамаце па справах нацыянальнасцей быў створаны Белнацкам. Яго ўзначаліў А.І.Чарвякоў. Камітэт лічыў, што беларуская дзяржаўнасць павінна быць створана на савецкай аснове. Прыкладна такой жа думкі прытрымліваліся і беларускія секцыі РККП(б), якія існавалі ў буйных гарадах РСФСР.

Пад уздзеяннем гэтых аб’яднанняў і са згоды ЦК РКП(б) 30 снежня 1918 г. у Смаленску была склікана VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). На ёй прысутнічалі дэлегаты ад усёй рэспублікі (усяго 206 чалавек) – яны прадстаўлялі прыкладна 18 тысяч членаў партыі. Канферэнцыя палічыла неабходным аб’явіць самастойную Cацыялістычную Рэспубліку Беларусь з тэрыторый Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, (часткі ўездаў) Смаленскай губерняў. Утвораны тут жа Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі Урад Беларусі. Яго старшынёй выбраны З.Х.Жылуновіч. Пасля чаго канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам КП(б)Б. На ім выбрана Цэнтральнае бюро. Старшынёй бюро ЦК КП(б)Б стаў А.Мяснікоў. 1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест Часовага Рабоча-сялянскага Урада Беларусі. У ім абвяшчалася ўтварэнне БССР і асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага ўладкавання.

І-я Канстытуцыя БССР была прынята на І-м Усебеларускім з’ездзе Саветаў 2-3-га лютага 1919 г. у Мінску. Вышэйшым органам улады ў БССР (згодна з Канстытуцыяй) прызнаваўся Усебеларускі з’езд Саветаў, а ў перапынку паміж з’ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР, які ствараў СНК (Урад БССР). На гэтым з’ездзе прысутнічаў старшыня УЦВК Я.М. Свярдлоў. Ён аб’явіў пастанову УЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР.

Такім чынам, тэрыторыя Заходняй вобласці, а больш правільна Заходняй Камуны (увосень 1919 г. яна стала так называцца), і вызваленыя ад нямецкіх войск тэрыторыі складаюць БССР. Але ў такім выглядзе Беларусь існавала нядоўга. У канцы студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб далучэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў БССР да РСФСР.

27 лютага 1919 г. па рэкамендацыі Масквы для аб’яднання сіл супраць міжнароднага імперыялізму створана Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел). Старшынёй ЦВК ЛітБела стаў К.Г. Ціхоўскі. СНК узначаліў В.С.Міцкявічус-Капсукас. І зноў для беларускага народа наступаюць жорсткія выпрабаванні: польскія войскі акупавалі вялікую частку тэрыторыі ЛітБел, у тым ліку Вільню і Мінск.

§3. У лістападзе 1918 года адрадзілася Польская дзяржава. Яе галава Ю.Пілсудскі аб’явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У 1919 г. польскія войскі захапілі значную частку Гродзенскай губерні, затым ім удалося заняць Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Бальшавікі не змаглі арганізаваць значнага супраціўлення: у гэты час іх сілы былі скіраваны на Усходні фронт. Вясной 1919 г. у руках палякаў былі ўжо Ліда, Вільня, Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыца. На лініі ракі Бярэзіны фронт стабілізаваўся і заставаўся на гэтай пазіцыі аж да вясны 1920 года.

На акупаванай тэрыторыі наводзіліся польскія парадкі: аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, багацці Беларусі перапраўляліся ў Польшчу. Былі ліквідаваны органы мясцовага самакіравання, створаныя бальшавікамі і Радай БНР, забаронены прафсаюзы і іншыя рабочыя арганізацыі. Палітычныя апаненты, яўныя і патэнцыяльныя, падвергліся жорсткім рэпрэсіям. У культурным жыцці праводзілася паланізацыя – дзяржаўнай мовай аб’яўлена польская.

Ю.Пілсудскі 28 красавіка 1919 г. выступіў з адозвай да насельніцтва быўшага ВКЛ і паабяцаў, што дасць яму магчымасць самому вырашаць і ажыццяўляць свае нацыянальныя ідэі і рэлігійныя справы. Шэраг палітычных партый Беларусі, якія мелі надзеі на нацыянальнае адраджэнне, узялі курс на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі.

У верасні 1919 г. у Варшаву па запрашэнні выехаў старшыня Народнага сакратарыята БНР А.Луцкевіч. Ён згадзіўся на прапановы польскага боку аб утварэнні федэрацыі, пры прызнанні незалежнасці БНР. Прызнанне БНР палякі паставілі ў залежнасць ад вынікаў вайны з Літвой і Расіяй. 8 сакавіка 1920 г. польскі ўрад аб’явіў афіцыйна, што не збіраецца прызнаваць БНР, але надзяляе Мінскую губерню правам культурна-нацыянальнай аўтаноміі.

На акупаванай тэрыторыі нарастае супрацьстаянне польскім захопнікам. Беларускія эсэры, Саюз беларускай моладзі, РКП(б) Беларусі дабіваюцца пагаднення і ствараюць партызанскі рух, адзіны антыпольскі фронт. У самой Радзе БНР таксама нарастае супраціўленне збліжэнню з Польшчай. У сакавіку 1920 г. пры дапамозе краін Антанты Польшча стварае значную перавагу сіл (пяціразовую), але прасунуцца далёка на Усход ёй не ўдалося. Перакідванне сіл з Усходняга фронту дало магчымасць Чырвонай Арміі прыпыніць наступленне палякаў, а затым 14 мая 1920 г. перайсці ў контрнаступленне, але з-за ўзнікшых цяжкасцей прыйшлося вярнуцца на свае ранейшыя пазіцыі. Новае наступленне Чырвонай Арміі ў ліпені 1920 г. прыносіць поспех: 7 ліпеня ад палякаў вызвалены Мінск; 1 жніўня – Брэст. Чырвоная Армія зайшла далёка на Захад і адарвалася ад сваіх тылоў. У бальшавікоў была надзея, што рабочы клас і сялянства Польшчы дапаможа ім, падымецца на барацьбу з уласнымі прыгнятальнікамі. Гэтага не адбылося 16 жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступленне, занялі значную частку тэрыторыі Беларусі. Савецкі ўрад вымушаны быў пайсці на перамовы аб міры. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе вызначаны папярэднія ўмовы, а 18 сакавіка 1921 г. падпісаны мірны дагавор, згодна з якім да Польшчы адыходзіла 108 тыс. км.кв., дзе пражывала больш за 4 млн. чалавек.

У выніку Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя Беларусі аказалася невялікай. За ёю пакідаліся толькі землі 6 паветаў Мінскай губерні (Мінскі, Ігуменскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Слуцкі, Мозырскі).У такім выглядзе яна існавала амаль 3 гады. І толькі 3 сакавіка 1924 г. адбылося першае ўзбуйненне Беларусі: БССР перадаецца шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, яе тэрыторыя вырасла з 52 да 110 тыс км.кв., а колькасць насельніцтва павялічылася з 1,5 да 4,2 млн. чалавек. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152854 км.кв., а колькасць насельніцтва – 5 млн. чалавек.

Урад РСФСР аказваў БССР вялікую дапамогу. Яшчэ ў 1921 г. у БССР было адпраўлена 7 тыс. тон збожжа, вялікая колькасць сельска-гаспадарчай тэхнікі, матэрыялаў, значная дапамога прыйшла з Каломенскага машынабудаўнічага завода і Тульскага чыгуналіцейнага. З іх дапамогай быў адкрыты завод “Энергія” ў Мінску, запалкавая фабрыка “Бярэзіна” ў Барысаве. Вялікія сродкі асігнаваліся на асушэнне балот, якія склалі больш 25 % агульнай плошчы зямлі.

Ішло аднаўленне школ: у 1922 г. працавала больш за 2300 школ. У кастрычніку 1921 г. адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт – першая навучальная ўстанова рэспублікі.

Такім чынам, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Савецкі Урад прыклаў шмат намаганняў, каб найхутчэй падпісаць згоду з Германіяй. 3 сакавіка 1918 г. мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны на вельмі цяжкіх умовах, паводле якіх пад нямецкай акупацыяй апынулася большая частка Беларусі. У лістападзе 1918 года гэтая несправядлівасць была ліквідавана, чаму папярэднічала рашучае выступленне супраць захопнікаў беларускага народа.

У выніку нямецкай акупацыі часткі Беларусі на гэтай тэрыторыі ўстаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым. Пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народа. У гэтых умовах нацыянальна-дэмакратычнымі партыямі і іх кіраўнікамі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, утвораны яе кіруючыя органы. Гэта была першая спроба ажыццяўлення на практыцы распрацаванай яшчэ на пачатку ХІХ ст. беларускай ідэі ў сукупнасці ўсіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Але здзейсніць гэтую ідэю поўнасцю не ўдалося. Была ўтворана пэўная палітычная структура з зародкамі дзяржаўнай арганізацыі.

У першай палове 1919 года супраць Савецкай Расіі ваенныя дзеянні пачынае Польшча. Першай ахвярай на шляху польскіх войск была Беларусь. У выніку агрэсіўнай палітыкі польскага кіраўніцтва да 1920 года акупіраванай аказалася значная частка тэрыторыі Беларусі. Тут наводзіліся польскія парадкі, аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, пад забаронай знаходзіліся грамадскія арганізацыі. На захопленай тэрыторыі нарастала супрацьстаянне польскай экспансіі, прымаліся захады па ўмацаванні Чырвонай Арміі. Але цяжкае эканамічнае становішча Савецкай краіны, не зусім удалыя дзеянні часцей і злучэнняў, у тым ліку і з-за дрэннай матэрыяльнай забяспечанасці, прымусілі Савецкі Урад пайсці на заключэнне цяжкага для беларусаў Рыжскага мірнага дагавору, згодна з якім вялікая тэрыторыя з беларускім насельніцтвам (больш за 100 тыс. кв. км., дзе пражывала звыш 4 млн. чалавек) адышла да Польшчы.

Пытанні і заданні: 1. Вызначце погляды і дзеянні розных палітычных сіл па пытаннях рэвалюцыі, вайны і нацыянальнай дзяржаўнасці пасля Лютаўскай рэвалюцыі. 2. Дзе, у якіх структурах знаходзіўся на Беларусі апорны пункт сацыялістычнай рэвалюцыі? 3. Калі і якім чынам была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка і ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка? 4. Раскажыце, на якіх умовах падпісаны Брэсцкі мір і Рыжскі мірны дагавор.