Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Глава 4. Час крызісаў і Адраджэння: кансалідацыя беларускай народнасці. Рэлігія, духоўнае жыццё, культура Беларусі

Тэма 1. Рэфармацыя ў Заходняй Еўропе і Беларусі

§1. Гістарычныя падыходы да паняццяў гуманізм і адраджэнне

§2. Рэлігійныя і сацыяльныя плыні рэфармацыйнага руху

§1. Феадальны лад паступова прыходзіў у заняпад. Новы клас – буржуазія, – які толькі нараджаўся, быў зацікаўлены ў развіцці навукі і тэхнікі. Краіны Еўропы перажывалі пад’ём культуры, хутка развівалася навука і мастацтва. Адбыўся бурны рост гарадоў. У іх ствараюцца мануфактуры, развіваецца рамяство, гандаль. Расце патрэбнасць гарадоў у адукаваных людзях: бухгалтарах, юрыстах, інжынерах і тэхніках, настаўніках і лекарах. Адказ ад радасцей у зямным жыцці, каб атрымаць іх ў замагільным (аб каторым так часта нагадвала рэлігія), змяніўся жывой цікавасцю да Сусвету. Уважліва вывучаючы прыроду, навукоўцы праводзілі назіранні, ставілі вопыты. У Еўропе з’явіліся першыя батанічныя і заалагічныя сады, музеі, калекцыі мінералаў, пісьменнікі ўсхвалялі прыроду, захапляліся яе цудоўнай прыгажосцю. Жыццё падвяргала сумненню вучэнне царквы аб тым, што чалавек нікчэмны і бяссільны (што ўсясільны толькі Бог).

Адраджалася вера ў сілу і здольнасці чалавека. Дзеячаў новай культуры ўсё больш цікавіў чалавек. Таму іх называлі гуманістамі (ад лацінскага слова “гуманус” – чалавечны). Гуманісты звяртаюцца да вопыту старажытнай культуры Грэцыі і Рыма. Час, калі ўзнікала новая культура (з улікам усіх ранейшых напрацовак), быў названы Адраджэннем. Адраджэнне (або Рэнесанс) было велізарным пераваротам у культуры і навуцы. Самымі знакамітымі дзеячамі сусветнай культуры гэтага часу былі мастакі і скульптары Леанарда да Вінчы (1452–1519), Мікеланджэла (1475–1564), Рафаэль (1483–1520); пісьменнікі Томас Мор (1478–1535), Франсуа Рабле (1494–1533), Вільям Шэкспір (1564–1616); вучоныя Мікалай Капернік (1473–1543), Джардана Бруна (1548–1600), Галілео Галілей (1564–1642).

Адраджэнне, Рэнесанс (фр. Renaissance), у канкрэтна гістарычным значэнні – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы ў пераходны перыяд ад сярэдневякоўя да новага часу (ХІV ст. – першая палова ХVІІ ст.), якая характарызавалася ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальнай мовы, літаратуры і нацыянальнай свядомасці, гуманістычным светапоглядам.

У больш шырокім значэнні Адраджэнне ёсць заканамернасць у гістарычным развіцці народаў і пэўных рэгіёнаў, якая выяўляецца ў паскораным руху эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і культурнага працэсаў да больш высокіх форм грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці пасля працяглых перыядаў застою або ўпадку.

Класічная форма Адраджэння характэрна для народаў Заходняй Еўропы. Тут гістарычныя працэсы характарызуюцца плаўнасцю і бесперапыннасцю ў прагрэсіўным развіцці. Заходнееўрапейскую класічную форму ў метадалагічным плане можна абазначыць як гуманістычную. Ёсць нацыянальныя формы Адраджэння. Яны характарызуюцца перапыннасцю і катастрафічнасцю (Усходняя Еўропа, азіяцкі рэгіён).

У Беларусі ў развіцці рэфармацыі навукоўцы адзначаюць тры этапы. Першы этап, самы спрыяльны для дзейнасці рэфарматараў з-за крызісных з’яў у каталіцкай і праваслаўных цэрквах, бярэ пачатак з узнікнення тут пратэстанцкіх збораў (1553 г.) да з’яўлення езуітаў (1569 г.). Другі этап 1570-1596 гг.: у гэты час контррэфармацыя яшчэ слабая, не здольная аказваць уплыў на пратэстантызм нават пры падтрымцы свецкай улады. Трэці этап бярэ пачатак ад Берасцейскай царкоўнай уніі (1596 г.) і завяршаецца сярэдзінай ХVII ст. У гэты перыяд на рэфармацыю ўжо вядзецца актыўнае наступленне, даволі хутка набірае моц уніяцкая царква і рэакцыйныя працэсы.

На Беларусі контррэфармацыя звязана з адкрыццём езуіцкім ордэнам навучальных устаноў. Езуітам спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб цалкам манапалізаваць асветніцкую справу, якая з аднаго боку дазволіла падняць адукаванасць беларускага насельніцтва, з другога – абвастрыць рэлігійнае пытанне. Езуіты сталі ініцыятарамі масавых пагромаў пратэстанцкіх абшчын. Навуковая думка пад уплывам езуітаў пераважна зводзілася да сярэднявечнай схаластыкі і тэалогіі.

У Вялікім княстве Літоўскім, з прычыны геапалітычнага становішча, змяненні ў культуры еўрапейскіх краін (як усходніх, так і заходніх) мелі ідэалагічны, філасофскі і рэлігійна-царкоўны адбітак. У ХV–ХVІ ст. тут таксама складваюцца эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і ідэалагічныя перадумовы для станаўлення культуры Адраджэння: адбываўся рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця ў горадзе, узмацненне сацыяльна-класавай барацьбы ў вёсцы, змены ў светапоглядзе перадавой часткі феадалаў, палітычная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя грамадства, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці, актывізацыя і пашырэнне кантактаў з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, гуманістычны і рэфармацыйны рух, секулярызацыя духоўнага жыцця.

Бачна, што Рэфармацыя ахапіла большасць краін Еўропы. Беларусь таксама стала часткай Еўрапейскага рэфармацыйнага руху, толькі са сваімі асаблівасцямі.

§2. Вялікае княства Літоўскае добра ўпісвалася ў тагачасную еўрапейскую культуру, хоць і не знаходзілася ў эпіцэнтры яе развіцця. У час Адраджэння сфарміравалася старабеларуская мова, якая да канца ХVІІ ст. (1696 г.) была дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага.

На Беларусі вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй (ранейшай тэалагічнай праблематыкай (divina studia). Найбольш важныя плыні ў рэфарматарстве гэтага часу: гусіцкі рух – накіраваны супраць іншаземнага прыгнёту і каталіцкай царквы; пратэстантызм у выглядзе лютэранства і кальвінізму; праваслаўна-царкоўныя рэлігійныя брацтвы; рух за сацыяльную перабудову грамадства.

Прафесар Пражскага універсітэта Ян Гус заклікаў да барацьбы з чужаземным панаваннем, выступаў за тое, каб богаслужэнне праходзіла на роднай мове (сам распрацаваў граматыку чэшскай мовы), выкрываў сквапнае духавенства. За гэта ён быў адлучаны ад царквы, 6 чэрвеня 1415 г. спалены на вогнішчы.

Пакаранне смерцю Яна Гуса выклікала народнае паўстанне. У 1419 г. у Празе рамеснікі і гарадская бедната грамілі каталіцкія манастыры, цэрквы, выганялі з іх епіскапаў і манахаў. Так, у Чэхіі, а затым і ў другіх краінах, у тым ліку ў Вялікім княстве Літоўскім, пачаўся рух супраць чужаземцаў і каталіцкай царквы. Усіх паслядоўнікаў Яна Гуса называлі гусітамі.

У пачатку красавіка 1413 г. памочнік Яна Гуса Іяронім Пражскі наведаў Віцебск, дзе вёў сярод насельніцтва прапаганду гусіцкага вучэння. Шмат прыхільнікаў гусізму было пры двары князя Вітаўта. Уплыў гусітаў у ХV ст. настолькі ўзмацніўся, што Вітаўт вымушаны быў выдаць некалькі пастаноў супраць яго прыхільнікаў.

Пратэстантызм у сваіх найбольш яркіх праявах (лютэранства, кальвінізм) благаславіў сквапнасць, цягу да нажывы. Хрыстос вучыў: багацце і іншыя праявы зямных даброт для веруючага чалавека не патрэбны. Ён будзе імі карыстацца пасля адыходу ў іншы свет. У Евангеллі сказана: “Цяжка багатаму ўвайсці ў царства нябеснае, зручней вярблюду прайсці скрозь вушка ігольнае, чым багатаму ўвайсці ў царства Божыя”. Каталіцызм спакусіўся ідэяй зямнога царства. Так, Рымскі папа імкнуўся быць не толькі духоўным, але і свецкім гасударом.

У Беларусі ў сярэдзіне ХVІ ст. узнікаюць пратэстанцкія абшчыны на аснове лютэранства (веравызнанне, якое ідзе ад германскіх народаў). Лютэранскія абшчыны ўтварыліся ў Віцебску, Глыбокім, Оршы. Пры кожнай абшчыне, як правіла, былі царква, школа, шпіталь, а пры некаторых – і друкарня. У школах вучыліся дзеці шляхты і гараджан. Рэфармацыя ахапіла значную частку гарадскога насельніцтва.

У далейшым выдзяляецца такое крыло пратэстантызму, як кальвінізм. Кальвінізм – веравызнанне, выкладзенае ў тэалагічных поглядах швейцарскага навукоўца Кальвіна. Дэмакратычна настроеныя прапаведнікі кальвінізму настойваюць на палягчэнні становішча сялянства, абмежаванні феадальнай эксплуатацыі. Кальвінізм – вучэнне, накіраванае на развіццё індывідуальнай свядомасці і рэлігійнасці. Кальвінізм вельмі сур’ёзна ўспрыняў словы апостала Пятра - “хто не працуе, той не есць”. Прадстаўнікі гэтага напрамку лічаць кожную капейку і вельмі высока ставяць асабістую працу ў любой справе. У Беларусі кальвінізм спачатку прымаюць буйнейшыя феадалы – Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Валовічы, Тышкевічы і інш., а таксама частка беларускай шляхты. Яны ствараюць друкарні, школы і абшчыны. Аднак не абышлося без таго, што феадалы спрабавалі прыстасаваць кальвінізм для дасягнення сваіх класавых і саслоўных мэтаў. Рэфармуючы цэрквы і манастыры ў сваіх вотчынах, яны канфіскоўвалі іх маёмасць, а землі далучалі да сваіх уладанняў. Захапіўшы частку зямель духавенства, як буйныя феадалы, так і магнаты, і шляхта станавіліся больш абыякавымі да рэфармацыі.

Праваслаўна-царкоўныя брацтвы бяруць пачатак ад паганскіх часоў, калі былі звычаі праводзіць святы грамадою. А калі прыйшло хрысціянства, прыйшлі новыя багі: Хрыстос, Ілля, Улас, Ян, Мікола і г.д., яны сталі злівацца са старымі багамі, а новыя святы - спалучацца са старымі. Свята нараджэння Хрыста злілося са святам сонца – Каляды. Свята Яна – са святам сонца – Купалле і г.д. Святы арганізоўваліся людзьмі – рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, варыўся мёд – братчына. Братчыкі ўносілі ў касу таварыства грошы для агульных мэт.

З канца ХVІ ст. брацтвы бяруць на сябе культурна-асветніцкія функцыі: для абароны праваслаўнай веры яны звяртаюць увагу на развіццё навукі. Буйныя і багатыя асобы бралі патранат над брацтвамі. Асабліва многа зрабіў у гэтым сэнсе К.Астрожскі. Ён заснаваў у г. Астрозе Вышэйшую духоўную школу, каб не дапусціць каталіцкага ўплыву на студэнтаў, запрасіў навукоўцаў з Грэцыі, Нямеччыны.

Брацтвы прагнулі атрымаць ад патрыярхаў так званую стаўрапігіяльнасць. Сутнасць стаўрапігіяльнасці ў тым, што брацтвы мелі намер атрымаць непадначаленасць ад епіскапаў. Гэта непадначаленасць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках – нават права ўмешвацца ў іх чыннасць.

Праваслаўна-царкоўныя брацтвы – гэта своеасаблівая форма рэлігійна-палітычнага руху гараджан Беларусі і Украіны. Узніклі яны ў адказ на ўзмацненне каталіцызму, прымусовае насаджэнне уніяцтва. З’яўленне брацтваў адносіцца да канца ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. У гэты перыяд яны створаны ва ўсіх буйных гарадах, у тым ліку ў Віцебску, Оршы, Полацку. Іх стварэнне вялося вакол праваслаўных прыходаў, у асноўным – з рамеснікаў і гандляроў, таксама духоўных асоб, у асобным выпадку ў брацтвы ўступала шляхта. Тады яна адыгрывала ў іх вядучую ролю.

Дзейнасць брацтваў была даволі шырокая. Перш-наперш яны вялі барацьбу супраць гвалтоўнага акаталічвання, уніі і паланізацыі, клапаціліся аб будаўніцтве і ўпрыгожванні цэркваў, манастыроў, дамоў прытулку (шпіталяў), адстойвалі культуру і мову беларускага народа, садзейнічалі ўмацаванню культурных сувязей Беларусі і Украіны з Рускай дзяржавай. У процівагу езуіцкім вучылішчам, якія адкрываў ордэн на Беларусі, брацтвы стваралі свае школы; шмат зрабілі для выдавецкай справы, пры школах яны звычайна адкрывалі друкарні (друкавалі царкоўныя кнігі, падручнікі і дапаможнікі на стараславянскай і беларускай мовах); не адвяргаючы абрадавых і дагматычных асноў праваслаўя, дабіваліся кантролю над царкоўнымі даходамі, выбарнасці свяшчэннікаў прыхаджанамі, патрабавалі ад духавенства ўмеранага ўзносу ад прыхаджан і г.д. Брацтвы спрабавалі кантраляваць нават вышэйшае духавенства.

Рэфармацыя ў цэлым адыграла пэўную ролю ў развіцці духоўнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Рэфармацыйныя ідэі садзейнічалі станаўленню секулярызаваных форм культуры (секулярызацыя (лат.) – зварот царкоўнай і манастырскай маёмасці ў свецкае валоданне, замяшчэнне духоўнай асобы, звання ці месца свецкім), пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў, прыхільнасці да праваслаўя.

А паколькі значнага паляпшэння матэрыяльнага і духоўнага стану простых людзей не адбывалася, то ў пачатку 60-х гг. ХVІ ст. у асяроддзі радыкальных рэфармісцкіх дзеячаў незадавальненне і расчараванне кальвінісцкай рэфармацыяй дасягае мяжы. Дэмакратычныя прадстаўнікі рэфармацыйнага руху адыходзяць ад кальвінізму, які не апраўдаў іх сацыяльных спадзяванняў. Пасля разрыву з кальвінізмам беларускія радыкальна-рэфармацыйныя дзеячы ўсё больш увагі надаюць сацыяльным пытанням. Многія з іх адкрыта прапаведвалі “агульнасць маёмасці, непавагу да ўладаў, судоў, саслоўяў” і ажыўлена дыскуціравалі на тэму “Ці могуць быць дапушчаны да гасподняй вячэры тыя, хто не адпускае на волю сваіх прыгонных?” Але і тут згоды ў рэфарматараў не было. З аднаго боку, наглядаўся радыкалізм – патрабаванне адмены прыгоннага ладу, з другога – толькі ўмеранае паляпшэнне ўмоў існавання прыгонных сялян. Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны, выказваючы погляды больш радыкальнай часткі рэфармацыі, выступалі з рэзкай крытыкай асноў феадалізму. Яны патрабавалі ліквідацыі прыгоннай залежнасці і інстытута халопства. Іх апанентамі быў Сымон Будны. Ён з’яўляўся прыхільнікам умераных рэформ і абараняў на сінодзе феадальна-прыгонніцкую сістэму эксплуатацыі, патрабуючы толькі некаторага яе памякчэння.

Да 1569 г. адносіцца “выдатная” па сваёй смеласці і ў той жа час глыбока ўтапічная спроба беларускіх, літоўскіх, польскіх (анты-тры-нітарыяў) рэфарматараў арганізаваць у Кракаве прымітыўную камуністычную абшчыну. Яны жадалі заснаваць яе на маёмаснай роўнасці і абавязку кожнага члена абшчыны працаваць. Аднак на практыцы гэты напрамак рэфармацыі ажыццявіць не ўдалося. У ВКЛ набірала моц Контррэфармацыя. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. феадальна-каталіцкая рэакцыя пераходзіць у рашучае наступленне на рэфармацыю. Носьбіты ідэй рэфармацыі выганяюцца з гарадоў, паўсюдна закрываюцца праваслаўныя цэрквы, школы, друкарні. Пачалося гэта пры Жыгімонце Вазе (1586–1632). Чалавек недальнабачны (як падкрэсліваюць навукоўцы), будучы сам каталіком, спачуваў каталіцтву і дазваляў пануючай веры рабіць крыўду другім верам, асабліва праваслаўнай.

Пасля 1632 г. на польскі каралеўскі пасад выбраны сын Жыгімонта Уладзіслаў ІV. Ён на дзяржаўныя справы глядзеў шырэй, не хацеў нікога прыцясняць за веру і нават пастараўся дабіцца ад сейма некаторых палягчэнняў для дызунітаў (праваслаўных). І ўсё ж каталіцтва як дзяржаўная вера з цягам часу выцясняе праваслаўе.

Такім чынам, у ХVІ стагоддзі пасля працяглага перыяду застою наступае заканамерны этап адраджэння духоўнай культуры еўрапейскіх краін. Адраджэнне (або Рэнесанс) праяўляецца ў паскораным руху эканамічных, нацыянальна-палітычных і культурных працэсаў, у больш высокіх формах грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці.

Адраджэнне ў краінах Заходняй Еўропы з яго рэфармацыйна-гуманістычным рухам зрабіла вялікі ўплыў на развіццё культуры беларускіх зямель у ХVІ – ХVІІІ стст. Тут таксама вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй. Найбольш важнымі плынямі ў рэфарматарстве з’яўляюцца гусіцкі рух, пратэстантызм, праваслаўна-царкоўныя брацтвы, рух за сацыяльную перабудову грамадства. Адбываецца рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці.