Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЭУМК История Беларуси. В.Г.Филяков.-2011.docx
Скачиваний:
208
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
8.22 Mб
Скачать

Тэма 2. Беларусь у час нараджэння індустрыяльнай цывілізацыі

§1. Сялянская гаспадарка. Спробы гаспадарчых рэформ

§2. Культурнае жыццё, змены ў сістэме адукацыі

§1. У першым дзесяцігоддзі ХІХ ст. сялянства складала 93,5 %. Пераважная яго маса (каля 70 %) усё яшчэ належала памешчыкам. Памешчыцкія (паселеныя) сяляне – гэта асноўная маса сялян, якія карысталіся зямельным надзелам ва ўмовах выканання за гэта павіннасцей. Яны мелі сваю гаспадарку, рабочую жывёлу, прылады вытворчасці, якімі апрацоўвалі свае надзелы і памешчыцкія палі.

З цягам часу наглядаецца тэндэнцыя скарачэння прыгонных і павелічэння колькасці казённых (дзяржаўных) сялян. У 40-х гадах гэта група сялян складала 19%. Каля 4% сялян належала дваранам і чыноўнікам. Дваровыя сяляне былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці, яны не вялі ўласнай гаспадаркі, а працавалі на памешчыцкія двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. Гэта група пастаянна скарачалася і да 40-х гг. ХІХ ст. складала прыкладна 3 %.

Аб характары землекарыстання можна сказаць, што ва ўсходняй частцы Беларусі існавала абшчыннае землекарыстанне, у цэнтральных і заходніх раёнах Беларусі землекарыстанне было падворным.

У памеры зямельных надзелаў памешчыцкіх сялян наглядаецца вялікая стракатасць: ад 7 дзесяцін да 20 дзесяцін на гаспадарку. Калі ўлічыць, што сялянская сям’я ў сярэднім складалася з 5-6 душ, то сярэдні памер зямельнага ўчастка на душу раўняўся 1,2-1,5 дзесяціны. Пры нізкай урадлівасці глебы, надзвычай адсталай агратэхніцы і недахопе часу для апрацоўкі сваіх надзелаў зямлі ледзь хапала, каб забяспечыць мізэрны пражытачны мінімум. Сапраўды, сяляне прымянялі драўляную саху з жалезным наканечнікам, драўляную барану, касілі сярпом, малацілі драўлянымі цапамі. Многа часу ішло на адбыццё розных павіннасцей. Высокая норма адпрацовачных павіннасцей (6 дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі: па 3 дні работы мужчынскай – “са збруяй” і столькі ж “работы жаночай”) адрывала сялян ад працы на сваіх палях, а гэта згубна адбівалася на стане сельскай гаспадаркі.

Новым у гэты час для Беларусі відам цяжкай павіннасці, якая адымала ў сялянскіх сем’яў маладых, здаровых работнікаў, стала рэкруцкая павіннасць.

Ярмом клаліся на сялян розныя дзяржаўныя павіннасці – падушны падатак, земскі збор, перавозка ваенных грузаў. Многія памешчыкі заключалі кантракты з падрадчыкамі, адпраўлялі сваіх прыгонных на працу ў розныя месцы Расіі. У 1842 г. на будаўніцтве Дняпроўска-Бугскага канала працавала больш за 110 тыс. прыгонных землякопаў, большасць з якіх складалі беларусы. Тысячы беларускіх сялян працавалі на будаўніцтве Пецярбургска-Маскоўскай чыгункі. Паўсюдна з-за цяжкіх умоваў жыцця і працы тысячы з іх атрымлівалі калецтвы, станавіліся непрацаздольнымі, раней часу паміралі.

Аднак пры ўсіх цяжкасцях селянін яшчэ развіваў промыслы: наладзіў ткацкую справу, выраб аўчын, пляценне лапцей, выраб саней, вазоў, баржаў, простых прылад працы; у лясных краях сяляне займаліся выганкай смалы, дзёгцю, апрацоўкай дрэва, рабілі кадушкі, абады, дошку і г.д.

Прымяняюцца ў гэты час і адыходніцкія работы: сплаўныя, дарожнае будаўніцтва, высечка і вываз лесу і г.д. Фактарам, які вызначаў маёмаснае становішча сялян, з’яўлялася забяспечанасць іх зямлёй і жывёлай. Паводле гэтай прыметы яны дзяліліся на цяглых, агароднікаў і бабылёў. Цяглыя – гэта група сялян, якая мела поўны надзел. Агароднікі – карысталіся толькі сядзібнай зямлёй, радзей сенажаццю, мелі дробную жывёлу, зрэдку каня. Бабылі, або кутнікі, – не мелі зямлі, а часам і свайго жылля, не было ў іх жывёлы.

Царскі ўрад шукае выйсце ў распрацоўцы мерапрыемстваў па сялянскіх пытаннях. Па прапанове міністра дзяржаўных маёмасцей графа П.Д. Кісялёва прадугледжваецца змяншэнне сялянскіх павіннасцей і павелічэнне іх зямельных надзелаў. У 1835 г. выдадзены правілы аб аддачы беларускімі панамі сваіх сялян у наймы. Пан не меў права аддаць у наймы ўсю вёску цалкам, не больш за 50 % сям’і, прапісаны былі і іншыя абмежаванні для пана. У снежні 1839 г. падпісана Палажэнне “Аб люстрацыях”, у якім прадпісвалася ўрэгуляванне гаспадарчага становішча сялян: больш дакладна рэгламентаваліся іх адпрацовачныя і натуральныя павіннасці. Яны праводзіліся ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю зямельных надзелаў. У сукупнасці павіннасці сялян не маглі быць вышэй 1/3 валавага даходу. Гэтая мера палепшыла гаротнае становішча дзяржаўных сялян на Беларусі, але памешчыцкая і сялянская гаспадарка ўсё больш прыходзіла ў заняпад.

Такім чынам, да канцу 50-х гг. ХІХ ст. у паншчыннай сельскай гаспадарцы Беларусі настаў крызіс, абумоўлены нарастаючым канфліктам паміж ростам прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, з аднаго боку, і прыгоннымі адносінамі, якія тармазілі іх, – з другога. Ідзе разлажэнне прыгоннага ладу.

§2. У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. моцныя пазіцыі ў Беларусі мела польская культура. Польская мова была мовай пераважнай часткі адукаванага насельніцтва, мовай асветы, тэатра, кнігадрукавання. На карысць пальскай культуры працавала шмат ураджэнцаў Беларусі. Беларускія магнаты і буйная шляхта, а таксама амаль уся інтэлігенцыя засвоілі польскую мову і культуру, а вуснай беларускай мовай у розных дыялектах карысталіся сялянства, збяднелая шляхта, ніжэйшія станы гарадского і сельскага насельніцтва. Пасля далучэння Беларусі да Расіі афіцыйнае становішча заняла руская мова, у грамадскім і культурным жыцці да падаўлення паўстання 1863-1864 гг. панавала польская мова. Але сацыяна-эканамічныя змены ў грамадстве, рэвалюцыйны настрой, што ахапіў частку рускага дваранства закрануў і Беларусь, усё гэта садзейнічала выпрацоўцы новай літаратурнай мовы на базе шматлікіх беларускіх гаворак (дыялектаў). Гэта мова абапіралася выключна на жывую народную гаворку.

Атрымаўся сваеасаблівы штуршок да росту нацыянальнай свядомасці беларускай інтэлігенцыі. Дастаткова апалячаная і акаталічаная беларуская інтэлігенцыя пасля 1812 г. пачала выказваць сваю цікавасць да нацыянальнага жыцця беларускага народа.

У асяроддзі польскай інтэлігенцыі таксама ўзмацняецца цікавасць да беларускай этнаграфіі і фальклору. Звязана гэта цікавасць з дэмакратызацыяй шляхецкага вызваленчага руху, яго пошукамі апоры ў сялянстве, у тым ліку – шматлікім беларускім. Часткова ў гэтым была даніна тагачаснаму рамантызму з яго культамі старадаўнасці і народнасці.

Жывая мова беларускага народа зрабіла больш каларытнымі і выразнымі пародыі на асобныя гістарычныя творы. Самымі значнымі тут з’яўляюцца жартоўныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Нарадзіліся яны ў асяроддзі мясцовай інтэлігенцыі, якая добра была знаёма з мовай і бытам беларускага сялянства і дасканала арыентавалася ў літаратурным жыцці таго часу. Невядомы аўтар “Энеіды” парадыруе вергіліевы ўзоры, паказвае жыхароў неба ў выглядзе простых грэшных людзей, паноў і сялян, дае яскравыя замалёўкі іх узаемаадносін. Тон пародыі перадае характар сацыяльных адносін.

Паэма “Тарас на Парнасе” створана некалькі пазней, яе ўзнікненне адносяць да канца 30-х гг. 19 ст. Тут высмейваюцца міфічныя багі і героі: просты селянін-ляснік Тарас трапляе да багоў. Перад яго вачыма праходзяць розныя сцэнкі з іх побыту, і ён перадае па-свойму, што бачыў і чуў. Тарас нагадвае малюнкі самага звычайнага жыцця, у адносінах багоў ужывае самыя зямныя паняцці. Падабенства да жыцця смяротных пачынаецца ўжо з таго, што Парнас - гэта панскі двор, абгароджаны яловым плотам, дзе бегаюць дамашнія жывёліны (свінні, козы, сабакі, бараны). У другім месцы, калі апісваецца, як рупліва багі збіраліся ля стала, перадаецца гэта так: “Во, з усяго сабралісь неба! Як тараканы каля хлеба.” Так і замацоўваецца ўяўленне пра Парнас, як пра тлумнае зборышча, або карчму, дзе кожны робіць, што хоча. Тут не толькі кураць, спяваюць, але і рамантуюць, плятуць лапці, шыюць хадакі багіням, а тыя мыюць багам кашулі і парткі. Як бачна, у гэтым творы як і ў “Энеідзе навыварат” паказаны вялікія магчымасці жывой беларускай мовы.

У першай палове ХІХ ст, па сутнасці, адзінай сферай выкарыстання новай беларускай мовы была мастацкая літаратура. У сувязі з цяжкасцямі друкавання і распаўсюджвання беларускіх твораў, а таксама забаронай у канцы 50-х гадоў друкавання беларускіх кніг лацінскім шрыфтам, літаратура была ў асноўным рукапіснай і ананімнай. У вершаваных гутарках (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, “Вясна гола перапала” і іншых творах) паказана неабходнасць усталявання роўнасці ўсіх людзей, неабходнасці іх маральнага ўдасканальвання. Трэба, каб пан шанаваў селяніна, добра, па-людску да яго адносіўся і клапаціўся аб ім. Селянін у адказ павінен шчыра працаваць, любіць добрых паноў, родных брацьцяў. А калі пан нядобры, калі ён здзекуецца з селяніна, то трэба цярпець, бо праўда сама сябе скажа.

Селянін не толькі можа, але і павінен жыць у рамках феадальнага ўкладу. Праўда, у вершы “Вясна гола перапала ” аўтар дайшоў да думкі аб волі прыгнечанага селяніна. Селянін кажа: “... вось нам вольнасць дадуць скора, і як птушкі будем жыць”. Вольнасць тут прымітыўная: “будзем раўныя з панамі, самі будзем мы паны – і гарэлку піць жбанамі і гуляць так, як яны”.

Некалькі глыбей аўтар ставіць праблему вольнасці далей: “Перастануць нашым братам (селянінам) як скацінай таргаваць, напускацца ліхім матам, скуру з ног і да карка драць. Хоць халодна, хоць галодна – холад, голад ніпачом. Эх, каб толькі нам свабода! На свабодзе аджывем. Вось панам ня дужа лоўка, самім трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыйдзецца араць”.

Таленавітыя пісьменнікі і паэты рамантычнага накірунку А.Міцкевіч, Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, А.Рыпінскі, В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля, А.Вярыга-Дарэўскі, П.Багрым, Ф.Савіч у аснову сваіх твораў паклалі фальклор і жывую мову народа.

Першым сапраўдным беларускім песняром лічыцца Вінчук Дунін-Марцінкевіч (1807-1884гг.). Аб’ектам яго творчасці з’яўляецца просты беларускі люд і наогул вёска. Дунін-Марцінкевіч з’яўляецца аўтарам вершаваных аповесцей “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”, “Халімон на каранацыі”; камедыі “Пінская шляхта”, у якой высмейваюцца бюракратызм чыноўніцтва і правінцыяльныя норавы шляхты.

Ян Чачот (1796-1847) вядомы як паэт, выдавец польскага часопіса “Niezabudka” ў Пецярбурзе і як аўтар некалькіх твораў, якія мелі непасрэдныя адносіны да Беларусі: вершаў “Дзеванька” і “Гарэліца”, паэмы “Рабункі мужыкоў” і кнігі “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Ян Чачот мае заслугі перад беларускай літаратурай. Яны заключаюцца ў тым, што ён адзін з першых зрабіў беларускае слова і народную паэтычную творчасць прадметам увагі, адкрыў для чытачоў іх самабытнасць. Яго фальклорныя зборнікі ўключаюць “Сялянскія песні з ваколіц Нёмана і Дзвіны”, а таксама 29 асабістых вершаў. Ян Чачот набыў вядомасць як збіральнік, даследчык і перакладчык на польскую мову беларускіх народных песень. Найбольш вядомыя яго зборнікі “Вясновыя песні”. Ян Чачот апублікаваў каля 30 сваіх беларускіх вершаў. Ён, мабыць, бліжэй за ўсіх падыходзіць да прыгнечанага беларускага сялянства. Гэта бачна з яго ж твораў, дзе праходзіць думка, што затым бог даў яму на свеце гора гараваці, каб ён лепш любіў селяніна і ўмеў яму спагадаці. Адносіны да селяніна ў яго сваеасаблівыя: бяда селяніна не ў існаванні прыгону, а ў тым, што селянін часта гультаіць і п’е шмат гарэлкі. Селянін будзе добра жыць, калі будзе працавітым і цвярозым гаспадаром.

Адным з заўзятых збіральнікаў беларускай вуснапаэтычнай творчасці, узоры якой запісваў на Полаччыне, Віцебшчыне і Мсціслаўшчыне, быў Ян Баршчэўскі.

У выяўленчым мастацтве афіцыйным напрамкам да сярэдзіны ХІХ ст. быў класіцызм. Таленавітыя мастакі І.Аляшкевіч, Я.Густэм, В.Ваньковіч засяродзілі сваю ўвагу на партрэтным і пейзажным жанры.

Перыяд з канца ХVІІІ – першая палова ХІХ ст. – адзін з самых супярэчлівых і складаных у гісторыі асветы Беларусі. Ідзе барацьба паміж дзвюма супярэчлівымі тэндэнцыямі. Адна з іх – захаваць школу ў мінулым выглядзе – выхоўваць вернападданства; другая – будаваць школу, якая адлюстроўвае прагрэс у сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці.

Рэформа асветы 1803–1804 гг. павінна была забяспечыць растучую прамысловасць і гандаль пісьменнымі людзьмі. Згодна рэформе, у паветах ствараліся 4-гадовыя вучылішчы. Вучэбны план вучылішча асноўнае месца адводзіў вывучэнню мовы і літаратуры; прыкладна 1/4 усяго часу адводзілася фізіка-матэматычным навукам. Выкладалі тут таксама гісторыю, геаграфію, логіку і права. Калі былі жадаючыя вывучаць рускую мову, то тады і яна ўводзілася. Багаслоўе як прадмет у плане адсутнічала, але мясцовы ксёндз абавязаны быў штодзённа перад урокамі вадзіць навучэнцаў у царкву. Некаторыя вучылішчы потым атрымалі статус гімназій. У іх навучанне было разлічана на 7 гадоў. Гімназіі, як між іншым і вучылішчы, аб’яўляліся даступнымі для ўсіх.

Пасля 1807 г. вядзецца стварэнне некалькіх тыпаў прыходскіх вучылішчаў. Для дзяцей дваранства і рамеснікаў заснаваны мужчынскія і жаночыя 2-класныя вучылішчы. Праўда, калі ў вучылішчы займаліся дзеці бедных рамеснікаў, для таго, каб “падзяліць працу бацькоў”, іх тэрмін навучання скарачаўся на 6 месяцаў. Для сялянскіх дзяцей адкрываліся толькі аднакласныя вучылішчы. Галоўным чынам іх вучылі тут “перасаджванню і прышчэпліванню дрэў, вытворчасці добрых земляробчых прылад і хатняй гаспадарцы”, павінны былі яны “завучваць на памяць духоўныя песні”.

Працягвалі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі манастырскія пансіёны для дзяўчынак, езуіцкія навучальныя ўстановы.

У цараванне Кацярыны, Паўла, Аляксандра І ўрад падтрымліваў езуітаў: адкрываў перад імі шырокае поле дзейнасці. У студзені 1812 г. на базе калегіі, утворанай яшчэ ў 1581 г. П.Скаргам, у Полацку заснавана езуіцкая Акадэмія. Акадэмія існавала да 1820 г.

Буйныя памешчыкі імкнуліся выкарыстаць школьную адукацыю для падрыхтоўкі кваліфікаваных работнікаў сельскай гаспадаркі, якія б засвоілі асновы аграноміі за параўнальна кароткі тэрмін. Гэтыя абставіны садзейнічалі таму, што ў Беларусі ствараюцца і шырока выкарыстоўваюцца буйныя (на некалькі соцен дзяцей) школы ўзаемнага навучання. З’яўленне падобных школ было не толькі адлюстраваннем узросшых запатрабаванняў памешчыцкіх гаспадарак у спецыяльна падрыхтаваных работніках, але і паказчыкам імкнення сялян да адукацыі.

У 20-я гады ХІХ ст. ва ўнутранай палітыцы царызму, у тым ліку і ў галіне адукацыі, узмацніўся іншы накірунак. У 1828 г. быў зацверджаны новы школьны статут, які ліквідаваў пераемнасць вучэбных планаў прыходскіх школ, павятовых вучылішчаў і гімназій. Кожная ступень адукацыі прызначалася для адпаведнай сацыяльнай групы насельніцтва. Аднакласныя прыходскія вучылішчы былі разлічаны на дзяцей самых нізкіх слаёў; трохгадовыя павятовыя – пераважна для дзяцей купцоў, рамеснікаў і іншых гараджан; гімназіі – для дзяцей дваран і чыноўнікаў. Ва універсітэты і гімназіі прымаліся толькі прадстаўнікі свабодных слаёў.

Пасля паўстання дзекабрыстаў і польскага паўстання 1830–1831 гг. сістэма асветы рэарганізуецца ў напрамку самадзяржаўя, праваслаўя, народнасці. На Беларусі гэтыя прынцыпы выявіліся перш за ўсё ў непрызнанні нацыянальнай самастойнасці беларускай мовы. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай рэзкі ўхіл бярэцца ў бок рускай мовы. Праз школу на рускай мове царскі ўрад імкнуўся абмежаваць распаўсюджанне польска-каталіцкага ўплыву на Беларусь. Дэмакратычныя колы польскага вызваленчага руху Беларусі і перадавыя слаі рускага грамадства выступаюць сумесна за свецкую, бессаслоўную адукацыю, за тое, каб улічваць інтарэсы ўсяго насельніцтва.

Развіццё грамадства патрабуе змен, і яны паступова адбываюцца. У пачатку 40-х гг. у вёсках дзяржаўных сялян адкрываюцца пачатковыя школы. У канцы 50-х гг. іх было на Беларусі больш за 100, дзе навучалася больш за 2 тыс. чалавек. У 1840 г. пачынае працаваць Горы-Горацкая земляробчая школа. Яе структура складаецца з двух разрадаў – вышэйшага і ніжэйшага. У першым рыхтавалі кіраўнікоў казённых і прыватных маёнткаў, у другім – іх тэхнічных памочнікаў, так званых “земляробчых вучняў”. Пры школе арганізавана ферма (за 8 гадоў школу скончылі 162 чалавекі). А калі ў 1848 г. школа пераўтвараецца ў земляробчы інстытут, пры інстытуце заснована і земляробчае вучылішча. Тут ёсць вучэбныя палі, конны завод, аўчарня, маслабойня.

Добра прасочваецца і такая акалічнасць: няроўнасць умоў атрымання адукацыі для дзяўчынак. Пад уплывам прагрэсіўна-дэмакратычных колаў знаходзіцца выйсце з цяжкага становішча. У 1810 г. намаганнямі Канароўскага-Саховіча (дырэктар Віцебскай гімназіі) у Віцебску было адкрыта вучылішча “для дзяцей жаночага полу”. Плату за навучанне тут бралі з улікам заможнасці бацькоў, а самых бедных навучалі бясплатна. Тады ў Беларусі гэта была адзіная свецкая навучальная ўстанова, даступная выхадцам з небагатай сям’і. У 1846/47 навучальным годзе на Беларусі налічвалася 29 прыватных пансіёнаў і школа для “бедных дзяцей”. Усе яны знаходзіліся “на ступені пачатковых вучылішчаў”.

Ітак, як бачна, паступова ідзе пашырэнне колькасці навучальных устаноў, кантынгенту навучэнцаў, праграмы навучальных устаноў прыстасоўваліся да інтарэсаў развіцця гандлю, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, да запатрабаванняў дзяржаўнага апарату. Але правядзенне рэфарматарскіх ідэй у адукацыі тармазіцца. Перш за ўсё тормазам з’яўляецца кансерватыўнасць дзяржаўных дзеячаў, якія займаюцца гэтай галіной. На адукацыю, на фінансаванне школы адпускаецца вельмі бедны бюджэт. Ён тады складаў 32 тыс. рублёў. Гэтага ледзь хапала на фінансаванне існуючай сеткі школ і гімназій. Весці ж гаворку аб павелічэнні іх ліку да неабходнай колькасці (аб пашырэнні існуючых) не магло быць і гаворкі. Таму навучальная база школ была беднай, падручнікі хутка ўстаравалі.

Развіццё школьнай справы тармазіцца таксама недахопам падрыхтаваных настаўнікаў. У 1804 г. прыкладна ў 50 % навучальных устаноў падрыхтаваных настаўнікаў не было. Каб стала больш зразумела, прывядзем такія даныя: у гэты час на Беларусі налічвалася 19 свецкіх, 25 манастырскіх сярэдніх навучальных устаноў, у тым ліку 9 гімназій, вышэйшае піярскае вучылішча ў Полацку і 34 павятовыя вучылішчы. Ва ўсіх іх навучалася прыкладна 5 тыс. чалавек.

Вялікую карысць асвеце, рэарганізацыі школьнай справы, камплектаванню школ выкладчыцкімі кадрамі прынёс старэйшы ў нашай мясцовасці Віленскі універсітэт. На працягу амаль 3 дзесяцігоддзяў ХІХ ст. ён быў адзінай вышэйшай навучальнай установай. З універсітэта ў школы Беларусі прыйшлі сотні настаўнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў дэмакратычным грамадска-палітычным руху, склалі першы атрад беларускай разначынна-дэмакратычнай інтэлігенцыі. Тут сярод студэнцтва выкрышталізоўваліся ідэі беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

У 1832 г. Віленскі універсітэт быў закрыты па загадзе Мікалая І. Ліквідацыя “мяцежнага” універсітэта пазбавіла не толькі Літву, але і Беларусь свайго інтэлектуальнага і культурнага цэнтра.

Значным зрухам у падрыхтоўцы настаўнікаў з’явілася адкрыццё настаўніцкай семінарыі ў Віцебску ў 1834 г. Семінарыя праіснавала толькі 5 гадоў, але падрыхтавала кадры для 62 вучылішчаў. Практыкуецца ў гэты час і адпраўка з Беларусі ў Маскоўскі і Пецярбургскі універсітэты 50 “палітычна надзейных” і “самых здольных выпускнікоў гімназій”. Пасля заканчэння універсітэта яны вярталіся працаваць у Беларусь.

Усе гэтыя захады, існаванне настаўніцкай семінарыі пры Віленскім універсітэце (заснавана ў 1803 г.), а таксама кароткатэрміновыя курсы (з больш-менш пісьменных манахаў) станоўчых вынікаў у забеспячэнні кадрамі школ Беларусі не давалі. Гэта абумоўлена гаротным становішчам тых, хто прысвяціў сябе настаўніцкаму званню.

Перашкаджала станоўчаму рашэнню кадравай праблемы таксама жаданне асобных колаў правесці прынцып саслоўнасці пры адборы людзей у настаўнікі. Дваране, якім быў, галоўным чынам, адкрыты доступ у настаўніцкую семінарыю, ішлі туды неахвотна (іх не вабіла ўбогае існаванне настаўніка). Без жадання ішлі ў настаўнікі і манахі. Праца настаўніка ім наогул нічога не давала, акрамя лішніх клопатаў.

Прынцып саслоўнасці ў падрыхтоўцы кадраў у галіне асветы правесці не ўдалося. Адна з прычын, як мы ўжо бачылі, – нежаданне дваран ісці ў настаўнікі. Другая, больш важкая – прагрэсіўныя думкі і дзеянні многіх асветнікаў. Сам рэктар Віленскага універсітэта Я.Снядэцкі, наглядчык гродзенскіх павятовых вучылішчаў І.Р.Кулакоўскі, дырэктар Віцебскай гімназіі К.А.Канароўскі-Саховіч выразна выступаюць за пашырэнне доступу ў навучальныя ўстановы дзяцей без уліку саслоўя і заможнасці бацькоў.

Таму і ў далейшым мы наглядаем зрух наперад: напярэдадні школьных рэформаў 60-х гг. ХІХ ст. у Беларусі налічвалася каля 576 навучальных устаноў усіх тыпаў. У тым ліку 440 пачатковых школ. Навучалася ўсяго прыкладна 17 тыс. чалавек, або прыблізна 0,5 % усяго насельніцтва.

Падводзячы вынікі, адзначым: нягледзячы на адмоўны ўплыў феадальна-прыгонніцкай сістэмы, у нейкім разе рэлігіі, асвета ў канцы ХVІІІ – сярэдзіне ХІХ ст. зрабіла прыкметны крок наперад. Важную ролю тут адыгралі капіталістычныя адносіны, якія прыйшлі на змену феадальным. Яны настойліва прабівалі дарогу ва ўсіх галінах эканамічнага і грамадскага жыцця.

Выкладанне на рускай мове хоць і перашкаджала беларусам засваенню роднай мовы, але ўсё ж аб’ектыўна садзейнічала распаўсюджванню адукацыі на блізкай беларускаму народу мове, далучала яго да рускай культуры. Новая школа адкрыла перад больш шырокім кантынгентам навучэнцаў магчымасці для вышэйшай адукацыі. Безумоўна, адукацыя яшчэ не была ўсеагульнай, і абавязковай, і аднолькава даступнай для ўсіх катэгорый насельніцтва. Большасць людзей яшчэ не мела магчымасці атрымаць адукацыю. Узровень адукацыі па Расіі ў цэлым сярод насельніцтва заставаўся яшчэ вельмі нізкім: у пачатку ХІХ ст. прыходзіўся адзін вучань на 330 жыхароў, у 30-х гг. – на 208, у 1856 – на 143.

Такім чынам, рэформы сельскай гаспадаркі да 1861 года захоўвалі чыста дваранскую накіраванасць, не прыносілі асаблівых поспехаў. У горадзе і ў весцы наглядаецца працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

Нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі адбывалася ва ўмовах існуючай паланізацыі і адначасовага ўзмацнення рускага ўплыву на беларускіх землях. У такіх абставінах беларуская нацыянальная культура рабіла першыя крокі. У прагрэсіўным накірунку (хаця і з вялікім тармажэннем) развівалася агульнаадукацыйная школа, узнікалі прафесійныя навучальныя ўстановы, павышаўся культурны ўзровень насельніцтва.

Пытанні і заданні: 1. Чым адрозніваўся характар землекарыстання ва ўсходняй Беларусі ад таго, што меў месца ў цэнтральнай і заходняй яе часцы? 2. Растлумачце сутнасць сялянскіх рэформ, прапанаваных Міністрам дзяржаўных маёмасцей Расіі П.Д.Кісялёвым. 3. Якія дзве супярэчлівыя тэндэнцыі можна заўважыць у развіцці асветы насельніцтва Беларусі з канца ХVІІІ да першай паловы ХІХ ст?